Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце




Дата канвертавання09.08.2018
Памер221.13 Kb.












Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце

«Сусветная гісторыя»

для VІІІ клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай мовай навучання і выхавання


Сусветная гісторыя новага часу,

XIX — пачатак ХХ ст.
Тлумачальная запіска

Вучэбная праграма прызначана для арганізацыі вывучэння вучэбнага прадмета «Сусветная гісторыя» ў VIII класе. Засваенне зместу вучэбнага прадмета ажыццяўляецца ва ўмовах рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу да падрыхтоўкі вучняў.



Мэтай вывучэння вучэбнага прадмета «Сусветная гісторыя» ў VIII класе з’яўляецца засваенне вучнямі асноў сістэматызаваных ведаў пра найважнейшыя падзеі, з’явы і працэсы сусветнай гісторыі ХІХ — пачатку XX ст.; авалоданне вучнямі спосабамі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, накіраванай на фарміраванне самасвядомасці асобы і яе паспяховую сацыялізацыю ва ўмовах сучаснага полікультурнага, поліэтнічнага і шматканфесійнага грамадства.

Зыходзячы з названай мэты, задачамі гістарычнай адукацыі з’яўляюцца:

засваенне асноўных факталагічных і тэарэтычных ведаў пра найважнейшыя падзеі, з’явы, працэсы развіцця грамадства, асаблівасці развіцця асобных краін, цывілізацый і рэгіёнаў у іх сістэме і ўзаемасувязі; засваенне спецыяльных спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вывучэння гісторыі (прадметныя кампетэнцыі);

фарміраванне вопыту пераўтваральнай і творчай пазнавальнай дзейнасці, развіццё ўменняў выкарыстоўваць засвоеныя веды, уменні, вопыт у вучэбна-пазнавальнай дзейнасці і жыццёвых сітуацыях (метапрадметныя кампетэнцыі);

фарміраванне асноў этнанацыянальнай, грамадзянскай, культурнай ідэнтычнасці асобы; выхаванне пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму на аснове засваення сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны і ўсведамлення месца Беларусі ў гэтай спадчыне (асобасныя кампетэнцыі).

Вучэбная праграма грунтуецца на спалучэнні храналагічнага, краіназнаўчага, параўнальна-гістарычнага падыходаў. Храналагічны падыход выявіўся ў захаванні традыцыйнага вывучэння другога перыяду гісторыі Новага часу, а таксама ў тым, што падзеі і з’явы ў рамках тэмы вывучаюцца ў часавым (храналагічным) парадку. Краіназнаўчы падыход знайшоў выражэнне ў выдзяленні асобных блокаў: краіны Еўропы і ЗША; Расія; краіны Азіі і Лацінскай Амерыкі. Параўнальна-гістарычны падыход дапамагае знаходзіць агульнае і асаблівае ў развіцці гістарычнага працэсу, паказваць узаемасувязь і ўзаемаабумоўленасць падзей.



Кампетэнтнасны падыход да падрыхтоўкі выпускніка па вучэбным прадмеце «Сусветная гісторыя» прадугледжвае такое вызначэнне мэт, зместу, метадаў, сродкаў, вынікаў навучання, якія спрыяюць фарміраванню гатоўнасці вучняў да жыццядзейнасці ў свеце, які пастаянна змяняецца.

Кампетэнцыі разглядаюцца як гатоўнасць выкарыстоўваць засвоеныя веды, уменні і навыкі, сфарміраваны вопыт дзейнасці для рашэння практычных і творчых задач, працягу адукацыі, працоўнай дзейнасці, паспяховай сацыялізацыі. У адносінах да адукацыйнага працэсу кампетэнцыі ўяўляюць сабой аб’ектыўна і сацыяльна зададзеныя патрабаванні да падрыхтоўкі вучняў, прадстаўленыя пералікам асобасных, метапрадметных і прадметных вынікаў навучання.



Асобасныя вынікі вывучэння гісторыі ўяўляюць сабой сфарміраваную сістэму каштоўнасных адносін вучняў да сябе і іншых, да працэсу навучання і яго вынікаў. Яны прадугледжваюць сфарміраванасць светапогляду, асобаснай і грамадзянскай пазіцыі вучняў; развіццё гатоўнасці да адказных паводзін у сучасным грамадстве; назапашванне вопыту жыццядзейнасці, у тым ліку на аснове асэнсавання сацыяльна-маральнага вопыту папярэдніх пакаленняў. Асобасныя вынікі вывучэння гісторыі дазваляюць самаразвівацца, ставіць мэты і будаваць жыццёвыя планы, займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць у полікультурным грамадстве, псіхічнае і фізічнае здароўе.

Метапрадметныя вынікі вывучэння гісторыі ўяўляюць сабой сукупнасць агульнавучэбных спосабаў дзейнасці, якія, як у працэсе навучання, так і ў рэальных жыццёвых сітуацыях, фарміруюць гатоўнасць да калектыўнай дзейнасці і ўзаемаадносін супрацоўніцтва ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі і сацыяльным асяроддзі. Яны прадугледжваюць уменні вучняў вызначаць мэты сваёй вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, шляхі іх дасягнення, прадстаўляць і карэкціраваць яе вынікі ў розных формах.

Прадметныя вынікі вывучэння гісторыі накіраваны на засваенне зместу вучэбнага прадмета і засваенне спецыяльных спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Яны прадстаўлены ў асноўных патрабаваннях да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў пасля кожнага раздзела.

У вучэбнай праграме па вучэбным прадмеце «Сусветная гісторыя» выкладзены змест гістарычнай адукацыі, які структураваны па раздзелах i тэмах, даецца прыкладнае размеркаванне вучэбнага часу.

Час, які адводзіцца ў вучэбнай праграме на вывучэнне раздзелаў і тэм, з’яўляецца прыкладным. Настаўнік мае права змяніць колькасць гадзін на вывучэнне асобных тэм і раздзелаў і паслядоўнасць іх вывучэння ў межах навучальнага года, не парушаючы агульную колькасць гадзін і захоўваючы змест і логіку вывучэння дадзенага прадмета.

Пры вывучэнні сусветнай гісторыі другога перыяду Новага часу (XIX — пачатак XX ст.) адлюстроўваецца працэс зліцця гістарычных лёсаў цывілізацый розных кантынентаў у адзіны гістарычны паток. Вучэбнай праграмай прадугледжана азнаямленне з наступным матэрыялам: развіццё капіталізму і буржуазныя рэвалюцыі, фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі, асаблівасці гістарычнага развіцця краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Першая сусветная вайна разглядаецца як праяўленне крызісу заходнееўрапейскай цывілізацыі.

Значнае месца ў вучэбнай праграме па вучэбным прадмеце «Сусветная гісторыя» адведзена пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства ў розныя гістарычныя эпохі. Асаблівая ўвага надаецца вывучэнню працоўнай дзейнасці людзей, іх заняткаў і эканамічных інтарэсаў, удасканалення сродкаў вытворчасці, форм уласнасці, прадукцыйнасці працы, рацыянальнага выкарыстання прыродных багаццяў, аховы навакольнага асяроддзя, характару размеркавання матэрыяльных і духоўных даброт.

Разам з вывучэннем гісторыі развіцця адукацыі, навукі, грамадскай думкі, літаратуры і мастацтва разглядаецца культура працы, побыту, сямейных адносін, адзення, жылля, пасяленняў і г. д., што з’яўляецца важнай умовай сацыялізацыі асобы вучня.

Важную ролю ў павышэнні эфектыўнасці навучання вучэбнаму прадмету «Сусветная гісторыя» адыгрывае выкарыстанне ўнутры- і міжпрадметных сувязей, якія з’яўляюцца аб’ектыўным выражэннем інтэграцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў цяперашні час як у галіне навукі і тэхнікі, так і ў жыцці грамадства. Гэта дазваляе пераадолець прадметную ізаляванасць і дубліраванне вучэбнага матэрыялу, спрыяе актуалізацыі і паглыбленню ведаў, спрыяе фарміраванню цэласных уяўленняў пра гістарычныя з’явы і працэсы і ўзаемасувязі паміж імі. Ажыццяўленне міжпрадметных сувязей робіць веды практычна больш значнымі і прымянімымі, дапамагае вучням выкарыстоўваць веды і ўменні, набытыя пры вывучэнні такіх вучэбных прадметаў, як «Грамадазнаўства», «Русская литература», «Беларуская літаратура», «Геаграфія», у працэсе вывучэння вучэбнага прадмета «Сусветная гісторыя», а таксама выкарыстоўваць іх у новай сітуацыі, як у вучэбнай, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Унутры- і міжпрадметныя сувязі неабходна ажыццяўляць, улічваючы спецыфіку гістарычных курсаў, асобных тэм і раздзелаў.

Для арганізацыі засваення адпаведных спосабаў дзейнасці рэкамендуецца выкарыстанне практычных заняткаў, якія павінны актыўна ўкараняцца ў адукацыйную практыку. Падчас такіх заняткаў вучні на аснове раней атрыманых ведаў і апорных уменняў у новай вучэбнай сітуацыі самастойна вырашаюць пазнавальныя задачы, выконваюць праблемныя заданні, праводзяць вучэбнае даследаванне, публічна прадстаўляюць вынікі індывідуальнай і калектыўнай даследчай і творчай дзейнасці. Пры гэтым рэкамендуецца выкарыстоўваць розныя формы арганізацыі вучэбных заняткаў: ролевыя і дзелавыя гульні, семінары, канферэнцыі, дыспуты, распрацоўку праектаў з прыцягненнем шырокага спектра крыніц гістарычнай інфармацыі.


Змест вучэбнага прадмета
(35 гадзін, у тым ліку 1 гадзіна — рэзервовы час)
Уводзіны (1 гадзіна)
Народы свету і цывілізацыі ў XIX — пачатку XX ст. Агульная характарыстыка другога перыяду Новага часу. Рост насельніцтва. Стварэнне індустрыяльнай цывілізацыі. Каланіяльны падзел свету.
Р а з д з е л I

Заходняя Еўропа

(11 гадзін, з іх — 1 гадзіна на падагульненне па раздзеле)


Заходняя Еўропа ў пачатку XIX ст. Устанаўленне дыктатуры Напалеона Банапарта і Першая імперыя ў Францыі. Напалеонаўскія войны. Венскі кангрэс. Стварэнне Свяшчэннага саюза.

Асноўныя рысы эканамічнага развіцця. Прамысловая рэвалюцыя і яе наступствы. Тэхнічны прагрэс у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Рост прамысловых цэнтраў. Змены ў сацыяльнай структуры еўрапейскага грамадства. Пераход ад свабоднай канкурэнцыі да манаполіі.

Вялікабрытанія ў XIX — пачатку XX ст. Дзяржаўны лад. Эканамічнае развіццё. Унутраная і знешняя палітыка. Працоўны рух. Чартызм. Трэд-юніянізм. Стварэнне Лейбарысцкай партыі.

Францыя ў XIX — пачатку XX ст. Эканамічнае і палітычнае развіццё. Рэвалюцыйныя падзеі: ад Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 г. да рэвалюцыі 4 верасня 1870 г. Трэцяя рэспубліка ў 1870—1918 гг. Унутраная і знешняя палітыка.

Еўрапейскія рэвалюцыі 1848—1849 гг. і іх вынікі. Прычыны, характар, рухаючыя сілы і асаблівасці рэвалюцый. Асноўныя падзеі рэвалюцый у Францыі, Германіі, Аўстрыйскай імперыі і Італіі. Вынікі рэвалюцый.

Германія ў другой палове XIX пачатку XX ст. Аб’яднанне Германіі і абвяшчэнне Германскай імперыі. Дзяржаўны лад. Эканамічнае развіццё. Унутраная і знешняя палітыка.

Міжнародны рабочы і сацыялістычны рух у другой палове XIX — пачатку XX ст. Узнікненне марксізму. I і II Інтэрнацыяналы. Плыні ў рабочым і сацыялістычным руху. Заваёвы рабочага класа.

Адукацыя, навука і тэхніка. Развіццё адукацыі. Навука і фарміраванне новай карціны свету. Пераварот у тэхніцы і развіццё транспарту. Сувязь навукі з практыкай. Сродкі сувязі. Кінематограф. Змены ў ладзе жыцця людзей.

Мастацкая літаратура. Рамантызм (В. Гюго, Дж. Г. Байран, П. Б. Шэлі, В. Скот, Э. Т. А. Гофман, Г. Гейнэ). Рэалізм (Стэндаль, А. дэ Бальзак, Ч. Дзікенс, Р. Кіплінг). Дэкаданс.

Жывапіс, архітэктура, музыка. Рамантызм і рэалізм у жывапісе (Ф. Гоя, Э. Дэлакруа, Дж. Канстэбл, Г. Курбэ і Ж. Міле). Імпрэсіянізм і постымпрэсіянізм (А. Рэнуар, К. Манэ, Э. Дэга, В. Ван Гог). Архітэктура. Музыка.

Падагульненне па раздзеле І (1 гадзіна)
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

перыядызацыю гісторыі Новага часу;

найважнейшыя падзеі, з’явы і працэсы гісторыі Заходняй Еўропы ў другі перыяд Новага часу і іх даты (устанаўленне дыктатуры Напалеона ў Францыі, напалеонаўскія войны, Венскі кангрэс, рэвалюцыйныя падзеі ў еўрапейскіх краінах у XIX ст., стварэнне I і II Інтэрнацыяналаў);

азначэнні паняццяў (кантрыбуцыя, індустрыялізацыя, «венская сістэма», манаполія, імперыялізм, эканамічны крызіс, пратэкцыянізм, буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, нацыя, лібералізм, марксізм);

імёны гістарычных, навуковых і культурных дзеячаў Заходняй Еўропы другога перыяду Новага часу, вынікі іх дзейнасці;

найважнейшыя дасягненні навукі і тэхнікі, культуры ў Заходняй Еўропе ў другі перыяд Новага часу (дасягненні ў медыцыне, фізіцы, біялогіі; паравы рухавік, рухавік унутранага згарання, электрычнасць, кінематограф, помнікі гісторыі, літаратуры і мастацтва XIX — пачатку XX ст.).

Вучні павінны ў м е ц ь:

суадносіць даты гістарычных падзей з перыядам гісторыі Новага часу;

сінхранізаваць гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў розных еўрапейскіх дзяржавах у XIX — пачатку XX ст.;

паказваць на гістарычнай карце межы дзяржаў Заходняй Еўропы XIX — пачатку XX ст., месцы вывучаных гістарычных падзей;

вылучаць асноўныя прыметы гістарычных паняццяў і пад кіраўніцтвам настаўніка фармуляваць азначэнні гэтых паняццяў (манапалістычны капіталізм (імперыялізм), палітычная партыя, буржуазная манархія);

характарызаваць гістарычныя падзеі і з’явы, гістарычных дзеячаў, помнікі культуры, палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё заходнееўрапейскай цывілізацыі ў XIX ст. — 1918 г. на аснове тэксту вучэбнага дапаможніка, ілюстрацыйнага матэрыялу і фрагментаў гістарычных дакументаў;

ажыццяўляць параўнанне вывучаных гістарычных падзей і з’яў па самастойна вызначаных крытэрыях (буржуазна-дэмакратычныя рэвалюцыі ў Францыі, Германіі, Аўстрыі і Італіі); выяўляць агульнае і асаблівае, фармуляваць высновы;

вызначаць мастацкі стыль па апісанні або выяве карціны, архітэктурнага будынка; даваць апісанне помнікаў культуры на аснове тэксту і ілюстрацыйнага матэрыялу;

даваць ацэнку вывучаным гістарычным падзеям і з’явам, дзейнасці гістарычных асоб, дасягненням матэрыяльнай і духоўнай культуры ў другі перыяд Новага часу з пункту гледжання агульначалавечых каштоўнасцей.
Р а з д з е л II

Краіны Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі

(4 гадзіны)


ЗША ў першай палове XIX ст. Рост насельніцтва і пашырэнне тэрыторыі ЗША. Асваенне Дзікага Захаду. Поўнач і Поўдзень — два шляхі развіцця. Фермерская і плантацыйная гаспадарка. Рух за адмену рабства.

Ператварэнне ЗША ў сусветную дзяржаву. Грамадзянская вайна і яе вынікі. Эканамічнае і палітычнае развіццё ЗША пасля Грамадзянскай вайны. Знешняя палітыка ЗША.

Амерыканская літаратура і мастацтва. Амерыканскі рамантызм і яго асаблівасці (Г. Лангфела і Ф. Купер). Амерыканскі рэалізм (Г. Бічэр-Стоу, М. Твэн, Дж. Лондан і інш.). Жывапіс. Архітэктура.

Лацінская Амерыка. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній (1810—1826) і яе вынікі. Эканамічнае і палітычнае развіццё самастойных лацінаамерыканскіх рэспублік. Рэвалюцыя ў Мексіцы (1910—1917). Развіццё лацінаамерыканскай культуры.
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

найважнейшыя падзеі гісторыі краін Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі ў XIX — пачатку XX ст. і іх даты (Грамадзянская вайна ў ЗША, вайна за незалежнасць іспанскіх калоній, рэвалюцыя ў Мексіцы);

азначэнні паняццяў (іміграцыя, канфедэрацыя, дыскрымінацыя);

імёны найважнейшых гістарычных дзеячаў, дзеячаў культуры Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, вынікі іх дзейнасці;

найважнейшыя дасягненні культуры, навукі і тэхнікі ў ЗША і краінах Лацінскай Амерыкі ў XIX — пачатку XX ст.

Вучні павінны ў м е ц ь:

сінхранізаваць гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў ЗША, краінах Лацінскай Амерыкі і еўрапейскіх дзяржавах у XIX — пачатку XX ст.;

паказваць на гістарычнай карце дзяржавы Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, месцы вывучаных гістарычных падзей;

вылучаць асноўныя прыметы гістарычных паняццяў і пад кіраўніцтвам настаўніка фармуляваць азначэнні паняццяў (фермерская гаспадарка, плантацыйная гаспадарка, нацыянальная культура);

характарызаваць гістарычныя падзеі і з’явы, гістарычных дзеячаў, помнікі культуры, палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё краін Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі ў XIX — пачатку XX ст. на аснове тэксту вучэбнага дапаможніка, ілюстрацыйнага матэрыялу і фрагментаў гістарычных дакументаў;

ажыццяўляць параўнанне вывучаных гістарычных падзей і з’яў па самастойна вызначаных крытэрыях (сістэмы гаспадарання на Поўначы і Поўдні ЗША); выяўляць агульнае і асаблівае, фармуляваць высновы;

устанаўліваць і тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж гістарычнымі падзеямі, з’явамі на аснове аналізу тэксту (адрозненні ў эканамічным развіцці Поўначы і Поўдня ЗША — Грамадзянская вайна ў ЗША; палітыка Іспаніі і Партугаліі ў адносінах да сваіх калоній у Лацінскай Амерыцы — барацьба калоній за незалежнасць);

даваць ацэнку вывучаным гістарычным падзеям і з’явам, дзейнасці гістарычных асоб, дасягненням матэрыяльнай і духоўнай культуры ЗША і краін Паўднёвай Амерыкі ў другі перыяд Новага часу з пункту гледжання агульначалавечых каштоўнасцей.
Р а з д з е л III

Расійская імперыя. Славянскія краіны

(8 гадзін)


Расія ў першай палове XIX ст. Грамадскі і дзяржаўны лад. Сацыяльна-эканамічнае развіццё. Айчынная вайна 1812 г. Унутраная і знешняя палітыка. Крымская вайна і яе вынікі.

Навука і культура Расіі ў першай палове XIX ст. Навука і адукацыя. Літаратура. Архітэктура і скульптура. Выяўленчае мастацтва. Тэатр і музыка.

Расія ў другой палове XIX ст. Адмена прыгоннага права. Рэформы 1860—1870-х гг. Вынікі і значэнне Вялікіх рэформ. Палітыка Аляксандра III. Контррэформы. Асноўныя напрамкі знешняй палітыкі.

Рэвалюцыйны рух і палітыка царызму. Рэвалюцыйнае народніцтва. Забойства Аляксандра II. Зараджэнне рабочага руху. Распаўсюджанне марксізму і ўзнікненне расійскай сацыял-дэма-кратыі.

Расія на мяжы XIXXX стст. Эканамічнае развіццё. Змены ў сацыяльнай структуры грамадства. Унутраная і знешняя палітыка Расіі. Руска-японская вайна і яе вынікі.

Расія ў гады рэвалюцыйных падзей (19051917). Рэвалюцыя 1905—1907 гг. і яе вынікі. Дзейнасць Дзяржаўнай думы. Рэформы П. А. Сталыпіна. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. і яе вынікі.

Руская культура ў другой палове XIX пачатку XX ст. Развіццё навукі і асветы. Літаратура. Музыка. Жывапіс. Сярэбраны век рускай культуры і яе сусветнае прызнанне.

Барацьба славянскіх народаў за нацыянальную незалежнасць у XIX пачатку XX ст. Славянскія землі ў складзе Прусіі, Аўстрыйскай (Аўстра-Венгерскай) імперыі, Расіі і Асманскай імперыі. Адраджэнне славянскіх нацыянальных культур. Руска-турэцкія войны і іх вынікі для паўднёвых славян. Нацыянальна-вызваленчы рух заходніх славян.
Падагульненне па раздзелах II і ІІІ (1 гадзіна)
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

найважнейшыя падзеі гісторыі Расіі і славянскіх народаў у XIX — пачатку XX ст. і іх даты (Айчынная вайна 1812 г., Крымская вайна, буржуазныя рэформы XIX ст., руска-японская вайна 1904—1905 гг., рэвалюцыя 1905—1907 гг., рэформы Сталыпіна, Лютаўская буржуазная рэвалюцыя 1917 г., нацыянальна-вызваленчы рух славянскіх народаў);

азначэнні паняццяў (самадзяржаўе, разначынцы, земства, дзекабрысты, заходнікі, славянафілы, народнікі, Дзяржаўная дума);

імёны гістарычных дзеячаў, дзеячаў культуры Расіі і славянскіх краін XIX — пачатку XX ст. і вынікі іх дзейнасці;

найважнейшыя дасягненні культуры, навукі і тэхнікі ў Расіі і славянскіх краінах у XIX — пачатку XX ст.

Вучні павінны ў м е ц ь:

сінхранізаваць гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў Расіі, славянскіх краінах, ЗША, краінах Лацінскай Амерыкі і еўрапейскіх дзяржавах у XIX — пачатку XX ст.;

паказваць на гістарычнай карце месцы вывучаных гістарычных падзей;

вылучаць асноўныя прыметы гістарычных паняццяў і пад кіраўніцтвам настаўніка фармуляваць азначэнні паняццяў («хаджэнне ў народ», буржуазныя рэформы, буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя);

характарызаваць гістарычныя падзеі і з’явы, гістарычных дзеячаў, помнікі культуры, палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё Расіі і славянскіх краін у XIX — пачатку XX ст. на аснове тэксту вучэбнага дапаможніка, ілюстрацыйнага матэрыялу і фрагментаў гістарычных дакументаў;

устанаўліваць і тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж гістарычнымі падзеямі і з’явамі на аснове аналізу тэксту (эканамічнае адставанне Расіі ад заходнееўрапейскіх краін — пачатак буржуазных рэформ; эканамічны і палітычны крызіс у Расіі — буржуазна-дэмакратычныя рэвалюцыі; становішча заходніх і паўднёвых славян — рост нацыянальна-вызваленчага руху);

ажыццяўляць параўнанне вывучаных гістарычных падзей і з’яў па самастойна вызначаных крытэрыях (эканамічнае развіццё Расіі ў першай палове XIX ст. і ў другой палове XIX — пачатку XX ст., рэформы 1861 г. і рэформы Сталыпіна, рэвалюцыя 1905—1907 гг. і Лютаўская буржуазная рэвалюцыя 1917 г.); выяўляць агульнае і асаблівае, фармуляваць высновы;

даваць ацэнку вывучаным гістарычным падзеям і з’явам, дзейнасці гістарычных асоб, дасягненням матэрыяльнай і духоўнай культуры Расіі і славянскіх краін у XIX — пачатку XX ст. з пункту гледжання агульначалавечых каштоўнасцей.
Р а з д з е л IV

Краіны Азіі і Афрыкі

(6 гадзін, з іх — 1 гадзіна на падагульненне па раздзеле)


Японія. Японія напярэдадні рэвалюцыі 1868 г. Звяржэнне сёгуната Такугава. Рэформы і канстытуцыя. Змены ў ладзе жыцця. Новыя павевы ў культуры. Знешнепалітычная экспансія.

Кітай. Пранікненне еўрапейцаў у Кітай і «опіумныя» войны. Народныя паўстанні і рэформы. Сунь Ятсен. Рэвалюцыя 1911 г. i звяржэнне манархіі. Развіццё культуры.

Індыя. Індыя — англійская калонія. Антыкаланіяльнае паўстанне 1857—1859 гг. Індыйскі нацыянальны кангрэс. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў пачатку XX ст. Культура.

Мусульманскі свет. Пранікненне еўрапейскіх дзяржаў у мусульманскія краіны. Англа-афганскія войны. Нацыянальна-вызваленчы рух, рэформы і рэвалюцыі. Новае ў культуры і ладзе жыцця мусульманскіх краін.

Тэрытарыяльны падзел Афрыкі ў XIX ст. Пачатак захопу афрыканскіх зямель еўрапейскімі дзяржавамі. Берлінская канферэнцыя (1884—1885). «Вялікае афрыканскае паляванне». Барацьба Эфіопіі супраць еўрапейскай каланізацыі. Англа-бурская вайна.

Падагульненне па раздзеле IV (1 гадзіна)
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

найважнейшыя падзеі гісторыі краін Азіі і Афрыкі ў XIX — пачатку XX ст., іх даты (рэвалюцыя 1868 г. у Японіі і рэформы 1868—1873 гг., «опіумныя» войны ў Кітаі, паўстанне тайпінаў, паўстанне іхэтуаняў, рэвалюцыя 1911 г. у Кітаі, антыкаланіяльнае паўстанне ў Індыі 1857—1859 гг., англа-афганскія войны, Младатурэцкая рэвалюцыя, Берлінская канферэнцыя 1884—1885 гг., англа-бурская вайна);

азначэнні паняццяў (каланіялізм, суньятсенізм, нацыяналізм, сіпаі, «новыя асманы»);

імёны гістарычных дзеячаў, дзеячаў культуры Азіі і Афрыкі XIX — пачатку XX ст., вынікі іх дзейнасці.

Вучні павінны ў м е ц ь:

сінхранізаваць гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў Азіі, Расіі і еўрапейскіх дзяржавах у XIX — пачатку XX ст.;

паказваць на гістарычнай карце дзяржавы Азіі і Афрыкі, месцы вывучаных гістарычных падзей;

вылучаць асноўныя прыметы гістарычных паняццяў і пад кіраўніцтвам настаўніка фармуляваць азначэнні гэтых паняццяў (антыкаланіяльны рух);

характарызаваць гістарычныя падзеі і з’явы, гістарычных дзеячаў, помнікі культуры, палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё краін Азіі і Афрыкі ў XIX — пачатку XX ст. на аснове тэксту вучэбнага дапаможніка, ілюстрацыйнага матэрыялу і фрагментаў гістарычных дакументаў;

ажыццяўляць параўнанне вывучаных гістарычных падзей і з’яў па самастойна вызначаных крытэрыях (рэформы сярэдзіны XIX ст. у Японіі і Расіі, паўстанне тайпінаў і іхэтуаняў у Кітаі, эканамічнае і палітычнае развіццё Японіі і Кітая); выяўляць агульнае і асаблівае, фармуляваць высновы;

даваць ацэнку вывучаным гістарычным падзеям і з’явам, дзейнасці гістарычных асоб, дасягненням матэрыяльнай і духоўнай культуры краін Азіі і Афрыкі ў XIX — пачатку XX ст. з пункту гледжання агульначалавечых каштоўнасцей.
Р а з д з е л V

Першая сусветная вайна

(2 гадзіны)


Пачатак Першай сусветнай вайны. Абвастрэнне міжнародных супярэчнасцей і наспяванне вайны ў Еўропе. Утварэнне Траістага саюза і Антанты і планы ваюючых бакоў. Ход ваенных дзеянняў у 1914—1916 гг.

Найважнейшыя палітычныя падзеі і ход ваенных дзеянняў у 1917—1918 гг. Наспяванне палітычнага крызісу ў ваюючых краінах. Уступленне ў вайну ЗША. Ход ваенных дзеянняў у 1917 г. Заключны перыяд вайны. Асноўныя вынікі Першай сусветнай вайны.
асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Вучні павінны в е д а ц ь:

храналагічныя рамкі Першай сусветнай вайны;

асноўныя краіны — удзельніцы вайны, ваенна-палітычныя блокі (Траісты саюз, Антанта);

асноўныя падзеі Першай сусветнай вайны і іх даты (бітва на Марне, «вердэнская мясарубка», Брусілаўскі прарыў, уступленне ў вайну ЗША, сепаратны мір Расіі з Германіяй у Брэст-Літоўску, Камп’енскае перамір’е);

азначэнні паняццяў (маланкавая вайна, пазіцыйная вайна).

Вучні павінны ў м е ц ь:

паказваць на гістарычнай карце краіны — удзельніцы Першай сусветнай вайны, месцы найбуйнейшых бітваў;

выкарыстоўваць гістарычную карту пры характарыстыцы ваенных дзеянняў;

характарызаваць ваенныя і палітычныя падзеі (на аснове тэксту вучэбнага дапаможніка, ілюстрацыйнага матэрыялу і фрагментаў гістарычных дакументаў);

устанаўліваць і тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж ваеннымі і палітычнымі падзеямі Першай сусветнай вайны на аснове аналізу тэксту;

выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі (даведнікі, дзіцячыя энцыклапедыі, інтэрнэт і інш.) для падрыхтоўкі паведамленняў пра важнейшыя падзеі Першай сусветнай вайны.
Выніковае падагульненне (1 гадзіна)
агульныя патрабаванні

да арганізацыі адукацыйнага працэсу
У працэсе навучання гісторыі Новага часу (XIX — пачатак XX ст.) у VIII класе рэкамендуецца арганізаваць наступныя віды вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў: работа з гістарычнай картай, работа з гістарычным слоўнікам, каменціраванае і самастойнае чытанне, складанне разгорнутага плана, характарыстыка гістарычных падзей і з’яў па плане з апорай на розныя крыніцы інфармацыі (тэкст, схема, дыяграма, табліца, ілюстрацыя, гістарычная карта), характарыстыка гістарычных дзеячаў і дзеячаў культуры па алгарытме, работа з рознымі відамі дакументальных крыніц (фрагментамі гістарычных дакументаў, фотаздымкамі, фрагментамі дакументальных фільмаў), самастойнае складанне табліц з гістарычнай інфармацыяй (храналагічных і сінхранічных, інфарматыўных, параўнальных).

Па выніках вывучэння гісторыі Новага часу (XIX — пачатак XX ст.) у VIII класе вучні павінны:

у м е ц ь:

вызначаць храналагічную паслядоўнасць вывучаных гістарычных падзей, іх працягласць;

суадносіць даты гістарычных падзей з другім перыядам Новага часу;

сінхранізаваць гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў розных рэгіёнах і дзяржавах у вывучаемы перыяд;

выкарыстоўваць гістарычную карту як адну з крыніц інфармацыі пра гістарычныя падзеі і з’явы;

правільна выкарыстоўваць вывучаныя гістарычныя паняцці;

чытаць фрагменты гістарычных дакументаў, выкарыстоўваць іх пры характарыстыцы вывучаных гістарычных фактаў;

выкарыстоўваць ілюстрацыі як крыніцу інфармацыі пры характарыстыцы гістарычных падзей, з’яў, асоб;

працаваць з тэкстам вучэбнага дапаможніка:

вылучаць галоўнае ў тэксце параграфа;

складаць разгорнуты план пункта параграфа або адказу на канкрэтнае пытанне;

ставіць пытанні да тэксту параграфа, ілюстрацыі;

знаходзіць у тэксце параграфа адказы на пастаўленыя пытанні;

устанаўліваць і тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж гістарычнымі падзеямі, з’явамі на аснове аналізу тэксту;

самастойна ажыццяўляць параўнанне вывучаных гістарычных падзей і з’яў па самастойна вызначаных крытэрыях; выяўляць агульнае і асаблівае, фармуляваць высновы;

інтэрпрэтаваць і падагульняць інфармацыю параграфа, фармуляваць высновы;

пад кіраўніцтвам настаўніка падагульняць, сістэматызаваць і класіфікаваць гістарычныя факты, фармуляваць на гэтай аснове высновы;

працаваць з рознымі формамі прад’яўлення інфармацыі (тэкст, схема, табліца, дыяграма, карта, фрагмент гістарычнага дакумента і г. д.), здабываць інфармацыю і выкарыстоўваць яе для рашэння вучэбных задач;

выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі (даведнікі, дзіцячыя энцыклапедыі, інтэрнэт і інш.) для падрыхтоўкі паведамленняў пра важнейшыя падзеі, гістарычных асоб, дасягненні культуры XIX — пачатку XX ст.;

ацэньваць вывучаныя гістарычныя падзеі і з’явы, дзейнасць гістарычных асоб, дасягненні культуры ў другі перыяд Новага часу з пункту гледжання агульначалавечых каштоўнасцей
(з апорай на памятку);

п р ы м я н я ц ь засвоеныя веды і ўменні:

для рашэння вучэбных задач;

тлумачэння гістарычнага кантэксту навакольнай рэчаіснасці (пры чытанні мастацкай літаратуры, праглядзе фільмаў, наведванні гістарычных славутасцей і г. д.);



вызначэння свайго стаўлення да найбольш значных гістарычных падзей і гістарычных асоб другога перыяду Новага часу.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка