Я зміцер Прыдумаў рай касмічны для сябе




Дата канвертавання29.12.2016
Памер0.73 Mb.

Змест


*** Я –– Зміцер...

*** Прыдумаў рай касмічны для сябе...

*** Ах гэты водар на маёй падушцы…

*** Не лягу спаць пакуль душа так плача...

*** Два месяцы шчасця сляпога...

*** Я Табе жадаю шчасця, шчасця...

*** Адпушчу Цябе на волю...

*** А ў нас з Табой кахання не было...

*** Быў дождж...

*** У гэтым сне з Табою бачыў неба…

*** Мы гулялі, нібыта ў цацкі…

*** А мне з Табой не быць адной планетай...

Перад зімой

З нізкі “МАЯ ЗІМОВАЯ СТАЛІЦА”


Навагрудак

*** За акном шалее завіруха...

*** Зіма ў зімовым Навагрудку...

*** Мая зімовая сталіца...

Каханне — сталіца вясны

*** Спіць Грыбнёўскі лес...

Ноч у Міры

Горад-возера


Аблокі

Настроі


*** А я хачу на Лысую Гару…

*** Не засну без Цябе...

*** Святло гасіць...

*** Чароўная, вачэй Тваіх бяздонне...

*** О Божа, якая радасць...

*** Зіма апошнім часам не смяецца…

Servus-rеginae

Афіша з мінулага

*** Правяраюць холадам каханне...

*** Зімнасць не дасць мне цяпла...

*** Зацерусілася самотная сцяжынка...

*** Маркотна пазірае месяц...

*** Ты мяне намалюеш сёння…

*** Ты з нябёсаў сыдзеш на зямлю...

*** На снезе сляды курапатак...

Мой лабірынт

*** Акно напалохана раніцай...

*** Маляваць на сурвэтцы раніцу…

*** Па праспекце Скарыны шматлюдным...

*** Вясна засынала на кветках...

*** Касмічныя прайшоўшы скразнякі...

Кавярні на аўтастрадзе


МАРОКА... МАРЫ... МІТУСНЯ...”

*** Я хачу паехаць у Марока...

А я шукаю, дзе яна

*** У Марока змагу я жыць...

Жадзі

Спраўджанне сну



*** Ты пярсцёнак мой згубіла ў Фесе...

Мактуб


Марока далёка

Вяртанне ў Рабат

*** І пачуў у адказ я “наам”...

Мараканка

*** Ствараю з пёркаў крылы...

Рубаі


Сумнасць

*** А я, як прывід у жыцця палоне...

Падман

*** Мару аб Маракешы



*** Атлантычны акіян...

*** Ў Маракешы сёння сорак пяць...

Парк у Маракешы

Развітанне

*** Забыты верш знайду ў забытай кнізе...

*** О цуд!..

Бусел
*** Мой вобраз любы...

*** Вандраваць заўсёды я хачу з Табою...

*** У ноч, калі народзіцца субота...

*** І дыхае ноч прахалодай...

*** У сэрца пастукала вечнасць...

*** Я шукаю пачуцці іншыя...

*** На лірычна сцюдзёным акне...

*** Хмарачосы на мальберце сноў…

*** Напіша восень да кахання ліст...

*** Давай паўторым жнівень...

*** Сны мае –– зламаныя рыфмоўкі...

*** І сум прыходзіць зноў...

*** Два дні без Цябе...

Красавіцкі снег

Спакусніца-самота

*** Пяшчотаю абдымкаў...

*** Хачу стварыць малюнкі ў новай казцы...

*** Блакнот выкідаю на сметнік…

*** Памяць гарыць у пажары...

*** Вымярзае крынічка ля гаю...

*** Акуляры...

Маё паветра

*** Душы маёй парваная струна...

Верасень


Выпадкова

Натхненне

*** Шуфлюе дворнік снег...

*** І прыйдзе той дзень…

*** Душа так прагне ачышчэння…

*** Сустрэчы нашай быць наканавана...

У ролі Юлія Шпілеўская

*** Тваё дыханне мне даносіць вецер...

Чужыя вятры

Мальдзівы (дыпціх трыялетаў)

*** Пустая душа, пустая...

Сонечная радасць

Адзінота

Закаханы анёл

*** У гэтым халодным горадзе...

*** А восені такой ужо не будзе...

*** Дождж апошні першым снегам стаў...

Незададзеныя пытанні

*** ... І не верыць у сваю няверу...

*** Чакаю дзень, калі растане цела…

*** Зямное пекла...

*** Зямля з’явілася...

*** Нам ад зямлі не трэба адрывацца...

*** Душу маю наведаў злодзей...

*** Ты –– вершы...

* * *


Я –– Зміцер,

Я –– нашчадак Адама.

Думаю пра пачатак

Свой,


Які згубіўся

Ў бусліным плачы

І застаўся назаўсёды,

Як “у” нескладовае

Ў нашай мове.

* * *


Прыдумаў рай касмічны для сябе.

З душой і целам у адным адзенні

Лячу, гукаю: “Ты не тут? Ты дзе?”

Насустрач –– зоркі, постаці і цені.


Цябе няма... Ты там, Ты на Зямлі!

І я вяртаюся, бо ў космасе самотна.

Лячу туды, дзе мы з Табой былі.

... Рай на Зямлі: сапраўдны, не халодны!

* * *

Ах гэты водар на маёй падушцы



У доме тым, дзе плача саксафон!

Мне гэтай ноччу вочы не заплюшчыць,

Ізноў пра нас мне нагадае ён.
Зноў буду вершы я пісаць самотны,

А сэрца плакаць будзе і... спяваць.

Як цяжка жыць, не ведаючы ноты,

Якія шчасцем могуць кіраваць.

* * *

Не лягу спаць пакуль душа так плача,



Пакуль у сэрцы ные і баліць,

Пакуль яна нібыта мячык скача,

Пакуль у вершах прымушае жыць.
І я жыву. І плачу вершы-песні.

Яны гучаць –– і робіцца лягчэй...

Як гэта добра: я сягоння вечны,

Я скінуў ношу са сваіх плячэй.

* * *

Два месяцы шчасця сляпога



І самы пякучы мароз...

Чаму я не слухаў нікога?

Навошта цяпло Табе нёс?
Яго адрываў ад сябе я

І кідаў. Не ведаў куды.

Шкада. Я не стаў чарадзеем,

Цябе не збярог ад бяды.

* * *

Я Табе жадаю шчасця, шчасця,



Каб каханне сталася Тваім,

Каб пачуцці сталі вечнай страсцю,

Падуладнай страсці маладым.
Каб душа спявала і гарэла,

Сагравала ў студзеньскі мароз.

Напішу на снезе белым-белым:

Адпускаю, хоць кахаю ўсё ж.

* * *

Адпушчу Цябе на волю.



Адпушчу.

І чакаць не буду болей.

Не хачу.

Не скажу Табе пра шчасце.

Прамаўчу.

Адпушчу Цябе на волю.

Адпушчу.

* * *


А ў нас з Табой кахання не было.

Пустую страсць назвалі мы каханнем.

У дом халодны сцежкі замяло,

А мы ішлі, каб радаваць світанне.


А мы ішлі і думалі: жывём!

І ў рай лятаем на спатканне з Богам.

І знікла ўсё, растаў халодны дом,

І ясна зараз: не было нічога.

* * *

Быў дождж. І мы пад мокрым парасонам



На мокрай лаўцы ў парку гарадскім

Чыталі шчасце ў позірках знаёмых

І нам яно належала адным.
А вецер словы, з вуснаў падхапіўшы,

Да сонца нёс, у космас да планет.

... Твой пацалунак... Не. Мне не прысніўся.

На вуснах мокрых ён пакінуў след.

* * *

У гэтым сне з Табою бачыў неба,



І мы ляталі ў сонных гарадах.

Пакліч ізноў! Табе ж сягоння трэба

Да новай зоркі блізкі выбраць шлях.
Зусім не цяжка. Гэта мне пад сілу —

Табе дарогу ў неба паказаць.

Якое шчасце — мець за спінай крылы,

Калі душы так хочацца лятаць!

* * *

Мы гулялі, нібыта ў цацкі,



У пачуцці гулялі з Табой.

Мо таму мой настрой дзівацкі

Кожны раз гаварыў мне: пастой,
Не ляці безвыходна ў бездань,

На раскідвай пачуцці свае.

Лепш каханне ў пакутах зведай —

І паэзія зноў ажыве.

* * *

А мне з Табой не быць адной планетай,



Дарога нас прыводзіць у тупік:

Не любіш Ты класічныя санеты,

А я да піва неяк не прывык.
Не зведаць мне атруты папяроснай,

Табе ад вершаў радасць не спазнаць.

Не плачу я, што ў дождж сыходзіць восень,

Бо так Цябе лягчэй мне забываць.



Перад зімой


Вясною першага кахання

Намаляваў няшчасны твар

І запаліў начны ліхтар,

Вясною першага кахання.


Да лета першага спаткання

Закрыў я свой магнітны шлях

І ў чатырох сяджу мурах,

Да лета першага спаткання.


Пра восень першага растання

Ты раскажы аднойчы ў сне

І паўтары на яве мне,

Пра восень першага растання...



З нізкі “МАЯ ЗІМОВАЯ СТАЛІЦА”




Навагрудак


Мне снішся Ты і Навагрудак.

І я па горадзе сумую

Ў зіму завейную і злую,

Мне снішся Ты і Навагрудак.

Ізноў я голас мамы чую.

І ёй адной скажу пра смутак.

Мне снішся Ты і Навагрудак ––

І я па горадзе сумую.


* * *


За акном шалее завіруха ––

Там няма для танцу перашкод.

І яе верлібравыя рухі

Прымушаюць сесці ў маралёт.


І нясуцца думкі. Невядома

Дзе прытулак знойдуць, ажывуць...

З мітусні вярнуся я дадому,

Каб паветра чыстага глынуць.

* * *

Зіма ў зімовым Навагрудку ––



Старонка памяці маёй

У кнізе “Радасны настрой”.

Зіма ў зімовым Навагрудку ––

То мой шчаслівы неспакой...

І еду я ізноў на Рутку...

Зіма ў зімовым Навагрудку ––

Старонка памяці маёй.

***


Мая зімовая сталіца,

Я ведаю, што ты не спіш,

Пад снежнай коўдраю –– маўчыш,

Мая зімовая сталіца.

Вакол –– наваградская ціш...

Яна мне мінскай ноччу сніцца,

Мая зімовая сталіца.

Я ведаю, што ты не спіш.



Каханне –– сталіца вясны


Мяне не пускае мароз

Туды, дзе штодзённае лета,

Дзе песня наваградскіх слёз

На вуснах заморскіх сагрэта.


Гучыць яна з хуткасцю сноў.

І ў снах я з Табою знікаю.

І позіркі нашы без слоў

Гавораць: “Цябе я кахаю!”


І лета сталіца й зімы

Адзінай сталіцаю сталі ––

Сталіцаю вечнай вясны,

Каханнем яе мы назвалі.


* * *


Спіць Грыбнёўскі лес…

І цішыня…

Толькі зоркі шэпчуцца задумна.

Вось упала на зямлю адна.

Ёй услед –– другая...

Ў лесе шумна.



Ноч у Міры


Прысніся мне ў глухую ноч грымотай

І навальніцай будзь, кахай мяне ––

І стану я Тваёй начной пяшчотай,

Якой і час бяздушны не кране.


І будзем мы дажджліваю парою

Сваю вясну забытую шукаць,

І ажывуць няспраўджаныя мроі,

Каб дождж над Мірскім замкам разагнаць.


Прысніся мне ў глухую ноч грымотай

І навальніцай будзь, кахай мяне...



Горад-возера


Човен адзінокі

Ў Свіцязі начной.

Да яго па зорках

Я плыву. Пастой,


Поўня-каралева,

Ты не пі ваду,

Па тваёй дарозе

Горад я знайду.


Горад старажытны ––

Свіцязь паўстае.

І не поўня — сонца

Радасць з неба лье.


Кожны тут шчаслівы.

Свіцязь — горад-сад.

Застаюся ў казцы.

Не хачу назад.


1996-2006


Аблокі

Ваду пры сабе трымаюць

Аблокі –– карніз Зямлі.

Па кроплях жывых кідаюць,

Каб мы на Зямлі былі.
Натхненне даюць паэтам,

Якія ствараюць свет...

Засну. Ты накрыеш пледам

Не створаны мной санет.


І снег перастане сыпаць,

Надыдзе бясснежны дзень.

Паклічаш мяне, каб знікнуць

У лівень, нібыта ў цень.



Настроі



1

Песімістычны

У гэтым свеце больш няма кахання.

Халодны вецер зашпіліў вясну

І Ты знікаеш у абдымках сну.

У гэтым свеце больш няма кахання.

І я адзін пад раніцу засну,

Не зведаўшы палёту да маўчання.

У гэтым свеце больш няма кахання.

Халодны вецер зашпіліў вясну.

2

Аптымістычны

Ты мне падорыш “sms-прызнанне”,

Што я ў жыцці Тваім адзіны цуд.

І я паверу: Ты са мной, Ты тут...

Ты мне падорыш “sms-прызнанне”.

І сны мае пазбавіш ад пакут,

І стане песняй нашых душ маўчанне.

Ты мне падорыш “sms-прызнанне”,

Што я ў жыцці Тваім адзіны цуд.

* * *


А я хачу на Лысую Гару

Сустрэць вясну ля вогнішча свабодна.

І вершы там агню я падару.

Табе адзін пакіну. Самы родны.


І Ты вянок пралескавы спляцеш

Са слёз зімы. Ён будзе рыфмаваны.

І мне падорыш самы родны верш,

Які ў душы маёй залечыць раны.

* * *

Не засну без Цябе.



І начамі

Буду сон праганяць.

Зазвіняць за дзвярыма ключамі...

Я змагу адгадаць,

Што Цябе там няма,

Што суседзі

Проста выйшлі курыць.

І я ведаю:

Ты не прыедзеш…

Можна мне Цябе сніць?

* * *

Святло гасіць...



Запальваць...

І гасіць,

І не пісаць ні слова...

Немагчыма

Цябе ў прыемным сораме забыць.

За Твой пагляд пяшчотнасці

Вачыма

Твае калені, рукі цалаваць ––



І паляцець з Табою,

І забыцца.

Святло гасіць...

Запальваць...

Засынаць.

Нам будуць сны аднолькавыя сніцца.

* * *

Чароўная, вачэй Тваіх бяздонне...



Знікаю я і Ты са мной знікаеш.

І падае да нашых вуснаў поўня

Салодкая. З Табой яна такая.
І хмарамі начное неба сцеліць

Шыкоўную для нашых сноў прастору.

Давай сягоння марам будзем верыць.

Тады і заўтра неба іх паўторыць!

* * *

О Божа, якая радасць ––



Твой позірк такі ж як мой.

* * *


Зіма апошнім часам не смяецца,

Хаця яшчэ бадзёрая крыху…


Быў снег.

І сонца.


Помніш, мы пагрэцца

Забеглі ў краму кветак на рагу?

У вокнах снег наіўна лужы поўніў.

У краме – мы,

І кветак жаўцізна.

Тваё дыханне – цёплае – так роўна

Кранула ружы –

І прыйшла вясна.



SERVUS –– RЕGINAE*


Не призывай. И без призыва

Приду во храм.

А. Блок
Самотай поўніцца чаканне.

Табе пішу:

“Давай прыдумаем каханне.

Я не хлушу.


Я верны раб Табе, царыца, ––

Слуга. Паэт.

І я ў Тваіх руках –– сініца,

А Ты –– мой свет.


З Табой хачу дзяліць паветра ––

Жыцця прастор.

Мы разам будзем цёплым ветрам

Ляцець да зор”.

----------------------------

* Servus –– reginae (лац.) –– слуга –– царыцы.


Афіша з мінулага


А на паперы больш ніхто не піша.

Яе з часоў мінулых не прывозяць.

Апошні ліст –– забытая афіша ––

Сваё жыццё шукае, не знаходзіць.


Імчацца зоркалёты. І бяздумна

Афішу вецер зрэдку пацалуе.

Ёй на планеце бездухоўнай сумна.

Планета не кахае, а ваюе.

* * *

Правяраюць холадам каханне?..



Ледзяны касцёр я запалю.

Будзем грэцца. Вогнішчам змяркання

Цётка Праўда прыйдзе на зямлю.
Прывітаем. Песняй запытання

Мы аблокі ў жменю сабяром.

–– Там, дзе холад, –– там няма кахання,

Бо каханне створана цяплом.

* * *

Зімнасць не дасць мне цяпла.



Сонца для сэрца –– жыццё.

Мне не заменіць кастра

Лютай завеі выццё.
Страшна замерзнуць зімой,

Страшна ў пакуце згараць.

Хочацца быць з Табой,

Толькі Цябе цалаваць?!.

* * *

Зацерусілася самотная сцяжынка.



Да зорак месяц выплыў, і паўзмрок

Ахутаў сонны горад. Незнарок

Зацерусілася самотная сцяжынка.

Мяне на Свіслач клікалі сняжынкі.

І дом Твой вабіў, прызначаў спатканне,

Каб я чакаў, блукаў ажно да рання,

Ахутаны ў эстрадныя сняжынкі;

Каб на вачах з’явіліся ільдзінкі,

Што Ты са мною золак не сустрэла,

Не паблукала берагам ля елак...

Зацерусілася самотная сцяжынка.

1997


* * *

Маркотна пазірае месяц.

І зоркі стомленыя спяць.

Я думаю:


Каханне –– вецер.

А дзе і як яго шукаць? ––

Ніхто не зможа адказаць.
Ні месяц, што вартуе неба,

Ні зоркі, што вартуюць нас.

Ніхто. Нічым не дапаможа...

Каханне –– вечнасць.

Людзі –– час?..

1996


* * *

Ты мяне намалюеш сёння.

Не стрымаю ад шчасця слёз.

І тады нагадае поўня

Парасон… І пачнецца дождж.
Будзе сыпаць ён кроплі-здані

Па няспраўджаных марах-снах.

У Нясвіжы прачнецца пані...

Ты са мною забудзеш страх.

* * *

Ты з нябёсаў сыдзеш на зямлю ––



Цеплынёй пазначыцца чаканне.

Я Табе ў далоні пералью

Акіян бяздоннага кахання.
Халадэча знікне. І тады

Назаўсёды буду я з Табою.

І з-за хмараў месяц малады

Нам насыпле зорнага спакою.

* * *

На снезе сляды курапатак ––



Застылыя слёзы вясны.

Мы прыйдзем аднойчы дахаты.

Напоўняцца радасцю сны.
Мы знойдзем таемную існасць,

Забудзем вядзьмарку-зіму.

З пляча Твайго змерзлую сціпласць

Я вуснамі моўчкі здыму...



Мой лабірынт


Ты жывеш у маім лабірынце.

Я сябе ў лабірынце згублю.

Закаханым зраблюся там прынцам

І нясмела прамоўлю: “Люблю!”


Лабірынт ператворыцца ў поўню.

Чарадзейства –– усмешка Твая ––

Сэрцы гукамі флейты напоўніць.

Будзем з поўняй лунаць –– Ты і я.

* * *

Акно напалохана раніцай.



Твой вобраз ізноў усміхаецца...

Так я прачынаюся стомлены,

Знікаю з павольнымі промнямі

Туды, дзе аблокі цалуюцца,

Дзе Ты на знаёмай нам вуліцы

Чакаеш пагляду пяшчотнага.

Адключыш на вечар свой сотавы.

Цябе не пазнае кавярніца*.

Нам нашыя вобразы з’явяцца.

----------------------

* Кавярніца – я прапаную гэтае слова замест “барменша”, “афіцыянтка”.
* * *

Маляваць на сурвэтцы раніцу,

Заплятаць яе ў новы дзень,

Павязаць Табе шалік памяці,

Зрыфмаваць карагод падзей...
І растане тады ад зайздрасці

Зазімелая ноч-рака.

І падорыць мне слёзы радасці

Дакрананнем Твая рука.

* * *

Па праспекце Скарыны шматлюдным



Мы ішлі, запаволіўшы крокі,

І спявала душа, быццам лютня;

Уздымалася цела ў аблокі.
І анёл –– вечна Боская птушка ––

Нашы рукі вучыў цалавацца

І нябеснай сцяжынкаю вузкай

Вёў туды, дзе павінны застацца.


2000


* * *

Вясна засынала на кветках,

Фіранкі зляталі з акна,

І поўня ў стаптаных танкетках

Збірала аблокі адна.
Зашторыла зорнае поле,

Прамовіла сціпла: “Антракт...” ––

Пусціла аблокі на волю,

Каб з імі мы танчылі ў такт.

* * *

Касмічныя прайшоўшы скразнякі,



Схаваўшы ў думкі рытмы сонцаветру.

Мяне чаруеш дотыкам рукі,

Як песняй, не вядомаю дагэтуль.
Яна –– ад зоркападавай вясны

У соннай мары нашага паўцарства

Яшчэ раз загучыць. І мы адны

Палоннікі бясконцага бунтарства.



Кавярні на аўтастрадзе


Я новую будую аўтастраду

Працягласцю Маё –– Тваё жыццё

З прыпынкамі нясцерпнага пагляду,

З разметкаю “пункцір у забыццё”.


На гэтай аўтастрадзе прыжывецца

Кавярняў закаханых ланцужок.

Мы будзем у кавярнях гэтых грэцца,

Заблытаныя ніткамі дарог.

МАРОКА... МАРЫ... МІТУСНЯ...”
* * *

Я хачу паехаць у Марока ––

У краіну цёплага пяску,

Што падобны на жыцця раку.

Я хачу паехаць у Марока.

І аднойчы я туды ўцяку,

У пясок схаваюся глыбока.

Я хачу паехаць у Марока ––

У краіну цёплага пяску.

А я шукаю, дзе яна


Марока...

Мары...


Мітусня...

І я з зімы трапляю ў лета,

І я шукаю, дзе яна,

Мая арабская Джульета.


Мне кажа пра харам* мула,

На першую вядзе малітву.

А я шукаю, дзе яна,

І з лёсам уступаю ў бітву.


----------------------

* Харам – тое, што забаронена; грэх.
* * *

У Марока змагу я жыць.

У Рабаце?!. А можа ў Фесе...

Там мой лёс закаханым быць.

Ты жывеш ля Медзіны* дзесьці.
Адшукаю Цябе, знайду

У натоўпе арабскіх вуліц.

Я скажу, што Цябе люблю,

Каб усе на Медзіне чулі.

--------------------

* Медзіна –– галоўная плошча ў любым старажытным арабскім горадзе, раней сам горад, куды з Меккі пераехаў прарок Махамед.



Жадзі*


Мне аднойчы Ты прыснішся

І са мною будзеш, Жадзі.

З лабірынту знойдзеш выйсце

І мае надзеі спраўдзіш.


Мне падорыш лепшы танец

Без чадры. У ладных строях...

Танцам сэрца мне параніш,

Ну, а потым –– супакоіш.


І спакойны дух Сахары,

Лабірынты вуліц Феса

Нам свае падораць чары

На Медзіне белых вершаў.

--------------------

* Жадзі –– арабскае жаночае імя.



Спраўджанне сну


Ішлі насустрач ваданосы.

У іх спытаўся пра Цябе.

Яны сказалі Ты не ў Фесе,

Нам нельга бачыцца. Харам.


Сказалі й зніклі ў лабірынце

Медзіны Феса. Я стаяў

І слухаў голас муэдзіна,

Які душу да слёз крануў.


... Праз дзень купіў сабе бабушы*

І ў месца сноў усё ж пайшоў,

Каб назаўсёды развітацца

З прыдумкай яркаю. А там


Чакала Ты мяне самотна.

Ты верыла, што я прыду.

І нашы сэрцы заспявалі

Лірычнай песняю пяшчоты.


--------------------

* Бабушы –– род мяккіх туфляў.
* * *

Ты пярсцёнак мой згубіла ў Фесе

Залаты, у залатых пясках,

У сваіх не зберагла руках.

Ты пярсцёнак мой згубіла ў Фесе,

Да кахання мне закрыла шлях,

І чужою стала Ты нявестай.

Ты пярсцёнак мой згубіла ў Фесе

Залаты, у залатых пясках.

Мактуб*


Па пясках неабдымнай Сахары

Я ішоў. Я шукаў Цябе...

Мне тады бедуіны сказалі:

–– Па жыцці нас мактуб вядзе.


Я не ведаў, што значылі словы.

Я не слухаў... І слухаў іх:

–– Для Марока ты госць выпадковы.

А мактуб?.. Ён у снах тваіх.


... Я не змог зразумець бедуінаў.

Я свой лёс вызначаю сам!

А мактуб у Сахары пакіну,

Бо не веру, што ёсць харам.

----------------------

* Мактуб –– тое, што напісана, лёс.



Марока далёка


Марока ад мяне далёка.

І Ты далёка ад мяне,

Хоць мне здаецца: пару крокаў ––

І ўраз адлегласць праміне.

І будзе зноўку ў полі зроку

Жыццё такое, як даўней...

І я ўздымаюся ў аблокі.

Лячу туды, дзе жыў раней...

Марока.
І мы сустрэнемся ў вясне.

І Твой пагляд такі глыбокі

Мне скажа, што чакаў мяне.

І сэрцу стане вельмі лёгка ––

Яго каханнем закране

Марока.


Вяртанне ў Рабат


Я вазьму і прыеду туды,

Дзе чакае мяне пустыня.

Там аднойчы згубіў я сляды

Да каханай сваёй адзінай.


Я тады не адчуў як лепш.

А цяпер у пясках Магрыба*

З успамінаў складзецца верш...

Мне пустыня дазволіць выбар.


Назаўсёды вярнуся ў Рабат ––

У сталіцу цудоўнай ночы,

Дзе жыццё перасыплю назад,

Каб з Табой па Медзіне крочыць.

----------------------

* Магрыб –– арабскі Захад, у які ўваходзяць краіны Туніс, Алжыр, Марока.


* * *

І пачуў у адказ я “наам”*,

І паверыў няспраўджаным снам.

Ты сказала:

“Сягоння прыду на спатканне”.

І Айт-Бенхадду*

Нас схавала ў абдымках сваіх.

А назвала іх “Ноч для дваіх”.

----------------------

* “Наам” –– у перакладзе з арабскай мовы “так”.

* Айт-Бенхадду –– крэпасць у Марока.

Мараканка


Не крыўдуй на мяне, мараканка,

Што з Табою не быў да світанку.

Я адзін вывучаў Сахару

І сустрэўся з пясчанай завеяй.

Пра Цябе па-ранейшаму мару.

Ты –– мая мусульманская фея.


Мы яшчэ пагуляем з Табою.

Я жаданні Твае супакою.

Мараканскі апусціцца вечар ––

І пачнуць распаўсюджвацца чары.

І Цябе абдыму я за плечы,

Каб з Табою застацца ў Сахары.

* * *

Ствараю з пёркаў крылы,



Каб паляцець туды,

Дзе разам мы хадзілі,

Шукалі гарады,

Дзе ў нас была пустыня

Неправаслаўных сноў,

Якія мы згубілі

Ў правінцыі вятроў.

Рубаі

* * *


Мы пясчанай завеі разгадвалі чары,

Як глыталі пясок у палоне Сахары.

Мы шукалі аазіс з жывою вадой,

Што заўсёды здзяйсняе найсветлыя мары.

* * *

І сустрэне мяне Касабланка.



А дзяўчына адна, мараканка,

Мне раскажа пра цуда-Сахару.

І прабуду я з ёй да світанку.

* * *


Непаўторная ў Фесе Медзіна

І мячэці... І кліч муэдзіна

Мусульман на малітву збірае.

Да ад’езду з Магрыба гадзіна.



Сумнасць


Балючая сягоння сумнасць ––

Цябя няма ў маім натхненні.

Імкнуся пра Марока думаць.

А сумнасці не стала меней.


Каханне раздзяляюць межы.

Яны ствараюць кнігу болю.

Я сумныя складаю вершы.

Праз іх бліжэй мне быць з Табою.

* * *

А я, як прывід у жыцця палоне



Без слоў, не сказаных Табой услых.

Мяне цалуе мараканка-поўня

І плача вершамі пра нас дваіх.
Цябе шукаю ў тэлефоне ночы,

А мне ў адказ: “Ты недаступна зноў”.

Ні чуць, ні бачыць Ты мяне не хочаш

І ў нас не будзе мараканскіх сноў.



Падман


Мне поўня з мінарэта прашаптала:

“Забудзь яе. На сэрцы ўжо не ты...”

Ад словаў гэтых неспакойна стала.

Няўжо так лёгка спальваюць масты?


І думаў я пра наша неспатканне

Пад поўняй мараканскаю ізноў.

Не верыў поўні. Ведаў, што каханне

Сапраўднае ў Марока я знайшоў.

* * *

Мару аб Маракешы.



З Агадзіра іду я пешшу

І складаю ў дарозе вершы

Мараў аб Маракешы.

Ай, дарэмна сябе я цешу,

Не дайду я сягоння пешшу

З вершамі да Маракеша.

* * *

Атлантычны акіян



Пацалуецца з Марока

І схаваецца ў туман,

Закаханасці падман,

Што народжаны ў аблоках.


Я прыеду ў Маракеш ––

Мітуслівасці сталіцу.

Ў Маракешы Ты жывеш.

На Медзіну прывядзеш,

Каб Медзінай падзівіцца.
Мы навучымся знікаць

Атлантычнаю вадою.

Я змагу Цябе кахаць

І пачуцці не хаваць,

І заўсёды быць з Табою.

* * *


Ў Маракешы сёння сорак пяць

І смяецца сонца, быццам лава,

І баяцца хмары танцаваць ––

Ім на небе летнім месца мала.


А мяне ратуе з мятай чай.

Я чакаю ноч, каб прагуляцца.

І прашу ў яе: “Натхненне дай.

Ад спякоты ў ім хачу схавацца”.



Парк у Маракешы


У вечных снежных шапках

Атласкіх гор вяршыні,

А ў нізе лета ў красках:

Акацыі, вяргіні...


Чароўны парк Мамуна

Зіму ў нябёсах бачыць

І марыць, што фартуна

Што-небудзь перайначыць.



Развітанне


Аддам Цябе забытай песні лета,

Аддам Цябе, не буду шкадаваць.

Свае пачуцці я складу ў букеты,

Іх на Медзіне стану прадаваць.


І нехта купіць, як сваё каханне

Купляюць шэйхі. Грош –– яму цана.

Мне ж застанецца кветак шкадаванне

І ў скрыпцы лета рваная струна.

* * *

Забыты верш знайду ў забытай кнізе.



Чароўнай песняй верш мой загучыць.

Яе пачуеш і сягоння прыйдзеш

Мяне арабскай мове навучыць.
І будзем мы знаёміцца з Магрыбам,

Забытам марам зноў дарыць палёт...

Снягурка-ноч пастукаецца ў шыбу,

Падорыць нам арабскі Новы год

* * *

О цуд! Мараканская пальма,



Цяпер ты жывеш у мяне.

Табе адкрываю я тайну,

Што снег гэты хутка міне.
А ў снах –– караваны вярблюдаў

І сонца ласкавы пагляд...

Калі ты захочаш, то будзе

І ў Мінску маленькі Рабат.



Бусел


Прыляці мой бусел з роднай Беларусі,

Да мяне ў Марока прыляці.

Прынясі мне, бусел, подых Беларусі,

З Навагрудка весткі прынясі.


Раскажы мне, бусел, дзе ляталі гусі,

Зімавалі дзе ў якіх краях?

Раскажы мне, бусел з роднай Беларусі,

Як красуе жыта на палях.


Прыляці мой бусел, белакрылы бусел,

Над Магрыбам доўга пакружы.

Пакажы мне бусел, з роднай Беларусі,

На Радзіму шлях мне пакажы.


* * *


Мой вобраз любы, дня майго святло,

Мяне сустрэнь у гэты час вясенні.

Я –– вецер.

Праз вятроў чужых лязо

Лячу

Твае пацалаваць калені.


* * *


Вандраваць заўсёды я хачу з Табою,

Каб ніхто знаёмы на вачах не быў,

Каб духмяным сенам пахла за ракою, ––

Там, дзе месяц летні цалаваў абрыў.


У рацэ кахання пакупацца б зноўку,

І забыцца крыўды, што дажджом сплылі,

І заўсёды верыць: новую вандроўку,

Мы таксама здзейснім па сваёй зямлі.

* * *

У ноч, калі народзіцца субота,



Мяне адчуеш Ты. І ў снах Тваіх

Я буду штохвіліннаю пяшчотай,

Падоранай суботай для дваіх.
І знойдзем мы ў паглядах паратунак.

Не бойся ўдзень каханне захаваць.

Як не кладзі –– чытаецца на рунах,

Што мы з Табой народжаны кахаць.

* * *

І дыхае ноч прахалодай,



Сціхаюць верлібры машын,

Мяняецца снежная мода ––

Вясна вышывае кілім.
Твае схаладнелыя пальцы

Імкнуся дыханнем сагрэць.

Ты позіркам просіш застацца,

Каб ноччу вясне расквітнець.

* * *

У сэрца пастукала вечнасць,



І сэрца цяпер не спявае.

Ты –– думак маіх недарэчнасць,

Ты –– сон. Мне Цябе не хапае.
Ты –– птушка, якую калісьці

Лавіў я, не маючы сілаў,

Вясною пазбаўленых ісцін

І летам падрэзаных крылаў.


Ізноў недапісаны вершы.

Я іх дапісаць не паспею,

Бо восень, яшчэ не згарэўшы,

На горад накіне завею.


І будзе ў сумёты хавацца

Зімою спалоханы горад,

А песня з душы вырывацца,

Пачуцці кідаючы ў холад.

* * *

Я шукаю пачуцці іншыя,



Бо кахання ў душы няма

І на сэрцы маім –– зіма.

Я шукаю пачуцці іншыя.

А вакол гаспадарыць мана

І з Табой на Зямлі мы лішнія.

Я шукаю пачуцці іншыя,

Бо кахання ў душы няма.

* * *


На лірычна сцюдзёным акне

Я спрабую Табе напісаць,

Як самотна і холадна мне

Адзінокае неба чытаць.


Я заўсёды з марозам на “ты”,

Каб Цябе кожны вечар чакаць,

Не знікаць без Цябе ў нікуды,

Не знікаць –– з адзінотай блукаць.


Адзінотай заменіцца сінь,

Што пакінулі вочы Твае,

І не будзе класічных вяргінь

На лірычна сцюдзёным акне.


* * *


Хмарачосы на мальберце сноў

Ператворацца ў кахання здані.

Я прамоўлю баязліва зноў:

“Да сустрэчы. Не было кахання”.


І зімовыя спалю лісты

Там, дзе вершы неаднойчы спалі.

І не важна, што ў лістах ёсць Ты.

Мы ж з Табой зусім і не кахалі.


Ненапісаны прадам раман.

Мне сягоння дапаможа горад

Навагодні маляваць падман

На мальберце закахана-хворым.


* * *


Напіша восень да кахання ліст,

А потым скіне на зямлю нясмела.

Схавае ў смецці вецер-эгаіст,

Каб сэрца восені зімой хварэла.


Я буду ведаць: лістападам слёз

Зіма ў тэатры атрымала ролі.

На жаль, яны сыграныя ўсур’ёз

І восень нашу не вярнуць ніколі.

* * *

Давай паўторым жнівень!!!



Не. Не позна,

Яшчэ не выпаў забаронай снег.

Давай паўторым жнівень,

Мне марозна,

Па сэрцы лёгкі халадок прабег.
Давай паўторым жнівень.

І ні слова.

Успомні: словы разлучылі нас.

Давай паўторым жнівень!!!

Выпадкова

Ён нам падорыць нечаканы сказ.


19.08.2004

* * *


Сны мае –– зламаныя рыфмоўкі.

Два радкі... Шматкроп’е –– і абзац.

Вобразы, як божыя кароўкі

Новым танцам зноў шукаюць пляц.


Я шапчу. Пускаю іх на неба ––

Хай лятуць, бо там чакае Бог.

Прамаўчу, што Ты мне сёння трэба.

Адпусціў. Трымаць Цябе не змог.

* * *

І сум прыходзіць зноў.



І я збавенне

Шукаю ў недапісаных лістах.

І паўстаюць

Перад вачыма цені,

І нараджаюць невядомы страх.

І нехта зноў крычыць,

І падаюць аблокі

На тую глыбіню,

Дзе Твой самотны дом.

А я імкнуся жыць,

Пазбаўлены дарогі,

Спалоханы

Дапісаным лістом.

* * *


Два дні без Цябе...

Два месяцы...

Два гады...

Два стагоддзі...

А наперадзе тысячы дзён.

Ты са мною не будзеш,

Не вернешся,

Маё сэрца схапіўшы ў палон.



Красавіцкі снег


1.

Каго паслухаў снег?

Напэўна, не мяне.

Ён служка Твой. Выконвае загады.

І холадам мой запаволіў бег.

Спыніў, каб я

Твае ўсвядоміў здрады.

2.

І ўсё ж кахаю, веру і люблю,

Малюю нам завоблачныя казкі,

У снах нямых забытае лаўлю

І ад жыцця чакаю сонца ласкі.
Дыханнем снег імкнуся растапіць,

Але зіма смяецца з гэтай дзеі.

Не ведае, як можна так любіць:

Любіць і жыць, не маючы надзеі.




Спакусніца-самота


Ізноў праводжу сонца без Цябе

І ранак сустракаю ў адзіноце.

Збалела сэрца верыць варажбе,

Паклоны біць спакусніцы-самоце.


Яна прымае, радуецца ім,

Атрутны шпрыц у думкі запускае.

У ім французскі модны нікацін.

Слабенькі ён і мне не памагае.

* * *

Пяшчотаю адбымкаў,



Якіх не існавала,

Натхненнем з фотаздымкаў

Душа не заспявала.

Сустрэча... І разлука.

На сэрцы пацямнела.

Так лёс узяў на рукі

Маё пустое цела.

* * *


Хачу стварыць малюнкі ў новай казцы,

Да ног упасці восеньскім лістом

І ўбачыць твар сапраўдны, а не ў масцы,

Пакінуць кветкі пад Тваім акном.


А потым плыць да берага крутога

І верыць сонейку ў халодны дзень...

Твайго ж кахання не сцярплю сляпога.

Ты лепш на вочы верасень надзень.


І не спыняй лістоту ў карагодзе ––

Няхай танцуе развітальны вальс.

Ты мне пакінь свабоду на свабодзе

І не кажы, што раны гоіць час.


* * *


Блакнот выкідаю на сметнік

І думаю: “Ўсё! Забываю!”

Замёрз мною створаны кветнік...

Няўжо я Цябе не кахаю?..


Чаканым было развітанне.

Душа ачышчаецца... вершамі.

А кветкі?.. Шкада. У каханні ––

У новым –– мы будзем смялейшымі...

* * *

Памяць гарыць у пажары.



Пусты гасцінны мой дом.

І мара згубілася ў мары,

Каб заставацца святлом.

* * *


Вымярзае крынічка ля гаю.

Ліст пажоўклы пад снегам знікае.

Дзе ты?.. Чуеш?..

Адказу не маю,

Хоць гукаю!
А спявала крынічка калісьці

І спяшыла да вечнай ракі.

А цяпер ––

Кружыць снежнае лісце...

На вякі?!

* * *


Акуляры... Халодныя ночы.

Акуляры... Халодныя дні.

Восень зноў мне цалуе вочы

І знікае ў Тваім агні.


Па бязлюдным праспекце крочу,

Даганяю, прашу: падмані!

Будзь са мной бесклапотнаю.

Моўчкі


Я загіну ў Тваім агні.

Маё паветра


Не хапае мне паветра ––

Таго, якім дыхаеш Ты,

І я паміраю без Цябе

Гэтак жа, як і Ты

Памрэш аднойчы

Без паветра.


* * *


Душы маёй парваная струна.

Яе звяжу.

Яна ізноў зайграе.

Захоча восень музыку прыняць.

Дажджлівы дзень.

Мая душа спявае

Зусім не песні радасных сустрэч.

Яны цяпер жывуць у цуда-клетцы

Нібыта птушка...

Я ствараю верш

І плачу сам.

Надзея б’ецца ў сэрцы,

Што прыйдзеш Ты

І клетку разаб’еш

І нашы душы стануць яркай песняй...

Не.


Ты адна па восені плывеш.

І я плыву

Сам на сам з марай грэшнай.


Верасень


О, як Табою пахне верасень!

Як страшна мне яго ўдыхаць...

Ты ў лістападзе ціха вернешся,

І буду я Цябе чакаць.


Ты ў дажджазвон маланкай вернешся

Нясказанае мне сказаць...

О, як Табою пахне верасень!

Яго б да глыбіні спазнаць.



Выпадкова


Ён напісаў аднойчы казку...

Сабраў яе з уласных слёз,

Якія вырваліся з пасткі

Захмараных дажджом нябёс,


А потым іх паклаў на словы

І музыку калючых руж.

І так ён песняй выпадковай

Здзівіў парыжскі “Мулен Руж”.



Натхненне


Я шукаю натхнення вечнага,

А яно, як сняжынка белая,

То прыходзіць аднойчы вечарам,

То знікае ў завейным вэлюме.


І, як птушка, зімой спалохана,

Адлятае ў вандроўку доўгую.

А вясною звініць за вокнамі,

Каб на дзень усміхнуцца зноўку мне.

* * *

Шуфлюе дворнік снег,



Нядзельны снег шуфлюе.

Мой сон на гэтым збег.

Ён з раніцай начуе.
А ў сэрца цішыня.

Яна бунтарства просіць.

І сэрца не суняць...

Вярніся цуда-восень!

* * *

І прыйдзе той дзень, калі я знікну



Целам

І буду ляцець па снезе сноў

Белых.

Няздольны маўчаць, я проста крыкну



Смела:

–– Глядзіце на снег, бо ён ізноў

Шэры.

* * *


Душа так прагне ачышчэння,

І думкі прагнуць чысціні.

Царква. Не людна. І абедня

Згарае свечкамі ў агні.


Іду на спеўную малітву

І стаўлю свечку за Цябе...

* * *

Cустрэчы нашай быць наканавана.



Душа чакае. Ты душу знайдзі

У храме тым, дзе музыка аргана.

Ты май у лістападзе абудзі.
... І быццам не было таго расстання,

Бо лета ў гэтым годзе не было.

Давай напішам музыку кахання.

Яна падорыць нам сваё святло.



У ролі Юлія Шпілеўская

Чароўная Барбара Радзівіл,

Прысніся мне, аддай сваю самоту.

Каханне не пражытае, пяшчоту.

Чароўная Барбара Радзівіл.
Захоплены самотаю Тваёй.

А Ты шчаслівай будзеш. Ты –– багіня.

Ты –– музыка. Ты –– вечная. Загіну,

Захоплены самотаю Тваёй.

* * *

Тваё дыханне мне даносіць вецер ––



Дыктуе вершы пра Цябе адну.

На небе поўня-чарадзейка свеціць

Нібыта лямпа. Я ізноў засну

Над вершам новым пра Тваю будзёнасць.

У снах кароткіх палятаем мы.

Аблокі вечныя пра нас успомняць

І нам працяглыя падораць сны.

Чужыя вятры


Іголкай, ніткай, на хаду

Сшываў Пярун аднойчы кроплі.

Запісваў хмараў чараду,

Хацеў, каб людзі больш не моклі.


Чужых дажджоў, чужых вятроў

Чужыя гукі даляталі.

Пярун маўчаў. А ў брудзе слоў

Чужыя жабы не змаўкалі.



Мальдзівы


(дыпціх трыялетаў)
1

Быў землятрус той нечаканым

І смерць прынесці не хацеў,

Але ж цунамі наляцеў.

Быў землятрус той нечаканым

Індыйскі акіян не меў

Магчымасці парушыць планы.

Быў землятрус той нечаканым

І смерць прынесці не хацеў,
2

Вось так жыццё з зямлі знікае:

Вада на сонцы зіхаціць,

Ніяк не можа слёзы змыць.

Вось так жыццё з зямлі знікае.

А людзі марылі пажыць.

А мары, быццам хваля тая...

Вось так жыццё з зямлі знікае:

Вада на сонцы зіхаціць.
2004

* * *


Пустая душа, пустая ––

Няма ні трывог, ні болю.

Растала зіма, растала.

Іду ад Цябе на волю.


Гартаю жыццё, гартаю,

Гляджу на яго малюнкі.

Адчаю хачу, адчаю!

Здыміце з душы карункі!



Сонечная радасць


Мне проста хочацца сагрэцца

Цяплом купальскага агню,

З душой змарнелаю сустрэцца,

Узняць пачуцці ў вышыню.


Душы прыслухацца парадаў

І з ёю толькі гаварыць...

Вось тая сонечная радасць,

Якую мару я набыць.



Адзінота


Я п’ю дзевяты кубак кавы.

І папярос ужо няма.

З балкона вецер не ласкавы

Гаворыць: “Зноў прыйшла зіма”.


А мне ўсё роўна. Я забыты.

І гэты дзень нібыта ў сне.

Чытаю вершы, як малітвы.

Яны жыццё вяртаюць мне.



Закаханы анёл


Мяне пакінуў мой анёл-ахоўнік.

Ён зведаў слодыч вуснаў. Я адзін.

Душа замерзла. І падняўся помнік

На тонкім лёдзе, ямным ад маршчын.


Душа не цела. Можа і ўваскрэснуць,

Блукаць адна па тых слядах Тваіх,

Шукаць Цябе і летам цёплым –– мерзнуць.

І зноў хварэць жыццём за нас дваіх.


Прашу, пакліч! Мяне, анёл, успомні.

Стаміўся я чакаць Твайго святла.

Твайго кахання дай чытаць мне слоўнік,

Крылом махні –– шчаслівым буду я.


Патрэбна зараз мне Твая апека.

І я Табе сваю апеку дам.

Зірні з нябёс, анёл, на чалавека ––

Убачыш Ты як добра будзе нам.

* * *

У гэтым халодным горадзе



Гарым адзінока знічкамі,

Не маем сапраўднай споведзі,

Звязаныя толькі звычкамі.
У гэтым халодным горадзе

Чакаем спагады, вернасці.

Кругамі заўсёды ходзіць ён ––

Лёс наш, пад грыфам “вечнасці”.

* * *

А восені такой ужо не будзе:



Згарае неба, ветру не чуваць,

І недзе там мінорна ходзяць людзі,

Аўтобусы, як музыка, гучаць.
Так казачна фарбуе сонца дрэвы.

Для кожнага знаходзіць ладны строй.

Ледзь чутныя апошніх птушак спевы...

Які цудоўны ў восені настрой!

* * *

Дождж апошні першым снегам стаў



І зіма ступіла на палеткі.

Ноч дыхнула –– і лядзяш упаў

На вясной пасаджаныя кветкі.

Незададзеныя пытанні


На целе,

Смомленым ад пяшчоты...

А.Спрынчан

Хацеў стаміцца ад пяшчоты


Ў зімовы дзень вясновых манекенаў,

Спытаць сябе: “Ну што? І хто ты?

Пустое цела ў крадзеным адзенні.
І раптам зніклі манекены.

Яны з калодай музыкі забытай

З вясною выйшлі на арэну.

Зімовы туз каханнем быў пабіты.

* * *

... І не верыць у сваю няверу!



Так і жыць, сваё жыццё паклаўшы

На заўсёды чыстую паперу,

Гэта ўсё паэзіяй назваўшы.

* * *


Чакаю дзень, калі растане цела.

Зямное цела злучыцца з зямлёй.

І беспрытульна будзе пад прыцэлам

Душа самотна шлях працягваць свой.


А гэты шлях вядомым накірункам ––

Ці рай, ці пекла. Кожнага кране.

Стрываю ўсё. Гасподзь, пакінь мне думкі

І падары натхненне ў пекле мне.

* * *

Зямное пекла. Пекла за жыццём.



О, як шкада, што рай мне не адкрыты...

І так жыву.

Паэзія –– мой дом.

І кожны верш –– ад райскае малітвы.

* * *

Мая мара пераломіць

шматлікія механізмы цёмных сіл,

якія тысячагоддзямі шкодна ўздзейнічалі на чалавека...

Анастасия” У.Мегрэ.

Зямля з’явілася. Зямля –– каханне.

Цяпер жыве і Бог на ёй жыве.

І зніклі сцены, што хавалі ў тайне

Крыніцу праўды ад зямных людзей.


Яна з мінулага цячэ ў сучаснасць,

Яна энергіі дабра і зла

Звяла ў гармонію, а ўсім няшчасным

Кароткі шлях у райскі сад дала.

* * *

Нам ад зямлі не трэба адрывацца.



Яна — Жыццё, і Сутнасць, і Любоў.

Крані яе — і будзе ўсё вяртацца,

І райскі сад народзіцца ізноў.
Ён расквітнее так, як рос калісьці,

Калі Зямля маленькаю была.

Тады для нас была адкрыта існасць

І мы ішлі дарогаю святла.


... Сышоў адзін. За ім пайшлі другія,

Згубіўшы Праўду, Бога і Любоў.

Так і сягоння мы ідзём сляпыя

Не па зямлі. Між небам і зямлёй.


* * *


Душу маю наведаў злодзей.

Украў з яе пачуцці тыя,

Якія сёння рэдка знойдзеш.

І вочы ўжо ад слёз сухія,

І сэрца ўжо ад слёз сухое.

Маю душу наведаў злодзей...

Не першы раз было такое.

* * *


Ты –– вершы,

Недапісаныя мной,

Сказаныя аднойчы

Там,


Дзе нас няма ўжо.

І да гэтай кнігі,

Не прачытанай Табою,

Аднойчы вярнуся я



Бусліным плачам.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка