Захаванне гістарычнай памяці ў Беларусі: Ініцыятыва па стварэнні ан-лайн архіва ўспамінаў сведак часу




Дата канвертавання31.01.2017
Памер149.22 Kb.
Захаванне гістарычнай памяці ў Беларусі:

Ініцыятыва па стварэнні ан-лайн архіва ўспамінаў сведак часу
Ірына Кашталян
Ацалелыя рэшткі майго пакалення, прарэджанага ў свой час рэпрэсіямі, адыходзяць у нябыт па старасці, з незагойнымі ранамі душы, часцей за ўсё не выказаўшы таго, што адчувалі, не расказаўшы пра тое, што перажылі, што ведалі, што бачылі і чулі. Яны маглі б зрабіць гэта, даверыўшыся халоднай паперы, але гэта было небяспечна…

(Вячаслаў Шыдлоўскі. Рысы майго пакалення)
Пры правядзенні даследаванняў гісторыкі заўсёды вырашаюць пытанне якімі крыніцамі карыстацца. Звычайна робіцца выбар на карысць папяровых дакументаў з дзяржаўных архіваў. Аднак ёсць аспекты ў гісторыі ХХ ст., у тым ліку беларускай, дзе немагчыма абысціся толькі традыцыйнымі падыходамі і афіцыйнымі актамі. Гэта тэмы, якія знаходзяцца на стыку гуманітарных навук, звязаныя з асэнсаваннем траўматычнага вопыту, наяўнымі ў грамадстве табу, патрабуюць прадстаўлення гістарычных падзей з пункту гледжання простага чалавека і г.д. Часам гэта адбываецца з-за немагчымасці доступа да спецыяльных архіваў у Беларусі, а таксама з-за недастатковасці інфармацыі, размешчанай у пісьмовых дакументах, неабходнасці яе дадатковага пацвярджэння. У такім выпадку патрабуецца выкарыстанне ўспамінаў сведкаў часу з улікам плюсаў і мінусаў іх суб’ектыўнасці.

Успаміны дапаўняюць і ажыўляюць гістарычную карціну часу, яны нярэдка з’яўляюцца цікавымі не толькі спецыялістам, але і аматарам гісторыі. У тым ліку тым, што прадстаўляюць гісторыю праз сітуацыйныя аповяды, робяць упор на блізкія ўсім асноўныя вехі жыццёвай мадэлі (стварэнне сям’і, атрыманне адукацыі, уладкаванне кар’еры). Такі наратыўны дыскурс дапамагае лягчэй успрымаць нават складаныя тэмы.

Успаміны могуць падмацаваць аргументы тых, хто змагаецца з міфамі ў гісторыі, хаця яны ж могуць ствараць і новыя. Задача гісторыка асцярожна выкарыстоўваць гэтыя крыніцы і не страціць магчымасць дапоўніць маемыя веды пакуль яшчэ даступным матэрыялам. У сітуацыі дзяржаўнай прэзентацыі беларускай гісторыі праз навязванне грамадскасці пэўных штампаў пра шчаслівае і гераічнае савецкае мінулае барацьба з афіцыйнымі міфамі цалкам апраўданая. Як напрыклад з прадстаўленнем вайны, партызан. Адзначым аднак і тэндэнцыю навязвання іншых міфаў, у адрозненне ад “прасавецкіх”, -- апазіцыйна “антысавецкіх”. У тым ліку гэтыя маніпуляцыі памяццю звязаны з імкненнем ў “добрых” мэтах стварыць беларускую калектыўную ідэнтычнасць1.

Карысць інтэрв’ю са сведкамі гісторыі для ўстанаўлення гісторычнай праўды несумненна. Прыклад гэтаму даследаванне з выкарыстаннем успамінаў старажылаў пра сапраўдную трагедыю вёскі Дражна2, дзе партызаны ў 1943 г. знішчылі мірнае насельніцтва. Такая інфармацыя супярэчыла афіцыйнаму міфу, і па гэтых фактах разбіраліся “кампетэнтныя” органы, якія не змаглі абвергнуць факт ваеннага злачынства. Колькі яшчэ нераскрытых таямніц, якія не адлюстраваны ў друкаваных дакументах? Далеко не ўсе яны будуць калі-небудзь раскрытыя. Каб з часам была магчымасць аднавіць гістарычную справядлівасць, якая мае толькі вусныя доказы відавочцаў, трэба імкнуцца запісваць інтэрв’ю гэтых людзей. Вусныя ўспаміны павінны быць захаваныя як дакументы гісторыі, якія з часам знікаюць ад даследчыкаў, калі іх не захаваць. Каб як мага большая іх колькасць захавалася для даследаванняў, важныя намаганні не толькі гісторыкаў, але і прадстаўнікоў сумежных спецыяльнасцяў, журналістаў і іншых зацікаўленых.


У кожнага свая праўда

Вусныя ўспаміны нярэдка ўяўляюць сабой адрозны ад афіцыйнага погляд на гісторыю ХХ стагоддзя. Стаўленне простага чалавека, яго ўнікальны досвед дазваляюць пабачыць мінулае больш ярка і адначасова страката. У кагосці сям’я сур’ёзна пацярпела ў час Другой сусветнай вайны і яго траўматычны вопыт3 перакруціў усё яго жыццё, а камусці пашанцавала і ў адрозненне ад савецкага перыяда, падчас нямецкай акупацыі ён упершыню наеўся хлеба, бо падатковая сістэма дазваляла яго вырасціць дастаткова і для сябе4. А на Наваградчыне, напрыклад, простыя людзі праводзілі таемны абрад, каб паскорыць канец вайны:



«М.В.: Тады ўжо нашыя беларусы пяклі хлеб і насілі ад вёскі да вёскі ў тую сторану, на запад, каб вярнуць яго, адправіць дадому немца...

І.: А хто гэты хлеб пёк? Як гэта было?

М.В.: Людзі пяклі… гэто было гэдако жаланё ў нас. А другоё жаланё было за ноч зрэзаць паехаць у лес тры краста. Як стаялі ў вёсцы, пры Саветах як павыразалі, то за ноч зрабіць крастэ і паставіць. І выткаць: напрасьці, аснаваць і выткаць палаценцо, рушніке на кажны крэст…

І.: І гэта трэба было зрабіць уночы?

М.В.: За ноч. І за ноч зрабілі – вёска велькая, а што ж!

І.: Уся вёска рабіла?

М.В.: Уся вёска...

И.: І навошта гэта рабілася? Дзеля чаго?..

М.В.: Каб прагнаць немца. Каб Бог з намі быў»5.

Кожнае жыццё – непаўторны злепак падзей, абставін, памкненняў і асабістых якасцяў канкрэтнага чалавека. Апошні ўяўляе сабой вынік эпохі, у якую жыў і пра якую яму ёсць, што распавесці. Аднак істотнай перашкодай з’яўляецца факт, што аб’ем і насычанасць важнымі звесткамі паведамляемай рэспандэнтамі інфармацыі знаходзіцца ў прамой залежнасці ад іх стаўлення да цяперашняй палітычнай сітуацыі, стану памяці і іншых фактараў уплыва. Таму важна шукаць у ёй не столькі факты, колькі сэнсы, якія ім надаваліся.

Асноўная праблема аналіза водкліка на падзеі мінулага заключаецца ў свядомай ці падсвядомай мадэрнізацыі яго ў перцэпцыі рэспандэнта ў кантэксце сённяшніх ведаў і эмоцый. Канкрэтны прыклад гэтаму – рэвізія поглядаў на асобу Сталіна ў рэчышчы рашэнняў ХХ з’езда КПСС. Пад яго ўплывам сведка часу мог трансфармаваць сваю ацэнку і шчыра верыць што так і было насамрэч6. Большасць (фактычна абсалютная да смерці Сталіна і Даклада аб яго кульце асобы на ХХ з’езде КПСС) не разумела, не ўсведамляла, як імі рэальна маніпулюе ўлада ў той перыяд.

Падобныя праблемы існуюць з назвамі месцаў, датамі і імёнамі. Час ва ўспамінах адносны, ён не заўсёды абмежаваны часовымі межамі, часам размыты па перыядзе ад некалькіх гадоў і больш. Напрыклад, рэспандэнт узгадваў штосці як тое, што даўно здарылася, і гэта магло быць да вайны ці адразу пасля яе, і як нешта нядаўняе тое, што адбывалася ў 1960-х гадах. Таму важна вывучаць логіку дзеянняў, а не фактуру, аднак часам і яе знайсці цяжка. У працэса ёсць і зваротны бок: бывае, што чалавек, які раней не разбіраўся чаму хтосці здзейсніў нейкія ўчынкі, пасля пачынае больш разумець іншага.

Даследчыку трэба ацаніць і абысці падводныя камяні інтэрв’ю – пераказванне чужых гісторый і інфармацыі з апублікаваных крыніц, стэрэатыпаў. Такія нярэдка выказваюцца сведкамі беларускай гісторыі ў адносінах да такіх темаў, як напрыклад, стаўленне насельніцтва да яўрэяў, прадстаўленне пра “заходнікаў” і “ўсходнікаў”, паводзіны насельніцтва падчас нямецкай акупацыі, далучэнне Заходняй Беларусі да БССР і інш. Калі рэспандэнт атрымоўваў пытанні ў межах тых сюжэтаў, у якіх ён раней казаў, пісаў, ён паводзіў сябе больш упэўнена, але нярэдка выкарыстоўваў для ніх шмат агульных і патэтычных словаў, адначасова мог зрабіць вельмі суб’ектыўныя высновы. Ён мог паспрабаваць пазіцыянаваць сябе як усёведнага, у тым ліку надзяляючы шмат увагі прачытанаму. На падставе гэтага за свае маглі выдавацца чужыя думкі, вышэйшыя пасадныя асобы міфалагізавацца. І тады ў гісторыка няма ўпэўненасці, што асоба транслюе сапраўды сваё меркаванне і вопыт. Гэта праблема т.н. прафесійных сведак, людзей, якія ўжо не першы раз даюць інтэрв’ю, чыі ўспаміны ўнутрана імі структураваны7. Існуе дылема адслаення прыдуманага, у рэальнасць чаго чалавек насамрэч верыў.

Згладзіць гэты эфект вусным гісторыкам дапамагае пастаноўка пытанняў па тэмах, на якія сведка яшчэ не асвятляў у сваіх адказах, таму яму даводзіцца разважаць над такім сваім вопытам. І гэта таксама крыніца для аналіза, таму што паведамляецца яшчэ не зусім адцэнзураваная ўнутрана інфармацыя. Часам нават можна прасачыць працэс прахаджэння самацэнзуры, па розных прыкметах, калі, напрыклад, чалавек выпраўляе “памылку”. Так сведка Паўлоўскі Г.8 цэнзураваў выказванне пра рэакцыю людзей на з’яўленне польскага падполлля: слова “паніка” не было дагаворана і была заменена на “пагалоска”. У першую чаргу такія агаворкі і карэктыроўкі адбываюцца, калі рэспандэнт гаворыць пра нейкіх канкрэтных асоб, думае як “абяліць сябе і другіх”, зглажвае канфліктныя вуглы. З часам гэта можа стаць неўсведамляемым, таму што людзям хочацца памятаць добрае, а кепскае яны стараюцца забываць.


Траўматычны вопыт беларусаў

Сутыкненне простага чалавека, жыхара Беларусі, з савецкай (у першую чаргу да смерці Сталіна) і нацысцкай сістэмамі ўлады магло прывесці да фарміраванню ў яго траўматычнага вопыта, які потым сур’ёзна змяняў яго жыццё, стратэгіі паводзін. У некаторых магло накаплівацца некалькі траўмаў, калі яны патраплялі пад каток сталінскіх рэпрэсій, пацярпелі ў вайну. На падставе аналіза ўспамінаў можна пабачыць як развівалася асоба пад уплывам гэтых негатыўных з’яў, як перадаваўся адмоўны вопыт іншым пакаленням, ступень усведамляемасці праблемы. Для многіх па зразумелых прычынах менавіта война стала самым страшным перажываннем.

Пры аналізе ўплыва рэпрэсій заўважна розніца ва ўспамінах тых, хто быў рэпрэсаванны ці парушаў законы і тымі, хто не сутыкаўся з пагрозай ці рэальным выкарыстаннем рэпрэсіўнай палітыкі надзеленымі ўладай асобамі. Першыя аказваліся перад праблемай маральнага выбара: ці яны сапраўды лічылі сябе ў некаторым сэнсе злачынцамі, ці крытычна ставіліся да сістэмы, якая зрабіла іх вінаватымі. Для многіх з іх сутыкненне з палітыкай рэпрэсій была тым крытычным момантам, які моцна паўплываў на іх сённяшнюю пазіцыю. Гэтыя ўспаміны адносіліся да тых, што помняцца, таму што «падаграюцца», падтрымліваюцца рознымі намаганнямі  — незадавальненнем, адчуваннем несправядлівасці. Гэта магло таксама перадавацца і блізкім ім людзям, якія зналі пра выпадак канфлікта з уладай, і ўжо не маглі глядзець на сітуацыю з афіцыйнага пункту гледжання. У той жа час адзначым, што пакуты гэтага чалавека часта не заўважаліся, а пра «антысавецкай» дзейнасці ў іншых людзей, у адрозненне ад саміх удзельнікаў, засталіся іншыя ўспаміны, а маглі не захавацца зусім.

Пра існаванне большасці рэпрэсіўных указаў рэспандэнты не чулі. Яны хутчэй сутыкаліся з прыкладамі выкарыстання рэпрэсіўнай практыкі на іх падставе. Насельніцтва не асабліва інфармавалі, у жанчын меншы інтарэс тлумачыўся тым, што асноўны час сыходзіў на намаганні па забеспячэнні сям’і, выхаванні дзяцей. Аднак застаецца пытаннем чаму не цікавіліся, не было ці гэта падсвядомым жаданнем адмаўлення фактаў рэпрэсій, веры ў лепшае? Чалавеку, які жыў звычайным «нармальным» жыццём і не хацеў “выдзяляцца”, так было прасцей. Але тое, што непасрэдна ўплывала, заўважалі больш. Жанчыны звярталі ўвагу на бытавыя асаблівасці9, у адрозненне ад мужчын, якія маглі абстрагавацца ад рэальнасці. А часам наадварот – жанчыны дыстанцыянаваліся ад рэальнасці ў сваіх клопатах пра сям’ю, а вось мужчыны цікавіліся тым, што адбывалася навокал.



Пры зборы інтэрв’ю сведкаў гісторыі ў Беларусі існуе вялікі бар’ер у атрыманні інфармацыі, звязаны з бояззю паўтора рэпрэсій для іх дзяцей. Гэта звязана і з цяперашняй палітычнай сітуацыяй. Сведкі не заўсёды ідуць на кантакт, часам спрабуюць схаваць сваё сапраўднае стаўленне да падзей мінулага перад чужымі людзьмі. Гэты страх рознай ступені, у тым ліку ў залежнасці ад таго з якога рэгіёна былі людзі, з Заходняй ці Усходняй Беларусі. Але жаданне сведкі данесці праўду да будучых пакаленняў, ці выказацца з-за недахопу ўвагі (у тым ліку ў даніну былой прафесіі,, напрыклад, настаўніка) дае магчымасць збора матэрыяла нягледзячы на вышэйзгаданыя неспрыяльныя ўмовы. Больш выніковай такая размова становіцца пасля папярэдняга кантакта з рэспандэнтам праз знаёмых людзей. Калі заслужыць іх давер, магчыма даведацца гісторыі, якія яны хавалі нават ад сваіх дзяцей. Асабліва гэта датычыць тых, хто ведае, што прадстаўляе версію гісторыі, адрозную ад афіцыяльна прынятай, калі яна паказвае канфлікт паміж чалавекам і ўладай10.

Існуе падсвядомая боязь «ачарняць» савецкі стыль жыцця, у тым ліку з-за перажытага стрэса і страха пацярпець за лінію паводзін, адрозную ад патрабуемай афіцыйна. Рэспандэнты могуць баяцца агучваць нават тое, што было неаднаразова апублікавана ў розных даследаваннях. Таму часам людзі, нават калі былі гатовыя паведаміць інфармацыю пра тое, што раней было забаронена, прасілі выключаць дыктафон, гаварылі цішэй. Таксама прызнакамі гэтага з’яўляюцца замена слоў жэстамі ці проста замоўчванне фактаў, скажэнне назваў, напрыклад, рэпрэсіўных органаў да выраза «сообщить куда нужно».

Характэрныя паводзіны – стратэгія недагаворвання, утойванне інфармацыі рэспандэнтам, які не хоча ні падмануць, ні раскрыцца. Як і ў савецкія часы, людзі калі чымсці былі не задаволены, то гэта звычайна вылівалася ў т.н. размовы на кухні, без пабочных асоб. Затое лягчэй дзяліліся ўспамінамі ў рэчышчы грамадскага ўспрыняцця, афіцыйнай ідэалогіі  — напрыклад, пра партызан, стаўленне да Сталіна (паўплываў ХХ з’езд) і інш. Як адна з форм ухілення ад адказу на “незручныя” рэспандэнту пытанні выкарыстоўвалася выказванне згоды з наяўнасцю праблемы, згадваемай у пытанні пра мінулае, але без распаўсюджання на свой вопыт.

У залежнасці ад асобы рэспандэнта інтэрв’юеру, як вопытнаму псіхолагу, трэба угадваць як лепш фармуляваць адныя і тыя ж пытанні, каб людзі ў залежнасці ад запужанасці, загружанасці савецкай сістэмай, стэрэатыпамі ўсё ж на іх адказвалі. Калі правільна задаць тэму, можна выцянуць выключныя страшныя і смешныя бытавыя гісторыі з жыцця простага чалавека, якія даюць уяўленне пра некаторыя рэаліі таго часу. Напрыклад, пра тое, як маці забітага антысаветчыка прымушалі пазнаць свайго сына ці станчыць у яго на грудзёх11, ці як старшыня сельсавета выбіваў нядоімкі з неплацельшчыкаў падаткаў, імітуючы званок Сталіну12.


Захаванне гістарычнай памяці беларусаў
Аналізуючы сітуацыю з захаваннем успамінаў у Беларусі, сутыкаешся з праблемай скарачэння магчымасцяў зафіксаваць сведчанні рэспандэнтаў аб першай палове ХХ ст. (цяпер мяжа даступнай інфармацыі праходзіць фактычна па пачатку ІІ сусветнай вайны), недасяжнасцю і знікненнем ужо сабранага вуснагістарычнага матэрыяла, недахопам даследаванняў па гісторыі Беларусі з выкарыстаннем такога тыпа крыніц. Пасля 1991 года інтэрв’ю са сведкамі гісторыі больш актыўна збіраліся рознымі спецыялістамі. Аднак большасць такіх дакументаў, калі і было апублікавана, то не цалкам і невялікім накладам, што абцяжарвае азнаямленне з імі. Надрукаваныя ўспаміны13 утрымліваюць не ўсю інфармацыю, якая паведамлялася рэспандэнтамі. Як правіла, іх транскрыпцыі праходзяць рэдактарскую праўку. Нярэдка гэта ўвогуле мемуары, якія не могуць перадаць стылістыку вымаўлення сведкі, падтэксты якія магчыма маглі б быць цікавымі для даследчыка.

Таму ўзнікла ідэя стварыць у інтэрнэце архіўнае сховішча вусных успамінаў па гісторыі Беларусі для даследчыкаў, якія займаюцца ХХ стагоддзем і дадзеным рэгіёнам. Вясной 2011 года ўзнік праект «Беларускі архіў вуснай гісторыі» (www.nashapamiac.org), мэтай якога было даць магчымасць даследчыкам і аматарам вуснай гісторыі пачуць голас сведкі часу з Беларусі, і праз наратыў яго жыццёвага шляху прадставиць гісторыю ХХ стагоддзя у кантэксце макра- і мікра-падзей таго часу, пасадзейнічаць аналізу і пераасэнсаванню савецкага перыяда гісторыі, новым міждысцыплінарным даследаванням па гэтай тэматыцы.

Гэты навукова-адукацыйны рэсурс арыентаваны на забеспячэнне максімальнай даступнасці такога матэрыяла для зацікаўленых у атрыманні інфармацыі з дадатковых архіўных крыніц. Ён працуе ў ан-лайн рэжыме, а, значыць, ім могуць скарыстацца даследчыкі ў любой кропке свету. Праект скіраваны на захаванне памяці пра савецкі перыяд гісторыі Беларусі, у тым ліку па тэмах, якія з’яўляюцца актуальнымі і спрэчнымі, дапамаглі б дыскусіі ў грамадстве (антысавецкі супраціў, рэпрэсіі і г.д.), стварылі б магчымасць альтэрнатыўных афіцыйным даследаванняў, узбагацілі б беларускім кантэкстам магчымасці разгляду гісторыі СССР у сусветных даследаваннях.  Калекцыйны падыход дае магчымасць збору разнастайнага матэрыяла, а таксама яго будучага выкарыстання ў праектах, на адукацыйных мерапрыемствах, пры напісанні артыкулаў.

Шырыня ахопу перыяда архівам выклікана тым, што сведкі, як правіла, не канцэнтруюцца толькі на нейкіх вузкіх праблемах перыяда, а паведамлялі інфармацыю ў кантэксце ўсяго жыццёвага вопыта. Таму мэтазгодна максімальна прадстаўляць паведамляемую сведкам інфармацыю, што пашырыць магчымасці вывучэння розных падперыядаў і тэм. Да таго ж адзначым, што гэта звязана і з тым, што самі ўладальнікі калекцый успамінаў даследавалі розныя тэмы ў ХХ ст., як напрыклад, пра хіпі другой паловы 1960-х.

Беларускі архіў вуснай гісторыі паставіў на мэце наколькі магчыма выратаваць унікальны вуснагістарычны матэрыял, паведамлены сведкамі гісторыі з Беларусі. Яго каманда працуе, не робячы цэнзуры, хто “правільны” сведка, а хто “не зусім такі”. Ёсць надзея, што беларускім даследчыкам гэта можа дапамагчы змяніць метадалагічны дыскурс у бок еўрапейскіх аналагаў, пашырыць арэал вывучаемай тэрыторыі, паспрыяе выйсцю Беларусі з рэгіянальнай ізаляцыі.

Захаванне гістарычнай памяці беларусаў актуальна. Яшчэ мала намаганняў прыкладаецца, каб зберагчы яе ў форме захавання ўспамінаў простых людзей аб гістарычных перыядах. У той жа час трэба старацца віртуальна вяртаць вартых памяці людзей з небыцця. Праз разуменне шматграннасці гістарычнай памяці жыхароў Беларусі можна прыйсці да прымірэння з ёй, а не дзяленню ўдзельнікаў гістарычных працэсаў на “добрых” і “кепскіх”. Прадстаўленне гісторыі павінна быць праўдзівым. І тут многае залежыць ад інтэрпрэтацыйных практык, якія выкарыстоўваюць даследчыкі. Пры аналізе ўспамінаў не павінна аддавацца перавага пункту гледжання пэўных палітычных сіл. Для саміх жа беларусаў шлях да сваёй сапраўднай ідэнтычнасці ляжыць праз захаванне гістарычнай памяці такой, якая яна ёсць, праз разуменне, што нават самыя невялікія магчымасці, якія ўзнікаюць у гісторыі, могуць мець вялікую каштоўнасць для будучых пакаленняў.



Стварэнне ўнікальнага сховішча Беларускага архіва вуснай гісторыі павінна дапамагчы ў гэтым. Ставячы за мэту якаснае і колькаснае прадстаўленне вусногістарычных крыніц, яго каманда спадзяецца посудзейнічаць пашырэнню кола тэм для будучых даследаванняў і ўзбагачэнню іх дадатковай важнай інфармацыяй для разгляду. Выкарыстаны ў адукацыйных мэтах аналіз успамінаў простых людзей пра совецкі час будзе спрыяць узбагачэнню ведаў моладзі пра гісторыю рэгіёна.  Мяркуем, гэта архіўная платформа дасць неабходны стымул узнікненню розных новых міждысцыплінарных праектаў, напрыклад, па праблемах памяці, ідэнтычнасці, у тым ліку і міжнародных, звязаных з беларускай тэматыкай.



1 Столяр Дз. 8 мая 1943 г. у памяці жыхароў вёскі Налібакі // ARCHE. 2010. № 7-8. С. 621.

2 Хурсік В. Кроў і попел Дражна: гісторыя партызанскага злачынства. Мн., 2006.

3 Аўдыёінтэрв’ю Матроны Г., 1929 г.н., 1.03.2009, в. Юхнавічы, Лагойскі р-н Мінскай вобл. Ч. 1 // БАВГ(Беларускі архіў вуснай гісторыі). 2(2)-64-185.

4 Аўдыёінтэрв’ю Вольгі Ц., 1929 г.н., 22.02.2009, г. Мінск // БАВГ. 2(2)-61-167.

5 Відэаінтэрв’ю Мураўскай Веры Аляксандраўны, 1930 г.н., в. Дуброва, Карэліцкі р-н, Гродзенскай вобл. // БАВГ. 1(1)-23-537, #1:36:03#.

6 Кашталян І. “Ой, большэ чэм маць пацераць...”: смерць Сталіна ва ўспрыняцці жыхароў БССР // ARCHE. 2011. № 10. С. 39.

7 Грінченко Г. Усна історія: Методічні рекомендаціі а організаціі досліджэння. Харкив, 2007. С. 10.

8 Аўдыёінтэрв’ю Паўлоўскага Генадзя Фаміча, 1930 г.н., г. Вілейка Мінскай вобл. // БАВГ. 2(2)-85-300, #01:48:57#.

9 Напрыклад, закон аб абортах. Бо тыя, хто ў той час жаніўся ці выходзілі замуж непасрэдна сутыкаліся з неабходнасцью задумвацца пра дадзеную праблему.

10 Аўдыёінтэрв’ю Сяргея Я., 1925 г.н., 23.03.2009, г. Мінск // БАВГ. 2(2)-69-209.

11 Аўдыёінтэрв’ю Марыі Ш., 1925 г.н., 16.07.2008, в. Бязводнае, Вілейскага р-на Мінскай вобл. Ч. 1. // БАВГ. 2(2)-96-353, #00:26:35#.

12 Аўдыёінтэрв’ю Паўлоўскага Генадзя Фаміча, 1930 г.н., г. Вілейка Мінскай вобл. // БАВГ. 2(2)-85-300, #01:56:57-7#.

13 Напрыклад: Данилов И. Записки западного белоруса: 1937-1945. Политика и война глазами очевидца и участника. Мн., 2007; Туронак Ю. За кардонам Бацькаўшчыны. Успаміны. Мн., 2010; Чижик Л. По ступеням жизни. Мн., 2008.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка