Вучні Мышкавіцкай школы: «Ганарымся нашай зямлячкай!»



Дата канвертавання07.03.2018
Памер26.03 Kb.
#18861
Вучні Мышкавіцкай школы: «Ганарымся нашай зямлячкай!..»

палевич-1

палевич-2

Днямі ў Мышкавіцкай СШ адбылося адметнае мерапрымства, прысвечанае 80-годдзю ўтварэння Магілёўскай вобласці, — цікавая, хвалюючая і незабыўная сустрэча школьнікаў са славутай зямлячкай Людмілай Нічыпараўнай Палевіч — поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы, адной з шасці такіх прадстаўнікоў Магілёўшчыны. Былая даярка калгаса “Рассвет” аддала працы ў жывёлагадоўлі гаспадаркі 30 гадоў. За гэты час змагла дабіцца значных вытворчых паказчыкаў, якія былі высока ацэнены дзяржавай.

З зацікаўленасцю вучні 5-10 класаў слухалі ўспаміны Людмілы Нічыпараўны ў суправаджэнні падрыхтаванай настаўнікамі і рабятамі слайд-прэзентацыі з паказам фотаздымкаў, на якіх можна было ўбачыць цікавыя і важныя моманты з жыцця заслужанага ветэрана працы, яе шматлікія ўзнагароды.


…З хваляваннем прыгадала жанчына сваё дзяцінства, абпаленае вайной. Нарадзілася яна на Клічаўшчыне. Усяго 4 гадкі было дзяўчынцы, калі бацька пайшоў на фронт, адкуль, на жаль, не вярнуўся. Давялося зведаць голад і холад, калі разам з маці і маленькім брацікам хаваліся ад захопнікаў у балоцістых лясах. У памяці — гарэтныя пасляваенныя гады, але шчаслівыя ўжо ад таго, што вайна скончылася, і можна было вучыцца ў школе. А займалася Людміла добра, вельмі падабаліся ёй заняткі фізкультурай — любіла лёгкую атлетыку і лыжы.
Спартыўная падрыхтоўка, вынослівасць спатрэбіліся пасля школы, калі, працуючы паштальёнам, штодня даводзілася праходзіць па шмат кіламетраў.
Неяк з раённай газеты Людміла даведалася аб знакамітым калгасе “Рассвет”, які грымеў на ўсю краіну сваімі працоўнымі дасягненнямі. Падзялілася з мужам марай працаваць менавіта ў гэтай гаспадарцы — на той момант маладыя толькі ажаніліся і пражывалі на Клічаўшчыне. Іван быў таксама не супраць. І вось у 1960 годзе Палевічы прыехалі ў Мышкавічы, якія сталі для іх другой радзімай.
У “Рассвеце” іх сустрэлі добра, адразу прапанавалі дом і работу. Першыя гады Людміла працавала ў паляводчай брыгадзе, непрацяглы час — загадыкам у калгасным санаторыі. Але вырашальнай у жыцці стала праца ў жывёлагадоўлі. Спачатку падмяняла сяброўку-даярку на Мышкавіцкай ферме. Ды так старалася, так ёй справа прыйшлася па душы, што старшыня калгаса К.П.Арлоўскі прапанаваў руплівай жанчыне працаваць даяркай і надалей.
Работу сваю Людміла вельмі любіла, хоць і было цяжка: даводзілася пачынаць працоўны дзень з 4 гадзін раніцы, практычна ўсё выконваць уручную. Гэта потым, калі ў 1976 годзе перайшла на Цясоўскую ферму, адчула палёгку ад прымянення даільных апаратаў, але ж і тут большасць работ даводзілася выконваць фізічна.
З кожным годам у стараннай даяркі раслі надоі. У 1970 годзе Палевіч атрымала сваю першую высокую ўзнагароду — медаль “За доблесную працу”. А ў 1975 годзе, калі ад кожнай каровы сваёй групы Людміла Палевіч надаіла па 4750 кг малака, яе праца была адзначана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. Ордэн уручаў прама на рабочым месцы тагачасны старшыня гаспадаркі В.К.Старавойтаў. А ўсяго праз год на грудзях перадавой даяркі заззяў і другі ордэн. Яшчэ праз 10 гадоў, у 1986 годзе, за выдатныя працоўныя дасягненні Людміла Палевіч становіцца поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы…
Цяжка пералічыць усе граматы і дыпломы, атрыманыя перадавой рассветаўскай даяркай за гады работы. Акрамя таго, Людміла Палевіч актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці: тройчы з’яўлялася ўдзельнікам ВДНГ, выбіралася дэпутатам райсавета дэпутатаў, членам райвыканкама.
Людміла Нічыпараўна — чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Шмат гадоў удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці — спявала ў народным хоры калгаса, фальклорным гурце “Малодушкі”. І сёння ні хвіліны не сядзіць без справы: яна майстар на ўсе рукі. Удзельнічае ў раённых мерапрыемствах, сустракаецца са школьнікамі, моладдзю, аднавяскоўцамі.
Дала дастойнае выхаванне дачцы і сыну, радуюць бабулю Люсю, як яе завуць блізкія, чацвёра ўжо дарослых унукаў і праўнук. І ў такіх людзей, як Людміла Нічыпараўна Палевіч, сённяшняму пакаленню, безумоўна, ёсць чаму павучыцца: працавітасці, мужнасці, мэтанакіраванасці.
Каталог: files -> categories
categories -> Вогненнымі дарогамі вайны
categories -> Удзельнікі Парада Перамогі астроўскі аляксей Сцяпанавіч
categories -> Арганізатары І кіраўнікі партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну арлоўскі кірыла Пракопавіч
categories -> За мужнасць і гераізм
categories -> Што хвалюе маладых спецыялістаў?
categories -> Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства
categories -> Навечна ў памяці
categories -> Праграма асноўных мерапрыемстваў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкi-2014» у Кіраўскім раёне
categories -> Брацкая магіла 1943-1944 гады (№2854)
categories -> Брацкая магіла 1944 г. (№2871)


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал