Запрашаем на XIX міжнародную студэнцкую навуковую канферэнцыю



Дата канвертавання08.03.2017
Памер184.86 Kb.
#5190

logo vert by

Запрашаем на

XIX Міжнародную студэнцкую навуковую канферэнцыю

Еўропа-2017. Ад друкаванага слова да ведаў: лакальныя традыцыі і глабальны пераход


6-7 траўня 2017 г.

Вільня, Літва

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня, Літва) запрашае студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм да ўдзелу ў міжнароднай студэнцкай канферэнцыі «Еўропа-2017. Ад друкаванага слова да ведаў: лакальныя традыцыі і глабальны пераход», якая адбудзецца 6-7 траўня 2017 года ў Вільні.

Студэнцкая навуковая канферэнцыя ЕГУ сёлета ладзіцца пад знакам дзвюх выбітных датаў: 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай беларускай друкаванай кнігі (і першай друкаванай кнігі на ўсходнеславянскай мове) і 25-гадовага юбілею Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Мэтай канфэрэнцыі з’яўляецца прэзентацыя даследаванняў і абмен ідэямі, якія б ахапілі і агучылі рознапланавыя тэндэнцыі і практыкі лакальнага ў эпоху/эпохі глабальнага ў розных камунікацыйных/тэхналагічных парадыгмах. Мы прапануем прааналізаваць сацыягуманітарныя наступствы вынаходніцтва (кніга-)друкавання – але зірнуць на гэтую праблему не толькі з гледзішча гістарычнай навукі, але і з перспектывы найноўшых камунікацыйных паваротаў, якія мы перажылі ці перажываем цяпер.

Друкаванае слова на лакальнай/нацыянальнай мове стала прычынай дэмакратызацыі і большай даступнасці інфармацыі: прагрэс у тэхналогіях спрычыніўся да папулярызацыі ведаў, друкарская рэвалюцыя паступова зрабіла веды дэмакратычным, а не элітарным прадуктам. Аднак гэта пытанне не толькі мовы ці моваў, але і ўніверсалізацыі тэхналогіяў, ведаў і прынцыпаў развіцця. А таксама пытанне прыладаў, якія могуць ужывацца на лакальным узроўні для распаўсюду, захавання і доступу да ўсё больш універсальнай інфармацыі. З развіццём новых дыгітальных тэхналогій гэты працэс займеў новае вымярэнне і спецыфіку.

Удзельнікам канферэнцыі мы прапануем паразважаць у тым ліку на наступныя тэмы (не абмяжоўваючыся імі):


  • Які лёс чакае друкаванае слова?

  • Нас чакае татальны ці ўсё ж частковы пераход да слова і веды ў новым фармаце – дыгітальным, лічбавым?

  • Ці нагэтулькі ж рэвалюцыйны гэты транзіт, як і вынаходніцтва друку?

  • Што адбываецца падчас гэтага пераходу?

  • Якія практыкі мы губляем і якія набываем падчас такіх транзітаў?

  • Як зыначваюцца лакальныя традыцыі і практыкі падчас глабальных пераўтварэнняў, пераходаў?

  • Як гэты паварот адбіваецца на чалавечым вымярэнні (з’яўленне іншых формаў ідэнтычнасці, каштоўнасць чалавека) - дый зрэшты, чым ёсць чалавек на парозе новай эпохі?

  • Якія лакальныя і глабальныя тэндэнцыі развіцця ведаў і адукацыі ў Беларусі і рэгіёне мы назіраем у эпоху шматлікіх тэхналагічных, палітычных, эканамічных транзітаў?

  • Як глабальнае развіццё тэхналогіяў у галіне ведаў дазваляе рэагаваць на змены палітычна-ідэалагічнага і эканамічнага характару ў краіне і свеце?

  • Якая роля ўніверсітэта ў прапаноўванні маладым пакаленням фармальна і сутнасна новых ведаў?

У межах канферэнцыі плануюцца наступныя секцыі (апісанні секцый гл. ніжэй):

  • Ліберальная адукацыя: традыцыі і патрэбы XXI стагоддзя

  • Генеалогія карыстальніка: ад рукапіснага тэксту да дызайну ў друку і лічбе

  • Вопыт лакальных палітычных і эканамічных пераўтварэнняў як глабальная веда

  • Друкарня і рэвалюцыя: тэхна-культурная логіка (сацыяльных) трансфармацый

  • Праблемы станаўлення міжнароднага і еўрапейскага правапарадку

  • Інтэграцыйныя працэсы, канстытуцыяналізм, правы чалавека

  • Гендарны паварот у сацыяльных навуках: інакшыя даследчыя стратэгіі і формы асэнсавання сацыяльнага

  • Новыя тэхналогіі ў публічнай палітыцы і дзяржкіраванні

  • Гуманітарныя праблемы сучаснай медыцыны

  • Дыгіталізаваныя: суб'ектыўнасць, веды і сацыяльнасць у лічбавую эпоху

  • Даследаванні спадчыны: у пошуках новага далягляду ведаў

  • Глакалізацыя ў турызме: уплыў глабальных тэндэнцый на лакальныя практыкі

  • Technology and the City

  • Post-Migrant Cities: Lessons From the Urban Age

Таксама 2-5 траўня плануецца правесці перадканферэнцыйную падрыхтоўчую праграму, якая будзе ўключаць воркшопы, лекцыі, круглыя сталы, прэзентацыі кніг і студэнцкіх навуковых праектаў, прагляды фільмаў, трэнінгі ды культурную праграму, прапаноўваючы студэнтам з розных краін магчымасці нефармальнай камунікацыі і знаёмства з ЕГУ. Праграма мерапрыемстваў з’явіцца ў пачатку красавіка 2017 г.

Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская.

Працэдура і тэрміны падачы заявак

Заяўкі прымаюцца ад студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм. Удзел у канферэнцыі – на падставе конкурсу (будзе зроблены адбор заявак). Анлайн-заяўка павінна ўтрымліваць тэзісы даклада (аб’ём 3000-6000 знакаў).



Калі вам неабходная віза: апошні тэрмін падачы заявак - 25 лютага 2017 г. Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 8 сакавіка 2017 г.

Калі вам не трэба віза: апошні тэрмін падачы заявак - 25 сакавіка 2017 г. Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 8 красавіка 2017 г.

Удзел у канферэнцыі бясплатны (без рэгістрацыйнага ўнёску).  Канферэнцыя вочная: патрабуецца абавязковая асабістая прысутнасць удзельніка ў Вільні і выступленне з дакладам.

Месца правядзення канферэнцыі: навучальны корпус Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (вул. Валакупю, 5, Вільня, Літва).

Візавая падтрымка

Студэнты, якім неабходная візавая падтрымка, павінныя ў заяўцы пазначыць актуальныя пашпартныя звесткі для атрымання візаў. Пашпарт павінен быць прыдатны для выезду за мяжу. Віза выдаецца бясплатна.



Выдаткі на праезд

Выдаткі на праезд да Вільні і назад удзельнікі аплачваюць самастойна. ЕГУ не мае магчымасці забяспечыць удзельнікам трэвэл-гранты.



Жытло

На перыяд правядзення канферэнцыі ўсім удзельнікам прадастаўляецца жытло ў бюджэтных гатэлях або хостэлах (бясплатна на дзве ночы – 5–7 траўня). Універсітэт не пакрывае выдаткі на жытло па-за пазначанымі датамі (акрамя: гл. пункт “Фінансавая падтрымка”).



Харчаванне

Падчас працы секцый будуць арганізаваныя кава-паўзы для ўсіх удзельнікаў. Апрача таго, у кошт пражывання ў гатэлі/хостэле зазвычай уключаны сняданак. Іншыя выдаткі на харчаванне ўдзельнікі пакрываюць самастойна. Сутачныя не прадугледжаныя.



Фінансавая падтрымка

Аўтары найлепшых тэзісаў дакладаў (паводле выбару кіраўнікоў секцый) будуць узнагароджаныя мінігрантамі, якія пакрываюць выдаткі на пражыванне ў Вільні цягам усяго цыклу канферэнцыйных мерапрыемстваў (2-7 траўня). Калі аплікант жадае прэтэндаваць на мінігрант, просім пазначыць гэта ў анлайн-заяўцы і запоўніць поле “Матывацыя”. Мінігрант пакрывае пражыванне і ў грашовым эквіваленце на рукі не выдаецца. Атрымальнік мінігранту павінен гарантаваць свой удзел у перадканферэнцыйных мерапрыемствах у вышэйзгаданыя даты.

Да таго ж, сёлета ўпершыню аўтар(-ка) найлепшага даклада на студэнцкай канферэнцыі ЕГУ атрымае мінігрант, каб наведаць Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі (які пройдзе 15-17 верасня ў Варшаве), дзе яму/ёй будзе ўручаны ганаровы сертыфікат.

Зборнік навуковых працаў

Зборнік тэзісаў не публікуецца. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне анлайн-зборніка артыкулаў удзельнікаў канферэнцыі. Працэдура адбору артыкулаў для публікацыі:



  • вы выступаеце з дакладам на нашай канферэнцыі;

  • кіраўнік секцыі рэкамендуе ваш даклад да публікацыі (увага: рэкамендаваныя будуць толькі найлепшыя даклады);

  • цягам вызначанага часу вы перапрацоўваеце даклад у артыкул і дасылаеце яго кіраўніку секцыі;

  • кіраўнік секцыі прымае альбо адкідае артыкул, выказвае заўвагі і прапановы па ўдасканаленні;

  • зборнік праходзіць рэдактуру.

Кантакты

Кантактны адрас: studentconference@ehu.lt За абнаўленнямі сачыце на старонцы канферэнцыі, а таксама на нашых старонках у сацыяльных сетках:VK,Facebook.



Спіс секцый канферэнцыі

Ліберальная адукацыя: традыцыі і патрэбы XXI стагоддзя

Праф.-эмерыт Рыгор Мінянкоў

Прафесіяналізацыя і спецыялізацыя адукацыі ў XIX-XX стст., здавалася б, выявіла поўную састарэласць традыцый ліберальнай адукацыі, як яны фармаваліся з часоў антычнасці. Аднак сёння, у XXI стагоддзі, мы назіраем шырокае адраджэнне гэтых традыцый, вядома, у кантэксце характэрных рысаў дыгітальнай эпохі. Вузкая прафесіяналізацыя ўсё больш абмяжоўвае магчымасці паспяховага самасцверджання індывіда ў грамадстве. Лічбавы свет дае ў неабмежаваным аб'ёме любую інфармацыю, якая ў той самы час імкліва робіцца састарэлай. Навучанне цягам усяго жыцця з дапамогай тэхналогій дыстанцыйнай адукацыі ператвараецца ў лад жыцця індывіда. Фактычна менавіта агульнаўніверсітэцкая падрыхтоўка (core curriculum) паводле мадэлі ліберальнай адукацыі ўсё больш робіцца сінонімам сучаснай адукаванасці. Чым ёсць ліберальная адукацыя сёння? Якімі могуць быць яе мадэлі, структура і крытэрыі эфектыўнасці? Што мы можам сёння лічыць ведамі ў адукацыі і як яны могуць даносіцца да навучэнцаў? Гэтыя і іншыя сэнсава блізкія пытанні будуць знаходзіцца ў цэнтры працы секцыі. Асаблівая ўвага будзе нададзеная аналізу і абагульненню вопыту ЕГУ, які ад пачатку арыентаваўся на традыцыі ліберальнай адукацыі ў іх дачыненні да лакальных кантэкстаў ва ўзаемадзеянні з асаблівасцямі глабальнага свету.



Генеалогія карыстальніка: ад рукапіснага тэксту да дызайну ў друку і лічбе

Акадэмічны дэпартамент медыя, Максім Жук, Ала Пігальская

Дызайн у шырокім сэнсе гэтага слова заўсёды быў цэнтральнай часткай медыясферы і служыў спосабам стварэння трансляцыйнага кода, здольнага данесці інфармацыю да кожнага адрасата ў неабходнай форме. Пры гэтым яго гісторыя не ёсць незалежнай ад тэхнічнага і сацыяльнага развіцця. Ад часоў каліграфічных рукапісаў і друкаваных кніг Скарыны да нашых дзён розныя падыходы і прынцыпы дызайну ўвасобіліся ў графічных і інтэрактыўных інфармацыйных сістэмах, якія мы выкарыстоўваем сёння.

Без сумневу, статычны дызайн традыцыйных медыя моцна адрозніваецца ад дынамічнага і інтэрактыўнага асяроддзя інтэрнэту, мабільных дадаткаў і віртуальнай рэальнасці, распаўсюджванне якіх мы назіраем сёння паўсюдна. З'яўленне гэтых тэхналогій прывяло да ўзнікнення новых падыходаў да дызайну: чалавекаарыентаваны дызайн (human centered design), дызайн з удзелам карыстальніка (participatory approach) ды іншых. У папярэднія перыяды творчасць дызайнера была цалкам падпарадкаваная той тэхналогіі, якую ён меў, але з'яўленне дыгітальнай сферы дазволіла стаць вольным (у пэўнай ступені) ад інструментаў і паставіць у цэнтр перспектывы карыстальніка.

Мы прапануем удзельнікам нашай секцыі даследаваць, абмяркоўваць і пераасэнсоўваць розныя ўжо існуючыя падыходы да візуальнага дызайну, а таксама асэнсоўваць іх гістарычныя карані і патэнцыйныя перспектывы развіцця. Мы існуем у эпоху «інфармацыйнай рэвалюцыі» або «дыгітальнага павароту», калі партатыўныя прылады, дапоўненая і віртуальная рэальнасць цалкам змяняюць спосабы, якімі мы спажываем ці прадукуем шматлікі кантэнт. Мы прапануем удзельнікам асэнсаваць і абмеркаваць, як пераход ад традыцыйных аналагавых тэхналогій друку і каліграфічнага пісьма да новых лічбавых формаў змяняе сучаснасць і будучыню дызайну.



Досвед лакальных палітычных і эканамічных пераўтварэнняў як глабальная веда

Акадэмічны дэпартамент сацыяльных і палітычных навук, Андрэй Сцяпанаў, Павел Усанаў

Як інтэрпрэтаваць працэсы, што адбываюцца ў сусветнай палітыцы і эканоміцы, павязаныя з міграцыяй, уцекачамі, зменамі коштаў на нафту і г.д.? У межах гэтай секцыі мае быць закранутае пытанне, ці ствараюць гэтыя працэсы новую веду і як яна выкарыстоўваецца для палітычных, сацыяльных і эканамічных зменаў у рэгіёне.

Дакладнікі могуць асвятляць агульнатэарэтычныя пытанні ў межах заяўленага ў тэме праблемнага поля (будучыня рэгіёну, новыя палітычныя і сацыяльныя расколы, новыя парадыгмы інтэграцыі), а таксама прадстаўляць аналіз канкрэтных кейсаў (змяненне эканамічных і палітычных адносінаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза, краін Заходняй і Усходняй Еўропы). Вітаюцца даклады міждысцыплінарнага характару.

Друкарня і рэвалюцыя: тэхна-культурная логіка (сацыяльных) трансфармацый

Акадэмічны дэпартамент медыя, Альміра Усманава, Андрэй Горных, Глеб Корань

Cупрацоўнік друкарні, які паміж трыма рэвалюцыямі ўпотай набірае антыўрадавыя улёткі; машыністка паўрэжымнага КБ, якая на ўздыме дысідэнцкага руху пад капірку перадрукоўвае «Архіпелаг ГУЛАГ»; блогер і фрэнд са смартфонам, якія ў эпоху каляровых рэвалюцый натхняюць лічбавыя натоўпы або вядуць у сацсетках трансляцыю з мітынгу, – гэта не толькі героі гісторый пра супраціў, але і аператары сацыяльных трансфармацый. Яны забяспечваюць магчымасць палітычнага выкарыстання актуальных сродкаў камунікацыі тымі пратэстнымі групамі, што зацікаўленыя ў змене грамадскага ладу.

Які адбітак спецыфіка сродкаў камунікацыі накладае на ідэалогію і практыку сацыяльных зменаў? Хто рэкрутуецца для тэхнічнага забеспячэння палітычнага выкарыстання медыя? Як адбываецца сустрэча медыяпісьменнасці і палітычнага дзеяння? Як тэхналогія камунікацыі ўплывае на фармаванне сацыяльных сетак і якія формы ўдзелу ў сацыяльных трансфармацыях яна падтрымлівае? Якім чынам дакументуецца ўнёсак тэхналогіі ў змены грамадскага ладу і хто гэта робіць? Якія гісторыі пра рэвалюцыйную ролю сродкаў камунікацыі распавядаюць актыўныя ўдзельнікі, сучаснікі і эксперты?

Адказы на гэтыя пытанні мы запрашаем шукаць у межах секцыі, якую ладзіць Дэпартамент медыя. Перавага будзе аддавацца дакладам, якія прадстаўляюць прамежкавыя вынікі студэнцкіх эмпірычных даследаванняў па тэматыцы секцыі. Мы прымаем заяўкі ад прадстаўнікоў усіх сацыягуманітарных дысцыплін і спадзяемся на плённае міждысцыплінарнае ўзаемадзеянне.



Праблемы станаўлення міжнароднага і еўрапейскага правапарадку

Акадэмічны дэпартамент права, Цэнтр міжнароднага прыватнага права

Сучасныя працэсы ўзаемадзеяння розных прававых сістэм і інтэнсіўны абмен паміж імі прывялі да фарміравання глабальных стандартаў у галіне права.

Секцыя ёсць пляцоўкай для абмеркавання тэндэнцый у развіцці міжнароднага і еўрапейскага права, а таксама аспектаў уплыву, які цяпер робіць міжнароднае і еўрапейскае права на нацыянальны правапарадак. Мяркуецца, што секцыя аб'яднае студэнтаў, якія спецыялізуюцца па самых розных галінах права.

Асаблівая ўвага ў рамках секцыі будзе нададзеная прыватнаму праву. Прыватнае права, якое рэгулюе прыватныя і камерцыйныя пагадненні і найчасцей выкарыстоўваецца большасцю людзей, не ўваходзіць у лік галін, якія адрозніваюцца глыбокай гарманізацыяй і стандартызацыяй. Разам з тым, трансфармацыі нацыянальнай прававой сістэмы – адзін з найістотнейшых працэсаў, што адбываюцца ў грамадствах СНД і Еўрапейскага саюза з 90-х гг. ХХ ст., – звязаныя шмат у чым з працэсамі ўніверсалізацыі прававых прынцыпаў у галіне прыватнага права. Гэты працэс дазваляе казаць пра станаўленне міжнароднага і рэгіянальнага правапарадкаў і, разам з тым, выяўляе ўстойлівасць нацыянальных прававых сістэм, якія супрацівяцца гарманізацыі.

У межах секцыі студэнты змогуць абмеркаваць разнастайныя аспекты – у тым ліку гістарычныя, сацыялагічныя, палітычныя, эканамічныя – развіцця прыватнага права ў ЕС і СНД.

Інтэграцыйныя працэсы, канстытуцыяналізм, правы чалавека

Акадэмічны дэпартамент права, Цэнтр канстытуцыяналізму і правоў чалавека, Jean Monnet Chair

Трансфармацыі прававых сістэм – адзін з найістотнейшых працэсаў, што адбываюцца ў грамадствах СНД і Еўрапейскага саюза з 90-х гг. ХХ ст., – звязаныя шмат у чым з працэсамі ўніверсалізацыі прававых прынцыпаў. Гэты працэс ахоплівае ўсе галіны права і адкрывае нацыянальныя прававыя сістэмы міжнароднаму праву, а таксама дазваляе казаць пра станаўленне міжнароднага і рэгіянальнага правапарадку. Канстытуцыяналізм ёсць адной з каштоўнасцяў і прававых стандартаў, якія забяспечваюць гарманізацыю публічнага парадку ў Еўропе, а таксама забяспечваюць магчымасць інтэграцыйных працэсаў. Інстытуцыянальнае будаўніцтва, прававое забеспячэнне публічнай палітыкі як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні і ўзроўні рэгіянальных саюзаў, стан механізмаў абароны правоў чалавека выступаюць сёння цэнтральным вузлом развіцця канстытуцыйнага права. У апошнія дзесяцігоддзі праблема правоў чалавека ўжо не ёсць выключна ўнутранай справай кожнай дзяржавы, а хучтэй фактарам ​​міжнароднага парадку і парадку Еўрапейскага саюза.

Разам з тым, сёння існуюць праблемы дакладнага размежавання паміж нацыянальнымі, міжнародным, наднацыянальным і транснацыянальным прававымі рэжымамі і іх інстытутамі. Змяняюцца адносіны паміж публічным і прыватным правам, якія шчыльна ўзаемазвязаныя і ўзаемадзейнічаюць. Прававыя нормы пашыраюцца на вялікую колькасць сацыяльных галінаў і апынаюцца шчыльна павязанымі з сацыяльнымі функцыямі і падсістэмамі, такімі як навука, культура і эканоміка. Гэтыя тэндэнцыі ўтвараюць шэраг прававых праблем, якія патрабуюць тлумачэння і разумення іх прыроды.

На секцыі студэнты змогуць абмеркаваць пытанні стану міжнароднага і еўрапейскага канстытуцыяналізму, выбудоўвання канстытуцыйных інстытутаў, фарміравання адмысловых органаў, якія ажыццяўляюць міжнародны кантроль за дзейнасцю дзяржаваў у сферы забеспячэння і аховы правоў чалавека, пераадолення міжнародных канфліктаў, забеспячэння міру, прадухілення парушэння правоў чалавека, інстытута судовай абароны, права на атрыманне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі, забеспячэння правоў чалавека ў межах карпарацый, у рамках працоўных адносін, а таксама праблемы спосабаў і інструментаў праварэгулявання ў галіне новых тэхналогій, якія дазваляюць захаваць гуманістычны характар ​​цывілізацыі.



Гендарны паварот у сацыяльных навуках: інакшыя даследчыя стратэгіі і формы асэнсавання сацыяльнага

Цэнтр гендарных даследаванняў

Гэтая секцыя разглядае перабудову навук у кантэксце гендарнага павароту і пераасэнсавання вопыту неўключэння маргінальнасці/сацыяльнай няроўнасці. Мы запрашаем да ўдзелу студэнтак/-аў і магістрантак/-аў, чые даклады, з аднаго боку, эмпірычна праблематызуюць такі вопыт і робяць яго бачным, з іншага, на ўзроўні тэорыі і рэфлексій спрабуюць зразумець, як павінна змяніцца ўяўленне аб (акадэмічных) ведах у бок іх большай адкрытасці і шматграннасці.



Новыя тэхналогіі ў публічнай палітыцы і дзяржкіраванні

Акадэмічны дэпартамент сацыяльных і палітычных навук, Таццяна Чуліцкая, Уладзіслаў Іваноў

Секцыя факусуецца на праблемах, звязаных з распрацоўкай і ўкараненнем новых тэхналогій для эфектыўнай публічнай палітыкі і адміністравання, а таксама дзяржаўнай службы ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і на постсавецкай прасторы. Якім чынам новыя тэхналогіі ўплываюць на лакальныя практыкі і глабальнае кіраванне (global governance)?

У межах гэтай секцыі плануем разгледзець розныя прыклады паспяховай і менш паспяховай адаптацыі і імплементацыі мадэляў кіравання, выявіць падобныя практыкі рэфармавання, а таксама практыкі пераадолення наступстваў эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай трансфармацыі. Заклікаем удзельнікаў секцыі таксама фармуляваць новыя выклікі для паляпшэння функцыянавання сістэм кіравання, дзяржаўнай службы і публічнай палітыкі ў рэгіёне.

Гуманітарныя праблемы сучаснай медыцыны

Цэнтр даследаванняў па філасофскай антрапалогіі Топас

Сацыякультурныя трансфармацыі і навукова-тэхнічнае развіццё вядуць да змены прынцыпаў аказання медыцынскай дапамогі і рэжымаў узаемадзеяння паміж доктарам і пацыентам. Пры гэтым у цэнтры адпаведных зменаў заўжды апынаюцца пытанні, якія маюць гуманітарны (каштоўнасны, этычны, экзістэнцыяльны, маральна-прававы) характар. Захоўваючы інстытуцыйную аўтаномію, сучасная медыцына ёсць полем, дзе навуковая рацыянальнасць пачынае ўзаемадзейнічаць з актуальнымі маральнымі чаканнямі і каштоўнаснымі арыенцірамі, якія прадукуюцца адпаведным жыццёвым светам. У межах гэтай секцыі мы прапануем прааналізаваць самыя розныя аспекты і праблемы гэтага ўзаемадзеяння. У прыватнасці, на абмеркаванне выносяцца наступныя пытанні (спіс далёка не вычарпальны):

1) урокі «наратыўнага павароту» у сучаснай медыцыне і перспектывы яго рэалізацыі ва ўсходнееўрапейскіх грамадствах; 2) траекторыі асабістай аўтаноміі ў медыкалізаваным свеце; 3) хвароба (быццё-хворым) як медыцынскі дыягназ і як суб'ектыўны вопыт; 4) ўяўленні пра здароўе ў навуцы і ў пазанавуковых кантэкстах; 5) ўзаемадзеянне паміж доктарам і пацыентам ў 4П-медыцыне; 6) донарства органаў: паміж камерцыяй і «дарункам жыцця»; 7) узаемадзеянне медыцынскай навукі і грамадства ў сацыяльнай рэабілітацыі «людзей з абмежаванымі магчымасцямі»; 8) прэнатальная генетычная дыягностыка і пытанне пра «жыццё, вартае таго, каб быць пражытым»; 9) этычныя праблемы сучаснай рэпрадуктыўнай медыцыны; 10) сацыяльная стыгматызацыя анкалагічных хворых. Да ўдзелу ў секцыі запрашаюцца прадстаўнікі сацыяльных і гуманітарных навук, зацікаўленыя ў аналізе акрэсленага праблемнага поля.

Дыгіталізаваныя: суб'ектыўнасць, веды і сацыяльнасць у лічбавую эпоху

Лабараторыя даследаванняў візуальнай культуры і сучаснага мастацтва, Галіна Арлова, Вікторыя Канстанцюк, Дзмітрый Бойчанка

Аб праграмным уплыве тэхналогій друку на грамадства і чалавека было сказана дастаткова. Што з імі і намі адбываецца пасля друкарні, у часы Web 2.0, дапоўненай рэальнасці, GISаў, адкрытых дадзеных, інтэрнэту рэчаў, лічбавых натоўпаў, нематэрыяльнай працы, эканомікі ўдзелу, кібератакаў і віртуальнага сэксу? Як змяняюцца веды пад націскам лічбавых тэхналогій і якія веды мы прадукуем пра самі лічбавыя тэхналогіі? Хто мы, даследчыкі, ахопленыя дыгітальнай ліхаманкай? Як казаць і паказваць імклівыя змены свету, што ўступае ў парадак коду, алгарытму, інтэрфейсу, слоя, паверхні, лічбавых мностваў?

Пра гэта і шмат што іншае мы прапануем размаўляць на секцыі, якую ладзіць Лабараторыя даследаванняў візуальнай культуры і сучаснага мастацтва. Мы прымаем даклады ад усіх прадстаўнікоў сяброўскіх галінаў ведаў, якія абапіраюцца на вынікі эмпірычных даследаванняў і лічбавых распрацовак (у тым ліку стварэнне базаў дадзеных і платформаў, лічбавых мапаў і візуалізацый, праца з лічбавымі архівамі і карпусамі).

Даследаванні спадчыны: у пошуках новага далягляду ведаў

Акадэмічны дэпартамент гісторыі, Сцяпан Стурэйка

Як трэба вывучаць спадчыну, каб даведацца пра яе што-кольвек сапраўды новае? І галоўнае: навошта гэтыя новыя веды, на вырашэнне якіх праблем яны арыентаваныя? Да гэтага часу нашыя даследчыя дачыненні з помнікамі былі вельмі простыя: мы паглыбляліся ў іх мінулае – і рабілі гэта, каб проста захаваць.

У XXI стагоддзі гэтага ўжо недастаткова. Знаўцам фактаў пра мінулае ўсё цяжэй вытрымліваць канкурэнцыю з Вікіпедыяй. Да таго ж, робіцца ўсё больш відавочным, што, маючы тамы па гісторыі старой архітэктуры, мы да гэтага часу не разумеем нашых уласных з ёй адносінаў. Тое ж можна сказаць і пра фальклор, вялікіх асобаў і нават Біблію Скарыны. А яшчэ: як раскрыць патэнцыял спадчыны? Як навучыцца правільна ёй карыстацца, вырашаць канфлікты і прымаць даследаванне-арыентаваныя кіраўнічыя рашэнні? Якога тыпу ведаў нам для ўсяго гэтага не стае?

Праца секцыі будзе прысвечаная ідэнтыфікацыі новых падыходаў і метадалогій даследавання спадчыны, рэлевантных трансфармацыйным працэсам апошніх трох дзесяцігоддзяў ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, а таксама пошуку арыенціраў і пульсуючых акадэмічных выспачак, здольных генераваць сінхронныя рэгіянальныя і глабальныя сэнсы heritage studies.



Тэксты для натхнення:

Albert M.-Th. Heritage studies - Paradigmatic Reflections // Understanding Heritage: Perspectives in Heritage Studies. Ed. by M.-Th. Albert, R. Bernecker, B. Rudolff. Berlin; Boston: Walter de Gruyter, 2013. P. 9-17.

Ashworth G.J. From history to heritage: from heritage to identity: in search of concepts and models // Building a New Heritage: Tourism, Culture and Identity in the New Europe. Ed. by Ashworth G.J. and Larkham P.J. London: Routledge, 1994. P. 13-30.

Harrison R. Heritage: Critical Approaches. Routledge, 2013. 268 p.



Глакалізацыя ў турызме: уплыў глабальных тэндэнцый на лакальныя практыкі

Акадэмічны дэпартамент гісторыі, Надзея Чарапан, Ілона Бяляцкая

На працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў міжнародны турызм зазнаў фундаментальныя змены і ператварыўся ў адзін з чыннікаў глабалізацыі. Са старажытных часоў людзі падарожнічалі, каб наведаць выдатныя помнікі культуры і цікавыя мясціны. У наш час назіраецца нарастаючая хуткасць, разнастайнасць, інтэнсіўнасць турыстычных вандровак, імкненне да новых мясцовых культурных вопытаў і ўражанняў разам з патрабаваннем стандартызаванага ўзроўню празаходняга камфорту і зручнасці. Феномен глакалізацыі турызму паказвае, як глабальныя тэндэнцыі ўплываюць і ўзаемадзейнічаюць з лакальнымі практыкамі турыстычнай дзейнасці. Глакалізацыя стварае прывабную альтэрнатыву масаваму турызму, спрыяе ўстойлівай дзейнасці мясцовых тураператараў, падтрымлівае развіццё культурных рэсурсаў і, як вынік, ператварае мясцовую культуру ў культурны капітал.

У межах секцыі прапануецца абмеркаваць тэарэтычныя і практычныя аспекты сучаснага развіцця міжнароднага турызму і іх уплыў на рэгіянальныя і лакальныя турысцкія практыкі краін Балтыі і Усходняй Еўропы. Запрашаем прыняць удзел і выступіць з паведамленнем, прысвечаным тураперэйтынгу, маркетынгу і менеджменту турызму; даследаванням аб уплыве інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на турыстычную дзейнасць ва ўмовах эканомікі абмену.

Тэксты для натхнення:

Boswijk, A., Thijssen, T., & Peelen, E. The experience economy: A new perspective. Pearson, Education, 2007.

Cohen, E. Authenticity and commoditization in tourism. Annals of tourism research, 15(3), (1998): 371-386.

Cohen, E. A phenomenology of tourist experiences. Sociology, 13(2), 1979: 179-201.

Richards, G. Globalisation, localisation and cultural tourism. In Smith, M. and Onderwater, L. (eds) Destinations Revisited: Perspectives on developing and managing tourist areas. Arnhem: ATLAS (2007): 25-34.

Salazar, Noel B. "Tourism and glocalization “local” tour guiding." Annals of Tourism Research 32.3 (2005): 628-646.

Uriely, N. (2005). The tourist experience: Conceptual developments. Annals of Tourism research, 32(1), (2005): 199-216.



Technology and the City

Laboratory of Critical Urbanism: Iryna Lunevich, Siarhei Liubimau

Working language: English

The functioning of cities to a large extent depends on the functioning of urban infrastructure networks such as telecommunications, transport, energy and water supply systems. Not only do urban technologies affect well-being of urban residents, but they also shape human behavior by simplifying urban activities and disciplining city dwellers (Hård and Misa; 2008; p.8). At the same time, urban technologies are socially shaped. Design, functioning, and distribution of technological networks in the city are the outcome of public choices, local institutional arrangements, and vested interests. Thus, technologies shape and are shaped by specific urban circumstances.

Although technological systems are integral parts of the contemporary city, they are often invisible, and, therefore, they have been frequently ignored by urban theorists (Guy, Graham and Marvin; 1997; p. 196). We invite papers that reflect on technical, political, social, cultural, and economic aspects of technological development in the city. We also encourage reflections on complex relationship between urban technological systems and natural environment. Contributions may address this question by analyzing the intertwining issues of urban growth, climate change, and (sustainable) infrastructure development. Finally, we welcome papers that examine the role of technology in urban governance as well as papers that reflect on governance of urban infrastructure networks.

References:

Guy, S., Graham, S., and Marvin, S. (1997). Splintering networks: Cities and technical networks in 1990s Britain. Urban Studies 34 (2): 191-216.

Hård, M., & Misa, T. J. (2008). Urban Machinery: Inside Modern European Cities. Cambridge MA: MIT Press.

Post-Migrant Cities: Lessons from the Urban Age

panel co-organised with Bard College Berlin: Agata Lisiak, Siarhei Liubimau

Working language: English

Large-scale migration affects societies across the globe and, as such, remains highly debated on local, national, and international levels. Not a week seems to go by without some new big reports on migration patterns and numbers, new laws aimed at regulating migration, new stories of success, exploitation, and, most regrettably, deaths related to migration. Migration is assigned various meanings and status (high-skilled and low-skilled, legal and illegal, documented and undocumented, restricted and unrestricted), which are, in turn, contested in multiple ways through grassroots activism, as well as local and international NGOs. Today, migration affects everyone regardless of his or her own migration status. Many contemporary societies are post-migrant (Foroutan 2012) and super-diverse (Vertovec 2007) – these developments are particularly evident in cities. To migrants, urban centers serve as magnets and fortresses, havens and prisons, new homes and forever-foreign lands. Inquiring into the workings of migration and cities thus helps us better qualitatively understand current political, cultural, and socio-economic developments. This panel offers a floor to discuss contemporary migrations from perspective of different urban settings. We expect contributions from the fields of urban studies, migration studies, ethnography, cultural studies and human geography.



References:

Foroutan, Naika. 2015. “Unity in Diversity: Integration in a Post-Migrant Society”. Focus Migration. Policy brief 28



Vertovec, Steven. 2007. “Super-diversity and its implications”. Ethnic and Racial Studies 30(6), pp. 1024-1054
Каталог: sites -> default -> files -> news -> files
files -> Юрась нераток (Юрий горбачев) (Минск) биография
files -> Птушка 2015 года – вушастая сава тамара Цішкевіч, дуа сярэдняя школа №3 г. Хойнікі Мэта
files -> Запрашаем на XVIІІ міжнародную студэнцкую навуковую канферэнцыю
files -> Падчас вясенніх вакацый беларускія старшакласнікі стануць студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні
files -> Тэма медыя (сродкі масавай інфармацыі, кнігі, кіно, выяўленчае мастацтва, музыка усё камунікатыўныя каналы, па якіх мы атрымліваем інфармацыю) знаходзіцца на піку актуальнасці. Маштаб ўплыву медыя на ўсе сферы жыцця ўзрастае з кожным днём
files -> Палажэнне аб адкрытым кінафестывалі «ФізіКанскія львы»


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал