Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце




Дата канвертавання14.08.2018
Памер379.33 Kb.












Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце

«Біялогія»

для VІІІ клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай мовай навучання і выхавання

Біялогія
Тлумачальная запіска
Мэта вывучэння вучэбнага прадмета «Біялогія» — фарміраванне ў вучняў сучаснага навуковага светапогляду, неабходнага для разумення з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе, жыццядзейнасці ўласнага арганізма, у розных галінах народнай гаспадаркі, для працягу адукацыі, будучай прафесійнай дзейнасці; развіццё ўменняў вызначаць, характарызаваць, параўноўваць і падагульняць вывучаемыя аб’екты і з’явы; стварэнне ўмоў для магчымасці ўсвядомленага выбару індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, якая спрыяе наступнаму прафесійнаму самавызначэнню ў адпаведнасці з індывідуальнымі інтарэсамі вучня.

Задачы вучэбнага прадмета «Біялогія»:

авалоданне сістэмай ведаў пра малекулярныя і структурна-функцыянальныя асновы жыцця, размнажэнне і развіццё арганізмаў асноўных царстваў, экасістэмы, біяразнастайнасць, эвалюцыю, што неабходна для ўсведамлення месца чалавека ў жывой прыродзе і каштоўнасці ўсяго жывога на Зямлі;

фарміраванне на базе ведаў пра жывую прыроду навуковай карціны свету;

фарміраванне экалагічнай пісьменнасці вучняў праз вывучэнне біялагічных заканамернасцей, сувязей паміж жывымі арганізмамі, іх эвалюцыі і каштоўнасці біяразнастайнасці;

устанаўленне гарманічных адносін з прыродай, самім сабой, фарміраванне норм і правіл экалагічнай этыкі, адказных адносін да жывой прыроды як да асновы экалагічнага выхавання;

фарміраванне генетычнай пісьменнасці як асновы рэпрадуктыўнага здароўя чалавека, захавання псіхічнага, фізічнага, маральнага здароўя;

азнаямленне з фундаментальнымі законамі і прынцыпамі існавання жывой прыроды, супольнасцей, арганізмаў;

фарміраванне ведаў пра будову: бактэрый, пратыстаў, грыбоў, лішайнікаў, споравых і пакрытанасенных раслін, жывёл, чалавека;

фарміраванне інфармацыйнай кампетэнцыі, умення працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі;

развіццё асобы вучня як гарманічна развітога чалавека, які ўсведамляе сваё месца ў прыродзе і грамадстве;

выкарыстанне біялагічных ведаў на практыцы, удзел у практычнай дзейнасці ў галіне медыцыны, сельскай гаспадаркі, біятэхналогіі, рацыянальнага прыродакарыстання і аховы прыроды.

Біялагічная адукацыя заклiкана фарміраваць у падрастаючага пакалення разуменне жыцця ў любой яго праяве як найвышэйшай каштоўнасці. Біялогія ўваходзіць у лік прыродазнаўчых навук, якія вывучаюць прыроду, а таксама шляхі пазнання чалавекам прыроды. Акрамя светапогляднага значэння, у яе аснове ляжаць мерапрыемствы па падтрыманні здароўя чалавека, яго бяспекі і вытворчай дзейнасці ў любой галіне народнай гаспадаркі.

У цяперашні час з’яўляюцца прыярытэтнымі і маюць прынцыповае тэарэтычнае і практычнае значэнне наступныя напрамкі:

эколага-прыродаахоўны (усведамленне важнасці захавання біясферы, біялагічнай разнастайнасці і навукова абгрунтаванага выкарыстання чалавекам прыродных рэсурсаў);

эвалюцыйны (фарміраванне матэрыялістычнага светапогляду ў пытаннях паходжання і эвалюцыі жыцця);

здароўезберагальны (разуменне біялагічных падстаў для выбару здаровага ладу жыцця).

У адборы зместу вучэбнага матэрыялу былі выкарыстаны наступныя падыходы:

культуралагічны падыход дазваляе ў поўнай меры захаваць фундаментальныя крытэрыі біялагічных ведаў, іх цэльнасць і пераемнасць. Сэнс культуралагічнага падыходу ў выкладанні вучэбнага прадмета «Біялогія» заключаецца ў падрыхтоўцы інфармаванага, кампетэнтнага выпускніка, які ўсведамляе сябе ў агульнакультурным кантэксце, гатовага працягнуць адукацыю, жыць i працаваць у новых сацыяльна-эканамічных умовах;

асобасна арыентаваны падыход прадугледжвае напаўненне вучэбных праграм зместам, значным для кожнага вучня ў паўсядзённым жыцці, важным для фарміравання адэкватных паводзін чалавека ў навакольным асяроддзі;

дзейнасны падыход рэалізуецца на аснове максімальнага ўключэння ў адукацыйны працэс практычнага кампанента вучэбнага зместу: лабараторных і практычных работ, дэманстрацый, дэманстрацыйных і лабараторных доследаў, экскурсій.

З пункту гледжання патрабаванняў навучання вучняў у адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца наступныя віды кампетэнцый:



вучэбна-пазнавальная кампетэнцыя — гатоўнасць вучня да самастойнай пазнавальнай дзейнасці: пастаноўкі мэты, планавання, аналізу, рэфлексіі, самаацэнкі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, умення адрозніваць факты ад здагадак, валодання вымяральнымі навыкамі, выкарыстанні верагоднасных, статыстычных і іншых метадаў пазнання;

даследчая кампетэнцыя — здольнасць вучня быць у пазіцыі даследчыка ў адносінах да навакольнага свету, якая выяўляецца праз навукова абгрунтаванае ўспрыманне навакольнага свету, уменне распазнаваць і вырашаць праблемную сітуацыю з любым прыродным аб’ектам або з’явай, выкарыстоўваючы для гэтага розныя крыніцы інфармацыі; гатоўнасць асобы да пэўных дзеянняў і аперацый у адпаведнасці з пастаўленай мэтай, на аснове наяўных ведаў, уменняў і навыкаў;

інфармацыйная кампетэнцыя — гатоўнасць вучня самастойна працаваць з біялагічнай інфармацыяй з розных крыніц, шукаць, аналізаваць і адбіраць неабходную інфармацыю, арганізоўваць, пераўтвараць, захоўваць і перадаваць яе. Яна забяспечвае навыкі дзейнасці вучняў па адносінах да інфармацыі, якая змяшчаецца ў вучэбным прадмеце «Біялогія», а таксама ў навакольным свеце;

прадметныя кампетэнцыi:

экалагічная кампетэнтнасць — здольнасць вучня ўжываць экалагічныя веды, уменні і навыкі, вопыт практычнай экалагічнай дзейнасці для вырашэння розных сітуацый экалагічнага характару; захаванне норм і правіл паводзін у прыродзе;

прыродазнаўчая кампетэнцыя — здольнасць да фарміравання станоўчых пачуццяў да жывых арганізмаў, якія праяўляюцца ва ўчынках і дзеяннях, што прыносяць пэўны эфект з мэтай захавання прыроды і навакольнага асяроддзя;

здароўезберагальная кампетэнцыя — каштоўнаснае стаўленне да здароўя як да асновы ўсіх бакоў жыццядзейнасці чалавека, гатоўнасць да засваення ведаў, уменняў і навыкаў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя ў паўсядзённай дзейнасці;

прыродазнаўчанавуковая кампетэнцыя ўключае здольнасць інтэрпрэтаваць адпаведныя біялагічныя веды, уменні і навыкі, якія адлюстроўваюць сучасныя светапоглядныя тэндэнцыі ў навуцы.

Асноватворнымі падчас адбору зместу і канструявання вучэбнага прадмета «Біялогія» з’яўляюцца наступныя прынцыпы:



прынцып навуковасці — адпаведнасць зместу вучэбнага матэрыялу ўзроўню сучаснага развіцця біялагічных навук; дакладнасць выкладу фактаў, законаў, прынцыпаў і тэорый;

глыбіня навуковай інтэрпрэтацыі біялагічных фактаў і з’яў абмяжоўваецца прынцыпам даступнасці. Даступнасць зместу выяўляецца наяўнасцю лагічных сувязей паміж элементамі ведаў;



прынцып сістэмнасці і сістэматычнасці — стройная лагічная паслядоўнасць выкладання навуковых фактаў, гіпотэз і тэорый; наяўнасць іх аналізу і падагульнення з выкарыстаннем розных форм лагічнага мыслення;

прынцып гістарызму прадугледжвае наяўнасць у змесце вучэбнага прадмета матэрыялаў, якія падкрэсліваюць ролю найважнейшых адкрыццяў у галіне біялогіі і зробленых на аснове гэтых адкрыццяў падагульненняў у фарміраванні навукова абгрунтаванай карціны навакольнага свету ў розныя перыяды развіцця чалавецтва, што знаёмяць вучняў з роляй біялагічных навук у сістэме навук, якія раскрываюць іх дасягненні;

прынцып рэалізацыі ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязей — раскрыццё ў змесце вучэбнай праграмы ўзаемасувязі з іншымі прадметнымі ведамі, уменнямі і навыкамі;

прынцып сувязі навучання з жыццём паказвае практычную ролю біялагічных ведаў у жыцці чалавека. Дзякуючы ажыццяўленню гэтага прынцыпу вучні ўсведамляюць каштоўнасць і карыснасць біялагічнай адукацыі. Гэты прынцып патрабуе раскрыцця прыкладнога значэння біялагічных ведаў.

Ва ўстановах адукацыі на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжана вывучэнне наступных сістэматычных курсаў вучэбнага прадмета «Біялогія»:

Біялогія (Уводзіны ў біялогію) — VI клас.

Біялогія (Жывыя арганізмы ў асяроддзі свайго пражывання. Бактэрыі. Пратысты. Грыбы. Лішайнікі. Расліны) — VII клас.

Біялогія (Жывыя арганізмы ў асяроддзі свайго пражывання. Жывёлы) — VIII клас.

Біялогія (Чалавек і яго здароўе) — IХ клас.

Біялогія (Агульныя біялагічныя заканамернасці) — Х і ХІ класы.

Раздзел «Уводзіны ў біялогію» з’яўляецца прапедэўтычным і ўключае першапачатковыя звесткі пра жывую прыроду, яе кампаненты (арганізмы, віды, экасістэмы), асаблівасці іх арганізацыі, узаемасувязі арганізмаў адзін з адным і з нежывой навакольнай прыродай, ролю чалавека ў прыродзе, неабходнасць яе аховы. У VI класе адбываецца станаўленне першаснага фундаменту біялагічных ведаў.

Раздзел «Жывыя арганізмы ў асяроддзі свайго пражывання» ўключае звесткі пра адметныя прыметы жывых арганізмаў, іх разнастайнасць, сістэму арганічнага свету, бактэрыі, пратысты, грыбы, лішайнікі, расліны і жывёл. Змест раздзела прадстаўлены на аснове эколага-эвалюцыйнага і функцыянальнага падыходаў, у адпаведнасці з якімі акцэнты ў вывучэнні арганізмаў пераносяцца з асаблівасцей будовы асобных прадстаўнікоў на раскрыццё працэсаў іх жыццядзейнасці, прыстасаванасці да асяроддзя пражывання, ускладнення ў ходзе гістарычнага развіцця, ролю ў экасістэмах і жыцці чалавека.

У раздзеле «Чалавек і яго здароўе» ўтрымліваюцца звесткі пра чалавека як пра біясацыяльную істоту, будову чалавечага арганізма, працэсы жыццядзейнасці, сацыяльную сутнасць чалавека, умовы захавання яго здароўя, ролю чалавека ў навакольным асяроддзі і яго залежнасць ад якасці асяроддзя.

Змест раздзела «Агульныя біялагічныя заканамернасці» падпарадкаваны, па-першае, падагульненню і сістэматызацыі таго зместу, які быў засвоены вучнямі пры вывучэнні вучэбнага прадмета «Біялогія» на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі; па-другое, знаёмству вучняў з найбольш агульнымі заканамернасцямі, характэрнымі для жывых сістэм рознага рангу — ад біясферы да клеткі. Раздзел «Агульныя біялагічныя заканамернасці» вывучаецца на базавым і павышаным узроўнях.

Змест вучэбных заняткаў і формы і метады навучання, якія выкарыстоўваюцца, павінны быць накіраваны на засваенне вучнямі ведавага і дзейнаснага кампанентаў, развіццё асобы вучня і рэалізацыю выхаваўчага патэнцыялу біялогіі. З мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў выкарыстоўваюцца метады праблемнага навучання, інтэрактыўныя, эўрыстычныя, гульнявыя метады, дыскусіі, метад праектаў і інш. Мэтазгодна спалучаць франтальныя, групавыя, парныя і індывідуальныя формы навучання, выкарыстоўваць такія віды ўрокаў, як урок-даследаванне, урок-практыкум, урок-экскурсія, урок-гульня, інтэграваны ўрок і інш. Выбар форм і метадаў навучання і выхавання вызначаецца настаўнікам самастойна на аснове мэт і задач вывучэння пэўнай тэмы, сфармуляваных у вучэбнай праграме патрабаванняў да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей.

Важным аспектам навучання з’яўляецца арганізацыя і стымуляванне настаўнікам актыўнай пазнавальнай дзейнасці вучняў. У ходзе вучэбных заняткаў рэкамендуецца стварыць сітуацыі, у якіх вучні будуць не толькі засвойваць веды, але і спрабаваць ужываць іх пры вырашэнні розных жыццёвых сітуацый. Як адзін са спосабаў актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў добра зарэкамендавала сябе навучанне на аснове стварэння праблемных сітуацый, пастаноўкі праблемных задач. Развіццю біялагічнага мыслення вучняў садзейнічае таксама ўключэнне на рэгулярнай аснове ў працэс навучання рашэння пазнавальных задач.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на выкарыстанне ў адукацыйным працэсе розных відаў дзейнасці: работа з рознымі крыніцамі інфармацыі (работа з вучэбнымі дапаможнікамі, табліцамі і інструкцыямі, электроннымі сродкамі навучання), сумеснае выкананне заданняў настаўніка, удзел у дыскусіі па праблемных сітуацыях, выкананне лабараторных і практычных работ. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на фарміраванне ў вучняў уменняў назіраць, апісваць біялагічныя аб’екты, планаваць і праводзіць простыя доследы і эксперыменты, рашаць біялагічныя задачы розных тыпаў складанасці і зместу, раскрываць і ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі.

Вялікім патэнцыялам у засваенні паняццяў, развіцці вобразных уяўленняў вучняў валодае выкарыстанне ўсіх відаў нагляднасці на ўроках: табліц, малюнкаў, аплікацый, схем, мадэлей, муляжоў, аўдыя- і відэаматэрыялаў, гербарыя, натуральных аб’ектаў.

Інтэнсіфікацыі працэсу навучання і павышэнню яго эфектыўнасці будзе садзейнічаць выкарыстанне камп’ютарнай і мультымедыйнай тэхнікі, інтэрактыўных дошак і электронных сродкаў навучання.


Змест вучэбнага прадмета

(2 гадзіны на тыдзень, усяго 70 гадзін,

з іх 4 гадзіны — рэзервовы час)
Агульная характарыстыка жывёл (2 гадзіны)
Разнастайнасць жывёл. Падабенства жывёл з іншымі арганізмамі і іх адрозненні. Тканкі, органы і сістэмы органаў жывёл. Класіфікацыя жывёл. Роля жывёл у прыродзе і жыцці чалавека.

Дэманстрацыі: табліцы і відэаролікі, якія адлюстроўваюць лад жыцця і будову жывёл, іх падабенства і адрозненні ад іншых арганізмаў, тканкі, органы і сістэмы органаў жывёл, ролю жывёл у прыродзе.
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асноўныя прыметы жывёл;

віды тканак жывёл;

сістэмы органаў жывёл;

сіметрыю цела жывёл;

сістэматычныя адзінкі жывёл;

ролю жывёл у прыродзе і жыцці чалавека.

Вучні павінны ў м е ц ь:

тлумачыць функцыі сістэм органаў;

тлумачыць азначэнне тыпу сіметрыі цела для жыцця жывёлы;

тлумачыць ролю рухальнай актыўнасці ў жыцці жывёл.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: сіметрыя цела, сістэма органаў.


тып кішачнаполасцевыЯ (2 гадзіны)
Распаўсюджванне кішачнаполасцевых у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Жыццёвыя формы кішачнаполасцевых: паліп і медуза. Падабенства і адрозненне ў будове, ладзе жыцця паліпаў і медуз. Жыгучыя клеткі як унікальная асаблівасць кішачнаполасцевых. Размнажэнне, здольнасць да ўтварэння калоніі.

Прэснаводныя (гідра, медузы) і марскія (медузы, каралавыя паліпы) віды кішачнаполасцевых: лад жыцця і характэрныя асаблівасці. Каралавыя рыфы як унікальныя прыродныя экасістэмы, праблемы іх аховы. Роля кішачнаполасцевых у прыродзе і жыцці чалавека. Прамысловыя і ядавітыя віды.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаролікі, якія адлюстроўваюць лад жыцця і будову кішачнаполасцевых, шкілеты каралавых паліпаў, разнастайнасць форм каланіяльных каралаў на рыфе; вырабы са шкілетаў чырвонага карала.
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асяроддзе пражывання кішачнаполасцевых;

характэрныя рысы будовы і жыццядзейнасці;

наяўнасць двух жыццёвых форм — паліпаў і медуз;

ролю кішачнаполасцевых у прыродзе і жыцці чалавека.

Вучні павінны ў м е ц ь:

распазнаваць кішачнаполасцевых у прыродзе, на малюнках;

прыводзіць прыклады марскіх і прэснаводных кішачнаполасцевых;

выкарыстоўваць набытыя веды пра кішачнаполасцевых для пазбягання кантакту з жыгучымі кішачнаполасцевымі пры купанні ў моры;

аналізаваць тэкст вучэбнага дапаможніка, вылучаць галоўнае ў пэўным фрагменце, ставіць пытанні да фрагмента тэксту;

аналізаваць малюнкі ў вучэбным дапаможніку і выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю для тлумачэння асаблівасцей будовы кішачнаполасцевых, працэсаў іх жыццядзейнасці;

самастойна выконваць заданні.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: радыяльная сіметрыя цела, кішачная поласць, шчупальцы, паліп, медуза, каралавы рыф.
Тып Плоскія чЭРВІ (2 гадзіны)
Распаўсюджванне плоскіх чарвей у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Знешняя будова свабоднажывучых і паразітычных відаў плоскіх чарвей. Сістэмы органаў. Размнажэнне і развіццё.

Свабоднажывучыя плоскія чэрві (планарыі): лад жыцця і характэрныя асаблівасці, роля ў прыродзе.

Разнастайнасць паразітычных плоскіх чарвей (пячоначныя смактуны, бычыны цэпень) і іх гаспадароў. Змена асяроддзя пражывання на працягу цыкла развіцця. Прамежкавыя і асноўныя гаспадары. Захворванні, выкліканыя паразітычнымі плоскімі чарвямі. Спосабы заражэння. Прафілактыка гельмінтозу і меры барацьбы з паразітамі.

Дэманстрацыі: табліцы і відэаролікі, якія адлюстроўваюць лад жыцця і будову плоскіх чарвей; відэаролікі, якія адлюстроўваюць наступствы захворванняў, выкліканых гельмінтамі, і мерапрыемствы па барацьбе з гельмінтозамі.
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асяроддзе пражывання плоскіх чарвей;

характэрныя рысы будовы жывёл;

адметныя прыметы жывёл розных класаў;

цыклы развіцця галоўных паразітычных смактуноў і стужачных чарвей;

меры прафілактыкі і лячэння хвароб чалавека і пазваночных жывёл, выкліканых паразітычнымі плоскімі чарвямі.

Вучні павінны ў м е ц ь:

прыводзіць прыклады плоскіх чарвей розных класаў;

выяўляць падабенства і адрозненні ў будове свабоднажывучых і паразітычных плоскіх чарвей;

тлумачыць сувязь асаблівасцей будовы жывёлы і асяроддзя яе пражывання;

выкарыстоўваць набытыя веды пра плоскіх чарвей для прадухілення захворванняў, выкліканых паразітычнымі плоскімі чарвямі.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: скурна-мускульны мяшок, кутыкула, парэнхіма, протанефрыдый, паразіт, гаспадар асноўны і прамежкавы, гермафрадыт, цыкл развіцця.


Тып Круглыя чЭрві (2 гадзіны)
Распаўсюджванне круглых чарвей у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Знешняя будова круглых чарвей. Сістэмы органаў. Размнажэнне і развіццё. Свабоднажывучыя круглыя чэрві і іх роля ў прыродзе.

Разнастайнасць паразітычных круглых чарвей і іх гаспадароў. Паразіты свойскіх жывёл і чалавека: аскарыды (чалавечая, конская, каціная), трыхіна, вастрыца дзіцячая. Захворванні, выкліканыя паразітычнымі круглымі чарвямі. Спосабы заражэння. Прафілактыка гельмінтозу і меры барацьбы з паразітамі. Шкоднікі раслін (бульбяная, бурачная, цыбульная нематоды) і спосабы барацьбы з імі.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаролікі, якія дэманструюць будову, лад жыцця і разнастайнасць круглых чарвей; мікрапрэпарат папярочнага зрэзу цела аскарыды.
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асяроддзе пражывання круглых чарвей;

адметныя асаблівасці знешняй і ўнутранай будовы;

найгалоўныя прыстасаванні да жыцця ў асяроддзях пражывання;

цыклы развіцця найважнейшых прадстаўнікоў паразітычных круглых чарвей;

меры прафілактыкі захворванняў чалавека, выкліканых паразітычнымі нематодамі;

ролю нематодаў у прыродных біяцэнозах.

Вучні павінны ў м е ц ь:

прыводзіць прыклады круглых чарвей;

выяўляць падабенства і адрозненне ў будове круглых чарвей і плоскіх;

тлумачыць прычыны шырокага распаўсюджвання круглых чарвей у розных прыродных асяроддзях, а таксама органах раслін і жывёл;

выкарыстоўваць набытыя веды пра круглых чарвей для прафілактыкі захворванняў, выкліканых паразітычнымі нематодамі; ацэнкі іх ролі ў прыродным асяроддзі;

распазнаваць круглых чарвей на малюнках.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: поласць цела, скразны кішэчнік, унутранае апладненне.


Тып кольчатЫЯ чЭрві (3 гадзіны)
Распаўсюджванне кольчатых чарвей у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Знешняя будова кольчатых чарвей. Сістэмы органаў. Размнажэнне і развіццё.

Разнастайнасць кольчатых чарвей. Многашчацінкавыя (нерэіда, пескажыл, палола і інш.), малашчацінкавыя (дажджавыя чэрві, трубачнік і інш.) і п’яўкі (медыцынская і інш.): лад жыцця і характэрныя асаблівасці, роля ў прыродзе і жыцці чалавека. Роля дажджавых чарвей у працэсах глебаўтварэння. Вермікультуры. Гірудатэрапія.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаролікі, якія паказваюць будову і разнастайнасць кольчатых чарвей; жывыя дажджавыя чэрві, трубачнікі і п’яўкі; глебавыя грунты, атрыманыя з дапамогай дажджавых чарвей; схемы культывавання дажджавых чарвей у хатніх умовах і на прысядзібным участку.
Дэманстрацыйныя доследы

Назіранне за рухам і рэакцыямі на раздражненне дажджавога чарвяка.



асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асяроддзе пражывання кольчатых чарвей;

самыя галоўныя асаблівасці знешняй і ўнутранай будовы;

прыстасаванні да жыцця ў асяроддзях пражывання;

ролю кольчатых чарвей у прыродзе і жыцці чалавека.

Вучні павінны ў м е ц ь:

прыводзіць прыклады кольчатых чарвей;

называць адметныя рысы кольчатых чарвей;

выкарыстоўваць набытыя веды пра кольчатых чарвей для прадухілення ўздзеяння кровасысучых п’явак, а таксама ў іншых жыццёвых сітуацыях.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: знешняя і ўнутраная сегментаванасць цела, аддзелы цела, замкнёная крывяносная сістэма, метанефрыдый, ганглій.


Тып Малюскі (3 гадзіны)
Распаўсюджванне малюскаў у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Знешняя будова малюскаў. Будова ракавіны. Сістэмы органаў. Размнажэнне і развіццё.

Разнастайнасць малюскаў. Бруханогія (вінаградны смоўж, слізнякі, балацянікі і інш.), двухстворкавыя (бяззубка, перлаўка, мідыя, вустрыца, карабельныя чэрві і інш.), галаваногія (кальмар, каракаціцы, васьміног): лад жыцця і характэрныя асаблівасці будовы, роля ў прыродзе і жыцці чалавека. Прамысловыя віды малюскаў. Утварэнне жэмчугу. Акварыумныя віды малюскаў. Шкоднікі сельскагаспадарчых культур і прамежкавыя гаспадары гельмінтаў.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця і відавую разнастайнасць малюскаў; калекцыя ракавін малюскаў, жывыя віды акварыумных малюскаў.
Лабараторныя работы

1. Будова ракавіны балацяніка і бяззубкі (перлаўкі).


асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асяроддзе пражывання малюскаў;

характэрныя асаблівасці знешняй і ўнутранай будовы;

самыя галоўныя прыстасаванні малюскаў розных класаў да жыцця ў асяроддзі пражывання;

асноўныя класы;

ролю малюскаў у прыродзе і жыцці чалавека.

Вучні павінны ў м е ц ь:

прыводзіць прыклады малюскаў розных класаў;

выяўляць падабенства і адрозненне ў будове малюскаў розных класаў;

распазнаваць малюскаў на малюнках;

абгрунтоўваць ролю малюскаў-фільтратараў у вадаёмах;

выкарыстоўваць набытыя веды пра малюскі для аховы пасеваў сельскагаспадарчых раслін ад малюскаў-шкоднікаў.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: ракавіна, мантыя, замок, сіфоны ўводны і вывадны, фільтратар, тарка.

тып Членістаногія (15 гадзін)
Агульная характарыстыка тыпу Членістаногія

(1 гадзіна)
Распаўсюджванне членістаногіх у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Знешняя будова членістаногіх і будова кутыкулы. Значэнне членістаногіх у прыродзе і жыцці чалавека. Класіфікацыя членістаногіх.
Клас Ракападобныя (3 гадзіны)
Ракападобныя — водныя членістаногія. Знешняя будова ракападобных. Сістэмы органаў. Размнажэнне і развіццё.

Ракападобныя — пераважная група членістаногіх у водных экасістэмах. Донныя насельнікі вадаёмаў (рачныя ракі, амары, лангусты, крэветкі і інш.): лад жыцця і характэрныя асаблівасці, роля ў прыродзе і жыцці чалавека. Насельнікі тоўшчы вады (дафніі, цыклопы, крыль і інш.): лад жыцця і характэрныя асаблівасці будовы, роля ў прыродзе і жыцці чалавека. Прамысловыя віды ракападобных. Ракападобныя — паразіты жывёл.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця і відавую разнастайнасць ракападобных; калекцыя ракападобных, расчлянёны рачны рак, жывыя дафніі, цыклопы, рачныя ракі або прэснаводныя крэветкі.
Лабараторныя работы

2. Знешняя будова рачнога рака.


Клас Павукападобныя (2 гадзіны)
Павукападобныя — наземныя членістаногія, распаўсюджванне на планеце і асяроддзе іх пражывання. Знешняя будова павукападобных. Сістэмы органаў. Размнажэнне і развіццё.

Разнастайнасць павукападобных (павукі, сенакосцы, скарпіёны, кляшчы): лад жыцця і характэрныя асаблівасці будовы, роля ў прыродзе і жыцці чалавека. Павуцінне. Ядавітыя віды павукападобных. Кляшчы — пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў чалавека. Паразітычныя кляшчы. Прафілактыка захворванняў. Кляшчы — шкоднікі сельскагаспадарчых культур і харчовых запасаў. Пылавыя кляшчы. Меры барацьбы з кляшчамі.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця і відавую разнастайнасць павукападобных; мікрапрэпараты (знешняя будова кляшчоў).
Клас Насякомыя (9 гадзін)
Насякомыя — самая шматлікая і разнастайная група жывёл планеты, распаўсюджванне і асяроддзе іх пражывання. Знешняя будова насякомых. Сістэмы органаў. Размнажэнне і тыпы развіцця насякомых. Паводзіны насякомых.

Разнастайнасць насякомых. Стракозы, прамакрылыя, клапы, лускакрылыя, цвердакрылыя, перапончатакрылыя, двухкрылыя: лад жыцця, характэрныя асаблівасці, роля ў прыродзе і жыцці чалавека. Насякомыя — паразіты чалавека і жывёл, пераносчыкі ўзбуджальнікаў захворванняў, шкоднікі раслін. Прафілактыка захворванняў, спосабы барацьбы са шкоднікамі. Выкарыстанне насякомых чалавекам. Прыручаныя насякомыя. Пчалаводства, шаўкаводства і іх прадукцыя. Калекцыяніраванне насякомых. Рэдкія і ахоўныя віды.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця і відавую разнастайнасць насякомых; калекцыі насякомых, расчлянёны майскі жук ці іншы від насякомых; тэматычныя калекцыі: карысныя насякомыя, шкоднікі, паразіты, пераносчыкі захворванняў і іншыя, прадукты пчалаводства і шаўкаводства.
Лабараторныя работы

3. Знешняя будова насякомых (на прыкладзе майскага жука).


Практычныя работы

1. Спосабы вызначэння якасці мёду і яго характарыстыка (дослед у хатніх умовах).


асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асяроддзе пражывання членістаногіх;

характэрныя асаблівасці знешняй і ўнутранай будовы;

класіфікацыю членістаногіх;

самыя галоўныя прыстасаванні водных і наземных членістаногіх да асяроддзя іх пражывання;

ролю членістаногіх у прыродзе і жыцці чалавека.

Вучні павінны ў м е ц ь:

прыводзіць прыклады членістаногіх;

выяўляць падабенства і адрозненне ў будове розных членістаногіх (ракападобных, павукападобных, насякомых);

распазнаваць розных членістаногіх на малюнках і ў прыродным асяроддзі.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: хіцінізаваная кутыкула, лінька, незамкнутая крывяносная сістэма, лёгачны мяшок, трахеі, мальпігіевы сасуды, метамарфоз поўны і няпоўны, кукалка, фасетачныя вочы.
тып Хордавыя (33 гадзіны)
Агульныя прыметы хордавых жывёл (2 гадзіны)
Асяроддзе пражывання i распаўсюджванне хордавых у прыродзе. Адметныя рысы будовы хордавых жывёл. Разнастайнасць хордавых жывёл.

Ланцэтнік — пераходнае звяно паміж беспазваночнымі і хордавымі жывёламі.

Пазваночныя жывёлы — пераважная група сучасных хордавых. Роля ў прыродзе і жыцці чалавека.

Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця і відавую разнастайнасць пазваночных.
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асяроддзе пражывання хордавых жывёл;

агульныя прыметы жывёл гэтай групы;

класіфікацыю хордавых.

Вучні павінны ў м е ц ь выяўляць самыя галоўныя прыметы хордавых.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: хорда, нервовая трубка, чэрап, галаўны мозг.


Надклас Рыбы (5 гадзін)
Разнастайнасць знешняй будовы ў залежнасці ад ладу жыцця рыб. Прыстасаванні да пражывання ў водным асяроддзі. Сістэмы органаў. Размнажэнне і працэсы развіцця. Нераст. Паводзіны рыб у перыяд размнажэння. Паняцце аб прахадных і аселых відах рыб. Ахова рыб у перыяд нерасту.

Разнастайнасць рыб. Храстковыя (акулы, скаты) і касцявыя рыбы. Асетрападобныя, ласосепадобныя, селядцападобныя, карпападобныя, кісцяпёрыя: лад жыцця і характэрныя асаблівасці будовы, роля ў прыродзе і жыцці чалавека.

Прамысловае і аматарскае рыбалоўства. Прылады лоўлі. Рыбаводства і рыбаразвядзенне. Акварыумнае рыбаводства. Ахова рыб.

Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця, відавую разнастайнасць і паводзіны рыб; шкілет рыбы; акварыум.
Лабараторныя работы

4. Прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў знешняй будове рыб.


асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асаблівасці знешняй будовы і працэсаў жыццядзейнасці рыб у сувязі з пражываннем у водным асяроддзі;

асаблівасці размнажэння рыб;

асаблівасці будовы нервовай сістэмы, якія дазволілі ўскладніць паводзіны рыб;

ролю рыб у прыродным асяроддзі і жыцці чалавека;

прыклады рыб, якія жывуць у вадаёмах Рэспублікі Беларусь.

Вучні павінны ў м е ц ь:

знаходзіць на ілюстрацыях апісаныя ў вучэбным дапаможніку дэталі будовы сістэм органаў рыб;

характарызаваць рыб як насельнікаў вадаёмаў;

выкарыстоўваць набытыя веды пра рыб для ўтрымання рыб у акварыуме; захавання тэрмінаў і спосабаў лоўлі рыб.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: луска, орган бакавой лініі, адзін круг кровазвароту, двухкамернае сэрца, артэрыя, вена, артэрыяльная і вянозная кроў, падстраўнікавая залоза, рэфлекс, нераст, прахадныя і аселыя рыбы.
Клас Земнаводныя, або Амфібіі (3 гадзіны)
Распаўсюджванне земнаводных у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Асаблівасці будовы і жыццядзейнасці земнаводных як насельнікаў двух асяроддзяў. Асаблівасці знешняй будовы (на прыкладзе жабы). Сістэмы органаў. Размнажэнне і развіццё. Метамарфоз у амфібій. Паводзіны земнаводных у перыяд размнажэння.

Разнастайнасць земнаводных: бясхвостыя (жабы, рапухі) і хвастатыя (саламандры, трытоны); лад жыцця і характэрныя асаблівасці, роля ў прыродзе і жыцці чалавека. Прамысловыя віды земнаводных. Ядавітыя віды земнаводных. Утрыманне земнаводных. Ахова земнаводных.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця і відавую разнастайнасць, паводзіны земнаводных, размнажэнне і развіццё земнаводных; шкілет жабы.
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

прыстасаванні земнаводных да жыцця ў водным і наземным асяроддзі;

асаблівасці размнажэння;

асноўныя асаблівасці бясхвостых і хвастатых земнаводных;

прыклады земнаводных фаўны Рэспублікі Беларусь;

ролю земнаводных у прыродзе, жыцці і гаспадарцы чалавека.

Вучні павінны ў м е ц ь:

прыводзіць прыклады земнаводных;

апісваць асаблівасці распаўсюджвання і жыццядзейнасці земнаводных;

адрозніваць земнаводных на малюнках і ў прыродзе.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: земнаводныя, клаака, трохкамернае сэрца, два кругі кровазвароту, лёгкія, скурнае дыханне, акамадацыя, апалонікі.
Клас Паўзуны, або Рэптыліі (4 гадзіны)
Распаўсюджванне паўзуноў у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Знешняя будова паўзуноў. Сістэмы органаў. Размнажэнне і развіццё. Паўзуны — яйцакладучыя пазваночныя.

Разнастайнасць паўзуноў: лускаватыя (змеі, яшчаркі і інш.), кракадзілы, чарапахі; лад жыцця і характэрныя асаблівасці будовы, роля ў прыродзе і жыцці чалавека. Ядавітыя віды паўзуноў. Першая дапамога пры ўкусе змяі. Утрыманне паўзуноў у няволі (серпентарыі). Прамысловыя віды паўзуноў. Прадукты жыццядзейнасці паўзуноў, якія выкарыстоўваюцца чалавекам. Ахова паўзуноў.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця, відавую разнастайнасць і паводзіны паўзуноў; шкілет яшчаркі і змяі.
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асноўныя асаблівасці знешняй будовы і працэсаў жыццядзейнасці ў сувязі з пражываннем у наземным асяроддзі;

характэрныя асаблівасці размнажэння;

адметныя прыметы яшчарак, змей, кракадзілаў, чарапах;

паўзуноў фаўны Рэспублікі Беларусь;

ролю паўзуноў у прыродзе і жыцці чалавека;

правілы паводзін чалавека пры ўкусе ядавітай змяі.

Вучні павінны ў м е ц ь:

прыводзіць прыклады паўзуноў;

характарызаваць асаблівасці знешняй і ўнутранай будовы паўзуноў у сувязі з умовамі пражывання;

прымяняць правілы паводзін чалавека пры ўкусе ядавітай змяі;

выкарыстоўваць набытыя веды пра паўзуноў для прадухілення ўкусаў ядавітымі змеямі; аказання першай дапамогі пры ўкусе ядавітай змяі.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: рагавое покрыва цела, ячэістыя лёгкія, гартань, трахея, бронхі, кара вялікіх паўшар’яў.
Клас Птушкі (7 гадзін)
Распаўсюджванне птушак у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Птушкі — пазваночныя, здольныя да палёту. Асаблівасці знешняй будовы, пёравае покрыва. Асаблівасці будовы сістэм органаў у сувязі з палётам. Размнажэнне і развіццё. Будова яйка птушак. Паводзіны птушак у перыяд размнажэння (будаўніцтва гнёздаў, прывабліванне партнёраў і інш.). Клопат пра патомства.

Разнастайнасць птушак. Лад жыцця і характэрныя асаблівасці птушак лесу, адкрытых прастораў, вадаёмаў, балот і ўзбярэжжаў, роля ў прыродзе і жыцці чалавека. Міграцыі птушак. Выкарыстанне птушак чалавекам. Птушкагадоўля. Эстэтычная роля птушак. Ахова птушак.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця, відавую разнастайнасць і паводзіны птушак; шкілет птушкі; мадэль яйка.
Лабараторныя работы

5. Прыстасаванні да палёту ў знешняй будове птушак. Будова пёраў птушак.



Экскурсіі

1. Разнастайнасць птушак парку (лесу, гарадскога ландшафту). (Праводзіць у зручны час.)


асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асноўныя асаблівасці знешняй будовы і працэсаў жыццядзейнасці ў сувязі з прыстасаваннем птушак да палёту;

асаблівасці размнажэння і развіцця птушак;

асаблівасці паводзін птушак;

асноўныя экалагічныя групы птушак;

прыклады найбольш масавых птушак фаўны Рэспублікі Беларусь;

ролю птушак у прыродзе, жыцці і гаспадарцы чалавека.

Вучні павінны ў м е ц ь:

знаходзіць падабенства і адрозненне ў будове і працэсах жыццядзейнасці птушак і паўзуноў;

прыводзіць прыклады птушак розных экалагічных груп;

абгрунтаваць прыналежнасць птушак да групы жывёл з высокім узроўнем працэсаў жыццядзейнасці;

вызначаць відавую прыналежнасць найбольш распаўсюджаных птушак палёў, лясоў, вадаёмаў, гарадскога асяроддзя;

выкарыстоўваць набытыя веды пра птушак для вырошчвання птушак з мэтай атрымання прадуктаў харчавання; прываблівання птушак у сельскагаспадарчыя і лясныя ўгоддзі для аховы ад шкоднікаў; правядзення падкормкі птушак у неспрыяльны перыяд года; аховы птушак і месцаў іх пражывання.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: складаны крыж, кіль, двайное дыханне, цеплакроўнасць, гамаятэрмія.


Клас Млекакормячыя, або Звяры (12 гадзін)
Распаўсюджванне млекакормячых у прыродзе і асяроддзе іх пражывання. Знешняя будова. Скура і валасяное покрыва. Сістэмы органаў. Размнажэнне і развіццё. Паводзіны млекакормячых у перыяд размнажэння (прывабліванне партнёраў і інш.). Клопат пра патомства.

Разнастайнасць млекакормячых. Яйцакладучыя і жыванароджаныя. Жыванароджаныя млекакормячыя (сумчатыя, насякомаедныя, рукакрылыя, грызуны, драпежныя, парнакапытныя, няпарнакапытныя, ластаногія, кітападобныя, хобатныя, прыматы): лад жыцця і характэрныя асаблівасці будовы. Роля млекакормячых у прыродзе і жыцці чалавека. Прамысловыя жывёлы. Млекакормячыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных захворванняў чалавека. Прыручэнне жывёл. Разнастайнасць парод свойскіх жывёл. Жывёлагадоўля. Зверагадоўля. Ахова млекакормячых.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія паказваюць будову, лад жыцця, відавую разнастайнасць і паводзіны млекакормячых; шкілет кошкі (труса).
Практычныя работы

2. Свойскія жывёлы і іх догляд (праводзіцца ў хатніх умовах).


асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

асяроддзе пражывання млекакормячых;

характэрныя адметныя асаблівасці знешняй будовы і працэсаў жыццядзейнасці млекакормячых як вышэйшых хордавых жывёл;

асаблівасці паводзін;

асаблівасці размнажэння і развіцця;

самыя галоўныя адметныя асаблівасці будовы і працэсаў жыццядзейнасці млекакормячых розных груп, прыстасаваных да асяроддзя свайго пражывання;

ролю млекакормячых у прыродзе, жыцці і гаспадарцы чалавека;

асноўныя прычыны знікнення многіх відаў млекакормячых;

меры па прадухіленні зніжэння біяразнастайнасці млекакормячых;

найбольш значных млекакормячых фаўны Беларусі і занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Вучні павінны ў м е ц ь:

знаходзіць падабенства і адрозненне ў будове першазвяроў і паўзуноў;

прыводзіць прыклады млекакормячых;

абгрунтоўваць прычыны пануючай ролі млекакормячых у біяцэнозах;

выкарыстоўваць набытыя веды пра млекакормячых для стварэння аптымальных умоў пры ўтрыманні свойскіх жывёл; стварэння неабходных умоў пры пакаёвым утрыманні сабак, катоў і іншых млекакормячых.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: скурныя залозы, малочныя залозы, малако, дыяфрагма, жыванароджанасць, матка, плацэнта.


Жывёльны свет і гаспадарчая дзейнасць

чалавека (4 гадзіны)
Жывёльны свет. Жывёлы лясоў, вадаёмаў і адкрытых тэрыторый. Сінантропныя жывёлы.

Уздзеянне дзейнасці чалавека на жывёл прыроднага асяроддзя. Запаведныя тэрыторыі Беларусі. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь.



Дэманстрацыі: табліцы і відэаматэрыялы, якія дэманструюць разнастайнасць жывёл, якія насяляюць лясы, вадаёмы, адкрытыя прасторы і жывуць побач з чалавекам; Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь.
Экскурсіі

2. Відавая разнастайнасць жывёл лесу (гарадскога ландшафту). (Праводзіць у зручны час.)


асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

найбольш распаўсюджаныя віды жывёл, якія насяляюць лясы, вадаёмы, лугі, палі, гарадскія тэрыторыі;

асноўныя напрамкі гаспадарчай дзейнасці чалавека, у якіх выкарыстоўваюцца жывёлы;

асноўныя прычыны, якія прыводзяць да зніжэння колькасці жывёл і іх біяразнастайнасці;

асноўныя меры аховы жывёл.

Вучні павінны ў м е ц ь:

прыводзіць прыклады відаў жывёл, якія жывуць у розных экасістэмах;

характарызаваць гаспадарчую дзейнасць чалавека, звязаную са зніжэннем колькасці жывёл або разбурэннем іх асяроддзя пражывання;

прыводзіць прыклады ахоўных відаў жывёл;

прыводзіць прыклады запаведных тэрыторый Рэспублікі Беларусь;

выкарыстоўваць набытыя веды пра жывёл для стварэння аптымальных умоў для ўтрымання свойскіх жывёл; стварэння неабходных умоў пры пакаёвым утрыманні сабак, катоў і іншых млекакормячых; прадухілення разбурэння месцаў пражывання дзікіх жывёл; арганізацыі і правядзення прыродаахоўных мерапрыемстваў.

Вучні павінны в а л о д а ц ь т э р м і н а м і і п а н я ц ц я м і: Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь, асабліва ахоўныя тэрыторыі.


Кантрольныя работы:

1. Першае паўгоддзе — на працягу снежня па тэмах: «Агульная характарыстыка жывёл», «Тып Кішачнаполасцевыя», «Тып Плоскія чэрві», «Тып Круглыя чэрві», «Тып Кольчатыя чэрві», «Тып Малюскі», «Тып Членістаногія».



2. Другое паўгоддзе — на працягу мая па тэмах: «Агульныя прыметы хордавых жывёл», «Надклас Рыбы», «Клас Земнаводныя, або Амфібіі», «Клас Паўзуны, або Рэптыліі», «Клас Птушкі», «Клас Млекакормячыя, або Звяры».


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка