Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце




Дата канвертавання14.08.2018
Памер223.76 Kb.













Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце

«Асновы бяспекі жыццядзейнасці»

для ІV клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай мовай навучання і выхавання

Тлумачальная запіска

Найважнейшай часткай сістэмы грамадскай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца навучанне падрастаючага пакалення асновам бяспекі жыццядзейнасці, што замацавана ў Дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавiка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».

Галоўная роля ў падрыхтоўцы падрастаючага пакалення да бяспечнай жыццядзейнасці адводзіцца ўстановам агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх вывучэнне ўсіх вучэбных прадметаў спрыяе фарміраванню ў вучняў сучаснага ўзроўню культуры бяспекі. Асаблівае месца займае вучэбны прадмет «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», праз змест якога рэалізуецца падрыхтоўка вучняў да бяспечнай жыццядзейнасці ў рэальным навакольным асяроддзі – прыродным, тэхнагенным і сацыяльным. Толькі праз адукацыю можна забяспечыць павышэнне агульнага ўзроўню культуры насельніцтва краіны ў галіне бяспекі жыццядзейнасці і зніжэнне адмоўнага ўплыву «чалавечага фактару» на бяспеку жыццядзейнасці асобы, грамадства і дзяржавы.

Мэты навучання прадмету «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» – фарміраванне ў вучняў вопыту бяспечных паводзін; развіццё асобасных, маральных і фізічных якасцей, якія забяспечваюць такія паводзіны; выхаванне адказных адносін да асабістай і грамадскай бяспекі.

Задачы навучання:

сфарміраваць у вучняў уяўленні пра асновы бяспекі жыццядзейнасці;

забяспечыць засваенне ведаў пра дзяржаўную сістэму папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый;

спрыяць набыццю практычнага вопыту распазнавання і ацэнкі розных небяспечных і надзвычайных сітуацый у навакольным асяроддзі па характэрных прыметах іх праяўлення, а таксама на аснове аналізу спецыяльнай інфармацыі, якую вучні атрымліваюць з розных крыніц;

развіць здольнасці ацэньваць небяспечныя сітуацыі, прымаць рашэнні і дзейнічаць бяспечна з улікам сваіх магчымасцей;

сфарміраваць мадэлі бяспечных паводзін ва ўмовах паўсядзённага жыцця і ў розных небяспечных і надзвычайных сітуацыях;

закласці асновы здаровага ладу жыцця.

Вучэбная праграма заснавана на ідэях асобасна арыентаванага, дзейнаснага і кампетэнтнаснага падыходаў да адбору зместу адукацыі і арганізацыі адукацыйнага працэсу.



Асобасна арыентаваны падыход накіраваны на стварэнне ўмоў для праяўлення і развіцця асобасных якасцей вучняў, уліку іх інтарэсаў, індывідуальных асаблівасцей і магчымасцей. Яго рэалізацыя забяспечыць дасягненне запланаваных вынікаў і створыць аснову для самастойнага паспяховага засваення вучнямі ведаў пра небяспеку рознага паходжання, меры па яе прадухіленні, ліквідацыю яе наступстваў; фарміраванне ўменняў прымаць рашэнні і дзейнічаць бяспечна з улікам сваіх магчымасцей.

Рэалізацыя ідэй дзейнаснага падыходу дазволіць уключыць вучняў у самастойную вучэбна-пазнавальную дзейнасць, у навучанне яе прыёмам. Толькі праз уласную актыўную дзейнасць вучань зможа спасцігаць асновы бяспечнай жыццядзейнасці, развіваць і ўдасканальваць асабістыя якасці, неабходныя для забеспячэння бяспечных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях.



Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу да адбору зместу адукацыі і арганізацыі адукацыйнага працэсу па асновах бяспекі жыццядзейнасці забяспечыць падрыхтоўку вучняў да жыцця, фарміраванне ў іх ключавых кампетэнцый у галіне бяспекі жыццядзейнасці.

Каштоўнасна-сэнсавыя кампетэнцыі – здольнасць бачыць і разумець навакольны свет, арыентавацца ў ім, распазнаваць і ацэньваць розныя небяспечныя і надзвычайныя сітуацыі ў навакольным асяроддзі, усведамляць, што найвышэйшая каштоўнасць грамадства — чалавек, яго жыццё і здароўе; валоданне ўменнем выбіраць мэтавыя і сэнсавыя ўстаноўкі для сваіх дзеянняў і ўчынкаў, прымаць рашэнні, ацэньваць свае паводзіны, рысы характару, фізічны і эмацыянальны стан.

Вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі – валоданне ўменнямі вызначаць мэты пазнавальнай дзейнасці па асновах бяспекі жыцця­дзейнасці, арганізоўваць яе, знаходзіць аптымальныя спосабы дасягнення пастаўленай мэты, альтэрнатыўныя шляхі і сродкі дзеянняў у складаных сітуацыях, ацэньваць атрыманыя вынікі і публічна прадстаўляць іх; здольнасць выяўляць прычынна-выніковыя сувязі таго, што адбываецца ў навакольным асяроддзі; валоданне ўменнем самастойна выконваць розныя творчыя работы, праекты; здольнасць арганізоўваць і праводзіць вучэбна-даследчую работу.

Камунікатыўныя кампетэнцыі – валоданне ўменнямі самастойна наладжваць кантакт з любым суразмоўнікам, выконваць нормы і правілы зносін, слухаць суразмоўніка, праяўляючы павагу і цярпімасць да чужога меркавання, выказваць, аргументаваць і ў культурнай форме адстойваць уласнае меркаванне, па магчымасці пазбягаць або граматна вырашаць канфлікты ў зносінах з аднагодкамі, мяняць пры неабходнасці свае маўленчыя паводзіны, карэктна завяршаць сітуацыю зносін; валоданне навыкамі работы ў групе; валоданне рознымі сацыяльнымі ролямі ў калектыве; здольнасць дапамагаць людзям вакол сябе і ўзаемадзейнічаць з імі ў сітуацыях, небяспечных для іх фізічнага, псіхалагічнага здароўя і жыцця.

Інфармацыйныя кампетэнцыі – валоданне ўменнем самастойна інтэрпрэтаваць, сістэматызаваць, крытычна ацэньваць і аналізаваць атрыманую пры дапамозе рэальных аб’ектаў (тэлевізара, магнітафона, тэлефона, факса, камп’ютара, прынтара, мадэма) і інфармацыйных тэхналогій (аўдыя- і відэазапісу, электроннай пошты, СМІ, інтэрнэту) інфармацыю з пазіцыі вырашаемай задачы; здольнасць свядома ўспрымаць інфармацыю, якая распаўсюджваецца па каналах СМІ; валоданне ўменнем рабіць аргументаваныя высновы з мэтай пазбягання махлярства, падману, небяспечных кантактаў з незнаёмцамі ў інтэрнэце.

Кампетэнцыі асобаснага самаўдасканалення – валоданне спосабамі фізічнага, духоўнага і інтэлектуальнага самаразвіцця; наяўнасць асобасных якасцей, якія фарміруюць бяспечныя паводзіны ў розных жыццёвых сітуацыях.

Здароўезберагальныя кампетэнцыі – валоданне спосабамі эмацыянальнай самарэгуляцыі, самападтрымкі і самакантролю; навыкамі асабістай гігіены, уменнямі клапаціцца пра ўласнае здароўе; наяўнасць патрэбы прытрымлівацца норм здаровага ладу жыцця; наяўнасць унутранай экалагічнай культуры, вопыту арыентавання ў прадуктах харчавання; здольнасць адрозніваць карысныя і шкодныя звычкі, супрацьстаяць ціску людзей у набыцці шкодных звычак; валоданне элементарнымі спосабамі аказання першай дапамогі.

Праблема бяспекі ахоплівае многія сферы дзейнасці чалавека і з’яўляецца вынікам узаемадзеяння людзей з навакольным асяроддзем. Вучэбнай праграмай вызначаны для разгляду наступныя змястоўныя лініі з галіны бяспекі жыццядзейнасці: асабістая і калектыўная бяспека; распазнаванне і ацэнка розных небяспечных і надзвычайных сітуацый, абарона ад іх; навакольнае асяроддзе і бяспека ў ім; стаўленне да здароўя і здаровы лад жыцця.

Пры адборы зместу вучэбнай праграмы і яе пабудове ўлічаны педагагічныя прынцыпы адукацыйнага працэсу ў галіне асноў бяспекі жыццядзейнасці: мінімізацыя тэарэтычных звестак з улікам іх значнасці для практыкі; бесперапыннасць навучання з II па VIII класы і паступовае павелічэнне інфармацыйнай і выхаваўчай нагрузкі вучняў у галіне асноў бяспекі жыццядзейнасці з улікам іх узроставых асаблівасцей і ўзроўню падрыхтоўкі па астатніх вучэбных прадметах у кожным класе.

Агульным прынцыпам пабудовы вучэбнай праграмы, які аб’ядноўвае яе раздзелы, з’яўляецца прынцып пашырэння сацыяльнага вопыту бяспечнай жыццядзейнасці вучняў.

Вучэбны матэрыял у вучэбнай праграме прадстаўлены сістэмай паняццяў, азначэнняў, правіл, якія складаюць тэарэтычную базу для фарміравання ў вучняў вопыту бяспечных паводзін у паўсядзённым жыцці.

Спецыфіка вучэбнага прадмета «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» раскрываецца ў назве і змесце яго раздзелаў:

І. Асабістая і калектыўная бяспека.

II. Абарона ад надзвычайных сітуацый.

III. Навакольнае асяроддзе і бяспека.

IV. Здаровы лад жыцця.

Змест кожнага раздзела размеркаваны па класах навучання з апорай на вопыт практычнай дзейнасці вучняў рознага ўзросту, узровень агульнага развіцця. У кожнага раздзела свае задачы. Аднак комплекснае іх рашэнне дазваляе дасягнуць мэт вучэбнага прадмета.

Галоўнымі задачамі раздзела «Асабістая і калектыўная бяспека» з’яўляюцца: азнаямленне вучняў з асноўнымі відамі бяспекі жыццядзейнасці (транспартнай, антыкрымінальнай, псіхалагічнай, сацыяльнай); развіццё ў іх індывідуальных якасцей, якія забяспечваюць асабістую бяспеку; назапашванне практычнага вопыту па распазнаванні і ацэнцы розных небяспечных і надзвычайных сітуацый навакольнага асяроддзя (ва ўстанове адукацыі, у хатніх умовах, у транспарце, на дарогах, вуліцы, у прыродзе) па характэрных прыметах іх праяўлення. Змест раздзела «Асабістая і калектыўная бяспека» дазваляе не толькі азнаёміць вучняў з правіламі паводзін дома ў выпадку адсутнасці дарослых, у выпадку знаходжання прадметаў, пакінутых без нагляду, або падазроных прадметаў, пашырыць уяўленні пра ўзаемаадносіны з аднагодкамі, пра старонніх (чужых, незнаёмых) людзей і пра паводзіны пры сустрэчы з такімі людзьмі, але і сфарміраваць мадэлі бяспечных паводзін ва ўмовах паўсядзённага жыцця.

У сістэме асабістай і калектыўнай бяспекі асаблівае месца займае транспартная бяспека, якая абумоўлена ўсё большай колькасцю ахвяр аўтамабільных аварый, лётных здарэнняў, катастроф на вадаёмах і чыгунцы. У вучэбнай праграме ў раздзеле «Асабістая і калектыўная бяспека» адведзена значная колькасць гадзін на разгляд пытанняў асабістай і калектыўнай бяспекі пры ўдзеле ў дарожным руху: прадугледжана вывучэнне правіл дарожнага руху, правіл бяспечных паводзін удзельнікаў дарожнага руху на дарогах, у транспартных сродках, прадугледжана стварэнне ўмоў для набыцця звычкі выконваць правілы ў якасці і пешахода, і пасажыра, і вадзіцеля, фарміраванне здольнасці выкарыстоўваць атрыманыя веды ў практычнай дзейнасці.

Асабістая і калектыўная (грамадская) бяспека складаюць базавы сэнс паняцця «бяспека жыццядзейнасці», якое можна вызначыць як бяспечнае ўзаемадзеянне чалавека з асяроддзем пражывання. У сувязі з гэтым пытанні асабістай і калектыўнай бяспекі разглядаюцца ва ўсіх раздзелах вучэбнай праграмы з пункту гледжання тэматыкі і задач раздзелаў.

Змест раздзела «Абарона ад надзвычайных сітуацый» уключае сістэму ведаў пра надзвычайныя сітуацыі, існуючую цесную ўзаемасувязь паміж станам навакольнага асяроддзя, створанай чалавекам тэхнасферай, сацыяльнай сферай і катастрофамі.

У раздзел «Абарона ад надзвычайных сітуацый» уключаны матэрыял аб правілах пажарнай бяспекі. У сувязі з такімі рэальнымі сітуацыямі, як няправільная эксплуатацыя электрасетак у значнай частцы жылога фонду краіны, павелічэнне колькасці паверхаў у новабудоўлях, павышэнне магутнасці бытавых электрапрыбораў, якія ўключаюцца ў сетку, атрыманыя пры вывучэнні раздзела веды пра пажарную бяспеку станоўча паўплываюць на развіццё ў вучняў здольнасці ацэньваць небяспечныя сітуацыі, прымаць рашэнні і дзейнічаць бяспечна з улікам сваіх магчымасцей, паводзіць сябе так, каб не ствараць небяспечных сітуацый.

Змест раздзела «Навакольнае асяроддзе і бяспека» накіраваны на фарміраванне бяспечных паводзін падрастаючага пакалення ў найбліжэйшым асяроддзі: у доме, двары, ва ўстановах адукацыі, у месцах збору вялікай колькасці людзей, на вадаёмах і каля іх у розную пару года, у прыродных умовах, пры сустрэчы з жывёламі. Набытыя веды і ўменні будуць выкарыстоўвацца ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці. Вучні навучацца быць пільнымі і асцярожнымі пры пагрозе тэрарыстычнага акту, а ў выпадку неабходнасці аператыўна і правільна звяртацца ў адпаведныя службы экстраннай дапамогі (выклікаць іх).

Раздзел «Здаровы лад жыцця» вырашае задачы маральнага выхавання вучняў; атрымання імі сістэматызаваных уяўленняў пра сваё здароўе, здаровы лад жыцця, здароўе насельніцтва; фарміраванне індывідуальнай сістэмы здаровага ладу жыцця; захаванне і ўмацаванне здароўя, а таксама фарміраванне ўменняў аказваць першую дапамогу пры апёках, абмаражэннях, ударах, крывацёках. У кожным класе нададзена ўвага фарміраванню карысных звычак. Асабліва прадстаўлены матэрыял пра шкодныя звычкі (тытунекурэнне, ужыванне наркатычных рэчываў і алкаголю): яны разглядаюцца з пункту гледжання ўплыву на здароўе і з пункту гледжання магчымых наступстваў, да якіх могуць прывесці. У змест раздзела ўключаны навучальны матэрыял антынаркатычнай бяспекі, якая стала ў апошнія гады адной з важных умоў выжывання значнай часткі маладога пакалення, схільнай да ўздзеяння алкагольнай або наркатычнай залежнасці. Акрамя таго, у раздзеле «Здаровы лад жыцця» прадстаўлены тэмы, вывучэнне якіх дазволіць выхаваць пачуццё адказнасці за асабістую бяспеку, каштоўнаснае стаўленне да свайго здароўя і жыцця, сфарміраваць у вучняў уменні абараняц­ца ад бактэрыяльных і вірусных інфекцый, грыбковых і паразітных захворванняў, ядавітых насякомых, змей, грыбоў, раслін. Вучэбнай праграмай прадугледжана бесперапыннасць навучання вучняў правільным дзеянням у небяспечных для жыцця і здароўя ўмовах, пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый.

Вучэбная праграма пабудавана па лінейна-канцэнтрычным прынцыпе: вучэбны матэрыял раздзелаў прадстаўлены ў змесце кожнага класа, але пры гэтым ад класа да класа ён ускладняецца і пашыраецца, уводзяцца тэмы, якія раней не разглядаліся.

Настаўнік мае права змяніць паслядоўнасць вывучэння раздзелаў і тэм для кожнага класа з улікам асаблівасцей мясцовасці і наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы пры захаванні цэласнасці сістэмы падрыхтоўкі вучняў і логікі вывучэння прадмета.

Выбар форм і метадаў навучання і выхавання вызначаецца настаўнікам самастойна на аснове мэт і задач вучэбных заняткаў, сфармуляваных у вучэбнай праграме патрабаванняў да кампетэнцый, якія фарміруюцца ў вучняў, ведаў і ўменняў вучняў з улікам іх узроставых асаблівасцей. Мэтазгодна выкарыстоўваць актыўныя формы і метады навучання, прыцягваць вучняў да вырашэння сітуацыйных задач, абгрунтавання матэрыялу ўласнымі прыкладамі, аналізу спосабаў работы, выбару аптымальных прыёмаў вучэбнай дзейнасці.

змест вучэбнага прадмета

(35 гадзін)

Р а з д з е л

Асабістая і калектыўная бяспека (11 гадзін)
Правілы дарожнага руху1 (8 гадзін)
Дарога ў школу і новыя маршруты

Раён, у якім знаходзіцца ўстанова адукацыі. Ацэнка небяспекі на маршрутах руху, якімі вучні часта карыстаюцца: «дом – школа –


дом», «дом – бібліятэка – дом», «дом – крама – дом» і г. д. Выбар бяспечнага маршруту руху.
Правілы бяспечных паводзін пешаходаў і пасажыраў,
якія ўдзельнічаюць у дарожным руху

Выкананне Правіл пешаходамі, пасажырамі — неабходная ўмова забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Прычыны дарожна-транспартнага траўматызму. Дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя МУС Рэспублікі Беларусь — орган дзяржаўнага кантролю ў галіне дарожнага руху (п. 2.44, 2.46, 2.59, 4, гл. 4, 5 Правіл).

Асаблівасці руху транспартных сродкаў і пешаходаў у раёне пражывання (п. 2.46, 17.2, 18, 36, 42, 114, 135, 50.2, 50.3, гл. 4 Правіл). Выкананне правіл руху пры катанні на самакаце, роліках, санках у раёне пражывання, а таксама выкананне правіл руху пры катанні на веласіпедзе.

Асноўныя правілы бяспечных паводзін дзяцей-пасажыраў у маршрутным транспартным сродку: пры руху з бацькамі, у групах і самастойна. Правілы бяспечных паводзін дзяцей-пасажыраў у легкавым аўтамабілі, на матацыкле (п. 2.44, 178, 179, 181.5-181.7, гл. 5 Правіл).


Вадзіцель і пасажыры,
якія ўдзельнічаюць у дарожным руху

Правілы зносін пасажыраў з вадзіцелем. Вадзіцель і пасажыры маршрутнага транспартнага сродку. Недапушчальнасць адцягнення ўвагі вадзіцеля пасажырамі падчас руху.

Паводзіны пасажыраў у салоне транспартнага сродку і бяспека дарожнага руху (п. 2.8, 2.44, гл. 5, 23 Правіл).
Бяспечныя паводзіны на чыгунцы

Чыгунка і яе асаблівасці ў параўнанні з аўтамабільнай дарогай. Чыгуначныя пераезды. Дарожныя знакі і сігналы дарожных святлафораў на чыгуначным пераездзе, іх значэнне.

Небяспека, якая ўзнікае пры руху пешаходаў уздоўж чыгуначнага палатна. Правілы бяспекі пры руху людзей уздоўж чыгуначнага пуці: забарона гульняў блізка ад чыгункі; правілы перасячэння чыгуначных пуцей; забарона хаджэння па чыгуначным палатне, насыпе. Правілы карыстання чыгуначным транспартам. Паводзіны ў чыгуначным транспарце (Дадатак 1 да Правіл).
Асабістая бяспека (3 гадзіны)

Канфлікт як крыніца небяспекі

Маўленчыя канфлікты (абзыванне, перадражніванне, дрэнныя і крыўдныя жарты і г. д.) і іх вырашэнне. Правілы міжасобасных адносін.

Бяспечныя паводзіны пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі на вуліцы, у транспарце, пад’ездзе, ліфце, парку. Адказнасць за супрацьпраўныя дзеянні, у тым ліку за наўмыснае прычыненне шкоды здароўю і матэрыяльнага ўрону.
Бяспека працы ў інтэрнэце

Элементарныя правілы бяспечнага карыстання інтэрнэтам, магчымасць махлярства ў інтэрнэце. Небяспека ўстанаўлення кантакту з незнаёмцамі ў інтэрнэце.



Р а з д з е л

Абарона ад надзвычайных сітуацый (11 гадзін)
Пажарная бяспека

Правілы пажарнай бяспекі ва ўстанове адукацыі

Вогнетушыцелі, пажарнае абсталяванне і інвентар. Прызначэнне наяўнага ва ўстанове адукацыі пажарнага абсталявання, правілы карыстання ім.

Дзеянні вучняў пры выяўленні задымлення, узгарання, пажару.

Меры па папярэджанні атручэння дымам, апёкаў.

Планы эвакуацыі. Эвакуацыйныя шляхі з класа, спартыўнай і актавай залаў, сталовай, бібліятэкі, фае падчас перапынку.
Небяспека гаручых і лёгкаўзгаральных вадкасцей

Віды лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцей, якія выкарыстоўваюцца ў побыце. Неабходныя меры засцярогі пры іх захоўванні і выкарыстанні. Дзеянні ў выпадку ўзгарання гаручых і лёгкаўзгаральных вадкасцей.


Пажары ад электрапрыбораў і электраабсталявання

Прычыны пажараў ад электрапрыбораў: няспраўнасць, кароткае замыканне, перагрузка. Пажаранебяспечны стан электрапрыбораў, разетак, электраправодак. Першыя прыметы няспраўнасці электраабсталявання, якія могуць стаць прычынай пажару. Дзеянні ў выпадку з’яўлення дыму, іскрэння, узгарання электраправодкі або ўключаных электрапрыбораў.


Тушэнне ўзгаранняў у пачатковай стадыі

Магчымыя спосабы бяспечнага тушэння ўзгарання. Сродкі, якія выкарыстоўваюцца для тушэння невялікага ўзгарання (вада, зямля, пральны парашок), і спосабы іх прымянення. Недапушчальнасць тушэння вадой уключаных у сетку электрапрыбораў і электраправодкі.


Дзіцячыя і юнацкія аб’яднанні юных ратавальнікаў

Мэты і задачы дзіцячых і юнацкіх аб’яднанняў ратавальнікаў-пажарных. Гурткі, секцыі, клубы, профільныя летнія лагеры.


На прыродзе без пажараў

Меры бяспечнага распальвання вогнішчаў і выкарыстання мангалаў. Правілы паводзін паблізу агню. Абавязковая ўборка месца адпачынку і дбайнае тушэнне вогнішча і жару з мангала.


Р а з д з е л

Навакольнае асяроддзе і бяспека (5 гадзін)
Небяспека ў зімовы час года

Небяспека галалёду, ледзяшоў, падзення лёду і снегу з дахаў. Меры засцярогі пры руху на слізкіх участках дарогі або тратуара. Павышаная небяспека атрымання траўм у галалёд. Як засцерагчыся ад падзенняў. Небяспека тонкага лёду, прыметы небяспекі. Забарона выхаду на тонкі лёд. Небяспека катання на каньках на вадаёмах, якія замерзлі.

Адзенне і абутак для зімняга надвор’я.
Бяспека на вадзе

Асвод – таварыства ратавання на водах.

Правілы паводзін пры наведванні басейнаў, аквапаркаў з бацькамі, з групай аднакласнікаў.

Купанне і гульні на вадзе летам.


Сродкі бытавой хіміі як крыніцы небяспекі

Рэчывы, неабходныя ў хатняй гаспадарцы (пральны парашок, вадкасць і парашок для мыцця і чысткі посуду, падлогі; сродкі догляду дываноў, мэблі, абутку). Меры бяспекі пры захоўванні сродкаў бытавой хіміі і іх выкарыстанні.


Правілы паводзін у выпадку выяўлення боепрыпасаў
і сродкаў паражэння або іх фрагментаў

Боепрыпасы і сродкі паражэння. Дзеянні пры выяўленні боепрыпасаў або сродкаў паражэння. Негатыўныя наступствы абыходжання з боепрыпасамі або сродкамі паражэння (адказнасць, траўматызм, гібель).


Р а з д з е л

Здаровы лад жыцця (8 гадзін)
Ахова правоў дзяцей у галіне аховы здароўя

Права дзяцей на жыццё ў мірных, бяспечных і належных умовах (у сям’і, грамадстве).


Бяспечныя паводзіны ў побыце

Выбар бяспечных цацак, прадметаў гігіены. Небяспека траўміравання пры выкарыстанні пнеўматычных прылад.

Правілы выбару адзення і абутку ў адпаведнасці з узростам, часам года, характарам дзейнасці. Прафілактыка плоскаступнёвасці.
Здаровае харчаванне

Традыцыі харчавання ў Рэспубліцы Беларусь. Харчаванне дома, у школьнай сталовай. Паводзіны ў школьнай сталовай.

Рацыянальнае і збалансаванае харчаванне. Класіфікацыя прадуктаў па іх карысці для здароўя. Правілы харчовых паводзін. Прафілактыка анарэксіі, буліміі.
Карысныя і шкодныя звычкі, іх уплыў на здароўе чалавека

Карысныя звычкі, умацаванне здароўя. Згубныя наступствы шкодных звычак. Тытунекурэнне і яго наступствы. Электронныя цыгарэты і іх уплыў на здароўе.

Алкаголь, яго ўплыў на здароўе і паводзіны чалавека. Небяспека слабаалкагольных напояў. Наркотыкі, спайсы, іх уплыў на псіхіку чалавека. Небяспека наркатычнай залежнасці.
Папярэджанне траўматызму падчас масавых мерапрыемстваў

Асноўныя віды траўм (агульныя паняцці). Траўмы падчас паходаў, калектыўных гульняў у двары. Траўмы падчас масавых свят. Папярэджанне траўматызму падчас масавых мерапрыемстваў.


Прыёмы аказання першай дапамогі

Першая дапамога пры парэзах, драпінах, ударах, ранках, апёках. Апрацоўка ран. Агульныя правілы накладання павязак.


Асноўныя патрабаванні
да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў IV класа

Асобасныя вынікі вучэбнай дзейнасці:

уменне распазнаваць і ацэньваць розныя небяспечныя сітуацыі ў навакольным асяроддзі (ва ўстанове адукацыі, у хатніх умовах, транспартных сродках, на дарогах, у двары, у прыродзе) па характэрных прыметах іх праяўлення;

усведамленне неабходнасці ўзаемадзейнічаць з дарослымі
для вырашэння праблем пры розных небяспечных сітуацыях;

разуменне неабходнасці выконваць Правілы як асноўную ўмову забеспячэння бяспекі дарожнага руху;

звычка культурна сябе паводзіць у салоне транспартнага сродку;

усведамленне небяспекі, якая ўзнікае падчас знаходжання недалёка ад чыгункі;

разуменне неабходнасці прымяняць меры засцярогі пры захоўванні і выкарыстанні лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцей;

усведамленне важнасці і неабходнасці вядзення здаровага ладу жыцця;

наяўнасць такіх якасцей асобы, як уважлівасць і асцярожнасць;

усведамленне адказнасці за супрацьпраўныя дзеянні, у тым ліку за наўмыснае прычыненне шкоды здароўю і матэрыяльнага ўрону;

звычка выконваць гігіенічныя працэдуры.

Прадметныя вынікі вучэбнай дзейнасці:

наяўнасць ведаў пра Дзяржаўную аўтамабільную інспекцыю МУС Рэспублікі Беларусь — орган дзяржаўнага кантролю ў галіне дарожнага руху;

здольнасць аказваць першую дапамогу пры траўмах;

уменне ажыццяўляць бяспечныя паводзіны пры карыстанні чыгуначным транспартам;

уменне правільна паводзіць сябе пры пагрозе гвалтоўных дзеянняў;

уменне пазбягаць канфліктаў у зносінах з аднагодкамі, граматна вырашаць канфлікты;

здольнасць выконваць правілы бяспекі пры купанні і знаходжанні на вадаёмах у летні час;

здольнасць ліквідаваць узгаранне ў пачатковай стадыі падручнымі сродкамі;

уменне дзейнічаць у выпадку з’яўлення дыму, іскрэння, узгарання электраправодкі або ўключаных электрапрыбораў;

уменне самастойна эвакуіравацца з грамадскіх будынкаў пры ўзнікненні небяспекі;

уменне бяспечна дзейнічаць пры выяўленні боепрыпасаў;

наяўнасць базавых ведаў аб правільным харчаванні, пітным рэжыме;

здольнасць выконваць элементарныя правілы бяспечнага карыстання інтэрнэтам.
Лінейна-канцэнтрычны прынцып пабудовы зместу вучэбнага прадмета «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» абумовіў выкарыстанне на працягу ўсяго перыяду навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі наступных відаў і спосабаў дзейнасці:

рэгулятыўныя: складанне плана і паслядоўнасці дзеянняў; прагназаванне, кантроль, карэкцыя і ацэнка вынікаў сваёй дзейнасці; пастаноўка мэт; мадэліраванне сітуацый з праяўленнем бяспечных паводзін ва ўмовах паўсядзённага жыцця; складанне схем, інструкцый, алгарытмаў бяспечных паводзін; дзейнасць з інфармацыяй (атрыманне, перапрацоўка, захаванне і перадача); выбар неабходных крыніц інфармацыі, знаходжанне аптымальных спосабаў дасягнення пастаўленай мэты; дзейнасць па ацэнцы атрыманых вынікаў, публічнае іх прадстаўленне; аказанне першай дапамогі пры апёках, абмаражэннях, ударах;

камунікатыўныя: уступленне ў дыялог, удзел у абмеркаванні; выказванне свайго пункту гледжання і ўлік пункту гледжання іншых людзей; доказ свайго пункту гледжання; планаванне вучэбнага супрацоўніцтва з настаўнікам і равеснікамі; выкананне розных сацыяльных роляў у калектыве; аказанне дапамогі, узаемадзеянне і супрацоўніцтва з людзьмі, якія акружаюць, у розных сітуацыях; вырашэнне канфліктаў;

пазнавальныя: распазнаванне і ацэнка розных небяспечных і надзвычайных сітуацый у навакольным асяроддзі (ва ўстанове адукацыі, у хатніх умовах, транспартных сродках, на дарогах, у двары, у прыродзе) па характэрных прыметах іх праяўлення; азнаямленне з новымі паняццямі; разгляд, аналіз і рашэнне сітуацыйных задач (з выкарыстаннем слайдаў мультымедыйнай прэзентацыі), звязаных з дарожным рухам, пажарнай бяспекай; аналіз аб’ектаў, выбар падстаў і крытэрыяў для параўнання; правядзенне пільнага назірання; вывучэнне правіл дарожнага руху, правіл бяспечных паводзін удзельнікаў дарожнага руху на дарогах, у транспартных сродках, вывучэнне правіл пажарнай бяспекі, бяспечных паводзін дома ў выпадку адсутнасці дарослых, паводзін у выпадку выяўлення безгаспадарных або падазроных прадметаў, правіл паводзін пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі, правіл здаровага ладу жыцця; ажыццяўленне практычнай дзейнасці па набыцці звычкі выконваць правілы ў якасці і пешахода, і пасажыра, і вадзіцеля; маляванне і размалёўванне ў адпаведнасці з тэмай урока; выкананне тэматычных гульнявых практыкаванняў; самастойнае выкананне заданняў у адпаведнасці з тэматыкай вучэбнай праграмы, творчых заданняў.

Для дыягностыкі сфарміраванасці ўменняў і навыкаў рэкамендуюцца наступныя формы кантролю: франтальнае апытанне, індывідуальнае апытанне, практыкум, тэсціраванне.




1 Далей — Правілы.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка