Вялікае княства літоўскае ў знешнепалітычных адносінах рэчы паспалітай




старонка1/3
Дата канвертавання17.01.2017
Памер446.61 Kb.
  1   2   3
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

УДК 327(474/476:470:485)(091)“16”(043.3)+

327(438:470:485)(091)“16”(043.3)

ДЗЕМІДОВІЧ
Алена Васільеўна


ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ

Ў ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНЫХ АДНОСІНАХ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

З РАСІЯЙ І ШВЕЦЫЯЙ У ПЕРШАЙ ТРЭЦІ XVII СТ.

АЎТАРЭФЕРАТ

дысертацыі на суісканне вучонай ступені

кандыдата гістарычных навук

па спецыяльнасці 07.00.15 – гісторыя міжнародных адносін

і знешняй палітыкі

Мінск, 2012

Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце

Навуковыя кіраўнікі: Лойка Павел Алегавіч,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт;



Варонін Васіль Аляксеевіч,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Афіцыйныя апаненты: Часноўскі Мечыслаў Эдвардавіч,

доктар гістарычных навук, прафесар, рэктар УА “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”;



Мікалаева Людміла Віктараўна,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі”

Апаніруючая арганізацыя: УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя

Янкі Купалы”





Абарона адбудзецца 19 верасня 2012 г. у 16.00 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.20 у Беларускім дзяржаўным універсітэце па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Ленінградская, 8, аўд. 407.

Тэлефон вучонага сакратара: 259-70-05

E-mail: dostanko@bsu.by
З дысертацыяй можна азнаёміцца ў бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Аўтарэферат разасланы “6 ліпеня 2012 г.
В.а. вучонага сакратара

савета па абароне дысертацый

доктар палітычных навук, прафесар Ю.І. Малевіч


УВОДЗІНЫ
Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ), апынуўшыся ў складзе Рэчы Паспалітай (РП), згодна з Люблінскай уніяй 1569 г. павінна было сумесна з Каралеўствам Польскім (КП) праводзіць агульную знешнюю палітыку. Аднак рэаліі ўзаемастасункаў ВКЛ і КП паказалі, наколькі гістарычная рэчаіснасць адрознівалася ад унійных імператываў. Геапалітычнае становішча, уласныя інтарэсы ВКЛ і КП абумоўлівалі рознае стаўленне гэтых дзяржаўных адзінак да актуальных праблем знешняй палітыкі. Акрамя таго, шмат у чым аўтаномны статус ВКЛ у складзе федэратыўнай дзяржавы забяспечваў яму магчымасці кіравацца ўласным бачаннем знешнепалітычных спраў, што не заўсёды адпавядала інтарэсам манарха і КП.

Палітыка РП на міжнароднай арэне ў першай трэці XVII ст. характарызавалася шматвектарнасцю. Асаблівая актыўнасць праявілася ў некалькіх напрамках. Адбывалася змаганне са Швецыяй, дзе ў якасці прычыны выступілі прэтэнзіі Жыгімонта ІІІ Вазы на дынастычныя правы, але, па сутнасці, гэта была барацьба за Прыбалтыку. Да таго ж, акрэслены прамежак часу азнаменаваўся для РП неадназначнымі ўзаемаадносінамі з Расійскай дзяржавай.

Улічваючы выключнасць знешнепалітычнай сітуацыі (зацяжныя канфлікты з суседнімі краінамі, што ў далейшым абумовіла новы расклад міжнародных адносін), у якой апынулася РП у першай трэці XVII ст., і сцвярджаючы пра адметны статус ВКЛ у складзе федэратыўнай дзяржавы, трэба канстатаваць, што важнае значэнне набывае вывучэнне пазіцыі Княства адносна знешнепалітычнага курсу РП. Неабходнасць гэтага вынікае з патрэбы асэнсавання ўплыву ВКЛ на ход падзей і складванне пэўнай геапалітычнай сістэмы.

У прапанаванай працы даследуюцца месца і роля ВКЛ у сістэме ўзаемаадносін РП з Расіяй і Швецыяй у першай трэці XVII ст. Гэта праблема з’яўляецца надзвычай актуальнай у айчыннай гістарыяграфіі, паколькі згаданае пытанне ў ёй не разглядалася. Абранне ж у якасці прадмета даследавання пазіцыі шляхты ВКЛ адносна найважнейшых праблем дзяржаўнага жыцця – знешняй палітыкі – пашырае веды пра ўнутраны статус ВКЛ у складзе РП. Апошняе з’яўляецца запатрабаваным кірункам як беларускай, так і замежнай гістарыяграфіі, таму што дазваляе глыбей зразумець гістарычны феномен суіснавання ВКЛ і КП у межах адной дзяржавы – Рэчы Паспалітай.

Храналагічныя рамкі дысертацыі акрэсліваюцца першай трэццю XVII ст. Ніжняй мяжой абраны 1600 г., якім пачынаецца новы этап знешняй палітыкі РП як у адносінах да Расійскай дзяржавы – з адпраўлення пасольства Льва Сапегі ў Маскву, так і да Швецыі – пачатак доўгатэрміновага ваеннага канфлікту прадстаўнікоў дынастыі Вазаў за спадчынную карону і панаванне на Балтыцы. За верхнюю храналагічную мяжу даследавання пры разглядзе ўзаемаадносін са Швецыяй прыняты 1629 г. – падпісанне Альтмаркскага перамір’я і завяршэнне з ёй серыі войнаў, а ў дачыненні да адносін РП з Расійскай дзяржавай – 1632 г., якім разам са смерцю Жыгімонта ІІІ Вазы і пачаткам Смаленскай вайны завяршыўся асобны этап у гісторыі ўзаемаадносін гэтых дзяржаў.

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ПРАЦЫ

Сувязь працы з буйнымі навуковымі праграмамі (праектамі) і тэмамі

Дысертацыйнае даследаванне з’яўляецца часткай навукова-даследчых тэм “Унутры- і міжсаслоўныя адносіны на беларускіх землях у XVI–XVIII стст.” (нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20113056) і “Рэлігійныя працэсы і іх уплыў на стан беларускага грамадства ў XVI–XVIII стст.” (нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20113993), якія выконваюцца на кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі”, зацверджанай на 2011–2015 гг.


Мэта і задачы даследавання

Аб’ектам даследавання з’яўляюцца ўзаемаадносіны РП з Расіяй і Швецыяй у першай трэці XVII ст.

Прадмет даследавання – пазіцыя палітычнага народа (шляхты) ВКЛ у сістэме ўзаемаадносін РП з Расіяй і Швецыяй.

Мэта дадзенай працы – вызначыць месца і ролю ВКЛ у сістэме ўзаемаадносін РП з Расіяй і Швецыяй у першай трэці XVII ст.

Для дасягнення ўказанай мэты былі пастаўлены наступныя задачы:

1) ахарактарызаваць уплыў ВКЛ на фарміраванне знешнепалітычнай лініі РП; даць агульную (для ўсёй РП) і асобную (у дачыненні да ВКЛ) ацэнку знешнепалітычнага курсу дзяржавы ў першай трэці XVII ст.;

2) вылучыць у сістэме знешнепалітычных прыярытэтаў РП ролю ўзаемаадносін з Расійскай дзяржавай; даць ім характарыстыку праз прызму інтарэсаў ВКЛ і РП, а таксама фактара Дзмітрыяды; паказаць гістарычную дынаміку ў правядзенні абазначанага кірунку ў жыццё з пункту гледжання ВКЛ;

3) вылучыць у сістэме знешнепалітычных прыярытэтаў РП месца шведскага кірунку і даць яму характарыстыку праз прызму інтарэсаў ВКЛ і РП; паказаць гістарычную дынаміку ў правядзенні абазначанага кірунку ў жыццё з пункту гледжання ВКЛ;

4) выcветліць ступень уплыву палітычнага народа на фарміраванне знешнепалітычнай пазіцыі ВКЛ (РП) у сістэме ўзаемадачыненняў “шляхта – магнаты-ўраднікі”; вызначыць ролю найбольш уплывовых дзеячаў ВКЛ у знешняй палітыцы РП у першай трэці XVII ст.;

5) выявіць асноўныя матывацыйныя фактары ў фарміраванні знешнепалітычнай пазіцыі шляхты ВКЛ і ахарактарызаваць іх.
Палажэнні, якія выносяцца на абарону

1. Умовамі Люблінскай уніі 1569 г. прадугледжвалася сумесная знешнепалітычная дзейнасць ВКЛ і КП, аднак на практыцы Княства мела ўласнае бачанне спраў міжнароднага характару, што было абумоўлена спецыфікай геапалітычнага становішча і наяўнасцю ўласных інтарэсаў, адрозных ад імкненняў кароннай шляхты і каралеўскай улады. Асобны статус ВКЛ у складзе федэратыўнай дзяржавы прадстаўляў пэўныя мажлівасці самастойнасці ў сферы знешнепалітычных адносін і дазваляў улічваць вышэйпералічаныя фактары. Знешнюю палітыку РП трэба прызнаць недастаткова сбалансаванай, што негатыўна ўплывала на становішча ВКЛ.

2. Адносіны РП і Расійскай дзяржавы ў пачатку XVII ст. вызначаліся імкненнем захаваць статус-кво, што было адлюстраваннем знешнепалітычнай лініі ВКЛ. Аднак да дэстабілізацыі стасункаў прывяла авантура Ілжэдзмітрыя І, падтрыманая ўплывовымі магнатамі КП і манархам РП. Шляхта ВКЛ, за некаторым выключэннем, не падтрымала Дзмітрыяду. Удзел у ёй асобных прадстаўнікоў РП быў абумоўлены інтарэсамі меркантыльнага характару. Паглыбленне канфлікту адбылося падчас інтэрвенцыі РП у Расійскую дзяржаву. У кантэксце разладжаных адносін РП і Расіі тэрытарыяльныя набыткі не мелі іншай перспектывы, як ваеннай пагрозы з боку Расійскай дзяржавы. Інтэрвенцыя раскалола палітычную эліту ВКЛ: вылучыліся яе прыхільнікі і праціўнікі. Няўдачы інтэрвенцыі скіравалі погляды палітычнай эліты да падтрымання ранейшага статус-кво. Прыкладам разважнасці ў адносінах да Расіі можна лічыць пазіцыю павятовай шляхты ВКЛ, якая на працягу ўсёй ваеннай кампаніі выступала за падтрыманне мірных адносін з усходнім суседам. Перыяд ад Дэўлінскага перамір’я да Смаленскай вайны у адносінах РП і Расійскай дзяржавы характарызаваўся напружанасцю, што было абумоўлена шэрагам нявырашаных пытанняў, звязаных з тытулатурай манархаў, памежнымі спрэчкамі. Гэта выклікала асцярогі шляхты ВКЛ адносна ўзнікнення новай вайны паміж РП і Расійскай дзяржавай.

3. Шведскі вектар належаў да ліку бясспрэчных знешнепалітычных прыярытэтаў РП, і ВКЛ было ўцягнута ў вырашэнне балтыйскага пытання. Вызначальнымі ў межах акрэсленага кірунку былі дынастычныя амбіцыі Жыгімонта ІІІ Вазы, дзеля чаго ён ахвяраваў дзяржаўнымі інтарэсамі РП і вёў нерацыянальны знешнепалітычны курс. Вайна 1600–1611 гг. успрымалася шляхтай ВКЛ як абарончая і была ёй падтрымана. У далейшым зацяжны характар канфлікту і яго негатыўныя наступствы пабуджалі шляхту ВКЛ патрабаваць ад манарха прымірэння са Швецыяй і адмовы ад дынастычных прэтэнзій. Непадатлівасць караля пры падтрымцы КП, ахвяраванне інтарэсамі Княства вымушалі ВКЛ ісці на сепаратныя пагадненні са Шведскім Каралеўствам.

4. На прыкладзе шэрагу канкрэтных сітуацый даказана, што магнаты-ўраднікі ВКЛ істотна ўплывалі на знешнюю палітыку РП. Яскравымі прыкладамі з’яўляецца Мітаўскае пагадненне Крыштофа Радзівіла 1622 г. і дзейнасць Льва Сапегі. Пры ўсёй той вазе, якую мела павятовая шляхта ў палітычнай сістэме РП, на практыцы яе роля ў фарміраванні знешнепалітычнага курсу дзяржавы была абмежаванай. Шляхецкае саслоўе з’яўлялася своеасаблівым стрымліваючым фактарам, ад якога патрабавалася санкцыя на ажыццяўленне мерапрыемстваў, звязаных са знешняй палітыкай: зацвярджэнне падаткаў на ваенныя патрэбы, вырашэнне соймам пытанняў вайны і міру, арганізацыя паспалітага рушэння.

5. У фарміраванні знешнепалітычнай пазіцыі шляхты ВКЛ можна вылучыць два асноўныя матывацыйныя фактары – палітычны і эканамічны. Першы выяўляўся ў дзяржаўнай салідарнасці з КП, што прывяло да ўдзелу ВКЛ у войнах з Расіяй і Швецыяй. Але ваенныя страты і пагрозы, а таксама тое, што кароль пачаў вайну без згоды сойма і дзеля ўласнага дынастычнага інтарэсу, вялі да негатыўнага ўспрымання войнаў шляхтай ВКЛ. Эканамічны фактар першапачаткова заключаўся ў зацікаўленасці пэўных магнатаў ВКЛ у атрыманні асабістых выгод (маёнткаў, пасад і інш.). Аднак негатыўныя эканамічныя наступствы вайны вымушалі ВКЛ у цэлым імкнуцца да міру.


Асабісты ўклад суіскальніка

Дадзеная дысертацыйная праца з’яўляецца самастойным уласным даследаваннем суіскальніка, якое ажыццяўлялася з выкарыстаннем шырокага кола крыніц і літаратуры. Аўтарам быў праведзены пошук і аналіз дакументальнага матэрыялу, асноўная частка якога знаходзіцца ў замежных архівасховішчах і аддзелах рукапісаў бібліятэк, у прыватнасці Рэспублікі Польшча. Акрамя таго, былі задзейнічаны матэрыялы апублікаваных крыніц, а таксама дасягненні айчыннай і замежнай гістарыяграфіі.


Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Матэрыялы і вынікі дысертацыйнага даследавання былі прадстаўлены на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, а таксама на спецыялізаваных навуковых чытаннях і школах: Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Леў Сапега (1557–1633 гг.) і яго час” (Гродна, 4–5 красавіка 2007 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных, прысвечанай 90-годдзю Гетманату Паўла Скарападскага “Дні науки історичного факультету-2008” (Кіеў, 23–24 красавіка 2008 г.); “Х республиканской научно-методической конференции молодых ученых” (Брэст, 15–16 мая 2008 г.); Пасяджэннях “Летней школы молодых историков Беларуси и России – 2008” (Мінск, 18–23 жніўня 2008 г.); II Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы” (Гомель, 9–10 кастрычніка 2008 г.); Международных научных чтениях, посвященных 130-летию со дня рождения первого ректора БГУ, выдающегося ученого-слависта, академика В.И. Пичеты (Мінск, 28–29 кастрычніка 2008 г.); Рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі “Актуальныя праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці (да 90-годдзя ўтварэння БССР)” (Мінск, 27 лютага 2009 г.); Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю гістарычнага факультэта БДУ “Сучасныя тэндэнцыі развіцця гістарычнай навукі і адукацыі” (Мінск, 25 верасня 2009 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Романовские чтения – VI (к 75-летию исторического факультета УО “МГУ им. А.А. Кулешова”)” (Магілёў, 24–25 лістапада 2009 г.); III Міжнароднай навуковай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў “Беларусь в современном мире” (Гомель, 20 мая 2010 г.); “Круглым стале”, прысвечаным 160-годдзю з дня нараджэння беларускага гісторыка, архівіста, археолага А.П. Сапунова (1851–1924) і 100-годдзю адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута (Мінск, 28 красавіка 2011 г.); Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі маладых навукоўцаў, прысвечанай 20-годдзю абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 90-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Актуальныя праблемы айчыннай і сусветнай гісторыі” (Мінск, 27–28 верасня 2011 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Романовские чтения – VIII” (Магілёў, 24 лістапада 2011 г.).



Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Вынікі і матэрыялы дысертацыйнага даследавання прадстаўлены аўтарам у 14 навуковых публікацыях, у тым ліку 4 – у рэцэнзаваных навуковых часопісах і зборніках аб’ёмам 3 аўтарскія аркушы, 8 – у зборніках матэрыялаў і тэзісаў дакладаў навуковых канферэнцый, 2 – у іншых навуковых зборніках. Агульны аб’ём апублікаваных артыкулаў складае 5,5 аўтарскія аркушы.


Структура і аб’ём дысертацыі

Дысертацыя ўключае пералік умоўных абазначэнняў, уводзіны, агульную характарыстыку працы, тры главы, заключэнне, бібліяграфічны спіс. Поўны памер дысертацыі складае 141 старонку (тэкст – 114, бібліяграфія – 27). Бібліяграфічны спіс уключае 361 адзінку , з іх 14 – аўтарскія публікацыі.


АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ПРАЦЫ
Асноўная частка дысертацыі змяшчае тры главы. У першай главе “Гістарыяграфія, крыніцы і метадалогія гістарычнага даследавання” аўтарам разгледжана і прааналізавана гістарыяграфія праблемы, прыведзена класіфікацыя і даецца характарыстыка крыніц, вызначаны метадалагічныя асновы напісання працы.

У раздзеле 1.1 “Гістарыяграфія” разглядаецца расійская, польская, беларуская, украінская гістарыяграфія. Узгадваюцца ключавыя працы шведскай і літоўскай гістарыяграфіі, якія маюць дачыненне да тэмы.

Расійская гістарыяграфія праблемы ўяўляе сабой сінтэз даследаванняў ключавых падзей першай трэці XVII ст., якія разглядаюцца ў рамках больш агульных прац, прысвечаных вывучэнню гісторыі Расійскай дзяржавы ў цэлым ці праблеме балтыйскага пытання. Пэўныя аспекты ўзаемаадносін Рэчы Паспалітай і Расійскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне ў працах М.М. Карамзіна, С.М. Салаўёва, М.І. Кастамарава, С.Ф. Платонава1.

Упершыню ў расійскай гістарыяграфіі знешнепалітычную лінію ВКЛ і КП размежавалі даследаванні А. Савіча, А. Рамановіча2. Па гэтай прычыне, нягле-дзячы на тэндэнцыйны падыход, вартасць адзначаных прац дастаткова высокая. Аднак падобныя працы былі хутчэй выключэннем. У савецкай гістарыяграфіі па-ранейшаму пераважалі даследаванні, у якіх узаемаадносіны РП і Расійскай дзяржавы разглядаліся ў агульным рэчышчы вывучэння Смутнага часу.

Вялікае значэнне для вывучэння ўзаемаадносін РП і Расійскай дзяржавы перыяду Смуты маюць працы Р.Р. Скрыннікава. У іх аўтар трактуе падзеі да­дзенага перыяду, пазбягаючы адназначных ацэнак і высноў3.

Вывучэнню балтыйскага пытання ва ўсёй яго шматграннасці прысвечаны працы гісторыка Г.В. Форстэна4.

Важнымі для даследавання знешняй палітыкі РП з’яўляюцца працы расійскага даследчыка Б.М. Флоры5. Гісторык выразна размяжоўвае погляды эліты КП і ВКЛ на знешнепалітычныя справы і падкрэслівае, што першапачаткова магнаты і шляхта ВКЛ былі супраць ускладнення адносін з Масквой. Тым не менш вышэйшае саслоўе РП аб’ядноўвала адна мэта: пераўтварыць рускія землі ў аб’ект польска-літвінскай феадальнай каланізацыі. Але шляхі здзяйснення гэтага, на думку аўтара, былі розныя: літвіны дамагаліся сваіх мэт мірнымі сродкамі, у той час як палякі былі схільнымі да агрэсіі6.

Стасункі РП з Расійскай дзяржавай і Шведскім Каралеўствам надзвычай шырока адлюстраваны ў польскай гістарыяграфіі. Адным з першых даследаванняў, у якім былі прааналізаваны падзеі першай трэці XVII ст., стала трохтомная праца Ю. Нямцэвіча, прысвечаная эпосе Жыгімонта ІІІ7. У канцы XIX – пачатку XX ст. з’яўляюцца даследаванні А. Хіршберга, прысвечаныя канкрэтным падзеям дадзенага перыяду8.

“Паўночнаму” пытанню прысвечана трылогія А. Шэлянгоўскага, у якой разглядаецца складаны працэс змагання за Балтыку, паказваецца і ацэньваецца агульная палітычная сітуацыя ў Еўропе9.Важным этапам у асвятленні адносін РП і Расійскай дзяржавы перыяду інтэрвенцыі з’явілася манаграфія В. Сабескага10.

У 60-я гг. XX ст. да тэматыкі ўзаемаадносін РП і Расійскай дзяржавы звярнуўся Я. Мацішэўскі. Аднак даследчык удзяліў больш увагі меркаванням шляхты КП наконт знешняй палітыкі РП. Непасрэдна пазіцыя ВКЛ была пакінута па-за межамі навуковага інтарэсу11.

Безумоўным аўтарытэтам у галіне даследавання як увогуле палітычнай гісторыі эпохі Вазаў, так у прыватнасці і стасункаў РП з Расіяй і Швецыяй у першай трэці XVII ст. з’яўляецца Г. Віснер. Яму належыць шэраг прац, прысвечаных унутранай і знешняй палітыцы РП12.

У беларускай гістарыяграфіі даследаванняў, якія закранаюць дадзеную праблематыку, няшмат. Неабходна адзначыць працы П.А. Лойкі, Г.М. Сагановіча, А. Катлярчука, У.Е. Снапкоўскага, В.І. Лазоркінай, якія ў той ці іншай ступені разглядаюць знешнюю палітыку РП у цэлым і ВКЛ у прыватнасці13.

Ва ўкраінскай гістарыяграфіі пытанні знешняй палітыкі РП разглядаліся, як правіла, у кантэксце казацкай праблемы, пры гэтым асаблівая ўвага звярталася на адносіны з Турцыяй. Праца М.С. Грушэўскага14 з’яўляецца, бадай, адзіным грунтоўным даследаваннем украінскай гістарыяграфіі, у якім разгледжаны знешнепалітычныя інтарэсы РП і пры гэтым звернута ўвага на стаўленне да іх шляхты дзяржавы.

У літоўскай гістарыяграфіі выразна вылучаюцца працы, у якіх разглядаецца паўночны вектар знешняй палітыкі РП у XVII ст. У першую чаргу гэта даследаванні Б. Дундуліса, А. Ціла, напісаныя яшчэ ў савецкія часы15.

Сярод даследаванняў шведскай нацыянальнай гістарыяграфіі варта ўзгадаць працы, прысвечаныя войнам РП са Швецыяй, а таксама перыяду праўлення Жыгімонта ІІІ, напрыклад, А. Норберга, Д. Нормана16. У асноўным аб’ектамі іх навуковага інтарэсу сталі ваенныя кампаніі, дыпламатычныя кантакты, уплыў канфлікту РП са Швецыяй на палітычнае і сацыяльна-эканамічнае становішча апошняй. Пазіцыя ВКЛ шведскіх даследчыкаў цікавіла мала.

Раздзел 1.2 “Крыніцы” прысвечаны класіфікацыі і характарыстыцы крыніц. Падчас напісання дысертацыйнай працы было задзейнічана шырокае кола крыніц, якія згодна з традыцыйнай класіфікацыяй можна падзяліць на дакументальныя і апавядальныя. Да дакументальных (заканадаўчых, актавых, справаводчых) крыніц, на аснове якіх была напісана праца, належаць наступныя: соймавыя канстытуцыі; універсалы; міжнародныя пагадненні і перамірныя граматы; матэрыялы соймікавых пасяджэнняў і з’ездаў шляхты ВКЛ – пасольскія інструкцыі, лісты, пастановы; лісты афіцыйнай перапіскі. Апавядальныя крыніцы былі прадстаўлены рускімі летапісамі; дзённікамі, хронікамі, дыярыўшамі падзей; дыярыўшамі соймаў і соймікаў; лістамі прыватнай карэспандэнцыі магнатаў і манарха РП. Асноўны масіў крыніц склалі дакументы, якія знаходзяцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (AGAD) і належаць да фонду Радзівілаў, а таксама матэрыялы рукапісных аддзелаў бібліятэк Рэспублікі Польшча.

У раздзеле 1.3 “Метадалогія гістарычнага даследавання” характарызуюцца метады і прынцыпы, з дапамогай якіх праводзілася даследаванне. Дысертацыя грунтуецца на прынцыпах гістарызму, аб’ектыўнасці, сістэмнасці і каштоўнаснага падыходу. Метадалагічнай базай даследавання сталі агульнанавуковыя метады: аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя, аналогія і параўнанне, мадэляванне. Выкарыстоўваліся таксама спецыяльна-гістарычныя метады. Гісторыка-генетычны метад дазволіў разгледзець з’явы на працягу ўсяго працэсу іх развіцця. Напрыклад, ён знайшоў прымяненне пры вывучэнні канфліктаў і войнаў, якія разглядаліся з моманту ўзнікнення іх ідэй, далейшага разгортвання і заканчэння. З дапамогай кампаратыўнага метаду ажыццяўлялася параўнанне поглядаў розных прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя ВКЛ і КП на вырашэнне асноўных знешнепалітычных пытанняў. Падчас працы з наратыўнымі гістарычнымі крыніцамі, асабліва з асабістай перапіскай, выкарыстоўваліся метады герменеўтыкі, якія ўваходзяць у групу так званых інавацыйных метадаў.

У другой главе “Вялікае Княства Літоўскае ў сістэме ўзаемаадносін Рэчы Паспалітай і Расійскай дзяржавы” даследуецца роля ВКЛ у фарміраванні ўсходняга вектара знешняй палітыкі РП у першай трэці XVII ст., разглядаецца ўдзел Княства ў важнейшых дыпламатычных і ваенных акцыях РП у дачыненні да Расіі, выяўляецца стаўленне шляхты ВКЛ да іх.

У раздзеле 2.1 “Дыпламатычныя стасункі Рэчы Паспалітай і Расійскай дзяржавы ў пачатку XVII ст.” аналізуюцца ўзаемаадносіны РП з Расійскай дзяржавай ад часу адпраўлення пасольства Льва Сапегі 1600–1601 гг. у Маскву да з’яўлення Ілжэдзмітрыя І. Даецца ацэнка геапалітычнага становішча РП пасля заключэння Ям-Запольскага перамір’я, тлумачыцца неабходнасць падпісання міру з Расіяй. Падрабязна апісаны ход перамоў падчас заключэння перамір’я паміж РП і Расійскай дзяржавай у 1600–1601 гг. Разгледжана дыпламатычная барацьба зацікаўленых бакоў – РП і Расіі – на перамовах у Маскве, дзе было падпісана дваццацігадовае перамір’е, а таксама ў Вільні, дзе адбывалася яго ратыфікацыя. Асаблівая ўвага звернута на дзейнасць канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Працэс заключэння перамір’я 1601 г. засведчыў істотную ролю ВКЛ ва ўзаемаадносінах РП і Расійскай дзяржавы. Фактычна пры пасіўнай пазіцыі КП ВКЛ вызначала стратэгію і тактыку ўзаемадачыненняў з Расіяй.



Раздзел 2.2 “Дзмітрыяда і стаўленне да яе шляхты Вялікага Княства Літоўскага” прысвечаны разгляду адносін РП і Расійскай дзяржавы перыяду Дзмітрыяды. Адзначаецца, што стабільнасць усходняга вектара знешняй палітыкі РП, якую яна атрымала ў выніку перамір’я 1601 г., была падарвана падзеямі Дзмітрыяды. Гэты дэстабілізуючы фактар з’явіўся рашаючым для далейшага лёсу адносін дзвюх магутных дзяржаў-лідараў, больш таго, ён прадвызначыў змены ў далейшым балансе сіл усходнееўрапейскага рэгіёна. Падзеі Дзмітрыяды выявілі несупадзенне інтарэсаў манарха РП, а таксама часткі шляхты КП, з аднаго боку, і шляхты ВКЛ – з другога. Прадстаўнікі ВКЛ выступілі супраць парушэння перамір’я 1601 г.: не падтрымалі Ілжэдзмітрыя І і Ілжэдзмітрыя ІІ. Выключэннем з’явіліся асобныя выпадкі: дзеянні Яна Пятра Сапегі, які аказаў падтрымку Ілжэдзмітрыю ІІ. Што датычыцца пазіцыі Льва Сапегі, то рэканструкцыя яго паводзін у першым дзесяцігоддзі XVII ст. даказвае недатычнасць гэтай асобы да ініцыявання авантуры. У той жа час можна зрабіць выснову, што калі палітычны расклад відавочна складваўся не на карысць Расійскай дзяржавы, канцлер быў не супраць выкарыстаць гэта ў мэтах РП.

У раздзеле 2.3 “Вялікае Княства Літоўскае падчас інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву 1609–1618 гг.” разглядаюцца асноўныя падзеі інтэрвенцыі РП у Расійскую дзяржаву. Прасочваецца гістарычная дынаміка ў правядзенні абазначанага кірунку знешняй палітыкі ў жыццё з пункту гледжання ВКЛ. Аналізуюцца стаўленне палітычнага народа ВКЛ да ўсходняй палітыкі РП, а таксама ўдзел палітычнай эліты Княства ў інтэрвенцыі. Заўважаецца, што не было адзінства сярод палітычнай эліты ў поглядах на яе. Акрамя таго, нават адным і тым жа асобам была ўласціва зменлівасць у адносінах да знешнепалітычнага курсу РП у 1609–1618 гг. Пазіцыя мясцовай шляхты, за рэдкім выключэннем, была негатыўнай адносна эскалацыі канфлікту з усходнім суседам. Соймікі Княства настойліва патрабавалі ўрэгуляваць адносіны з Расіяй шляхам перамір’я. Усе ўхваленыя падаткі на ваенную кампанію прадпісвалася выкарыстоўваць дзеля дасягнення вышэйзгаданай мэты. Паходы войск РП з мэтай заваёвы ўсходніх зямель не прынеслі жаданых вынікаў. Недахоп сродкаў, пацыфісцкі настрой грамадства ВКЛ, якое цярпела ад вайны непараўнальна больш, чым КП, дзеянні сканфедэраваных жаўнераў вымусілі ўрад РП адмовіцца ад агрэсіўных намераў і пайсці на заключэнне ў 1618 г. Дэўлінскага перамір’я.

У раздзеле 2.4 “Адносіны Рэчы Паспалітай з Расійскай дзяржавай у перыяд ад Дэўлінскага перамір’я да Смаленскай вайны” асвятляюцца стасункі паміж дзяржавамі ў пазначаны перыяд. Звяртаецца ўвага на тое, што хоць гэты час не быў адзначаны ўзброенымі канфліктамі, аднак ён характарызуецца напружанасцю ў адносінах паміж РП і Расійскай дзяржавай. Апошняе абумоўлівалі нявырашанасць пытання аб тытулах гаспадароў, памежныя сутыкненні і іншыя непаразуменні. На падставе крыніц робіцца выснова, што ў перыяд 1620-х гг. шляхта ВКЛ выказвала клопат адносна магчымага нападу з боку ўсходняга суседа. Як паказаў час, асцярогі ВКЛ адносна вайны былі небеспадстаўныя. Расійскую дзяржаву не маглі задаволіць умовы Дэўлінскага перамір’я, і на працягу больш за дзесяцігоддзе пасля яго маскоўскі ўрад выношваў ідэю вайны-рэваншу.

У трэцяй главе “Вялікае Княства Літоўскае ва ўмовах войнаў Рэчы Паспалітай са Шведскім Каралеўствам (1600–1629 гг.)” даследуецца роля ВКЛ у фарміраванні шведскага вектара знешняй палітыкі РП, разглядаецца ўдзел палітычнай эліты Княства ў войнах РП са Швецыяй, выяўляецца пазіцыя шляхты ВКЛ адносна барацьбы Жыгімонта ІІІ Вазы за шведскі прастол і Прыбалтыку.

У раздзеле 3.1 “Пачатак дынастычнай барацьбы ў доме Вазаў” разглядаюцца вытокі канфлікту прадстаўнікоў дому Вазаў за шведскі прастол і аналізуецца стаўленне шляхты ВКЛ да падзей, якія прадвырашылі змаганне паміж РП і Швецыяй за панаванне на Балтыцы. Зроблена выснова, што шляхта ВКЛ у асноўным пасіўна аднеслася да імкнення Жыгімонта ІІІ змагацца за дынастычныя правы, паколькі разумела, што гэта барацьба будзе пагражаць бяспецы дзяржавы, аб якой яна надзвычай клапацілася. У той жа час шляхта настойвала на выкананні абяцання Жыгімонтам ІІІ уключыць Паўночную Эстонію (Эстляндыю) у склад РП. Ва ўсіх пачынаннях манарх быў падтрыманы вялікім гетманам ВКЛ, віленскім ваяводам Крыштофам Радзівілам Перуном і канцлерам Львом Сапегам.

У раздзеле 3.2 “Вялікае Княства Літоўскае і вайна 1600–1611 гг.” разглядаюцца ваенныя дзеянні, рэакцыя грамадства ВКЛ на вайну РП са Швецыяй, яе абмеркаванне на сойміках і галоўных з’ездах ВКЛ, а таксама агульнадзяржаўных соймах, матэрыяльнае забеспячэнне ВКЛ ваенных кампаній. На пасяджэннях сойма 12 сакавіка 1600 г. адбылося абвяшчэнне аб уключэнні Жыгімонтам ІІІ Паўночнай Эстоніі ў склад РП. Гэта стала фармальнай падставай для вайны. Зразумела, што супрацьстаянне паміж РП і Шведскім Каралеўствам датычылася ўжо не толькі дынастычных правоў і спадчыннасці кароны, але закранала праблему тэрытарыяльных валоданняў – пытанне прыналежнасці Інфлянтаў. Адзначаецца, што вайна РП са Швецыяй 1600–1611 гг. выявіла ўсе хібы палітычна-эканамічнага ўладкавання дзяржавы эпохі першага Вазы. Яна ж паставіла пад сумненне і сапраўдную вартасць Люблінскай уніі. Асноўны цяжар ваенных кампаній і іх наступстваў давялося зведаць ВКЛ без асаблівай дапамогі КП. Канфлікт са Швецыяй вымушаў шляхту ВКЛ клапаціцца аб уласнай абароне ад ворага і самавольства жаўнераў, а не дбаць аб задавальненні амбіцый Жыгімонта ІІІ Вазы.

У раздзеле 3.3 “Пазіцыя Вялікага Княства Літоўскага адносна стасункаў Рэчы Паспалітай са Швецыяй у 1611–1621 гг.” раскрываецца стаўленне шляхты ВКЛ да адносін РП са Швецыяй у перыяд ад заключэння перамір’я 1611 г. да аблогі шведамі Рыгі ў 1621 г., што прадвырашыла пачатак новай вайны. Пасля заключэння перамір’я ў 1611 г. шляхту ВКЛ непакоіла не толькі ўрэгуляванне стасункаў з Расійскай дзяржавай, але і пытанне адносін РП са Швецыяй. У ліпені 1617 г. Швецыя актывізуе ваенныя дзеянні. У хуткім часе ўзбярэжжа ад Саліса да Парнавы трапіла ў рукі Швецыі. Выключэннем з’явілася Рыга. У лістападзе 1618 г. было заключана перамір’е да 1620 г. Аднак яно не было ратыфікавана ні Жыгімонтам ІІІ, ні Густавам ІІ Адольфам, што выклікала непакой ВКЛ адносна магчымага нападу з боку Швецыі. У адзначаны перыяд на сойміках гучалі заклікі да захавання міру і адначасова ўмацавання паўночных межаў дзяржавы. Прыватны інтарэс Жыгімонта ІІІ Вазы – вяртанне спадчыннай кароны – не знаходзіў належнага спачування з боку шляхты. У той жа час манархам і шляхтай КП небяспека, якая пагражала РП ад Густава ІІ Адольфа, ігнаравалася. 21 жніўня 1621 г. шведы распачалі аблогу Рыгі. На Варшаўскім вальным сойме 1621 г., на якім абмяркоўвалася справа абароны Інфлянтаў, былі прыняты дзве канстытуцыі: асобна для КП і ВКЛ. Несумненна, гэта было праявай рознагалоссяў паміж імі, на гэты раз на глебе спрэчак адносна выкарыстання паспалітага рушэння ВКЛ. Частка сенатараў КП жадала, каб ВКЛ такім спосабам супольна з Каронай бараніла дзяржаву ад Турцыі. Аднак канстытуцыя ВКЛ пастанавіла іншае прызначэнне свайго паспалітага рушэння: на абарону ад Швецыі і Расійскай дзяржавы.

У раздзеле 3.4 “Знешнепалітычная актыўнасць Вялікага Княства Літоўскага падчас войнаў 1621–1629 гг.” асвятляюцца падзеі, якія сталі кульмінацыяй шведскай экспансіі: захоп Рыгі і вусця Дзвіны, уступленне шведаў на тэрыторыю ВКЛ. На падставе шырокага кола крыніц аналізуецца пазіцыя шляхты ВКЛ адносна вышэйзгаданых момантаў. У верасні 1621 г. Густаў II Адольф авалодаў Рыгай і вусцем Дзвіны, што мела негатыўныя наступствы непасрэдна для ВКЛ. Крыштоф Радзівіл асцерагаўся распаўсюджвання ваенных дзеянняў на тэрыторыю ВКЛ. 10 жніўня 1622 г. у Мітаве ён падпісаў без узгаднення з манархам перамір’е са Швецыяй. Жыгімонт ІІІ рабіў усё магчымае (не без дапамогі асобных палітыкаў КП), каб у будучым прадухіліць заключэнне міру са шведскім бокам. Пазіцыю ж шляхты ВКЛ у сярэдзіне 20-х гг. XVII ст. адносна пытання канфлікту РП са Швецыяй нельга назваць канкрэтнай і аднароднай. Яскравым прыкладам з’яўляецца перадсоймавая кампанія 1625 г., падчас якой у соймікавых інструкцыях ВКЛ занатавана рознае стаўленне да пазначанага вышэй пытання: ад своеасаблівай палітычнай індыферэнтнасці (адсутнасці дакладнай пазіцыі аб абароне і вяртанні Інфлянтаў, а замест яе – наказ паслам раіцца наконт гэтага са шляхтай кароннай) і просьбаў аб міры да агрэсіўнай ідэі вайны. Адзінае, у чым быў салідарны шляхецкі стан, – гэта канстатаванне немагчымасці больш зацвяр-джаць падаткі на вайну і папрок шляхце КП, якая пазбягала прымаць на сябе частку фінансавых выдаткаў. Цяжкім становішчам ВКЛ тлумачыцца заключэнне яго прадстаўнікамі аднаасобных пагадненняў са Швецыяй у 1626 і 1627 гг. Не без націску палітычнай эліты ВКЛ Жыгімонт ІІІ Ваза ідзе на падпісанне Альтмаркскага перамір’я са Швецыяй у 1629 г.


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка