За лістом – пахаванка



Дата канвертавання20.01.2017
Памер28.18 Kb.
#1821
За лістом – пахаванка

Жыхарка вёскі Пачапок Ніна Французава гасцям заўсёды рада, і кожнага чалавека сустракае добразычлівай усмешкай. Толькі вось калі размова заходзіць пра далёкае дзяцінства, на вачах жанчыны блішчаць расінкі слёз.

На дзіцячыя гады Ніны Антонаўны выпала ваеннае ліхалецце. Што такое голад і нястача, ёй вядома не па чутках. Бацька, Антон Барысёнак, пайшоў на фронт у першыя дні фашысцкага нашэсця, а на руках у маці, Галіны Кандратаўны, засталіся двое дзетак – Валодзя і Ніна. Ніводнай весткі за ўвесь перыяд вайны ад Антона Мартынавіча ў сям’ю не прыйшло. Родныя не ведалі, што здарылася з салдатам, бо ні лістоў ад яго, ні пахаванкі са штаба не атрымлівалі.

І вось настаў май 1945-га. Вялікае свята Перамогі. Да родных хат вярталіся салдаты-пераможцы. А сям’я Барысёнкаў згубіла ўсялякую надзею на сустрэчу з мужам і бацькам. Калі глядзелі на суседзяў і знаёмых вясковых мужчын, якія ў салдацкіх гімнасцёрках працавалі ў полі, то міжволі сціскаліся сэрцы: дзе ж падзеўся іх тата?!

-Я гуляла з сяброўкай на сонечнай вясковай вуліцы, - успамінае Ніна Антонаўна. – Нашай любімай гульнёй былі “класікі”. Начэрцім трэскай клетачкі на ўзбочыне і басанож скачам, перасоўваючы з “класа” ў “клас” бляшанку з-пад рыбных кансерваў. І раптам я пачула плач маці, што даносіўся з хаты.

Дзеці не заўважылі, як міма іх прайшла паштальёнка Дуня. У хаце Барысёнкаў яна крыху затрымалася....

-Дачушка, - бразнуўшы дзвярыма, паклікала Ніну матуля. – Хутчэй сюды бяжы. Жывы наш татка – вось ліст ад яго.

Радасць, што завітала ў той дзень у хату Барысёнкаў, словамі не выказаць.

Салдацкі ліст-трохкутнік, крыху змяты за доўгую дарогу, промнем надзеі трапятаў у мазолістых руках Галіны Кандратаўны.

10 чэрвеня 1945 года. Дарагія мае! Ужо трэці ліст дасылаю вам, але адказу чамусьці не атрымаў. Знаходжуся на чужыне, і мне тут вельмі сумна, бо ніякіх звестак пра вас не маю. Напішыце мне калі атрымаеце гэты ліст, як вы жывеце? Як дзеці? Што ёсць дома? Ці трымаеце карову, свіней? Што робіце ў калгасе? Ці хапае хлеба?” Лаканічны тэкст салдацкага пісьма, але які бясконца глыбокі сэнс закладзены ў яго словах! І нават скупыя сімвалы палявой пошты: “25717-ф” гучалі самай пранікнёнай мелодыяй жыцця і надзеі.

Наколькі бясконцым здавалася нечаканае шчасце сям’і, настолькі кантрасна жудаснай, нібы смяротная куля, прыляцела ў дом Барысёнкаў наступная вестка. Гэта была пахаванка: “Барысёнак Антон Мартынавіч у баі за сацыялістычную Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіўшы геройства і мужнасць, загінуў 12 чэрвеня 1945 года і пахаваны ў горадзе Вена”. Выходзіць, што якраз у той дзень, калі сям’я радавалася лісту ад бацькі, той пайшоў у сваю апошнюю атаку... І гэта здарылася на 33-і дзень пасля Вялікай Перамогі.

-Праз дваццаць гадоў пасля гэтага ў Пачапок з далёкай Удмурціі прыйшоў ліст на імя майго таты – Антона Мартынавіча Барысёнка, - працягвае свой аповед Ніна Французава. – З хваляваннем адкрыла канверт і прачытала наступныя радкі: “Прывітанне, Антон! Піша да цябе твой сябар Якаў Фёдаравіч Качаргін. Прыгадаў праз два дзесяцігоддзі ўсё, што мы разам перажылі. Не ведаю, што і пісаць. Адзінае хачу, каб ты адказаў на мой ліст”.

Што мне было адказаць на пісьмо татавага сябра? Паведаміла Якаву Фёдаравічу, што атрымалі на бацьку пахаванку. І яшчэ тое, што амаль нічога пра яго вайну не ведаем. Адзіны ліст і адна пахаванка. Неўзабаве атрымалі ад Якава Качаргіна яшчэ адно пісьмо. Якаў Фёдаравіч напісаў пра сваю сустрэчу з бацькам.

...Пазнаёміліся салдаты ў лагеры для ваеннапалонных у Аўстрыі. У сакавіку 1945 года ім удалося ўцячы з палону. Праз 17 дзён пасля ўцёкаў яны патрапілі да сваіх. А потым быў кантрольна-прапускны пункт, дзе сябры разлучыліся. Якаў Качаргін далейшую службу працягваў у адным з артылерыйскіх падраздзяленняў, а Антон Барысёнак – у Венскім медсанбаце.



Вось і ўся гісторыя апошняга ліста салдата да родных. Сёння, калі ўчытваешся ў радкі, што напісаны Антонам Мартынавічам у далёкім 1945 годзе, адчуваеш неймавернае пачуццё жалю ад жорсткасці і несправядлівасці, што выпрабоўвалі людзей у час вялікага ліхалецця – вайны. Сапраўды, яна прайшлася бязлітасным полымем праз лёсы нашых родных, блізкіх, знаёмых, якія аддалі свае жыцці дзеля Перамогі.
Марына ЦІТОВА, настаўніца гісторыі Кудзінскай базавай школы.
Каталог: data
data -> Алімпіяда па беларускай мове і літаратурнаму чытанню, 3 клас
data -> Змаганне полацкай І іншых зямель за незалежнаст
data -> Каб любіць Беларусь нашу мілую
data -> Г. Гродна 2016г. Абласная вучэбна-практычная канферэнцыя вучэбна-практычнай канферэнцыі
data -> Урок ведаў "Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны." 1 верасня Нам дырэктара па вр
data -> Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
data -> Анатоль бензярук касцюшкі сяхновіцкія гісторыя старадаўняга роду
data -> “ Пісьменнік Рыгор Няхай – ураджэнец вёскі Сяліба” Клімовіч Анастасія Сяргееўна, вучаніца VIII класа
data -> Тэма: Правапіс у, ў Мэты і задачы ўрока


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал