Яршэвіцкі навучальна педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа



старонка1/2
Дата канвертавання27.05.2018
Памер389.33 Kb.
#19878
  1   2
Аддзел адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Яршэвіцкі навучальна – педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”



Бабры: будаўнікі ці браканьеры?

навукова - даследчая работа



Аўтар:

вучань 7 класа

Кароткі Раман Ігаравіч

Кіраўнік:

Роман Іна Іванаўна,

настаўнік англійскай мовы

Кансультант:

Роман Аляксандр Станіслававіч,

настаўнік геаграфіі


Яршэвічы, 2018

ЗМЕСТ

Уводзіны....................................................................................................3


Асноўная частка

Тэарэтычная частка.

Партрэт, лад жыцця і асаблівасці прыроджаных

форм паводзін баброў у натуральных умовах ….……………............5

Практычная частка.

Станоўчыя і адмоўныя бакі жыццядзейнасці баброў для навакольнага асяроддзя і чалавека. Практычныя спосабы папярэджання негатыўных наступстваў бабрынай актыўнасці ….10

Адмоўныя бакі жыццядзейнасці бабра для прыроды і чалавека...10

Станоўчыя бакі жыццядзейнасці бабра………………………...…12

Шляхі вырашэння праблем ва ўзаемаадносінах чалавек – бабёр.14

Дадатковыя аргументы ў падтрымку бабра………………………16


Заключэнне...............................................................................................17
Спіс крыніц інфармацыі ........................................................................20
Дадаткі 1-20 …………………………………………………..…....21- 41


УВОДЗІНЫ
Тэма «Бабры: будаўнікі ці браканьеры ?» цікавая і актуальная.

Па-першае, яна з'яўляецца лагічным прадаўжэннем краязнаўчага праекта па даследаванню мінулага і сучаснага вёскі Яршэвічы, выкананага выпускніцай Яршэвіцкага дзіцячага сада - сярэдняй школы Роман Дар'яй. Матэрыялы даследавання былі прадстаўлены на НПК раёна і апублікаваны на старонках раённай газеты «Працоўная слава». У сваёй рабоце Дар'я ставіла задачу далейшага вывучэння прыроды і экалогіі роднай мясцовасці.

Па-другое, я даведаўся, што, на думку многіх эколагаў, першымі ў спісе жывёл, якія актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе, з'яўляюцца бабры. А ў сувязі з узрастаннем у свеце колькасці баброў у апошнія гады ўзнікаюць спрэчкі адносна іх правоў на тэрыторыю, аблічча якой яны змяняюць.

Узрасла колькасць баброў і ў в. Яршэвічы і яе ваколіцах. Некаторыя мясцовыя жыхары ставяцца да іх адмоўна, кажуць, што бабры запруджваюць раку, знішчаюць дрэвы. Сустракаюцца і тыя, хто лічыць, што яны нават ядуць рыбу. І мне стала цікава: а якую карысць прыносяць бабры?

Актуальнасць выяўленай праблемы заключаецца ў тым, што ўплыў жыццядзейнасці баброў на прыродныя комплексы ў в. Яршэвічы і яе ваколіцах раней не вывучаўся. Яшчэ 7 год назад ніхто не бачыў бабра і не мог уявіць, што гэтыя жывёлы стануць гаспадарамі ракі Яршоўка і яе прытокаў. Зараз бабровыя пасяленні наносяць шкоду людзям і навакольнай прыродзе. Узнікае пытанне: як ужывацца чалавеку з непрыемнымі суседзямі? І хто ж такія бабры: будаўнікі, карысныя жывёлы ці браканьеры – знішчальнікі прыродных ландшафтаў, шкоднікі людской і дзяржаўнай маёмасці, ператваральнікі родных ваколіц у захламленыя непрыглядныя тэрыторыі? Такім чынам я вырашыў падхапіць эстафету краязнаўчай дзейнасці і заняцца вывучэннем ладу жыцця гэтых дзіўных жывёл, умоў іх далейшага пражывання побач з чалавекам і, узважыўшы ўсе «за» і «супраць» дзейнасці баброў, адказаць на пастаўленае праблемнае пытанне. На мой погляд мая даследчая праца набывае яшчэ больш актуальнае гучанне, паколькі праводзіцца ў Год малой Радзімы, які з'яўляецца годам навядзення парадку на зямлі.

Была сфармулявана рабочая гіпотэза даследавання: калі кантраляваць дзейнасць баброў і рэгуляваць іх колькасць, то ступень адмоўнага ўплыву баброў будзе мінімальнай.

Аб'ектам майго даследавання сталі бабры і іх жыццядзейнасць.

Прадметам – узаемаадносіны баброў і чалавека на тэрыторыі в. Яршэвічы і яе ваколіц.

Назіранні за аб'ектамі даследавання праводзіліся ў раёнах вёсак Яршэвічы, Адамоўцы, Старынкі, хутара Галянда.



Мэта маёй працы: вывучэнне жыцця еўрапейскага бабра, ступені яго ўплыву на прыродныя комплексы і гаспадарчую дзейнасць чалавека на прыкладзе нашай мясцовасці.

Для дасягнення мэты і праверкі палажэнняў гіпотэзы я вылучыў наступныя задачы:

- вывучыць асаблівасці і прыроджаныя формы паводзін баброў у натуральных умовах на аснове крыніц інфармацыі;

- выявіць розныя пункты гледжання на жыццядзейнасць баброў, канкрэтызаваць станоўчыя і адмоўныя бакі ўплыву гэтых жывёл на навакольнае асяроддзе і гаспадарчую дзейнасць людзей;

-прааналізаваць і прадставіць канкрэтны вопыт у вырашэнні праблемы: ўзаемаадносіны людзей і баброў, у тым ліку і вопыт жыхароў нашай мясцовасці;

-выявіць сляды жыццядзейнасці баброў і правесці назіранні ў месцах іх пражывання на рацэ Яршоўка і яе прытоках, скласці карту рассялення баброў у раёне нашай мясцовасці,

- сабраць матэрыял для правядзення экскурсій на тэму “У госці да суседзяў-баброў” для вучняў школы.

Спосабамі дасягнення мэты сталі наступныя метады: тэарэтычны аналіз і сінтэз крыніц інфармацыі: навуковай літаратуры і матэрыялаў сеткі Інтэрнэт, назіранне ў палявых умовах, гутарка, апытанне, аналіз і абагульненне атрыманых дадзеных.

У ходзе даследавання былі вызначаны тэарэтычная і практычная часткі працы.

У тэарэтычнай частцы я вывучыў асаблівасці будовы, ладу жыцця і паводзін баброў на аснове наяўных крыніц інфармацыі, прааналізаваў і зрабіў высновы па рассяленню і жыццядзейнасці баброў на прыкладзе роднай мясцовасці.

У практычнай частцы работы правёў апытанне вучняў школы, настаўнікаў, мясцовых жыхароў і сабраў меркаванні вяскоўцаў аб жыццядзейнасці баброў, сістэматызаваў станоўчыя і адмоўныя бакі жыццядзейнасці баброў для чалавека і навакольнага асяроддзя, прапанаваў практычныя шляхі вырашэння праблемы ўзаемаадносін баброў і людзей на канкрэтнай тэрыторыі, выявіў сляды жыццядзейнасці баброў і склаў карту іх рассялення па берагах ракі Яршоўка і яе невялікіх прытоках.

У ходзе даследавання я выкарыстаў як літаратурныя крыніцы, так і Інтэрнэт-рэсурсы. Я звярнуў увагу, што ў дзіцячых энцыклапедыях, кнігах вылучаецца станоўчая роля баброў у прыродзе, а ў Інтэрнэце і са слоў людзей часцей сустракаюцца факты негатыўнага ўплыву для чалавека.

Вынікі, атрыманыя ў ходзе даследчай працы, могуць спатрэбіцца для вырашэння праблем, звязаных з жыццядзейнасцю баброў у нашай мясцовасці і ў другіх рэгіёнах, выкарыстоўвацца настаўнікамі школы падчас правядзення ўрокаў па прадметах прыродазнаўчага цыкла, класных гадзін і экалагічных мерапрыемстваў, эколага - краязнаўчых экскурсій “У госці да суседзяў - баброў”для выхаванцаў аздараўленчага лагера “Праменьчык” і вучняў школы ў 6 школьны дзень.
АСНОЎНАЯ ЧАСТКА
Тэарэтычная частка. Партрэт, лад жыцця і асаблівасці паводзін баброў у натуральных умовах

У сваім артыкуле “Браты па розуму” вядомы беларускі гісторык, публіцыст і культуролаг, гаспадар сядзібы “Марцінова гусь” в. Малая Люцінка Валожынскага раёна Алесь Белы заўважае, што людзей здаўна здзіўлялі грандыёзныя пабудовы баброў і нараджалі фантастычныя ўяўленні аб іх ладзе жыцця. Цанілася не толькі бабровае футра, але і “бабровы струмень”, які лічыўся лекамі ад многіх хвароб. Па архіўных звестках можна зрабіць выснову, што прадукты бабрынага промыслу былі ледзь не адзіным прадуктам, якія Беларусь прапаноўвала на экспарт 1000 і больш гадоў таму назад. Знакаміты шлях “З варагаў у грэкі” у значнай ступені трымаўся на “баброўніцтве”. З узнікненнем княжацкай улады бабровыя “гоны” сталі атрыбутам магутнасці. Але ўжо ў 16 ст. вынішчэнне гэтых жывёл прывяло да таго, што іх у Еўропе выбілі амаль поўнасцю, і бабрыны промысел перамясціўся ў Паўночную Амерыку, дзе амаль 2 з паловай стагоддзі з’яўляўся асновай эканомікі. Дзякуючы яму ўзніклі гарады Манрэаль, Дэтройт, Квэбэк, Чыкага. Бабёр з’яўляецца сімвалам Канады і з 1974 года кожную апошнюю пятніцу лютага святкуецца Нацыянальны дзень бабра.

Хаця менавіта Беларусь адзін з самых ранніх рэгіёнаў рэгулярнага бабрынага промыслу ў гісторыі чалавецтва! Менавіта мы ўпершыню ў Літоўскім Статуце 1588 года аформілі мерапрыемствы на дзяржаўным узроўні аб ахове папуляцыі бабра. І менавіта Беларусь разам з Нарвегіяй змагла захаваць еўрапейскага бабра для чалавецтва ў 20 ст. Канчаткова ён быў выратаваны ад знішчэння ў 1926 годзе, калі быў створаны Бярэзінскі запаведнік. [5] Зараз у Бабруйску ў гонар бабра нават ёсць помнікі, яго выяву можна сустрэць на манетах Расіі і гербах розных еўрапейскіх гарадоў і тэрыторый. [Дадатак 2]

Вывучыўшы розныя крыніцы інфармацыі пра бабра, я зразумеў, што гэтыя жывёлы добра прыстасаваліся да жыцця ў вадзе і на сушы. Я высветліў, што рачны бабёр (Castor fiber) належаць да найбольш буйных прадстаўнікоў атрада грызуноў фауны Старога Свету і з’яўляецца другім па велічыні грызуном пасля капібары. [9, Дадатак 1].

Дарослы бабёр важыць ад 20 да 30 кілаграмаў пры даўжыні цела ад 66 да 92 сантыметраў. Каля 30 сантыметраў агульнай даўжыні прыпадае на плоскі хвост шырынёй ад 15 да 18 сантыметраў [2,7]. Афарбоўка светлая (каштанава-бурая, светла-бурая) або цёмная (чорна-бурая, амаль чорная). Цёмныя бабры характэрныя для басейнаў Сожа і Нёмана.Чорная афарбоўка футра стойка перадаецца па спадчыне.

Агульная колькасць баброў, якія насяляюць асобную водную сістэму, складае бабрыную папуляцыю. У Беларусі выдзелены неманская, бярэзінская, сожская, дняпроўская, прыпяцкая, заходне-дзвінская і заходне-бугская папуляцыі. У неманскай папуляцыі да 80% пераважаюць бабры з чорнай афарбоўкай. [4] Так, шляхам назіранняў, мы прышлі да высновы, што ў нашай мясцовасці пражываюць прадстаўнікі розных папуляцый, паколькі на берагах Яршоўкі былі заўважаны і бурыя і чорныя бабры. Напрыклад, Роман Іна Іванаўна ў мінулым годзе ў 3 гадзіны дня з маста в. Яршэвічы, каля самага люднага месца (магазіна), назірала, як чорны, як смоль бабёр, ласаваўся на беразе сакавітай расліннасцю; вялікія сцёблы скідваў у ваду, да якіх падплывала бабрыха і сцягвала іх пад ваду. На жаль не ўдалося зрабіць якасных фотаздымкаў (на вялікім прыбліжэнні атрымаліся размытымі) гэтай смелай бабрынай выхадкі. Хаця, тут жа можна зрабіць і другую выснову, што паўначныя і начныя жывёлы, якімі з’яўляюцца бабры, могуць працаваць і днём, не зважаючы на шум і вібрацыю (па масту праязджалі машыны), калі не адчуваюць інстынктыўнага страху ў адносінах да людзей.

Я таксама цалкам пераканаўся, што бабры выключна раслінаедныя жывёлы. Яны харчуюцца больш чым 200-мі відамі раслін (асабліва любяць карэнішчы кубышкі, рагозу, трыснягу, сцёблы тавалгі, сныці, крапівы, конскага шчаўя і інш. ). З дрэў і кустоў аддаюць перавагу асіне, вярбе і лазе, з ахвотаю ласуюцца карой маладых дубкоў, ляшчыны, ліпы, чаромухі, бярозы. Для задавальлення сутачнай харчовай патрэбы бабру неабходна з’есці каля 900г. кары. Прычым ў харчаванні выражаны сезонныя асаблівасці. Вясною інтэнсіўна паядаюць травы, у канцы верасня грызуць дрэвы і затопліваюць галінкі, ствараючы запасы корму на зіму. Часам запасы адной сям’і могуць дасягаць 50-70 метраў кубічных. [2,4,10]

Актыўныя бабры ноччу і ў прыцемках. Летам яны выходзяць з жылля ў прыцемках і працуюць да 4-6 гадзін раніцы. Увосень, калі пачынаецца нарыхтоўка кармоў на зіму, працоўны дзень падаўжаецца да 10-12 гадзін. Зімой актыўнасць зніжаецца і зрушваецца на светлы час сутак; у гэты час года на паверхні бабры амаль не паказваюцца. Пры тэмпературы ніжэй -20 °C жывёлы застаюцца ў сваіх селішчах[4].

Дзякуючы магутным сківічным цягліцам і доўгім разцам, пакрытым спераду пластом асабліва цвёрдай аранжавай эмалі (добра бачны на фотаздымку дадатка 4), бабёр угрызаецца ў драўніну, адкусваючы трэскі да 15 сантыметраў даўжынёй. Напрыклад, тонкую алешыну ён здольны паваліць за 8-10 укусаў [5].

Грызе бабёр, падняўшыся на заднія лапы і абапіраючыся на хвост. Яго сківіцы дзейнічаюць як піла: каб зваліць дрэва, бабёр ўпіраецца верхнімі разцамі ў яго кару і пачынае хутка вадзіць ніжняй сківіцай з боку ў бок, здзяйсняючы 5-6 рухаў у секунду. Разцы ў бабра самазаточваюцца: толькі пярэдні іх бок пакрыты эмаллю, задні складаецца з менш цвёрдага дэнціну. Калі бабёр што-небудзь грызе, дэнцін сточваеца хутчэй, чым эмаль, таму пярэдняя частка зуба ўвесь час застаецца вострай. [5]

Увогуле бабры адрозніваюцца звычкаю што-небудзь грызці (“тачыць зубы”), часам грызуць нават сухастойныя дрэвы. Аказваецца гэта па прычыне таго, што зубы ў бабра растуць усё жыццё (некалькі міліметраў за ноч), таму ён сточвае іх аб цвёрдыя пароды дрэваў. [4] Такім чынам я зрабіў выснову, што грызці для бабра – значыць змагацца за жыццё, інакш занадта вялікія зубы могуць стаць прычынай удушэння і смерці. Гэтым жа можна патлумачыць і тое, што бабры грызуць магутныя старыя дубы ў прыбярэжнай зоне. “Балазе кара дуба здольная да рэгенерацыі, і калі пашкоджанні нязначныя, рана зацягваецца з хуткасцю да 5 см ў год” – да такой высновы прыйшоў Роман Аляксандр Станіслававіч. [Дадатак 3]

Пальцы задніх канечнасцей у бабра злучаны плавальнай перапонкай. Хвост плоскі, пакрыты цёмна-шэрымі рагавымі шчыткамі. Пасярэдзіне на ўсю яго даўжыню цягнецца рагавы выступ, які нагадвае сабой карабельны кіль. [4] Я удакладніў, для чаго бабру патрэбен такі магутны хвост. Аказваецца, ён шматфункцыянальны. Так, пры плаванні выконвае функцыю руля, а падчас будаўніцтва выкарыстоўваецца для замазвання адтулін у плацінах (якраз як муляры выкарыстоўваюць свой спецыяльны будаўнічы інструмент). Хвост таксама адыгрывае важную ролю як сродак сігналізацыі. У выпадку небяспекі бабры гучна пляскаюць хвастом па вадзе, папярэджваючы сваіх суродзічаў. А яшчэ бабрыны хвост – гэта запас тлушчу і пажыўных рэчываў, як у вярблюда горб. Бліжэй да восені хвост патаўшчаецца, дапамагаючы ў далейшым бабру перазімаваць. Але і гэта не ўсё. Я высветліў, што хвост у бабра дапамагае яму рэгуляваць тэмпературу цела. Пры тэмпературы паветра вышэй за 35 градусаў гэтаму грызуну пагражае гібель ад перагрэву. Вопыты ў лабараторыях паказалі, што дастаткова ў такім выпадку апусціць хвост бабра ў ваду, каб стан звера палепшыўся. Хуткая аддача цяпла адбываецца дзякуючы асабліваму ўстройству крывяносных сасудаў, размешчаных у хвасце. Астуджаная ў хвасце кроў паступае да унутраных органаў і забірае ў іх лішкі цяпла. [7, 10]

Бабры – выдатныя плаўцы. Адштурхваючыся ад вады моцнымі заднімі нагамі, пальцы якіх злучаны плавальнымі перапонкамі, яны развіваюць хуткасць да 10 кіламетраў у гадзіну. Бабёр можа праплысці пад вадой каля 750 метраў, ні разу не падняўшыся на паверхню. Вялікія лёгкія і печань забяспечваюць яму такія запасы паветра і ўзбагачанай кіслародам крыві, што бабёр можа не вынырваць цэлых 15 хвілін [15].

Пярэднія маленькія лапы бабра пазбаўленыя перапонак, але ўзброеныя доўгімі моцнымі кіпцюрамі для капання. Плаваючы, бабёр сціскае пярэднія лапы ў кулачкі і адштурхвае імі перашкоды. Пярэднімі лапамі ён носіць галінкі і гліну, прыціскаючы іх да грудзей і ніжняй сківіцы. Плаваць і працаваць у ледзяной вадзе бабёр можа дзякуючы тоўстаму пласту падскурнага тлушчу і густой поўсці, якую ён падтрымлівае ў парадку. Ён пастаянна прычэсвае сваю поўсць з дапамогай асаблівых раздвоеных кіпцюроў на задніх лапах (па адным на кожнай). Я прааналізаваў, абагуліў і прадставіў інфармацыю пра асаблівасці паўводнага ладу жыцця бабра ў Дадатку 4

У энцыклапелыі я прачытаў, што бабры ў асноўным селяцца па берагах павольна цякучых рэк, старыц, сажалак, азёр, вадасховішчаў, ірыгацыйных каналаў і кар’ераў. Шырокіх і хуткіх рэк пазбягаюць. Не селяцца і ў вадаёмах, якія прамярзаюць зімою да дна. Таксама асноўнай жыццёва важнай умовай з’яўляецца наяўнасць па берагах вадаёма багатай расліннасці, кустоў і дрэў мяккіх парод. [5] Такім чынам, я знайшоў адказ на пытанне чаму бабры аблюбавалі берагі і ручаі басейна нашай Яршоўкі. Яны якраз адпавядаюць усім згаданым вышэй патрабаванням.

Жывуць бабры сем'ямі. Поўная сям'я складаецца з 5-8 асобін: сямейнай пары і маладых баброў — прыплоду мінулага і бягучага гадоў. Больш падрабязна пра сямейнае жыццё баброў я апісаў у Дадатку 5. Сямейны ўчастак часам займаецца сям'ёй на працягу многіх пакаленняў. Невялікі вадаём займае адна сям'я ці халасты бабёр. На малых і сярэдніх рэках з добрай кармавой базай працягласць сямейнага ўчастка складае ад 100 да 500 метраў, са слабой да 1,5 – 2 км. Ад вады бабры рэдка аддаляюцца больш чым на 200 м. У багатых расліннасцю месцах ўчасткі могуць датыкацца і нават перасякацца. [4] Вышэйзгаданыя факты мы пацвердзілі шляхам уласных назіранняў. Мы выявілі, што на р. Яршоўка і яе невялікіх прытоках, працягласць сямейных участкаў складае ад 300 метраў да 1 кіламетра, паколькі берагі багатыя разнастайнай расліннасцю і маладымі зараснікамі асін, бярозак, лазы. Таксама склалі карту рассялення баброў у межах вёсак Старынкі, Адамоўцы, Яршэвічы, хутара Галянда. [Дадатак 19]

Межы сваёй тэрыторыі бабры пазначаюць сакрэтам мускусных залоз — бабровым струменем. Пазнакі наносяцца на асаблівыя ўзгорачкі з бруду, глею і галінак вышынёй 30 см і шырынёй да 1 м. Паміж сабой бабры маюць зносіны з дапамогай пахкіх пазнак, поз, удараў хвастом па вадзе і крыкаў, якія нагадваюць свіст. Пры небяспецы бабёр, які плыве, гучна пляскае хвастом па вадзе і нырае. Гэта служыць для ўсіх баброў у межах чутнасці сігналам трывогі. [10]

Бабры, якія пасяляюцца на невялікай рацэ ці возеры, часта проста выкопваюць сабе нару ў высокім беразе, якая ўяўляе сабой лабірынт з 4-5 уваходамі. Але там, дзе такіх берагоў няма, яны перагароджваюць плацінай ручаі і ўзводзяць пасярод утворанай затокі недаступныя хаткі-астраўкі. Больш падрабязна пра норы і хаткі можна прачытаць у [Дадатках 6 і 7].

У нашай мясцовасці можна сустрэць і норы, і хаткі. 7 год таму бабры аблюбавалі невялічкі ручай на ўсходзе ад в. Яршэвічы. Ён бярэ пачатак з крынічкі, якая б’е з пад самага камля яліны і прыкладна праз кіламетр упадае ў Яршоўку. Зараз гэта цалкам зменены ландшафт з каскадам плацін і бабрынай хаткай. [Дадатак 8]

Згодна з даследваннямі шведскага этолага Вілсана і французскага заолага Фішара непераадольную цягу да будаўніцтва ў баброў вызывае шум цякучай вады [5]. Для будаўніцтва бабры выкарыстоўваюць галоўным чынам дрэвы, якія растуць па берагах вадаёмаў, у асноўным не аддаляючыся ад жытла больш, чым на 200 метраў. Бабры, падгрызаючы дрэва, рухаюцца вакол яго, так што яно часцей падае тым бокам, дзе галінкі і лісце гусцейшыя. Паваленыя дрэвы і кусты бабры разгрызаюць на зручныя для перацягвання кавалкі і пераносяць ў зубах ці сплаўляюць па вадзе да свайго жылля або да месца будаўніцтва плаціны. Там яны ўтыкаюць іх завостраным канцом у дно, а іншыя закладваюць так, каб іх не знесла цячэннем. Шляхам назіранняў, а затым і дзякуючы літаратурным крыніцам, я зрабіў выснову, што для будаўніцтва бабры выкарыстоўваюць алешыну, а таксама дуб, напэўна інстынктыўна адчуваючы, што гэта самая цвёрдая і трывалая драўніна, якраз для даўгавечных плацін (Я прачытаў, што ў запаведніках сустракаюцца пасяленні, якім по 60-80 гадоў). [4] У хуткіх ручаях бабры будуюць выгінастыя супраць плыні плаціны, каб аслабіць напор вады.

Паступова ўпоперак ручая падымаецца вал з галінак і сукоў, прыціснутых камянямі (вага якіх можа дасягаць 15-18 кг). Гліна, лісце, смецце, накладзеныя на знешнія бакі плаціны, змацоўваюць і заканапачваюць яе. Ля аднаго з канцоў плаціны можа быць сцёк, каб засцерагчы плаціну ад пашкоджанняў падчас ўздыму вады. Часам ніжэй па ручаі будуюцца дадатковыя меншыя плаціны, каб падняць ўзровень вады да галоўнай плаціны і тым самым зменшыць ціск на яе. Дадатковыя плаціны будуюцца і вышэй па ручаі, каб затапіць вялікую плошчу і пашырыць доступ да новых дрэў для будаўніцтва і корму. Менавіта так і паступілі бабры з ручаём на паўночны ўсход ад в. Яршэвічы.

Па канструкцыі плаціны адрозніваюцца. Усё залежыць ад характару мясцовасці, ад часу існавання плаціны, ад таго, калі і як яны папраўляюцца. Часта ў якасці апорнага каркаса бабры выкарыстоўваюць упаўшае ў раку дрэва, паступова абкладваючы яго з усіх бакоў будаўнічым матэрыялам. Часам галіны ў бабровых плацінах пускаюць карані, надаючы ім дадатковую трываласць. Звычайная даўжыня плаціны 20-30 м, шырыня ў аснове 4-6 м, ля грэбня — 1-2 м; вышыня можа дасягаць 4,8 м, хоць звычайна — 2 м. Старая плаціна лёгка вытрымлівае вагу чалавека. Адзначу, што бабры ўзводзяць самыя вялікія ў жывёльным свеце «архітэктурныя збудаванні». Самая доўгая бабровая плаціна, пабудаваныя, праўда, канадскімі бабрамі могуць дасягаць да 1200 метраў у даўжыню і з’яўляюцца адзінымі збудаваннямі прадстаўнікоў жывёльнага свету, якія бачны з космасу.[5, 21,22].

Штогод ходзячы аднымі і тымі ж маршрутамі за ежай і будматэрыялам, бабры пратоптваюць ў беразе дарожкі, якія паступова заліваюцца вадой — бабровыя каналы. Даўжыня канала можа дасягаць соцень метраў пры шырыні 40-50 см і глыбіні да 1 м. Бабры заўсёды ўтрымліваюць каналы ў чысціні. [4,22] У нас пакуль каналаў няма, але ўсюды па берагах Яршоўкі можна назіраць пратаптаныя бабрамі сцежкі.

Мясцовасць, пераўтвораную ў выніку дзейнасці баброў, называюць бабрыным ландшафтам. Такім чынам, я прыйшоў да высновы, што бабры - ўмелыя будаўнікі, якія актыўна пераўтвараюць прыродныя ландшафты, хаця з эстэтычнага боку яны часта не з’яўляюцца прывабнымі, асабліва, калі размешчаны на берагах вадаёмаў ў населеных пунктах.



Практычная частка.

Станоўчыя і адмоўныя бакі жыццядзейнасці баброў для навакольнга асяроддзя і чалавека, практычныя спосабы папярэджання негатыўных наступстваў актыўнасці баброў

Пасля вывучэння і абагульнення звестак аб асаблівасцях баброў і іх прыстасаванасці да месцаў пражывання, я ацаніў станоўчыя і адмоўныя бакі іх жыццядзейнасці як для людзей, так і для прыроды ў цэлым.

Я правёў апытанне сярод вучняў, настаўнікаў, тэхработнікаў школы, мае аднакласнікі дапамаглі апытаць жыхароў в. Яршэвічы, Адамоўцы, Зарэчча, Старынкі, Манькаўшчына. У раёне гэтых населеных пунктаў сустракаюцца месцы пражывання баброў і мясцовыя жыхары ўжо сам насам сутыкаюцца з непрыемнымі суседзямі на сваіх зямельных надзелах і падворках.

Пытанне было зададзена адно: дзейнасць баброў шкодная ці карысная? У апытанні прыняло ўдзел 139 чалавек. Яго вынікі можна бачыць на дыяграме [Дадатак 16]. Апытанне паказала, што большасць дарослых людзей і вучняў старэйшых класаў (76 чал.) адмоўна ставяцца да дзейнасці баброў. У доказ свайго выбару прыводзілі прыклады нанесенай відавочнай шкоды: пагрызеныя дрэвы, затоплены падворак і г.д. Тыя, хто пагадзіўся са сцверджаннем (40 чал.), што дзейнасць бабра прыносіць карысць, як правіла не маглі патлумачыць у чым яна заключаецца. 23 чалавекі адказалі, што яны альбо не могуць ацаніць уплыў баброў на прыроду, або інстынктыўна лічаць што гэтыя жывёлы прыносяць і шкоду і карысць. Такім чынам, большасць апытаных людзей лічыць, што бабры наносяць шкоду людзям і навакольнаму асяроддзю.



Адмоўныя бакі жыццядзейнасці бабра для прыроды і чалавека

Да « мінусаў» дзейнасці баброў я аднёс, тыя факты, што бабровыя плаціны на ручаях і рэках затапліваюць палі, чыгункі, дарогі, населеныя пункты. Гаспадарчая дзейнасць чалавека ў месцах, дзе пасяліліся бабры, значна абцяжарваецца.У пацверджанне маіх слоў знайшоў шмат прыкладаў на старонках газет, у інтэрнэце, са слоў вяскоўцаў: у Кулік І.В. некалькі год назад затаплівала склеп, як вынік таго, што бабры заканапацілі сцёкавую трубу пад асфальтавай дарогаю, праз якую “бабрыны” ручай нясе свае воды ў родную Яршоўку. Пасля таго як гаспадар прачысціў трубу, зубастыя шкоднікі на неабдуманы ўчынак больш не рашыліся. Сам Кулік Віктар не злуецца на баброў, а наадварот весела заўважае: “Стварыла прырода гэтых жывёл, значыць ёсць ад іх і карысць”. Затаплівала падворак і ў Бароўскага У.І., а да некаторых вяскоўцаў няпрошаныя госці наведваліся ў сад і абгрызалі яблыны. На хутары Сакалоўскага С.І. на прылягаючай тэрыторыі за 7 гадоў было налічана каля 1000 завостраных пянькоў, якія адрастаюць, але ўсё роўна не маюць права на выжыванне, паколькі бабры тут жа спілоўваюць адросткі [гл. фота дадатак 14]. Вельмі прыкра, што больш паловы спілаваных маладых дрэў – дубы – дрэва ў нашай мысцовасці даволі рэдкае і каштоўнае. Маштаб нанесенай прыродзе шкоды цяжка пераацаніць: знішчана цэлая будучая дубрава. На гэтым фоне яблынька, што не абвязалі, ці з’едзены часовы плот з сырой асіны падаюцца зусім нязначнымі стратамі.

У інтэрнэце апісваюцца яшчэ больш непрыемныя здарэнні. Вось некалькі прыкладаў на тэрыторыі Беларусі і Расіі, які выклікалі ў мяне цікавасць. На рэчцы ў вёсцы Тартак на Астравеччыне бабры збудавалі дамбу. Яны перакрылі дзве трубы дыяметрам паўтара метра кожная. У выніку, узровень вады ў рачулцы глыбінёй два метры падняўся ўдвая. Калі падтапіла хату і тры гаспадарчыя пабудовы, жыхары звярнуліся ў МНС. Брыгада працаўнікоў будаўнічай арганізацыі і група вадалазаў Смаргонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях працавала ў халоднай вадзе шэсць гадзін. Калі б яны не прачысцілі трубы, вада працягвала б затапліваць вёску.[11]

Адзначаны выпадкі сур'ёзных пашкоджанняў бабрамі польдэрных дамбаў ў Калінінградскай вобласці (польдеры - адваяваныя людзьмі ў мора або возера ўрадлівыя землі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень вады пад абаронай дамбаў). [20]

А вось ў жыхароў вёскі Яршэвічы Алены Уладзіміраўны і Сяргея Васільевіча Мурашовых бабры з’яўляюцца самымі блізкімі суседзямі і амаль хатнімі любімцамі! Хата Мурашовых размешчана на стромкім беразе Яршоўкі ля самага маста ў цэнтры вёскі. Бабры ж зрабілі сабе нару на супрацьлеглым беразе пад камлём спілаванай вольхі, выразаўшы карнявую сістэму дрэва. У энцыклапедыі я прачытаў, што гэта адзін з любімых спосабаў устройства жытла ў баброў, асабліва, калі камель складаецца з групы альховых дрэў.[4] Месца для нары таксама выбралі граматна: вада падмыла бераг, утварыўшы глыбокую затоку, з якой праз некалькі метраў фарміруецца даволі імклівае цячэнне, а гэта значыць: вада зімою ніколі не замерзне і ўваход у нару таксама. Каля нары вытаптана сцежка, па якой жывёлы ходзяць у пойму, заросшую маладым хмызняком, за правіянтам. Але самае незвычайнае ў гэтай сітуацыі тое, што жыццё бабрынай сям’і працякае на вачах у людзей. Нара знаходзіцца якраз насупраць кухоннага акна Мурашовых. У [Дадатку 9] можна ўбачыць фотаздымак, зроблены з памяшкання кухні. Алена Уладзіміраўна і Сяргей Васільевіч расказваюць, што часта назіраюць за стараннем руплівых працаўнікоў, а часам людзі і жывёлы працуюць ў тандэме. Напрыклад восенню, у той час як Алена Уладзіміраўна на кухні закатвала перцы і шыткавала капусту, бабры цягалі і тапілі пад вадою галінкі дрэў – таксама робячы зімовыя нарыхтоўкі. Але найбольш парадаксальным з’яўляецца супадзенне прафесіі бабра з прафесіяй Сяргея Васільевіча – адмысловага разбяра па дрэву. У той час як Сяргей Васільевіч стварае драўляныя цуды ў сваёй майстэрні, бабры выточваюць скульптуры на беразе. Пакуль што бабрынае суседства Мурашовым не перашкаджае, паколькі жывёлы ў асноўным рэжуць дрэвы на супрацьлеглым беразе ракі, хаця і прыходзілі ў разведку амаль пад самыя вокны – абгрызлі яблыньку - дзічку. Так што прыйшлося тэрмінова нацягнуць сетку вакол маладых саджанцаў грэцкіх арэхаў. Занепакоенасць выклікаюць і вялізныя вольхі, абпілаваныя ў форме пясочнага гадзінніка (характэрная рыса бабрынай тэхнікі), якія ў выпадку моцнага паўднёвага ветру могуць упасці на шкляную цяпліцу. Сяргей Васільевіч заўважыў, што як сыдзе снег, неабходна будзе спілоўваць пашкоджаныя дрэвы і ўсё ж такі абнесці бераг па перыметры ўчастка сеткай. [Дадатак 9]

Як правіла, кожны жывы арганізм у працэсе сваёй жыццядзейнасці аказвае ўплыў на навакольнае асяроддзе. Так, капытныя жывёлы змяняюць лясныя біяцэнозы, норныя - структуру і рэльеф глебы, драпежнікі наносяць шкоду паляўнічай гаспадарцы... Такім чынам, акрамя шкоды людзям, бабры наносяць шкоду і некаторым прыродным комплексам, актыўна ўмешваючыся ў натуральны ход развіцця прыроды, змяняючы і падпарадкоўваючы яе сваім патрэбам.

Ужываючы ў ежу ў асноўным толькі асіну, бярозу і вярбу, бабры не толькі памяншаюць паўнату насаджэнняў у водаахоўнай зоне, але і змяняюць яе пародны склад, пакідаючы некранутымі іншыя віды. А ў цэлым згрызанне і пашкодзанне дрэў прыводзіць да значных страт драўніны.

Будуючы плаціны, каналы і хаткі, бабры парушаюць прыродныя ўмовы, якія склаліся гістарычна. Напрыклад, пабудова бабрамі плацін прыводзіць да ўздыму ўзроўню глебавых вод, моцнага пераўвільгатнення. У выніку высокапрадуктыўныя і багатыя лугі становяцца нізкапрадуктыўнымі, гінуць сельскагаспадарчыя культуры. [3,16]

Бабровыя плаціны заступаюць шлях рыбам у водных патоках, асабліва тым, якія ідуць на нераст супраць цячэння ў вярховыя ўчасткі рэк і ручаёў. Для нашай Яршоўкі – гэта занесеная ў Чырвоную кнігу ручаёвая стронга. Напрыклад, некалькі год запар некаторыя жыхары Яршэвіч заўважылі, што гэта рыба ў рацэ знікла. Самыя недасведчаныя нават абвінавацілі баброў: маўляў бабры ўсю рыбу паелі! Толькі мінулай вясною, пасля паводкі ўніз па цячэнні, жыхары пачалі назіраць з’яўленне стронгі, якая актыўна “гуляе” перад дажджом.

Шкодныя наступствы цягі баброў да будаўніцтва звязаны таксама і з тым, што вада, узровень якой рэгулюецца іх плацінай, можа заліць вялікія прасторы лесу. Лес, які апынаецца ў вадзе ў выніку падтаплення, хутка загнівае, вылучаючы ў атмасферу шкодныя хімічныя рэчывы, такія як аміяк. Усыхаюць спачатку іглічныя, а затым і лісцевыя пароды. Гэта можна ўбачыць і на прыкладзе нашай мясцовасці. [Дадатак 10]

А яшчэ я сутыкнуўся з вынікамі даследавання супрацоўнікаў Карнэлскага ўніверсітэта ЗША пад кіраўніцтвая Дж.Явіта, якія заявілі, што у глабальных маштабах бабры ўплываюць на склад атмасферы, паколькі раскладанне ў бабрыных запрудах раслінных рэшткаў прыводзіць да выдзялення парніковых газаў, такіх як метан і СО2, т.ч. садзейнічаючы парніковаму эфекту.

Усе вышэйзгаданыя адмоўныя праяўленні неабходна ўлічваць пры перасяленні жывёл у новыя раёны.



Станоўчыя бакі жыццядзейнасці бабра

Але ўсё ж, прааналізаваўшы шмат інфармацыйных крыніц, я знайшоў шмат фактаў, якія пацвярджаюць, што бабры з’яўляюцца сапраўднымі інжынерамі экасістэм.

Станоўчымі бакамі жыццядзейнасці баброў з'яўляецца тое, што бабровыя плаціны павышаюць агульны ўзровень вод. Запруды спрыяюць ачыстцы вады, памяншаючы яе мутнасць, у іх затрымліваецца іл. [17] Бабры ўплываюць на ваду, змяняючы яе хімічны склад. Сярэдняя бабровая сям'я на працягу года вылучае ў ваду каля 500 кг мачы і экскрэментаў, якія ўзбагачаюць яе рознымі мінеральнымі і арганічнымі рэчывамі. [18] У запрудах пасяляюцца шматлікія малюскі і водныя насякомыя. Трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы больш інтэнсіўна размнажаюцца некаторыя віды рыб (насякомыя адкладаюць яйкі ў створаныя бабрамі затокі, а лічынкі насякомых забяспечваюць ежай рыб). Сок, які выцякае вясной з падпілаваных дрэў, любяць матылі і мурашы, услед за якімі з'яўляюцца птушкі (якія дарэчы і пераносяць на лапках ікру рыб). Ствараюцца зручныя месцапражыванні для розных дзікіх жывёл, такіх як андатры, выдры, норкі. Зайцы, ласі, алені і іншыя буйныя жывёлы прыходзяць да затокаў на вадапой і карміцца карой са ствалоў і галін паваленых дрэў. [5]

Тое, што стварэнне бабрамі запрудаў з’яўляецца значным экасістэмным працэсам, даказалі і беларускія тэрыёлагі. Высветлілася, што бабровыя сажалкі (гаці) затапліваюць да 60 % далін малых рэчак. Пры гэтым акваторыя павялічваецца ў 9,5 разоў (максімум у 135 разоў). На участках бабровых пасяленняў значна павялічваецца відавое багацце і біямаса жывёл, якія з’яўляюцца кормам для рада драпежнікаў, асабліва выдры і норак. У нядаўна ўтвораных сажалках выяўлена большая шчыльнасць шыракапалага рака і вялікія зімавальныя скапленні травяной жабы (бабры рэгулярна рамантуюць плаціну і падтрымліваюць стабільны ўзровень вады, што дазваляе лічынкам земнаводных завяршыць метамарфоз), на моцна зарослых – значная біямаса дробных грызуноў (у сярэднім у 2-6 разоў, часам да 100 разоў!).У бабрыных хатках пасяляюцца і буйныя грызуны – андатры. Галоўнай высновай дадзенага даследвання стала тое, што будаўнічая дзейнасць баброў ў далінах малых рэк з’яўляецца асноўным фактарам фарміравання відавой разнастайнасці куніцавых. [5]

Такім чынам можна зрабіць выснову, што бабёр з'яўляецца важным кампанентам прыбярэжных біягеацэнозаў. Ён пераўтварае асяроддзе для свайго існавання і стварае ўмовы для жыцця іншых жывёл.

Працягла існуючы на рэчцы каскад бабровых запруд памяншае донную і берагавую эрозію, стабілізуе цячэнне, затрымлівае талыя і ліўневыя воды, а гэта зніжае верагоднасць паводак у перыяд разводдзя, скарочвае перыяд летняга малаводдзя, спрыяе аднаўленню разбуранай у выніку дзейнасці чалавека сістэмы крыніц і ручаёў. Дзякуючы гэтаму заселены бабрамі лес становіцца менш засушлівым, а значыць, значна менш схільным да пагрозы ўзнікнення пажараў.

Акрамя таго, бабровая сажалка дзейнічае яшчэ і як ачышчальнае збудаванне. Бабры прадухіляюць так званае «эўтрафіраванне» вадаёма - назапашванне ў вадзе біягенных элементаў. Эўтрафіраванне пагаршае ўмовы асяроддзя пражывання рыб і іншых водных жывёл за кошт масавага развіцця мікраскапічных водарасляў і іншых мікраарганізмаў, раскладання адмерлых арганізмаў, таксічнасці многіх прадуктаў іх распаду, змяншэння колькасці кіслароду ў вадзе. [8]

У бабровых сажалках адкладваюцца розныя цвёрдыя фракцыі, якія змяшчаюцца ў праточнай вадзе. Пры знікненні бабровых запруд назапашаныя донныя адкладанні агаляюцца. У Паўночнай Амерыцы іх называюць «бабровымі лугамі». Яны займаюць вялікія плошчы, маюць багатае расліннае покрыва і выкарыстоўваюцца фермерамі для вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Нежылыя бабровыя хаткі і норы служаць сховішчам для іншых жывёл. [3,17]

Назіраючы за бабрамі, людзі атрымалі карысныя звесткі, якія выкарыстоўвалі ў сваім жыцці. Напрыклад, звесткі, якія тычацца прыёмаў плавання, будаўніцтва плацін, кантралявання паводак і многія іншыя.

І яшчэ адзін важны факт. Эколагі адзначаюць, што бабры жывуць толькі ў чыстай вадзе. І калі яны з'явіліся ў нашай мясцовасці, значыць з экалогіяй у нас усё ў парадку. А калі ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы гэтых жывёл ва ўзаемаадносінах з людзьмі, то можна знайсці ўзаемнае канструктыўнае рашэнне.



Шляхі вырашэння праблем ва ўзаемаадносінах чалавек - бабёр

Вось некалькі прыкладаў, пра якія я прачытаў ў інтэрнэце.

На небяспечных для затаплення участках неабходна своечасова праводзіць работы па расчыстцы вады, не дапушчаючы з'яўлення плацін. Зразумела, што такая праца будзе патрабаваць вялікіх фінансавых выдаткаў і працоўных рэсурсаў.

Можна спакусіць баброў на будаўніцтва ў іншым месцы. Для гэтага ўбіваюць ў дно рэчкі высокія дубцы – аснову для плаціны, і жывёлы перабіраюцца на новае месца.

Баброў вылоўліваюць і перасяляюць у больш глухія месцы, дзе яны могуць будаваць запруды, нікому не замінаючы. Але вылоўліваць і перамяшчаць, я лічу, трэба цэлымі сем'ямі, каб не нанесці шкоду жывёлам. Бо дарослыя бабры ўтвараюць пару на ўсё жыццё, а дзеці жывуць з бацькамі да двух гадоў, і без падтрымкі дарослых могуць загінуць. Хаця, безумоўна, дэпартацыя грызуноў даволі складаны і працаёмкі працэс.

Лепш папярэджваць непажаданае засяленне. Да прыкладу, як выселіць баброў са старых меліярацыйных каналаў? Адказ на такое пытанне просты. Меліяратары павінны своечасова выдаляць параснік драўняна-хмызняковай расліннасці ўздоўж берага канала - гэта значыць кармавую базу, тады і бабры тут не будуць сяліцца. (Так пазамінулай восенню былі прачышчаны меліярацыйныя каналы ў паўкіламетры на поўнач ад в. Яршэвічы. На карце гэта месца пазначана як ур. Ежиновщина). А вось работнікам паляўнічай гаспадаркі, наадварот, варта садзіць вярбу на пустым беразе вадаёма для таго, каб праз некалькі гадоў выявіць тут працавітую сям'ю. [3,16]

Якія ж спосабы абароны ад бабрынай актыўнасці выкарыстоўваюць жыхары Яршэвіч? Ці, кажучы іншымі словамі, што можам прапанаваць мы.

Як сведчаць шматлікія прыклады, ахвярамі дзейнасці баброў становяцца не толькі сельскагаспадарчыя аб’екты, людскія падворкі і сады, але і помнікі прыроды, якія маюць важнае культурнае і гістарычнае значэнне. Так, напрыклад, я чытаў у інтэрнэце пра затапленне гідралагічнага помніка прыроды ў Баранавіцкім раёне — крыніцы ўзыходнага тыпу (вада з яе пад вялікім ціскам уздымаецца над паверхняй вады), што знаходзіцца ў лясным яры паміж вёскамі Ясянец і Пруды. [11] У Яршэвічах таксама ёсць гістарычнае месца Галянда з рэшкамі панскага сядзібнага парку мінулага стагоддзя – магутнымі дубамі, векавымі ліпамі, клёнамі, нават маюцца 2 сібірскія лістоўніцы, якім па ацэнках спецыялістаў ужо больш за 100 год, а дубам каля 200. Менавіта з гэтым маёнткам звязана першае летапіснае ўпамінанне Яршэвіч ў 1481годзе, як уласнасці Андрэя Салагубавіча. Апошнімі гаспадарамі да вайны з’яўляліся паны Гурскія. Зараз – гэта прыватная ўласнасць прадпрымальніка з Санкт – Пецярбурга Сакалоўскага С.І., які апантана дагдядае унікальнае месца, арганізуе догляд і праводзіць лячэнне векавых дрэў (кансультацыі даваліся нават эколагамі з Масквы [Дадатак 11]. Але бабры жывуць больш празаічна: трэба есці і будаваць плаціны, выводзіць патомства. Вось і пачалі яны наведвацца на тэрыторыю, валіць клены, дубы, адным словам, перабудоўваць тэрыторыю на свой лад. Спачатку паспрабавалі разбурыць плаціну – думалі бабры сыдуць у другое месца, яле тыя ўзяліся за справу з яшчэ большым запалам. Тады было вырашана паспрабаваць густа абсадзіць бераг ракі елачкамі. Шляхам уласных назіранняў і аналізу літаратуры магу сказаць, што елку бабры рэдка ўжываюць у ежу. Але, дзе там! Хітрыя жывёліны пазразалі елачкі, якія загароджвалі бабрыныя сцежкі, адцягнулі іх у бок, і зноў узяліся за здабычу правіянта і будматэрыялу на забароненай для іх тэрыторыі. Прыйшлося дзейнічаць больш радыкальнымі метадамі. Уздоўж усяго берага ракі паставіць сетку, укапаўшы на 20 см у зямлю, зверху нацягнуць калючы дрот. Метад аказаўся даволі эфектыўным. Бабры перабраліся на супрацьлеглы бераг. Такім чынам удалося ўрэгуляваць канфлікт мірным спосабам. [Дадатак 12]



Яшчэ адно ноў-хаў, як засцерагчы каштоўныя дрэвы ад бабра - браканьера выкарыстоўвае жыхар в.Старынкі Сасноўскі М.І. – абвязвае камель бляхаю, якая ўсё ж такі не па зубах грызуну нумар 1. Такім спосабам разам з Романам Аляксандрам Станіслававічам мы выратавалі некалькі магутных дубоў. [Дадатак 13]. Бо на тое, што адбываецца, даволі балюча глядзець. На фотаздымках у дадатках 14 і 15 можна бачыць, як бязлітасна распраўляюцца з царом лесу – дубам гэтыя зубастыя шкоднікі. А менавіта адметнай асаблівасцю берагаў Яршоўкі нашага рэгіёна і з’яўляецца наяўнасць дубоў і клёнаў, асабліва ў месцах, дзе раней размяшчаліся панскія сядзібы: Галянда, Старынкі. Як расказвала былая жыхарка в. Яршэвічы Кізімчук Яніна Браніславаўна, да вайны вакол Яршэвіч было шмат вялікіх дубраў. Немцы рэзалі дубы і вывозілі ў Германію як найкаштоўнейшы будаўнічы матэрыял. А зараз, як не парадаксальна, рэжуць не немцы, а бабры.

Як заўважыў былы ляснік Каменскага лясніцтва Роман Валерый Станіслававіч: “Неабходна рэгуляваць колькасць баброў з дапамогай палявання на іх або перасялення на тэрыторыі, дзе чалавек не пражывае”. Звязаўшыся з Садоўскім П.У., вядучым інжынерам паляўнічай гаспадаркі Валожынскага лясгаса, мы высветлілі, што зараз паляванне на бабра на тэрыторыі раёна дазволена ў перыяд з верасня па 31 сакавіка. Хаця прырода існуе па сваіх законах і рэгулюе гэты працэс сама. Валерый Станіслававіч расказаў, што ў 2016 годзе (быў сухі год) колькасць бабровай папуляцыі падкарэктыравалі ваўкі, якія з’яўляюцца галоўным ворагам баброў. У сухі год запруды падсыхаюць і ваўкам адкрываецца подступ да бабрыных нораў і хатак.

Дадатковыя аргументы ў падтрымку бабра

Галоўнае, за што цэняць бабра, -- яго футра, хаця попыт на яго апошні час невялікі. У ежу выкарыстоўваецца мяса (па словах Валерыя Станіслававіча даволі смачнае, хаця неабходна быць асцярожнымі, паколькі бабры з’яўляюцца пераносчыкамі ўзбуджальнікаў сальманэлёзу), а таксама тлушч, якому прыпісваюць гаючыя ўласцівасці.

Дзіўныя ўласцівасці прыпісваюцца і баброваму струменю (касторэуму), яшчэ аднаму прадукту, які атрымлівалі раней і атрымліваюць цяпер ад гэтага грызуна. Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне і парфюмерыі як фіксатар паху. Больш падрабязную інфармацыю па гэтаму пытанню я прадставіў ў дадатку 16.

І яшчэ, месцы жыццядзейнасці баброў пры пэўнай асцярожнасці можна выкарыстоўваць як экскурсійныя аб’екты. Напрыклад Роман Іна Іванаўна некалькі разоў ладзіла міні-паходы “У госці да суседзяў-баброў” для выхаванцаў школьнага аздараўленчага лагера “Праменьчык”. Як вядома, старая плаціна вытрымлівае вагу чалавека, таму аднойчы нават быў арганізаваны міні-паход з элементамі экстрыму (фарсіраванне бабрынай плаціны) для старэйшай групы лагера. Зноў жа, на жаль не захаваліся фотаздымкі.

Я таксама збіраюся прымяняць сабраны мною матэрыял для правядзення экскурсій для вучняў нашай школы падчас работы аздараўленчага лагера “Праменьчык”, а яшчэ выступіць перад вучнямі ў актавай зале ў красавіку падчас тыдня экалогіі, паколькі праведзенае апытанне паказала, што такая патрэба сапраўды ёсць: большасць апытаных дарослых лічаць баброў шкоднікамі. Хаця асабіста я лічу, што фактаў, якія гавораць на карысць баброў больш. А для вырашэння праблем з бабрамі людзям трэба ісці на кампраміс. І актыўна выкарыстоўваць вопыт, які мы прапанавалі. Аргументы “за” і “супраць” дзейнасці бабра сістэматызаваны і прадстаўлены ў [дадатку 18], а спосабы папярэджання негатыўных наступстваў у [дадатку 19].

У выніку праведзенага даследавання мы таксама высветлілі, што бабры сапраўды шырока рассяліліся па рацэ Яршоўка і яе невялікіх прытоках. Мы прышлі да высновы, што ў нашай мясцовасці бабры селяцца ў асноўным у тых месцах, дзе чалавек не вядзе актыўную гаспадарчую дзейнасць. Склалі карту рассялення баброў у межах вёсак Адамоўцы, Яршэвічы, Старынкі. [Дадатак 20]


ЗАКЛЮЧЭННЕ
Тэма «Бабры: будаўнікі ці браканьеры?» у нашы дні актуальная, паколькі людзі па - рознаму глядзяць на жыццядзейнасць гэтых жывёл, накіраваную на змяненне прыродных комплексаў.

Я лічу, што дасягнуў мэты працы: вывучыў жыццё еўрапейскага бабра і ацаніў ступень яго ўплыву на прыродныя комплексы і гаспадарчую дзейнасць чалавека, у тым ліку на прыкладзе нашай мясцовасці. На мой погляд, яна не такая вялікая. Я зрабіў выснову, што для нашай мясцовасці, бабры не ўяўляюць такой небяспекі, як, напрыклад, для польдэраў Калінінградскай вобласці, паколькі рака Яршоўка, месцамі даволі глыбокая (да 2 метраў), мае таксама глыбокую даліну, пойму і высокія берагі, у якіх і селяцца бабры, будуючы невялікая і невысокія плаціны. Хаця і назіраліся выпадкі затаплення ў людзей, якія жывуць ля самай рэчкі ў небяспечных месцах. На паўночны ўсход ад Яршэвіч, дзе размяшчаецца некалькі вялікіх плацін і бабровая хата, жыхары даўно не вядуць гаспадарчую дзейнасць (зямельныя надзелы пакінуты і зараслі хмызняком, стварыўшы кармавую базу для бабра), і жыццё баброў для людзей асаблівых нязручнасцей не прыносіць. Старынкаўскі ручай таксама працякае праз лес і ўпадае ў Яршоўку ля старажытнага гарадзішча в. Яршэвічы, а гэта значыць, што бабры таксама людзям не шкодзяць. Тым больш, што магутныя дубы ў Старынках ужо абаронены. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў нашай мясцовасці чалавеку і бабру можна мірна суіснаваць. А ў выпадку неабходнасці, пры разумным падыходзе, негатыўныя наступствы бабрынай жыццядзейнасці можна мінімалізаваць.

Для дасягнення мэты і праверкі палажэнняў гіпотэзы я вырашыў першую задачу: вывучыў асаблівасці і прыроджаныя формы паводзін баброў у натуральных умовах. Я прыйшоў да высновы, што бабры з'яўляюцца важным фактарам экалагічнай раўнавагі. Многае ў жыцці баброў здаецца супярэчлівым. Яны жывуць за кошт лісця і кары дрэў, якія знаходзяцца для іх на недаступнай вышыні. Будучы воднымі жывёламі, бабры нязграбныя на сушы, а корм здабываюць выключна на беразе рэк і азёр. Бабрам патрабуецца глыбокая вада для плавання, а селяцца яны ў дробных вадаёмах, будуючы плаціны і падымаючы ўзровень вады на некалькі метраў.

Усе гэтыя супярэчнасці бабры вырашаюць дзякуючы сваім дзіўным паводзінам. Каб дабрацца да лісця і кары, яны валяць вострымі зубамі дрэвы. Пракладваюць па сушы дарогі і каналы для транспарціроўкі галінак, якія з'яўляюцца і будаўнічым матэрыялам, і кормам для баброў, з якіх таксама робяць запасы пад вадой. Рэгулююць ў сваім вадаёме ўзровень вады, падтрымліваючы яго на неабходнай вышыні з дапамогай сваёй «інжынернай тэхнікі».

Для дасягнення мэты я вырашыў другую і трэцюю задачы: канкрэтызаваў станоўчыя і адмоўныя бакі ўплыву баброў на навакольнае асяроддзе, сабраў і прадставіў вопыт у вырашэнні праблемы: ўзаемаадносіны людзей і баброў. Пры вырашэнні дадзеных задач я правёў апытанне сярод настаўнікаў, вучняў, мясцовых жыхароў, пагутарыў з жыхарамі в. Яршэвічы, Старынкі, гаспадаром хутара Галянда і прыйшоў да высновы, што большасць з апытаных дарослых людзей лічаць, што бабры негатыўна ўплываюць на навакольнае асяроддзе і гаспадарчую дзейнасць чалавека і многія адзначаюць неабходнасць рэгулявання колькасці баброў з дапамогай палявання на іх або перасялення на тэрыторыі, дзе чалавек не пражывае. Аднак, прааналізаваўшы шматлікія інтэрнэт – рэсурсы і літаратурныя крыніцы, я лічу, што факты, якія гавораць на карысць баброў значна больш важкія. А для вырашэння праблем неабходна ісці на кампраміс і актыўна выкарыстоўваць вопыт «супрацоўніцтва» з бабрамі іншых людзей.

Выконваючы чацвертую задачу, разам з настаўнікам геаграфіі Романам Аляксандрам Станіслававічам мы правялі назіранні ў месцах пражывання баброў у раёнах вёсак Старынкі, Яршэвічы, Адамоўцы, хутара Галянда, высветлілі наступствы ўплыву баброў на прыродныя ландшафты нашай мясцовасці. Склалі карту рассялення баброў на рацэ Яршоўка і яе прытоках. У красавіку, калі сыдзе снег, плануем удакладніць выяўленыя звесткі. Таксама плануем падрыхтаваць інфармацыйныя буклеты, дзе будзе расказвацца пра карысць баброў і спосабы папярэджання негатыўных наступстваў іх жыццядзейнасці для чалавека.

Вырашана і пятая задача: прааналізаваны энцыклапедычныя звесткі, матэрыялы сеткі Інтэрнэт і сабраны багаты матэрыял для правядзення экскурсій з цыкла “У госці да суседзяў - баброў” для выхаванцаў аздараўленчага лагера “Праменьчык” і вучняў школы ў 6-ы школьны дзень.

Актуальнасць і навізна атрыманых вынікаў заключаецца ў тым, што я высветліў ступень уплыву жыццядзейнасці баброў на гаспадарчую дзейнасць чалавека і экалагічную абстаноўку прыродных комплексаў в Яршэвічы і яе ваколіц, прааналізаваў і сістэматызаваў аргументы “за” і “супраць” жыццядзейнасці бабра [Дадатак 17], а таксама сабраў, прааналізаваў і сістэматызаваў спосабы папярэджання негатыўных наступстваў жыццядзейнасці грызуна для чалавека і прыроды, у тым ліку на прыкладзе нашай мясцовасці [дадатак 18]. Прадстаўленыя ў рабоце канкрэтныя спосабы абароны ад шкоды зубастага звярка (абвязка дубоў бляхаю, нацягванне сеткі і насаджванне жывых яловых парканаў уздоўж забароненай тэрыторыі) дазволілі выратаваць дубы – помнікі прыроднай спадчыны хутара Галянда і в. Старынкі. Гэтыя спосабы могуць быць выкарыстаны жыхарамі іншых рэгіёнаў. І, на мой погляд, яны больш гуманныя ў параўнні з паляваннем, ці вымушаным перасяленнем баброў на другія тэрыторыі, хаця і патрабуюць пэўных фінансавых затрат.

Праведзенае апытанне сярод школьнікаў і мясцовых жыхароў пацвердзіла актуальнасць майго даследавання паколькі выявіла, што большасць апытаных (55%) адмоўна ставяцца да жыццядзейнасці бабра, а тыя, хто ставіцца станоўча, (27% ) не могуць патлумачыць у чым яе карысць. Гэта значыць, што неабходна павышаць інфармацыйную граматнасць сярод вучняў і вяскоўцаў, расказваць пра карысць баброў як будаўнікоў экасістэм, знаёміць са спосабамі абароны ад непрыемнага суседства.

Я планую пазнаёміць з вынікамі сваёй даследчай працы вучняў школы у красавіку падчас тыдня экалогіі (таксама неабходна адзначыць, што маё даследаванне як мага лепш упісалася ў план работы, прысвечаны Году малой радзімы). У чэрвені планую правесці экскурсію “Бабрынымі сцежкамі” для выхаванцаў лагера “Праменьчык”, а таксама расказваць мясцовым жыхарам пра карысць баброў для чалавека і навакольнага асяроддзя.

Прадстаўленымі матэрыяламі можна карыстацца на ўроках біялогіі, геаграфіі, класных гадзінах. Яно можа быць карысным і цікавым навучэнцам школ, а таксама ўсім, хто цікавіцца прыродай роднага краю і спосабамі, якімі можна засцерагчыся ад празмернай будаўнічай актыўнасці баброў.

Такім чынам адказваючы на праблемнае пытанне, бабры будаўнікі ці браканьеры, я ўзважыў усе «за» і «супраць» дзейнасці баброў і прыйшоў да высновы, што станоўчага ад гэтых жывёл навакольнае асяроддзе атрымлівае больш. Чалавеку застаецца толькі разумна трымаць сітуацыю пад сваім кантролем. А гэта значыць, што гіпотэза даследавання мною праверана і пацверджана: калі кантраляваць дзейнасць баброў і рэгуляваць іх колькасць, то ступень адмоўнага ўплыву баброў будзе мінімальнай.

Тэма даследавання, над якой я працаваў, мяне зацікавіла. Я лічу, што добра вывучыў аб'ект свайго даследавання – баброў, дастаткова падрабязна вызначыў уплыў баброў на навакольнае асяроддзе. Правёў апытанне мясцовых жыхароў і выявіў адносіны да гэтай жывёлы. Таксама быў развеяны міф аб тым, што бабры—драпежнікі і ядуць рыбу.

Вынікі даследавання прымусілі задумацца над фактам, што ў прыродзе няма нічога бескарыснага, і чалавек павінен імкнуцца беражліва ставіцца да ўсяго жывога і шукаць шляхі мірнага і бяскрыўднага суіснавання. Такім чынам, можна канстатаваць, што мая краязнаўчая праца дазваляе авалодаць наборам яшчэ і экалагічных ведаў і спосабаў дзейнасці, і іменна: робіць нашы паводзіны экалагічна граматнымі і асэнсаванымі.



Спіс крыніц інфармацыі

  1. Біялагічны слоўнік школьніка, Дарафееў А.М., Іваноў Г.А. Мінск. – “Народная асвета”. – 1993. – С.102, 311

  2. Біялогія. Том 1. Пад рэдакцыяй К.Певз-Хоке і Э.Цабель.—Мінск.—“Народная асвета”.—2002.—С.39

  3. Стаўроўскі Дз.Дз./Бабры Бярэзінскага біясфернага запаведніка: (Марфол.- экал. аналіз папуляцый) Бярэзін. біясферы. запаведнік БССР. – Мінск.—Ураджай.—1986

  4. Папулярны энцыклапедычны справачнік “Жывёльны свет Беларусі. Звяры” пад рэдакцыяй Пашкова П.Г., Бураковай Т.Е., Фядосава А.К. – Мінск.—“Беларуская энцыклапедыя”. – 2003. – С. 77

  5. Пракоф’ева С. “Рачны бабёр”.// Дзікая прырода. – 2009. -- №3. – С.26

  6. Энцыклапедыя пад рэдакцыяй Алексіна А.А., Аляксеева С.П. “Што такое? Хто такі? ”. Том 1. – Масква.—“Педагогіка-Прэс”. — 1992., С. 164

  7. Жыццё жывёл: Сысуны. Том 7, пад рэд. Сакалова Е. В., Масква.-- «Асвета».—1989 год.

Інтэрнэт - крыніцы

8.http://ecology.md/page/bobry-spasateli-nashih-lesov Бабры — выратавальнікі нашых лясоў  

9. www.be.wikipedia.org

10. www.ru.wikipedia.org



Каталог: templates
templates -> Сідаровіч Анжэліка Алегаўна, настаўнік пачатковых класаў дуа «Карцэвіцкая сярэдняя школа»
templates -> Ільянскія вандроўкі краязнаўчы маршрут
templates -> Змены ўжыцці дзікіх жывел восенню”
templates -> Нахмурыцца, насупіцца, у слёзы ўдарыцца -нічога не застанецца
templates -> Вёсцы Дукора – 430 гадоў
templates -> Тэма: Насельніцтва Еўразіі. Дэмаграфічныя кантрасты
templates -> … у 1900 г у вёсках Беражок, Дварэц
templates -> Праект “Мая школа ў асобах і падзеях”. Матэрыялы музея “Ільянскія далягляды”


Поделитесь с Вашими друзьями:
  1   2




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал