Зараз, зараз, цётачка, сказала прыгажуня




Дата канвертавання18.11.2017
Памер26.82 Kb.
Шарль Перо
ЧАРАЎНІЦА
У адной удавы былі дзве дачкі. Старэйшая і з характару, і з твару была так падобная да маці, што іх нельга было адрозніць. Абедзве былі такія агідныя і фанабэрыстыя, што проста жах. А меншая дачка сваёй дабрынёй і сумленнасцю нагадвала бацьку. І да таго ж яна была вельмі прыгожая. Ды, вядома, падобнага да сябе любяць болей, і таму ўдава вельмі любіла старэйшую дачку і трываць не магла малодшай. Яна прымушала яе есці на кухні і ўвесь час давала ёй цяжкую працу.

Абавязкам дзяўчыны было двойчы на дзень хадзіць па ваду аж за дзве вярсты ад дому з вялізным збанам. І вось аднойчы, калі яна была ля крыніцы, да яе падышла бедная кабета і папрасіла напіцца.

– Зараз, зараз, цётачка, – сказала прыгажуня.

Яна хуценька спаласнула збан, наліла ў яго вады і падала кабеце. Каб той зручней было піць, дзяўчына ўвесь час яго падтрымлівала. Напіўшыся, кабета (а гэта была чараўніца, якая абярнулася беднай сялянкай, каб пабачыць, якое сумленне ў гэтай дзяўчыны) сказала:

– Ты такая прыгожая, такая добрая і ветлівая, што я хачу зрабіць табе падарунак. Пры кожным слове, якое ты вымавіш, з рота ў цябе будзе выпадаць кветка або каштоўны камень.

Неўзабаве дзяўчына вярнулася дадому. Маці адразу пачала сварыцца, што яе доўга не было.

Калі ласка, мама, даруйце за спазненне, – сказала прыгажуня.

І пры гэтых словах з рота ў яе ўпалі дзве ружы, дзве перліны і два вялікія дыяменты.

– Што такое? – здзівілася маці. – У яе з рота выпалі дзве перліны і два дыяменты?! Адкуль гэта ў цябе, дачушка? (Упершыню яна назвала яе дачушкай).

Бедная дзяўчына шчыра распавяла пра ўсё, што з ёй здарылася, і насыпала пры гэтым безліч дыяментаў.

– Вось табе маеш! – сказала маці. – Трэба будзе паслаць туды і маю старэйшую. Чуеш, Фаншона? Хочаш мець такі дар? Тады бяры збанок, ды схадзі па ваду да крыніцы, а калі якая-небудзь бедная кабета папросіць у цябе напіцца, налі ёй у збанок вады ды напаі.

– Яшчэ чаго! Ні за што не пайду!– груба адказала Фаншона.

– А я кажу, што пойдзеш, – паўтарыла маці, – і зараз жа.

Давялося старэйшай дачцэ ісці. А з сабой яна ўзяла найлепшы срэбраны збанок, які быў у доме. І ледзь яна падышла да крыніцы, як убачыла, што з лесу выйшла раскошна апранутая пані. На гэты раз чараўніца абярнулася прынцэсай, каб пабачыць, наколькі гэтая дзяўчына можа быць несумленная. Яна падышла да старэйшай сястры і папрасіла ў яе напіцца.

– Яшчэ чаго! – крыкнула фанабэрыстая дзяўчына. – Можа вы думаеце, я прынесла гэты срэбраны збанок, каб падаваць вам піць?! Вось што я скажу: піце проста з крыніцы, калі вам так хочацца!

Вы вельмі няветлівая, – адказала чараўніца, але на твары ў яе не выявілася ніякага гневу. – Ну што ж, раз так, я надзялю вас дарам: пры кожным слове, якое вы скажаце, з рота ў вас будзе выскокваць гадзюка ці рапуха.

Яшчэ здалёк заўважыўшы сваю любую дачушку, маці закрычала:

– Ну што, дачушка мая?

– А нічога, мая матухна, – адказала грубіянка, і з рота ў яе выскачылі дзве рапухі і дзве гадзюкі.

– О неба! – крыкнула маці. – Што я бачу? Усё гэта праз тваю сястрыцу! Ну, яна ўжо мне заплаціць!

І яна пабегла па малодшую дачку, каб яе набіць. Але бедная дзяўчына ўцякла і схавалася ў лесе.

Там яе і спаткаў прынц, які вяртаўся з палявання. Ён заўважыў, якая яна прыгожая, і спытаўся, чаму яна тут адна.

– О, пане! – адказала дзяўчына. – Маці выгнала мяне з хаты.

Убачыўшы, што з рота ў яе выпалі шэсць перлаў і столькі ж дыяментаў, прынц вельмі здзівіўся і спытаў, як у яе гэта выходзіць. І дзяўчына расказала пра ўсё, што з ёй здарылася. Пачуўшы гэта, прынц вельмі ў яе закахаўся і падумаў, што такі дар не горшы за пасаг любой прынцэсы. Ён прывёз дзяўчыну ў палац да свайго бацькі караля, і там яны пажаніліся.



А яе сястра хутка так усім абрыдла, што родная маці не вытрывала ды выгнала яе з хаты. Яна доўга тулялася сям і там, але ніхто не пусціў яе да сябе. Так яна і памерла адна ў нейкім глухім лясным закутку.
Шарль Перо


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка