Вялікі тэатр пасля вялікай рэканструкцыі




Дата канвертавання02.04.2017
Памер24.88 Kb.
Вялікі тэатр пасля вялікай рэканструкцыі
Амаль дзесяць гадоў ішла праца над праектам рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Яшчэ тры гады доўжыліся капітальны рамонт і грунтоўная мадэрнізацыя будынка і сцэнічнай пляцоўкі. У сакавіку 2009 года, праз семдзесят гадоў пасля адкрыцця гмаху, узведзенага па праекце архітэктара Іосіфа Лангбарда, тэатр урачыста адсвяткаваў сваё другое нараджэнне.

Тэатр оперы і балета за сваё доўгае жыццё зведаў некалькі рэканструкцый, першую з якіх зрабіў сам аўтар праекта Іосіф Лангбард адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, у сямідзясятых гадах мінулага стагоддзя над будынкам з’явіўся скатны дах, або купал, які мастацтвазнаўцы жартам назвалі “безгустоўным парасонам”.

Сучаснае вонкавае аблічча велічнага будынка і інтэр’еры пасля маштабнай рэканструкцыі набылі першапачатковы выгляд, які быў задуманы архітэктарам пры ўзвядзенні тэатра.

Унутраны выгляд тэатра ўражвае сваёй раскошай. Падлога фае зроблена ў тэхніцы фларэнційскай мазаікі з дзевяці відаў граніту. Унікальныя малюнкі нідзе не паўтараюцца. Стылізаваныя кветкі, зорачкі, арнаментальныя матывы ствараюць адчуванне дэкаратыўнай строгасці, параднасці.

Адноўлена мноства дэкаратыўных элементаў. З гэтай мэтай рэстаўратарам давялося скрупулёзна вывучаць архіўныя дакументы, эскізы і старыя фотаздымкі. Позірк спыняецца то на мармуровых парталах з люстэркамі, то на драпіроўках аконных штор, то на медальёнах з барэльефнымі партрэтамі дзеячаў культуры, якія ўпрыгожваюць фае. Парадны выгляд набыла і лесвіца: прыступкі зроблены з граніту, а парэнчы – з мармуру.

У фае на спецыяльных тумбах стаяць тэатральныя лялькі: скрыпач, віяланчэліст, дама і кавалер з французскага балета ў пышных барочных касцюмах. Кампазіцыя перадае дух тэатральнага відовішча.

На барвовай тканіне заслоны залатымі ніткамі вытканы выявы лір па малюнках Лангбарда. Тканіна гэта прызначана спецыяльна для тэатральных залаў, не гарыць і не пагаршае акустыкі.

Закуліссе таксама ўражвае сучасным выглядам, навізной дызайну. У офісных і рэпетыцыйных памяшканнях пераважаюць светлыя адценні колеру сцен. Па кантрасце з імі багата выглядае цёмна-вішнёвы колер вокнаў, дзвярэй, мэблі. Паўсюль прыгожыя лесвіцы, прасторныя калідоры.

Найважнейшы элемент рэканструкцыі тэатра – мадэрнізацыя тэхналагічнага абсталявання сцэны. Галоўная сцэна і аркестравая яма працуюць на гідраправадах. Сцэна разбіта на дваццаць адну пляцоўку, кожная з якіх можа ўзнімацца на патрэбную вышыню і мець пэўны вугал нахілу. Яны трансфармуюцца ў залежнасці ад задумы мастака і рэжысёра. Падлога ўстаноўлена з невялікім нахілам да залы, каб гледачы маглі аднолькава добра бачыць усіх артыстаў. Прадугледжана таксама магчымасць павелічэння сцэны за кошт пад’ёму аркестравай пляцоўкі.

Той, хто трапляе ў тэатр як глядач, перакананы, што тут чатыры паверхі. На самай справе іх ажно адзінаццаць. Над распісным плафонам залы і люстрай знаходзіцца зусім не дах, а тры паверхі. Адзін з іх аддадзены студыі, дзе распісваюцца дэкарацыі.

На фасадзе абноўленага будынка ўстаноўлены скульптурныя кампазіцыі з бронзы. Добраўпарадкавана прылеглая да тэатра тэрыторыя. У цэнтральнай алеі парку знаходзіцца сяміўзроўневы фантан. На дыяганальных алеях з’явіліся паркавыя скульптуры: закружыліся ў танцы тры балерыны, сышла з тэатральнай лесвіцы прыма. А каля службовага пад’езда прыселі адпачыць балерыны ў пуантах.

Такім чынам, велічнае збудаванне, якое стала візітнай карткай сталіцы, мае шыкоўны і прэзентабельны выгляд, выклікае цікавасць, уражвае і заўзятых тэатралаў, і аматараў.



Паводле інтэрнэт-рэсурсаў


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка