Яська-гаспадар з-пад Вільні; Алаіза Пашкевіч звалася не толькі Цёткай




Дата канвертавання23.12.2017
Памер50.18 Kb.
Псеўданімы

Псеўданім – несапраўднае, выдуманае імя-маска, за якой хаваецца творца, радзей грамадскі дзяяч, палітык, навуковец. Традыцыя стварэння псеўданімаў была запачаткаваная яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і Рыме. Але свайго росквіту дасягнула ў ХVII-XVIII стагоддзях, калі аўтары публіцыстычных тэкстаў вымушаныя былі зашыфроўваць сваё імя, каб не выклікаць абурэнне з боку ўладаў. Так, у Вальтэра, напрыклад, было больш за 160 псеўданімаў (сапраўднае яго прозвішча - Arouet).



Адным з першых і найбольш вядомых беларускіх псеўданімаў стала імя Сімяон Полацкі - псеўданім Самуіла Гаўрылавіча Пятроўскага-Сітнятовіча (ХVІІ ст.). Больш актыўна да псеўданімаў беларусы сталі звяртацца ў ХІХ-ХХ стагоддзях. Матывацыя гэтай з’явы ў розныя перыяды беларускай гісторыі была розная. Так, у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя гэта былі прадстаўнікі шляхты, якія хацелі наблізіцца да простых людзей, да якіх звярталіся ў сваіх творах, але і часам схавацца ад цэнзуры царскіх часоў, таму ў якасці псеўданімаў абіралі народныя імёны. Каліноўскі падпісваў свае адозвы – Яська-гаспадар з-пад Вільні; Алаіза Пашкевіч звалася не толькі Цёткай, але і Крапіўкай, і Крапівіхай, і Мацеем Крапіўкай, і Гаўрылам з Полацку, і Тымчасовым. У раннія савецкія часы некаторыя псеўданімы не толькі літаратараў, але і палітыкаў абіраліся з мэтай паказаць іх далучанасць да пралетарыяту, часам прыхаваць “няправільнае” паходжанне ці габрэйскае прозвішча: Міхаіл Кудзелька – Міхась Чарот, Максім Бяднейшы, Юрка Куртаты, В.Чарот; Яўген Скурко – Максім Танк; Іосіф Плашчынскі - Язэп Пушча; Арон Маўшэнзон – Аркадзь Маўзон; Канстанцін Вашына - Лукаш Калюга, Зміцер Жылуновіч – Беларус-Камуніст і інш.

Сярод іншых прычынаў з’яўлення псеўданімаў узгадаем жаданне адлюстраваць у іх сутнасць творчасці (Крапіва – вастрыня, Маўр – экзотыка); пазбегчы блытаніны, выкліканай супадзеннем прозвішча аўтара з прозвішчам іншай вядомай асобы (Канстанцін Міцкевіч - Якуб Колас і Адам Міцкевіч); жаданне абраць у якасці псеўданіма мілагучнае самабытнае беларускае слова; містыфікацыя; сціпласць аўтара; страх фіяска і інш. У сучаснасці псеўданім можа таксама быць звязаны з жаданнем схаваць саё імя і асобу, каб пазбегчы рэпрэсій (усім вядомы Мірон, што вывешвае бел-чырвона-белыя сцягі), або папросту замяніць не зусім адметнае, “шараговае” імя на гучнае, моднае, камерцыйнае, часам немясцовае, якое выклікае шэраг асацыяцый (спевакі Аляксандр Яфімік - Саша НЭМА, Алена Лепохіна – Алёна Ланская, Юрый Наўроцкі – Юзары).

Вядомыя выпадкі, калі з пэўных меркаванняў мужчыны бяруць у якасці псеўданіма жаночае імя (Максім Багдановіч у рускай прэсе часам выкарыстоўваў псеўданім Екатерина Февралёва. У сваіх успамінах Зоська Верас, узгадвае, як Багдановіч казаў: “Я пагадзіўся ўжо са сваёй хваробай і з тым, што жыць засталося няшмат, што не магу мець сям’і. Я так люблю дзяцей… напісаў калыханку і аддаў яе ў друк, падпісаўшы псеўданімам. Усе, хто яе чытаў, думалі, што напісала яе жанчына, жанчына-маці. У гэты твор я ўлажыў усё сваё пачуццё”). Ёсць і адваротныя выпадкі, калі жанчыны выкарыстоўвалі мужчынскія імёны (узгаданая вышэй Алаіза Пашкевіч падпісвалася Гаўрылам, Гаўрылам з Полацку, Мацеем Крапіўкай). Часам мог існаваць і калектыўны псеўданім. Так, імя Я. Лупаты аб’ядноўвае трох творцаў - Брыля, Панчанку і Скурко. Колькасць псеўданімаў аднаго аўтара можа быць розная: нехта праз усё жыццё задавольваецца адным псеўданімам, як Максім Танк, а іншы мае іх дзясяткі (Зміцер Жылуновіч, напрыклад, меў, паводле звестак, 61 псеўданім, а Канстанцін Міцкевіч – 59).

Паводле класіфікацыі аўтара “Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)” Янкі Саламевіча, псеўданімы падзяляюцца на тры групы:

  • Уласна псеўданімы, якія імітуюць імя і прозвішча (Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот).

  • Абагульняльныя псеўданімы, у якіх называецца нацыянальнасць, сацыяльнае становішча, род дзейнасці і іншыя факты біяграфіі, а таксама прыкметы стылю (Янук з-пад Мінска – Іван Луцэвіч, Максім Беларус Максім Гарэцкі, Стары Педагог – Яўхім Карскі, Янка Журба – Іван Івашын)

  • Крыптанімы, што ўтвараюцца шляхам разнастайных скарачэнняў імёнаў, імёнаў па бацьку, прозвішчаў, уласна псеўданімаў: Б-ч ці Б-віч – Максім Багдановіч; Е. – Яўхім Карскі; А. Б-рэка – Адам Бабарэка; Е.Р.Р. – Еўдакім Раманаў; A.D., Dem. – Францішак Багушэвіч).

Варыянтам псеўданімаў можна лічыць выдуманыя сеціўныя аўтаназовы – nicknames, або нікі. Асноўнае адрозненне ніка ад псеўданіма – сфера ўжывання, бо нік выкарыстоўваецца выключна ў інтэрнэце. Нікі блогераў, напрыклад, могуць складаца як з літар, так і са спалучэння літар, лічбаў і графічных значкоў: burbalka, veragodna, fima9898, stasya_lerkina, $@$#@. Цікава, што ў ніках часта наўмысна парушаюцца беларускія правапісныя нормы: ranicca, blondzinko, kufarrr. У беларукім сегменце сацыяльных сетак надзвычай папулярнымі сёння сталі такія нікі, як Беларус, Ліцвін, Ліцвінка, Крывічка, Тутэйшы, Спадар.

Заданне

Каму належаць псеўданімы?

  1. Кузьма Чорны – Мікалай Раманоўскі

  2. Змітрок Бядуля – Самуіл Плаўнік

  3. Янка Лучына – Іван Неслухоўскі

  4. Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава – Францішак Багушэвіч

  5. Францішак Вядзьмак-Лысагорскі – Ніл Гілевіч

  6. Зьніч – Алег Бембель

  7. Ядвігін Ш. – Антон Лявіцкі

  8. Максім Крыніца – Максім Багдановіч

  9. Звычайны Пятрусь – Пятрусь Броўка

  10. Власт, Юры Верашчака – Вацлаў Ластоўскі

  11. Андрэй Мрый – Андрэй Шашалевіч

  12. Адам Глёбус–Уладзімір Адамчык

  13. Алесь Гарун – Аляксандр Прушынскі

  14. Міхась Зарэцкі – Міхась Касянкоў

  15. Алесь Чабор, Авось Савось, Алесь Каліна – Рыгор Барадулін

  16. Джэці – Вера Бурлак (Жыбуль)

  17. Янка Маўр – Іван Фёдараў

  18. Кандрат Крапіва – Кандрат Атраховіч

  19. Максім Лужанін – Аляксандр Каратай

  20. Анка Упала – Алена Казлова

  21. Карусь Каганец – Казімір-Рафаіл Кастравіцкі

  22. Канстанцыя Буйло – Канстанцыя Калечыц

  23. Уладзіслаў Сыракомля – Людвік Кандратовіч

  24. Гаўрыла з Полацку - Алаіза Пашкевіч

  25. Дзядзька Карусь, Карусь Лапаць, Агарак, Лесавік, Марцін з-за рэчкі – Канстанцін Міцкевіч

  26. Сімяон Полацкі - Самуіл Пятроўскі-Сітнятовіч

  27. Цішка Гартны – Зміцер Жылуновіч

  28. Уладзіслаў Галубок - Уладзіслаў Голуб

  29. Алесь Мара - Аляксей Марачкін  

  30. Зоська Верас - Людвіка Сівіцкая-Войцік

  31. Тодар – Зміцер Вайцюшкевіч


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка