Ю. А. Жукава, П. В. Бурдыка Беларускі дзяржаўны універсітэт, Рэспубліка Беларусь




Дата канвертавання09.03.2017
Памер68.02 Kb.
Ю.А. Жукава, П.В. Бурдыка

Беларускі дзяржаўны універсітэт,

Рэспубліка Беларусь
ПРЫНЦЫПЫ ПСІХАЛАГІЧНАЙ І ЛІНГВІСТЫЧНАЙ КЛАСІФІКАЦЫІ ЭМОЦЫЙ
Калі вывучаць эмоцыі ізалявана, дастаткова складана вызначыць крытэрыі, якія дазваляюць дакладна ідэнтыфікаваць і класіфікаваць іх. Існуе мноства класіфікацый эмоцый, якія заснаваны на розных прыкметах, але магчыма вылучыць два асноўныя падыходы.

У межах першага падыходу прапаноўваюць імперычныя “лінейныя” схемы, якія ўяўляюць сабой пералік базавых, ці фундаментальных эмоцый, якія “могуць адпавядаць пэўным бакам эмацыйнага вопыту, агульнага для ўсіх людзей і закладзеным генэтычна” [1; 17].



Крытэрыямі дыферэнцыяцыі базавых эмоцый з’яўляюцца іх “універсальныя” прыкметы. Т.Д.Кэмпер, напрыклад, лічыць, што фундаментальныя, ці першасныя эмоцыі, якія маюць фізіялагічную аснову, вылучаюцца з улікам наступных характарыстык:

  1. яны назіраюцца ў многіх жывёл;

  2. яны існуюць ва ўсіх культурах;

  3. яны праяўляюцца на пачатковай стадыі развіцця асобы;

  4. кожнай з іх належыць асабістая схема фізіялагічных змен [гл. Kemper].

К. Ізард прапаноўвае іншыя крытэрыі вылучэння базавых эмоцый:

  1. яны маюць спецыфічныя нярвовыя субстраты;

  2. яны праяўляюць сябе пры дапамозе выразнай і спецыфічнай канфігурацыі мышачных рухаў твару (мімікі);

  3. яны ўзнікаюць як вынік эвалюцыйна-біялагічных працэсаў;

  4. базавая эмоцыя цягне за сабой спецыфічнае перажыванне, якое асэнсоўваецца чалавекам;

  5. базавая эмоцыя аказвае матывацыйны ўплыў на чалавека [6; 63-64].

Ужо філосафы антычнасці і Новага часу прапаноўвалі класіфікацыі эмоцый, крытэрыямі якіх былі ўмовы ўзнікнення. Напрыклад, філосафы-стоікі Зіноп і Хрызіп вылучалі чатыры віды страсці: радасць і смутак пры асэнсаванні цяперашняга, жаданне пры спадзяванні на задавальненне і страх пры адчуванні пакуты [10; 13]. У XIX стагоддзі даследчыкі тэорыі эмоцый прапаноўваюць амаль ідэнтычны пералік базавых унутранных перажыванняў. Ч.Дарвін у сваёй працы “Выражэнне эмоцый у чалавека і жывёлы” дыферынцуе смутак, радасць, любоў, панурасць, нянавісць, гнеў, здзіўленне, страх, боязь, сорам і г.д. У.Джэймс лічыць асноўнымі эмоцыямі страх, гнеў, любоў, сорам, нянавісць, смутак, ганарлівасць і іх адценні, якія абазначаюцца сінонімамі. Кароткі агляд “лінейных” схем паказвае, што даследчыкі, якія належылі розным навуковым школам, даюць у сваіх працах амаль ідэнтычны пералік асноўных эмоцый, памер якіх складае ад двух да адзінаццаці. Сучасныя даследчыкі дыферынцуюць больш за трыццаць фундаментальных эмоцый: жах, гнеў/лютасць, радасць, здзіўленне, смутак, любоў, жаданне, агіда, пагарда, сорам/сарамлівасць, пакута/гора, нянавісць, інтарэс, шчасце і інш. [гл. Ізард, Проннікаў, Ладанаў]. Амаль аднадушна вылучаюць эмоцыю жаху і гнева, якія маюць сувязь з біялагічным існаваннем чалавека, з інстынктам самазахоўвання. Астатнія віды перажыванняў маюць месца не ва ўсіх класіфікацыях. Мы лічым, што пералічаныя класіфікацыі эмоцый – гэта каталог эмоцый, які ўяўляе сабой вынік першаснай сістэматызацыі эмацыйных працэсаў з улікам іх мадальнасці. Лінгвісты пры вылучэнні дэнататыўных класаў эматыўнай лексікі могуць арыентавацца на псіхалагічную наменклатуру эмоцый, але трэба ўлічваць умоўнасць тэрміналогіі эмоцый, якая вылучаецца і самімі псіхолагамі. “Многія назвы эмоцый па-рознаму суадносяцца з рэальнымі іх перажываннямі” [5; 25]. Такая сітуацыя з эмоцымі ўзнікла ў сувязі з неўпарадкаванасцю эмацыйный тэрміналогіі, якая праяўляецца ў наступным:

  1. у працах псіхолагаў такія паняцці як “эмоцыя”, “пачуццё”, “афект” ужываюцца або як сінонімы, або як розныя па значэнні словы;

  2. розныя канцэпцыі і класіфікацыі эмоцый ствараліся на розных мовах і ў розныя эпохі;

  3. сістэма тэрмінаў эмоцый уяўляе сабой сукупнасць тэрміналагічный і штодзённай лексікі, злучанай устойлівымі лексіка-семантычнымі адносінамі.

На наш погляд, найбольш поўная ідэнтыфікацыя эмоцый магчыма дзякуючы натуральный мове. Эматыўная лексіка належыць такім сістэмам, якія самі падзяляюцца па сваім унутранным законам, у адрозненні ад тых, якія вымушаны дзяліцца звонку. Лінгвістычны падыход да праблемы размежавання эмоцый дае магчымасць крытычна пераасэнсаваць іх псіхалагічны пералік: назвы такіх эмоцый, як жаданне, прагнасць, смеласць, упэўненасць і інш. павінны разглядацца ў складзе лексікі са значэннем маральных якасцей чалавека.

Другі падыход да класіфікацыі эмоцый - у размежаванні розных відаў эмацыйных з'яў, заснаваных на пэўных прыметах апошніх, якія не залежаць ад іх суб'ектыўнай якасці. Крытэрыем гэтай класіфікацыі могуць служыць самыя разнастайныя характарыстыкі эмоцый: 1) знак (станоўчы/адмоўны); 2) генэтычнае паходжанне; 3) транзітыўнасць, г. зн. накіраванасць на адчуваючую асобу ці на іншых; 4) узровень праяўлення (вышэйшыя/ніжэйшыя эмоцыі); 5) сувязь з іншымі псіхічнымі працэсамі: памяццю, успрыманнем і г.д.; 6) аб'ектыўныя фізіялагічныя і фізічныя паказчыкі, і таксама працягласць, інтэнсіўнасць, глыбіня,усведамленне эмоцый, выконвыемыя функцыі, сувязь з вопытам, уплыў на арганізм і інш. Для мэты нашай працы маюць значэнне толькі тыя параметры эмоцый, якія адпаведным чынам апасрэдуюцца мовай і выступаюць у якасці асновы тых ці іншых апазіцый эматываў. Важнымі падставамі моўнага размежавання эмоцый варта прызнаць такія аб'ектыўныя прыметы апошніх, як знак і форма перажывання. У псіхалогіі крытэрыем падраздзялення эмоцый па знаку выступае прынцып задавальнення/незадавальнення, якое дастаўляецца, што дазваляе даследчыкам адносіць да адмоўных пачуццяў жаль, спагаду, а да станоўчых – злараднасць, пачуццё задаволенай помсты і інш. Разам з тым адзначаецца, што дыферэнцыяцыя станоўчых і адмоўных эмоцый з'яўляецца вельмі ўмоўнай, паколькі адзін і той жа псіхічны стан можа ўяўляць сабой складанае адзінства супрацьлеглых перажыванняў, і толькі выяўленне дамінуючага кампанента дазваляе аднесці яго да группы станоўчых або адмоўных эмоцый. У натуральнай мове знак эмоцый адбіваецца ў выглядзе проціпастаўлення субпалёў станоўчага і адмоўнага эмацыянальнага стана (адносін) ўнутры адпаведных лексіка-семантычных палей, а таксама антанімічных пар у складзе ЛСГ дзеясловаў і імён са значэннем эмоцый. Крытэрый выдзялення двух асіметрычных пластоў эматыўнай лексікі носяць выключна моўны характар, уяўляя сабой станоўчую або адмоўную адзнаку, якая заключаецца ў значэнні наймення эмоцый. Трэба асабліва падкрэсліць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра ўласна адзнаку, а пра “квазіадзнаку”, бо эмацыянальны стан можа расцэньвацца як станоўчы або адмоўны толькі з пункту гледжання “агульнага меркавання”: калі чалавек весяліцца – гэта добра, калі сумуе – дрэнна. Дыхатамія па тыпу ацэначнага знака з'яўляецца семантычнай універсаліяй, уласцівай лексіконам эмоцый усіх моў, пры гэтым мова-сістэма і мова-функцыя характарызуюцца супрацьлеглымі тэндэнцыямі. Так, у мове-сістэме абазначэнні дрэннага больш дыферэнцыраваны, чым абазначэнні добрага, што абумоўлена псіхічнай схільнасцю чалавека лічыць добрае нормай. З прычыны гэтага “эматываў з адмоўнай ацэначнай семантыкай у слоўніках розных моў у колькасных адносінах больш, чым са станоўчай” [9; 7]. Аналіз паказвае, што асіметрыя палярных па знаку парадыгм эматываў праяўляецца як ў колькасным, так і ў якасным стаўленні, менавіта: не ўтвараюць супрацьлеглых па знаку пар не толькі такія нейтральныя па тыпу ацэначнага знака назвы эмоцый, як спакой, але і эматывы, якія змяшчаюць у сваёй семантыке адназначную станоўчую або адмоўную моўную адзнаку (жах, крыўда і інш.). Таму можна сцвярджаць, што ў антанімічныя адносіны ўступаюць толькі тыя назвы эмоцый, якія рэгулярна супрацьпастаўляюцца і па-за кантэкстам выклікаюць у нашай свядомасці прадстаўленне аб сваёй супрацьлегласці.

Другі параметр эмоцый – форма іх перажывання – набывае статус моўнага крытэрыя дыферэнцыяцыі эматываў у сувязі з наступным фактам. На аснове такіх прыкмет, як інтэнсіўнасць, працягласць, глыбіня, устойлівасць і некаторых іншых псіхолагі традыцыйна выдзяляюць некалькі форм эмацыйных з'яў: 1) элементарныя пачуцці задавальнення/незадавальнення (простыя, біялагічныя эмоцыі); 2) уласна эмоцыі, якія ўяўляюць сабой непасрэднае перажыванне тых або іншых з'яў: страх, радасць, хваляванне і г.д.; 3) пачуцці, накіраваныя на задавальненне сацыяльных і ідэальных патрэбнасцей (вышэйшыя, сацыяльныя эмоцыі: этычныя, эстэтычныя, інтэлектуальныя); 4) настроі – устойлівыя псіхічныя станы, якія на працягу доўгага часу афарбоўваюць дзейнасць чалавека ў выглядзе станоўчага або адмоўнага фону; 5) страсць – моцнае, стойкае, доўгае пачуццё, якое характарызуецца накіраванасцю ўсіх помыслаў асобы на прадмет страсці; 6) афект – імклівы і бурны эмацыйны працэс выбухнога характару. У адпаведнасці з гэтым мовазнаўцы мяркуюць, што на моўным узроўні дадзеная дыферэнцыяцыя выяўляецца ў выдзяленні ў складзе эматыўнай лексікі адзінак са значэннем настрою. Увогуле прызнавая правамернасць гэтага пункту гледжання, падкрэслім, што для рускай мовы характэрна строгая апазіцыя толькі тых лексем, якія абазначаюць сітуацыйныя эмоцыі (смутак, здзіўленне і інш.), сацыяльныя пачуцці (любоў, павага і інш.) і настроі. Выдзяленне эматываў са значэннем афекта ў самастойнае лексічнае мноства нараўне з такімі групамі, як “смутак”, “сарамлівасць” і падобныя, з'яўляецца не цалкам абгрунтаваным, паколькі ў склад канкрэтных мікрапалёў эматываў уваходзяць не толькі назвы эмоцый, але і назвы адпаведных афкетаў: так, слова лютасць абазначае афект гневу, слова захапленне – афект радасці і г.д. Адзначым, што прынятае ў псіхалогіі супрацьпастаўленне тэрмінаў “эмоцыя” і “пачуццё”, якія называюць розныя формы эмацыйных з'яў, не ўплывае на ўжыванне адпаведных штодзённых слоў, паколькі мова ў аднолькавай меры здольна абазначаць з дапамогай лексемы пачуццё і актуальнае перажыванне, і вышэйшую (сацыяльную) форму эмацыянальнай дзейнасці (параўнайце: пачуццё радасці, хвалявання, любові, гонару, доўга, прыгожага і г.д.). У сувязі з гэтым мы выкарыстоўваем слова эмоцыя ў якасці сіноніма да лексемы пачуццё ў значэнні ўнутранага эмацыйнага перажывання.



Літаратура:

  1. Вежбицкая, А. Сопоставление культур через посредство лексики и прагматики. – М.: Языки славянской культуры, 2001. – 272 с.

  2. Вольф, Е.М. Оценочное значение и соотношение признаков «хорошо/плохо» // Вопросы языкознания, 1986. - № 5. – С. 98 – 106.

  3. Дарвин, Ч. О выражении эмоций у человека и животных. – СПб.: Питер, 2001. – 384 с.

  4. Джеймс, У. Эмоция // Психология мотиваций и эмоций. – М.: ЧеРо, 2002. – С. 91 – 107.

  5. Додонов, Б.И. В мире эмоций. – Киев: Изд-во политической литературы Украины, 1987. – 140 с.

  6. Изард, К. Психология эмоций. – СПб.: Питер, 2003. – 464 с.

  7. Ильин, Е.П. Эмоции и чувства. – СПб.: Питер, 2002. – 752 с.

  8. Пронников, В.А., Ладанов, И.Д. Язык мимики и жестов. – М.: Сполохи, 1998. – 212 с.

  9. Шаховский, В.И. Лингвистика эмоций // Язык и эмоции. – Волгоград: Перемена, 1995. – С. 3 – 15.

  10. Якобсон, Н.М. Психология чувств. – М.: Изд-во АПП РСФСР, 1956. – 238 с.

  11. Kemper, T.D. How Many Emotions are there. Wedding the Social and Autonomic Components // American Journal of Sociology, 1987. – № 93. – Р. 263 – 289.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка