З дня нараджэння Аркадзя Куляшова, народнага паэта Беларусі




Дата канвертавання23.03.2019
Памер25.65 Kb.
6 лютага спаўняецца 105 годc:\users\metodist\desktop\kuliashou.jpg

з дня нараджэння Аркадзя Куляшова,



народнага паэта Беларусі


Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці) у сям'і настаўнікаў. У 1928 г. паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, а ў 1931 г. перайшоў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 г. Быў членам БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на беларускім радыё (1934 – 1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР (1936 – 1937). У 1941 – 1943 гг. – на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», у 1943 – 1945 гг. – у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945 – 1946 гг. – рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 – 1967 гг. – начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947 – 1978). Член СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1948, 1964), ордэнам Чырвонага Сцяга (1943), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955, 1974) і медалямі. Народны паэт БССР (1968), заслужаны работнік культуры УССР (1973). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1946 г. – за паэму “Сцяг брыгады”, 1949 г. – за паэму “Новае рэчышча”). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1970 г. – за пераклады паэзіі М. Лермантава, паэм “Энеіда” І. Катлярэўскага, “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфэла). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968 г. – за паэмы “Грозная пушча”, “Толькі ўперад”, “Песня аб слаўным паходзе” і вершы ў перыёдыцы).

Памёр 4 лютага 1978 г. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Паэтычны талент Аркадзя Куляшова раскрыўся надзвычай рана. Першыя вершы ён напісаў на рускай мове яшчэ ў шасцігадовым узросце. А ў 1926 г. у клімавіцкай акруговай газеце “Наш працаўнік” надрукавалі яго верш на беларускай мове. У рэспубліканскім друку першыя вершы з’явіліся ў 1927 г. у часопісе “Чырвоны сейбіт”. Калі Аркадзю было 14 гадоў, ён напісаў верш “Бывай!..”, які пазней стаў вядомай песняй “Алеся” дзякуючы ансамблю “Песняры”. У 16 гадоў А. Куляшоў выдаў першы зборнік вершаў “Росквіт зямлі” (1930). Потым выйшлі кнігі паэзіі “Па песню, па сонца!” (1932), “Медзі дождж” (1932), паэмы “Аманал” (1933), “Гарбун” (1935), зборнікі “Мы жывём на граніцы” (1938), “Радзіме і правадыру” (1938), “У зялёнай дуброве” (1940), “Добры чалавек” (1941), паэмы “Баранаў Васіль” (1941), “Сцяг брыгады” (паэма і вершы, Масква, 1943), “Прыгоды цымбал” (1945), зборнікі “На сотай вярсце” (1945), “Вершы” (1946), “Паэмы” (1947), “Выбраныя вершы і паэмы” (1948), “Камуністы” (1949), паэмы “Простыя людзі” (1949), “Выбраныя творы” (1947, 1951), паэма “Новае рэчышча” (1951), “Вершы і паэмы” (1954, 1966), “Граніца” (1954), паэма “Грозная пушча” (1956, 3-е дапрацаванае выданне ў 1963), “Новая кніга” (1964), “Сасна і бяроза” (1970), паэма “Далёка да акіяна” (1972), “Мая Бесядзь” (1973), “Хуткасць” (1976), “Крылы” (1983), “Профілі” (1987), вершы і паэмы “Маналог” (1989). Выдадзены зборы твораў у 2-х (1957, 1964), 4-х (1966 – 1967) і 5-ці тамах (1974 – 1977).
БЫВАЙ...
Бывай, абуджаная сырцами, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..


Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,


Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы


Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,


Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.


Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.


Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

1928


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка