Зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 29 студзеня 1997 года




Дата канвертавання09.01.2017
Памер402.65 Kb.

Зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі

Рэспублікі Беларусь 29 студзеня 1997 года.

Пасведчанне аб рэгістрацыі № 040


Прыняты

Аб‘яднаўчым з‘ездам

29 чэрвеня 1996 года


Перарэгістравана Міністэрствам юстыцыі

Рэспублікі Беларусь 9 верасня 1999 года.

Пасведчанне аб рэгістрацыі № 008


Прыняты ў новай рэдакцыі

Цэнтральным Камітэтам БСДП (НГ)

29 мая 1999 года


Змяненні і дапаўненні ў Статуце (новая рэдакцыя)

зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2000 года




Прыняты ў новай рэдакцыі

IV з‘ездам БСДП (НГ)

3 чэрвеня 2000 года


Змяненні ў Статуце зарэгістраваны Міністэрствам

юстыцыі Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2004 года




Змяненні ў Статут прыняты на пашыраным

пасяджэнні Цэнтральнага Камітэта БСДП (НГ)

25 красавіка 2004 года


Змяненні ў Статуце зарэгістраваны Міністэрствам

юстыцыі Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2005 года

Пасведчанне аб рэгістрацыі № 021


Прыняты ў новай рэдакцыі

Цэнтральным Камітэтам БСДП

19 лютага 2005 года


Дзяржаўная рэгістрацыя змяненняў і дапаўненняў у Статуце здзейснена рашэннем Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2006 года

Пасведчанне аб рэгістрацыі № 023




Змяненні прыняты

Цэнтральным Камітэтам БСДП

25 чэрвеня 2006 года


Дзяржаўная рэгістрацыя змяненняў і дапаўненняў у Статуце здзейснена рашэннем Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 18.04.2007 г. № 67

Пасведчанне аб рэгістрацыі № 023




Змяненні і дапаўненні прыняты

ХІ з’ездам БСДП 4 сакавіка 2007 года



Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь

ДЗЯРЖАЎНАЯ РЭГІСТРАЦЫЯ

Змяненняў і дапаўненняў у Статуце здзейснена

Рашэннем ад 09.09.2008 № 125

У адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў № 102310714

Пасведчанне аб рэгістрацыі № 035



Змяненні і дапаўненні прыняты

ХІІ нечарговым з’ездам БСДП 3 жніўня 2008 года






Змяненні прыняты

Цэнтральным Камітэтам БСДП

22 красавіка 2012 года


С Т А Т У Т

Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)

Мінск, 2012



I. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1.1. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) палітычная партыя, якая працягвае традыцыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903–1918 гг.) і Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (1918–1924 гг.).

Поўная назва на беларускай мове – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

Поўная назва на рускай мове – Белорусская социал-демократическая партия (Грамада).

Скарочаная назва – БСДП.



1.2. БСДП з’яўляецца партыяй парламенцкага тыпу, якая лічыць прыярытэтным накірункам сваёй дзейнасці сацыяльную абарону грамадзян Беларусі.

1.3. БСДП дзейнічае ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях», іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, Праграмай і гэтым Статутам на прынцыпах:

– добраахвотнасці ўступлення ў партыю і выхаду з яе;

– выбарнасці ўсіх кіруючых і кантрольных органаў партыі;

– галоснасці ў працы арганізацыйных структур партыі і яе выбарных органаў усіх узроўняў;

– гарантыі правоў меншасці ў партыі, якія забяспечваюцца прадастаўленнем свабоды стварэння груп (фракцый), правам паўторнага вынясення спрэчных пытанняў на разгляд сходаў, канферэнцый і з’ездаў, магчымасцю выкласці свае погляды ў партыйным друку, прадастаўленнем права не менш як 1/3 дэлегатаў З’езду БСДП, канферэнцый, удзельнікаў сходаў і пасяджэнняў выстаўляць свайго судакладчыка па любым пытанні, якое абмяркоўваецца;

– права кожнага сябра партыі і кожнай партыйнай арганізацыі (суполкі) абскарджваць рашэнні любых органаў партыі і яе арганізацыйных структур перад вышэйстаячымі органамі, да З’езду БСДП уключна.



1.4. БСДП з’яўляецца юрыдычнай асобай, мае самастойны баланс, пячатку, бланк, разліковы рахунак, можа мець сімволіку, зарэгістраваную ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

1.5. Абласныя (Мінская гарадская), гарадскія, раённыя арганізацыі БСДП могуць надзяляцца правамі юрыдычнай асобы, мець пячатку, бланк, разліковы рахунак.

1.6. БСДП супрацоўнічае з іншымі партыямі і аб’яднаннямі як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі на прынцыпах незалежнасці, роўнасці і неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго.

1.7. БСДП належыць да супольнасці партый, якія аб’ядналіся ў Сацыялістычны Інтэрнацыянал.

1.8. Юрыдычны адрас: вуліца 17 Верасня, д. 22-24, 224030, г. Брэст, Рэспубліка Беларусь
II. МЭТЫ, ЗАДАЧЫ, ПРАДМЕТ I МЕТАДЫ ДЗЕЙНАСЦІ БСДП

2.1. Сваімі мэтамі БСДП ставіць:

– пабудову салідарнага грамадства на прынцыпах свабоды, роўнасці, сацыяльнай справядлівасці, дэмакратыі і прыярытэту права;

– пабудову незалежнай дэмакратычнай прававой і сацыяльнай Беларускай дзяржавы – раўнапраўнага суб’екта еўрапейскай і сусветнай супольнасці.

2.2. У адпаведнасці з мэтамі БСДП лічыць сваімі задачамі:

– сцвярджэнне і абарону правоў і свабод чалавека;

– стварэнне шматукладнай рынкавай сацыяльнай і экалагічнай эканомікі.

2.3. БСДП дасягае сваіх мэтаў і задач наступнымі спосабамі:

– распрацоўкай і прапагандай палітычных праграм, зваротаў і заяў;

– правядзеннем з’ездаў, канферэнцый і іншых сходаў;

– удзелам у выбарах;

– актывізацыяй удзелу грамадзян ў кіраўніцтве дзяржаўнымі і грамадскімі справамі, у фарміраванні прадстаўнічых органаў;

– уздзеяннем на стан грамадскай думкі іншымі спосабамі ў межах заканадаўства.



2.4. Прадметам дзейнасці БСДП з’яўляецца падтрымка і заахвочванне грамадзян да актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці і дапамога ім у рэалізацыі іх канстытуцыйных эканамічных, сацыяльных, культурных, грамадзянскіх і палітычных правоў, у тым ліку права на ўдзел у кіраванні дзяржавай.

2.5. Для дасягнення сваіх мэтаў БСДП ужывае наступныя метады:

– заахвочвае і арганізуе сваіх сяброў да актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці;

– удзельнічае ў выбарах вышэйшага і мясцовых органаў дзяржаўнай улады, а таксама ў ажыццяўленні ўлады праз сваіх прадстаўнікоў у заканадаўчым, прадстаўнічых і выканаўчых органах;

– прапагандуе свае ідэі і прынцыпы праз сродкі масавай інфармацыі, нагляднай агітацыі і іншымі не забароненымі законам спосабамі;

праводзіць мітынгі, сходы, канферэнцыі, семінары і іншыя мерапрыемствы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

2.6. Выяўленне, супастаўленне і збліжэнне меркаванняў сябраў БСДП ажыццяўляецца праз свабодную ўнутрыпартыйную дыскусію.

III. ЧЛЕНЫ БСДП, ІХ ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ


3.1. Сябрам БСДП можа быць толькі дзеяздольны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту, не належыць да іншых палітычных партый, прызнае Праграму і выконвае Статут БСДП.

3.2. Членства (далей па тэксту Статута – сяброўства) у БСДП фіксаванае. Кожны член (далей па тэксту Статута – сябар) партыі атрымлівае партыйнае пасведчанне, нумар якога фіксуецца ў журнале выдачы партыйных пасведчанняў, што вядзецца апаратам Цэнтральнага Камітэта БСДП. Пасведчанне ўручаецца або асабіста сябру партыі ў апараце ЦК БСДП або старшынёй гарадской (у гарадах без раённага дзялення), раённай арганізацыі, гарадской, раённай суполкі, у якой сябар БСДП стаіць на ўліку (у апошнім выпадку подпіс у журнале выдачы партыйных пасведчанняў за сябра партыі ўчыняе старшыня адпаведнай арганізацыйнай структуры). Пры адсутнасці ў горадзе, раёне арганізацыйнай структуры пасведчанне сябру партыі ўручаецца старшынёй абласной (Мінскай гарадской) арганізацыі або (пры адсутнасці абласной арганізацыі) іншым сябрам Прэзідыума БСДП (у такіх выпадках подпіс у журнале выдачы партыйных пасведчанняў за сябра партыі ўчыняе старшыня абласной (Мінскай гарадской) арганізацыі або іншы сябар Прэзідыума БСДП).

3.3. Улік сябраў партыі ажыццяўляюць:

– апарат Цэнтральнага Камітэта БСДП – вядзеннем спісу і захаваннем уліковых картак сябраў партыі, а таксама заяў-анкет сябраў партыі з абласцей, дзе адсутнічаюць абласныя арганізацыі БСДП;



  • абласныя (Мінская гарадская) арганізацыі – вядзеннем спісу, а таксама захаваннем заяў-анкет сябраў партыі з тых гарадоў і раёнаў, дзе адсутнічаюць гарадскія і раённыя арганізацыі, гарадскія, раённыя суполкі;

– гарадскія, раённыя арганізацыі, гарадскія і раённыя суполкі – вядзеннем спісаў і захаваннем заяў-анкет;

– суполкі, якія ўваходзяць у склад гарадскіх, раённых арганізацый, – вядзеннем спісу сябраў партыі.



3.4. Сяброўства ў БСДП несумяшчальнае з прапагандай нацыянальнай, сацыяльнай або рэлігійнай варожасці, з заклікам да гвалтоўных дзеянняў.

3.5. Прыём новага сябра БСДП адбываецца на падставе яго заявы і пісьмовай рэкамендацыі аднаго сябра БСДП на сходзе суполкі, гарадской (у гарадах без раённага дзялення), раённай арганізацыі або на пасяджэнні гарадскога (у гарадах без раённага дзялення), раённага камітэта БСДП, а пры іх адсутнасці – на пасяджэнні вышэйстаячага органа партыі.

3.6. Новапрыняты сябар БСДП ўносіць уступную складку, памер якой вызначае Цэнтральны Камітэт партыі.

3.7. Сябры БСДП маюць неад’емнае права:

– выбіраць і быць выбранымі ва ўсе органы партыі;

– браць удзел у сходах суполкі, гарадской, раённай арганізацыі, у мерапрыемствах і акцыях партыі;

– браць удзел у вызначэнні палітыкі партыі, прапаноўваць змены ў яе праграмных дакументах і Статуце, выказваць і абараняць сваю думку;

– звяртацца з пытаннямі, заявамі, прапановамі ў любы орган партыі і на працягу двух тыдняў атрымліваць абгрунтаваны пісьмовы адказ;

– атрымліваць падтрымку ад органаў партыі ў выпадку неабходнасці абараніць свае правы і законныя інтарэсы;

– удзельнічаць у пасяджэнні любога органа партыі, на якім абмяркоўваюцца іх прапановы або дзейнасць;

– карыстацца падтрымкаю партыі на выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады ўсіх ступеняў, калі яны вылучаны кандыдатамі ў дэпутаты ад БСДП;

– выйсці з партыі па асабістай пісьмовай ці вуснай публічнай (на сходзе, у сродках масавай інфармацыі) заяве, спыніўшы ўплату сяброўскіх складак або не пацвердзіўшы сваё сяброўства ва ўстаноўлены Цэнтральным Камітэтам БСДП тэрмін.

3.8. Сябры БСДП абавязаны:

– стаяць на ўліку ў адной з гарадскіх (у гарадах без раённага дзялення), раённых арганізацый, гарадскіх, раённых суполак, а калі яны адсутнічаюць – у вышэйстаячай арганізацыйнай структуры ці ў Прэзідыуме БСДП;

– не перашкаджаць выкананню прынятых рашэнняў, якія яны не падтрымліваюць;

– пацвярджаць сваё сяброўства ў партыі ўплатай на працягу каляндарнага года і не пазней як да 31 студзеня наступнага года штогадовай складкі ў памеры, устаноўленым Цэнтральным Камітэтам БСДП;

– садзейнічаць на выбарах перамозе кандыдатаў, якіх вылучае або падтрымлівае партыя.

3.9. Сяброўства ў БСДП спыняецца без абмеркавання рашэннем сходу суполкі, гарадской (у гарадах без раённага дзялення), раённай арганізацыі або гарадскога (у гарадах без раённага дзялення), раённага камітэта ў выпадках, прадугледжаных п. 3.7, абз. 8 гэтага Статута, а таксама ў тых выпадках, калі сябар БСДП страціў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, пераехаў у іншы горад, раён і не стаў на партыйны ўлік па новым месцы жыхарства або афіцыйна (у сродках масавай інфармацыі, у дакументах) заявіў аб сваёй беспартыйнасці і непрыналежнасці да БСДП.

3.10. Сяброўства ў БСДП спыняецца рашэннем суполкі, гарадской (у гарадах без раённага дзялення), раённай арганізацыі або гарадскога (у гарадах без раённага дзялення), раённага камітэта сяброўства ў БСДП, калі сябар партыі не прытрымліваецца Праграмы і не выконвае Статут БСДП.

3.11. Калі ў горадзе, раёне адсутнічае арганізацыйная структура БСДП, рашэнне аб спыненні сяброўства ў БСДП прымае абласны (Мінскі гарадскі) камітэт партыі або (пры адсутнасці абласнога камітэта) Прэзідыум БСДП.

3.12. У выпадках, прадугледжаных п. 3.10, гэтага Статута, рашэнне аб спыненні сяброўства ў партыі прымаецца не менш як 2/3 галасоў удзельнікаў сходу, пасяджэння камітэта або Прэзідыума БСДП.

3.13. Прыём у партыю і спыненне сяброўства ў БСДП фіксуецца ў пратаколах адпаведных калегіяльных органаў партыі.

3.14. Сябар БСДП мае права абскардзіць рашэнне аб спыненні яго сяброўства ў партыі перад вышэйстаячымі органамі аж да З’езду БСДП уключна.

3.15. На час выканання абавязкаў дзяржаўнай службы, тэрміновай службы ва Ўзброеных Сілах і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, сябар партыі прыпыняе сваё сяброўства ў БСДП. Прыпыненне і аднаўленне сяброўства ў партыі адбываецца на падставе асабістай заявы ў дзень яе падачы старшыні суполкі, гарадской, раённай, абласной арганізацыі або ў Прэзідыум БСДП.
IV. АРГАНІЗАЦЫЙНЫЯ СТРУКТУРЫ БСДП

4.1. Партыя дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і будуецца паводле тэрытарыяльнага прынцыпу.

4.2. Арганізацыйныя структуры (суполкі, гарадскія, раённыя і абласныя (Мінская гарадская) арганізацыі) партыі рэгіструюцца ў Прэзідыуме БСДП, а таксама рэгіструюцца або становяцца на ўлік у галоўных упраўленнях юстыцыі абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў (далей – галоўныя ўпраўленні юстыцыі).

4.3. Выбары кіруючых і кантрольных органаў БСДП, абласных (Мінскай гарадской) арганізацый БСДП праводзяцца таемным галасаваннем.

Выбары кіруючых і кантрольных органаў суполак, гарадскіх і раённых арганізацый, а таксама дэлегатаў на З’езд БСДП, на канферэнцыі гарадскіх, раённых, абласных арганізацый праводзяцца адкрытым або, па прапанове не менш як 1/5 удзельнікаў сходаў суполак, сходаў (канферэнцый) гарадскіх і раённых арганізацый ці ў тым разе, калі выбары альтэрнатыўныя, таемным галасаваннем.



4.4. З’езд БСДП, сход (канферэнцыя) арганізацыйнай структуры паўнамоцныя, калі ў іх працы ўдзельнічаюць больш як 1/2 сябраў БСДП, якія стаяць на ўліку ў гэтай арганізацыйнай структуры, або дэлегатаў.

4.5. Пасяджэнні выбарных органаў усіх узроўняў паўнамоцныя, калі ў іх працы ўдзельнічаюць больш як 1/2 сябраў гэтых органаў.

4.6. Пастановы З’езду БСДП, сходаў (канферэнцый) арганізацыйных структур, Цэнтральнага Камітэта, Прэзідыума партыі, кіраўніцтваў суполак, камітэтаў арганізацыйных структур, а таксама рэвізійных камісій прымаюцца, калі за іх прагаласавала больш як ½ прысутных сябраў арганізацыйных структур, дэлегатаў, сябраў камітэтаў і рэвізійных камісій, Прэзідыума партыі, калі іншае не прадугледжана гэтым Статутам.

4.7. Сябры партыі папярэджваюцца аб маючым адбыцца сходзе суполкі, гарадской, раённай арганізацыі не пазней як за тыдзень да дня правядзення сходу, аб канферэнцыі гарадской, раённай і абласной (Мінскай гарадской) арганізацыі – не пазней як за месяц да дня правядзення канферэнцыі, аб пасяджэнні гарадскога, раённага камітэта, а таксама Прэзідыума БСДП – не пазней як за тры дні да даты правядзення пасяджэння, аб пасяджэнні абласнога камітэта і ЦК БСДП – не пазней як за тыдзень да дня правядзення пасяджэння.

4.8. Старшыні арганізацыйных структур склікаюць пасяджэнні гарадскіх, раённых, абласных і Мінскага гарадскога камітэтаў партыі, старшынююць на іх пасяджэннях, прадстаўляюць арганізацыі ў дзяржаўных органах і грамадскіх аб’яднаннях на адпаведнай тэрыторыі, падпісваюць дакументы арганізацый (фінансавыя – разам са скарбнікам).

4.9. Усе пасяджэнні калегіяльных органаў афармляюцца пратаколамі.

4.10. Копія пратаколу справаздачна-выбарчага сходу (канферэнцыі) арганізацыйнай структуры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) дасылаецца ў апарат Цэнтральнага Камітэта партыі не пазней як праз 10 дзён пасля правядзення сходу (канферэнцыі).

4.11. Рашэнне гарадской, раённай суполкі можа быць абскарджана перад абласным камітэтам партыі, а пры яго адсутнасці – перад Прэзідыумам БСДП. Рашэнне суполкі, якая ўваходзіць у склад гарадской, раённай арганізацыі, можа быць абскарджана перад гарадскім, раённым камітэтам БСДП. Рашэнне гарадской (у гарадах без раённага дзялення), раённай арганізацыі можа быць абскараджана перад абласным камітэтам партыі, а пры яго адсутнасці – перад Прэзідыумам БСДП. Рашэнне раённай арганізацыі ў гарадах з раённым дзяленнем можа быць абскарджана перад гарадскім камітэтам партыі, а пры яго адсутнасці – перад абласным камітэтам партыі або (пры адсутнасці абласнога камітэта) перад Прэзідыумам БСДП. Рашэнне гарадской партыйнай арганізацыі ў гарадах з раённым дзяленнем можа быць абскарджана перад абласным камітэтам партыі або (пры адсутнасці абласнога камітэта) перад Прэзідыумам БСДП. Рашэнне канферэнцыі абласной (Мінскай гарадской) партыйнай арганізацыі, а таксама Прэзідыума партыі можа быць абскарджана перад Цэнтральным Камітэтам БСДП.

Рашэнне гарадскога (у гарадах без раённага дзялення), раённага камітэта партыі можа быць абскарджана перад сходам (канферэнцыяй) адпаведнай арганізацыі. Рашэнне гарадскога (у гарадах з раённым дзяленнем) камітэта партыі можа быць абскарджана перад абласным камітэтам партыі або (пры адсутнасці абласнога камітэта) перад Прэзідыумам БСДП. Рашэнне абласнога (Мінскага гарадскога) камітэта партыі можа быць абскарджана перад Прэзідыумам БСДП. Рашэнне Прэзідыума БСДП можа быць абскарджана перад Цэнтральным Камітэтам партыі. Рашэнне Цэнтральнага Камітэта БСДП можа быць абскарджана перад З’ездам партыі.



А. СУПОЛКІ

4.12. Першасныя арганізацыі БСДП – суполкі – ствараюцца пры наяўнасці ў горадзе, раёне не менш як трох сябраў партыі.

4.13. Гарадскія (у гарадах без раённага дзялення), раённыя арганізацыі БСДП могуць ствараць у сваім складзе суполкі па месцы жыхарства.

4.14. Колькасны склад суполак, якія дзейнічаюць у складзе гарадскіх, раённых арганізацый БСДП, не абмяжоўваецца.

4.15. Вышэйшы орган суполкі — сход, які праводзіцца не радзей як два разы на год. Сход:

– выбірае тэрмінам на адзін год кіраўніцтва суполкі (старшыню і скарбніка; а калі дазваляе колькасны склад суполкі – і намесніка старшыні);

– заслухоўвае справаздачы кіраўніцтва суполкі і дае ацэнку яго дзейнасці;

– выбірае дэлегатаў на канферэнцыю гарадской, раённай арганізацыі партыі;

– вылучае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кандыдатаў у дэпутаты;

– прымае рашэнні аб публічных мерапрыемствах;

– вырашае іншыя пытанні дзейнасці суполкі.

4.16. Кіраўніцтва суполкі арганізуе працу па выкананні сходаў суполкі і вышэйстаячых органаў партыі, вядзе першасны ўлік сябраў партыі і збор партыйных складак.

Б. ГАРАДСКІЯ, РАЁННЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ БСДП

4.17. Гарадскія, раённыя арганізацыі партыі ствараюцца пры наяўнасці не менш як сямі сябраў БСДП .

4.18. Гарадскія арганізацыі БСДП ствараюцца ў гарадах абласнога падпарадкавання.

4.19. Раённыя арганізацыі БСДП ствараюцца ў раёнах, цэнтрамі якіх з’яўляюцца населеныя пункты абласнога і раённага падпарадкавання, а таксама ў гарадах з раённым дзяленнем.

4.20. Вышэйшы орган гарадской, раённай арганізацыі БСДП – сход, які склікаецца па рашэнні гарадскога, раённага або абласнога (Мінскага гарадскога) камітэта партыі не радзей як адзін раз на год.

4.21. Сход гарадской, раённай арганізацыі БСДП:

– выбірае тэрмінам на адзін год старшыню арганізацыі, яго намесніка (намеснікаў), скарбніка, іншых сябраў гарадскога, раённага камітэта партыі;

– заслухоўвае справаздачы гарадскога, раённага камітэта і рэвізійнай камісіі (рэвізора) і дае ацэнку іх дзейнасці;

– разглядае скаргі на рашэнні гарадскога, раённага камітэта БСДП і пры наяўнасці заключэнняў рэвізійнай камісіі (рэвізора) арганізацыі прымае адпаведныя рашэнні;

– вырашае іншыя пытанні дзейнасці арганізацыі.

4.22. Гарадская, раённая арганізацыя, у якой стаіць на ўліку больш як 30 сябраў БСДП, замест сходаў можа праводзіць канферэнцыі.

4.23. Дату правядзення канферэнцыі і норму прадстаўніцтва суполак (раённых арганізацый у гарадах з раённым дзяленнем) на канферэнцыі вызначае камітэт арганізацыі. У тым разе, калі канферэнцыя праводзіцца па пастанове абласнога (Мінскага гарадскога) камітэта партыі, норму прадстаўніцтва на ёй вызначае абласны (Мінскі гарадскі) камітэт.

4.24. Гарадскі, раённы камітэт БСДП:

– арганізуе дзейнасць сябраў партыі па выкананні пастаноў сходаў (канферэнцый) арганізацыі і вышэйстаячых органаў партыі;

– вядзе ўлік сябраў партыі, інфармуе абласны (Мінскі гарадскі) камітэт партыі і апарат Цэнтральнага Камітэта БСДП аб зменах у складзе арганізацыі;

– вылучае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кандыдатаў у дэпутаты;

– прымае рашэнні аб публічных мерапрыемствах;

– распараджаецца грашовымі сродкамі арганізацыі;

– разглядае скаргі на рашэнні партыйных суполак, якія ўваходзяць у склад гарадской, раённай арганізацыі і пры наяўнасці заключэнняў рэвізійнай камісіі (рэвізора) арганізацыі прымае адпаведныя рашэнні;

– вырашае іншыя пытанні дзейнасці арганізацыі, якія не адносяцца да кампетэнцыі сходу (канферэнцыі).



4.25. Пасяджэнні гарадскога, раённага камітэта БСДП праводзяцца не радзей як два разы на год.

4.26. Вышэйшы орган гарадской арганізацыі БСДП у гарадах з раённым дзяленнем – сход або канферэнцыя, якія склікаюцца па рашэнні гарадскога або абласнога камітэта партыі не радзей як адзін раз на год.

4.27. Норму прадстаўніцтва раённых арганізацый на гарадской партыйнай канферэнцыі вызначае гарадскі камітэт БСДП, а ў тым разе, калі канферэнцыя праводзіцца па ініцыятыве абласнога камітэта партыі, – абласным камітэтам БСДП.

4.28. Сход (канферэнцыя) гарадской арганізацыі БСДП у гарадах з раённым дзяленнем:

– выбірае тэрмінам на адзін год старшыню арганізацыі, яго намесніка (намеснікаў), скарбніка, іншых сябраў гарадскога, раённага камітэта партыі;

– заслухоўвае справаздачы гарадскога камітэта і рэвізійнай камісіі (рэвізора) і дае ацэнку іх дзейнасці;

– вырашае іншыя пытанні дзейнасці арганізацыі.



4.29. Гарадскі камітэт БСДП у гарадах з раённым дзяленнем:

– каардынуе дзейнасць раённых арганізацый партыі па выкананні пастаноў канферэнцый арганізацыі, з’ездаў, Цэнтральнага Камітэта, Прэзідыума БСДП і абласнога камітэта партыі;

– вылучае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кандыдатаў у дэпутаты;

– распараджаецца грашовымі сродкамі арганізацыі;

– разглядае скаргі на рашэнні раённых арганізацый і пры наяўнасці заключэнняў рэвізійнай камісіі (рэвізора) гарадской арганізацыі прымае адпаведныя рашэнні;

– вырашае іншыя пытанні дзейнасці арганізацыі, якія не адносяцца да кампетэнцыі сходу (канферэнцыі).


В. АБЛАСНЫЯ I МІНСКАЯ ГАРАДСКАЯ АРГАНІЗАЦЫІ

4.30. Гарадскія (у гарадах без раённага дзялення), раённыя арганізацыі партыі, гарадскія і раённыя суполкі аб’ядноўваюцца ў абласную арганізацыю БСДП.

4.31. Раённыя арганізацыі партыі у г. Мінску аб’ядноўваюцца ў Мінскую гарадскую арганізацыю БСДП.

4.32. Абласная (Мінская гарадская) арганізацыя БСДП ствараецца пры ўмове, што на тэрыторыі вобласці (г. Мінска) зарэгістраваны (пастаўлены на ўлік) у галоўных упраўленнях юстыцыі не менш як дзве гарадскія (у гарадах без раённага дзялення), раённыя арганізацыйныя структуры.

4.33. Вышэйшы орган абласных і Мінскай гарадской арганізацый БСДП — канферэнцыя, якая праводзіцца не радзей як адзін раз на два гады.

4.34. Канферэнцыя абласной і Мінскай гарадской арганізацыі БСДП збіраецца па рашэнні Прэзідыума партыі, абласнога (Мінскага гарадскога) камітэта або па патрабаванні 1/3 гарадскіх (у гарадах без раённага дзялення), раённых арганізацый і гарадскіх, раённых суполак, выказаным на працягу аднаго месяца.

4.35. Дэлегаты абласной (Мінскай гарадской) канферэнцыі БСДП выбіраюцца на сходах (канферэнцыях) гарадскіх (у гарадах без раённага дзялення), раённых арганізацый і на сходах гарадскіх, раённых суполак паводле нормы, вызначанай абласным (Мінскім гарадскім) камітэтам партыі. У тым разе калі абласная (Мінская гарадская) канферэнцыя праводзіцца па пастанове Прэзідыума БСДП, норма прадстаўніцтва на ёй гарадскіх (у гарадах без раённага дзялення), раённых арганізацый, гарадскіх, раённых суполак вызначаецца Прэзідыумам партыі.

4.36. Копіі пратаколаў або выпіскі з пратаколаў сходаў (канферэнцый) гарадскіх (у гарадах без раённага дзялення) і раённых арганізацый партыі па выбарах дэлегатаў на абласныя (Мінскую гарадскую) канферэнцыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) дасылаюцца ў абласныя (Мінскі гарадскі) камітэты партыі або ў Прэзідыум БСДП не пазней як за трое сутак да дня правядзення абласной (Мінскай гарадской) партыйнай канферэнцыі.

4.37. Канферэнцыя абласной і Мінскай гарадской арганізацыі БСДП:

– выбірае тэрмінам на два гады старшыню абласной арганізацыі, яго намесніка (намеснікаў), скарбніка арганізацыі, іншых сябраў абласнога (Мінскага гарадскога) камітэта партыі;

– заслухоўвае справаздачы абласнога (Мінскага гарадскога) камітэта і рэвізійнай камісіі (рэвізора) арганізацыі і дае ацэнку іх дзейнасці;

– вырашае іншыя пытанні дзейнасці арганізацыі.



4.38. Абласны (Мінскі гарадскі) камітэт БСДП:

– каардынуе дзейнасць гарадскіх, раённых арганізацый і гарадскіх, раённых суполак партыі па выкананні пастаноў канферэнцый арганізацыі, з’ездаў, Цэнтральнага Камітэта і Прэзідыума БСДП;

– вылучае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь кандыдатаў у дэпутаты;

– распараджаецца грашовымі сродкамі арганізацыі;

– разглядае скаргі на рашэнні гарадскіх, раённых партыйных суполак, гарадскіх, раённых арганізацый, гарадскіх камітэтаў БСДП у гарадах з раённым дзяленнем і пры наяўнасці заключэнняў рэвізійнай камісіі (рэвізора) абласной арганізацыі прымае адпаведныя рашэнні;

– вырашае іншыя пытанні дзейнасці арганізацыі, якія не адносяцца да кампетэнцыі канферэнцыі.



4.39. Пасяджэнні абласнога (Мінскага гарадскога) камітэта БСДП праводзяцца не радзей як два разы на год.

4.40. У абласцях, дзе адсутнічаюць абласныя камітэты партыі, іх паўнамоцтвы часова ажыццяўляе Прэзідыум БСДП.
V. ВЫШЭЙШЫ І ВЫБАРНЫЯ ОРГАНЫ

5.1. Вышэйшым органам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з’яўляецца З’езд.

Кіруючым органам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з’яўляецца Цэнтральны Камітэт (далей па тэксту – ЦК).

Распарадча-выканаўчым органам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з’яўляецца Прэзідыум.

Кантрольна-рэвізійным органам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з’яўляецца Цэнтральная Рэвізійная Камісія (далей па тэксту – ЦРК).



А. З’ЕЗД ПАРТЫІ

5.2. З’езд партыі склікаецца не радзей як адзін раз на два гады.

5.3. Норму прадстаўніцтва на З’ездзе, месца і час яго правядзення вызначае ЦК БСДП не пазней, чым за тры месяцы да вызначанай даты.

5.4. З’езд БСДП складаецца з:

а) дэлегатаў, выбраных на канферэнцыях абласных (Мінскай гарадской) арганізацый партыі;

б) сябраў ЦК і Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі БСДП, выбраных папярэднім З’ездам.

5.5. Прэзідыум БСДП стварае Камісію па падрыхтоўцы З’езду, якая рыхтуе праекты дакументаў З’езду і выносіць іх на разгляд Прэзідыума не пазней як за шэсць тыдняў да пачатку З’езду.

5.6. Гарадскія, раённыя арганізацыі, гарадскія, раённыя суполкі БСДП атрымліваюць праекты дакументаў З’езду не пазней як за месяц да пачатку яго працы.

5.7. Копіі пратаколаў або выпіскі з пратаколаў абласных (Мінскай гарадской) канферэнцый аб выбранні дэлегатаў высылаюцца ў апарат ЦК БСДП не пазней, чым за дзесяць дзён да пачатку З’езду.

5.8. Апарат ЦК БСДП высылае дэлегатам канчатковыя праекты дакументаў З’езду не пазней чым за тыдзень да пачатку яго працы.

5.9. Нечарговы З’езд партыі склікаецца па рашэнні ЦК БСДП, або па патрабаванні 1/3 гарадскіх і раённых камітэтаў, выказаным пісьмова на працягу аднаго месяца, або ў выпадку, прадугледжаным п. 7.3 гэтага Статута.

5.10. Праграма і Статут БСДП, змяненні і (або) дапаўненні да іх, а таксама рашэнне аб ліквідацыі або рэарганізацыі партыі прымаюцца не менш як 2/3 прысутных дэлегатаў, пастановы па іншых пытаннях — больш як 1/2 прысутных дэлегатаў.



5.11. З’езд БСДП можа праводзіцца ў некалькі сесій. Пры гэтым паўнамоцтвы дэлегатаў сапраўдныя на працягу шасці месяцаў ад першага пасяджэння З’езду.

5.12. З’езд БСДП:

– прымае Статут і Праграму БСДП, а таксама змяненні і (ці) дапаўненні да іх;

– у наступнай паслядоўнасці выбірае тэрмінам на два гады: старшыню партыі і старшыню ЦРК, першага намесніка старшыні і намеснікаў старшыні партыі, сябраў ЦК і ЦРК партыі;

– заслухоўвае справаздачы ЦК і ЦРК, ацэньвае іх дзейнасць;

– разглядае скаргі на рашэнні Цэнтральнага Камітэта і Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі і пры неабходнасці адмяняе іх;

– выпрацоўвае стратэгічную лінію партыі;

– таемным галасаваннем вырашае пытанне аб падтрымцы кандыдата (прэтэндэнта) на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

– таемным галасаваннем вылучае кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь;

– зацвярджае выбарчыя блокі і прымае выбарчую платформу партыі пры выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

– канчаткова вырашае спрэчныя пытанні пра сяброўства ў БСДП;

– прымае Выбарчы і Фінансава-гаспадарчы рэгламенты партыі, а таксама Палажэнне аб фракцыях у БСДП;

– абмяркоўвае і вырашае іншыя важнейшыя пытанні дзейнасці партыі.



5.13. Рашэнні З’езду БСДП абскарджанню не падлягаюць.
Б. ЦЭНТРАЛЬНЫ КАМІТЭТ БСДП

5.14. ЦК БСДП з’яўляецца кіруючым органам партыі у перыяд паміж з’ездамі.

5.15. У склад ЦК БСДП уваходзяць не больш як 45 сябраў: старшыня, першы намеснік старшыні, намеснікі старшыні партыі, іншыя сябры партыі, выбраныя З’ездам.

5.16. У перыяд паміж з’ездамі партыі ЦК можа шляхам кааптацыі пашырыць свой склад, але не больш як на 20 працэнтаў першапачатковага складу.

5.17. ЦК БСДП :

– прымае праграмныя і канцэптуальныя дакументы па асобных напрамках дзейнасці партыі;

– у выпадку з’яўлення вакансій першага намесніка старшыні, намеснікаў старшыні партыі таемным галасаваннем выбірае з ліку сябраў ЦК на вакантныя пасады часовых выканаўцаў іх абавязкаў;

– таемным галасаваннем выбірае з ліку сябраў ЦК БСДП генеральнага сакратара (кіраўніка спраў) БСДП і скарбніка БСДП, кандыдатуры якіх вылучае па ўзгадненні з Прэзідыумам старшыня партыі;

– па прадстаўленні Прэзідыума партыі прызначае і вызваляе ад абавязкаў сакратароў апарату ЦК;

– утварае перадвыбарчыя блокі пры выбарах у Парламент Рэспублікі Беларусь і прымае выбарчую платформу партыі;

– вызначае формы і напрамкі супрацоўніцтва БСДП з іншымі палітычнымі арганізацыямі і грамадскімі аб’яднаннямі ў Беларусі і за яе межамі;

– вызначае штогадовы бюджэт БСДП і заслухоўвае справаздачы аб яго выкананні;

– па сваёй ініцыятыве або па прапанове Прэзідыума партыі фарміруе пастаянныя і часовыя камісіі і рабочыя групы, якія з’яўляюцца дарадчымі органамі ЦК БСДП, і прымае Палажэнне аб іх;

– разглядае скаргі на рашэнні абласных (Мінскай гарадской) партыйных канферэнцый і Прэзідыума БСДП і пры наяўнасці заключэнняў Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі прымае адпаведныя рашэнні;

– па прапанове Прэзідыума партыі зацвярджае для прадстаўлення З’езду кандыдатуры на пасады старшыні, першага намесніка і намеснікаў старшыні БСДП;

– прымае Рэгламент ЦК БСДП, а таксама Інструкцыю аб парадку прыёму ў партыю, спынення сяброўства ў партыі, уліку сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і выдачы партыйных пасведчанняў;

– уносіць змяненні і (ці) дапаўненні ў Статут БСДП, калі яны выкліканы зменамі ў заканадаўстве і пераменай юрыдычнага адрасу;

– вырашае іншыя важныя пытанні дзейнасці БСДП, якія не належаць да выключнай кампетэнцыі З’езду.



5.18. Пасяджэнні ЦК БСДП праводзяцца па ініцыятыве старшыні партыі або па рашэнні Прэзідыума БСДП па меры неабходнасці, але не радзей як 4 разы на год.

VI. ЦЭНТРАЛЬНЫЯ ОРГАНЫ БСДП



А. ПРЭЗІДЫУМ БСДП

6.1. Прэзідыум БСДП з’яўляецца распарадча-выканаўчым органам, які кіруе арганізацыйнай і ідэалагічнай працай партыі ў перыяд паміж пасяджэннямі ЦК БСДП і падсправаздачны яму.

6.2. У склад Прэзідыума партыі ўваходзяць: старшыня партыі, першы намеснік і намеснікі старшыні партыі, генеральны сакратар (кіраўнік спраў) і скарбнік БСДП, старшыні абласных і Мінскай гарадской арганізацый партыі.

Калі ў вобласці ёсць сябры БСДП, але адсутнічае зарэгістраваная (пастаўленая на ўлік) у адпаведным галоўным упраўленні юстыцыі абласная партыйная арганізацыя, Цэнтральны Камітэт партыі па прапанове Прэзідыума БСДП таемным галасаваннем выбірае ад сябраў партыі гэтай вобласці аднаго прадстаўніка ў склад Прэзідыума.



6.3. Прэзідыум БСДП:

– арганізуе выкананне рашэнняў З’езду і ЦК БСДП;

– прымае рашэнні аб адносінах партыі да выканаўчай улады;

– прымае рашэнні пра агульнапартыйныя праекты, акцыі і мерапрыемствы;

– распараджаецца сродкамі партыі згодна з бюджэтам партыі, а таксама матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі;

– вызначае штатны расклад апарату ЦК партыі;

– прымае Регламент Прэзідыума, Палажэнне аб апараце ЦК БСДП, а таксама Палажэнне аб партыйным архіве;

– абагульняе прапановы і праекты дакументаў, якія паступілі для разгляду на пасяджэннях ЦК і З’ездзе БСДП;

– разам з дэпутацкай групай БСДП у органе заканадаўчай улады рыхтуе і аналізуе законапраекты, якія ўносяцца на разгляд Парламента;

– разглядае скаргі на рашэнні гарадскіх, раённых партыйных суполак, гарадскіх, раённых арганізацый, а таксама гарадскіх партыйных камітэтаў у гарадах з раённым дзяленнем з тых абласцей, дзе адсутнічаюць абласныя арганізацыі БСДП, і пры няўнасці заключэнняў Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі прымае адпаведныя рашэнні;



­­разглядае скаргі на рашэнні абласных (Мінскага гарадскога) партыйных камітэтаў і пры няўнасці заключэнняў Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі прымае адпаведныя рашэнні;

– вырашае іншыя пытанні партыйнай дзейнасці, якія не належаць да выключнай кампетэнцыі З’езду і ЦК БСДП.



6.4. Пасяджэнні Прэзідыума БСДП праводзяцца не радзей як 1 раз на месяц.

Б. СТАРШЫНЯ I НАМЕСНІКІ СТАРШЫНІ БСДП

6.5. Старшыня БСДП:

– арганізуе працу ЦК БСДП і Прэзідыума партыі і старшынствуе на іх пасяджэннях;

– у межах паўнамоцтваў, вызначаных гэтым Статутам, рашэннямі З’езду, ЦК БСДП і Прэзідыума БСДП, прадстаўляе партыю ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі;

– падпісвае разам з генеральным сакратаром (кіраўніком спраў) БСДП дакументы ЦК і Прэзідыума партыі (фінансавыя – разам са скарбнікам).



6.6. Першы намеснік, намеснікі старшыні партыі кіруюць пэўнымі напрамкамі партыйнай працы і каардынуюць дзейнасць пастаянных і часовых камісій ЦК БСДП і яго рабочых груп, выконваюць іншыя абавязкі ў межах паўнамоцтваў, вызначаных гэтым Статутам, рашэннямі З’езду, ЦК і Прэзідыума БСДП.

6.7. Адзін і той самы сябар партыі не можа быць выбраны старшынёй БСДП больш як на тры тэрміны (6 гадоў) запар.

6.8. Пры адсутнасці старшыні БСДП яго абавязкі выконвае першы намеснік старшыні.
В. АПАРАТ ЦК БСДП I СКАРБНІК ПАРТЫІ

6.9. Апарат ЦК БСДП на чале з генеральным сакратаром (кіраўніком спраў) партыі ствараецца для матэрыяльна-тэхнічнага і арганізацыйнага забеспячэння працы ЦК і Прэзідыума БСДП.

6.10. Апарат ЦК БСДП складаецца з сакратароў і тэхнічнага персаналу.

6.11. Прыём і звальненне тэхнічных супрацоўнікаў апарату ЦК БСДП з працы ажыццяўляе Прэзідыум БСДП па прапанове старшыні партыі і генеральнага сакратара (кіраўніка спраў) БСДП.

6.12. Функцыянальныя абавязкі генеральнага сакратара (кіраўніка спраў) БСДП, скарбніка, сакратароў і тэхнічных супрацоўнікаў апарату ЦК БСДП вызначаюцца Палажэннем аб апараце ЦК БСДП.

6.13. Генеральны сакратар (кіраўнік спраў) БСДП у сваёй дзейнасці кіруецца гэтым Статутам, рашэннямі З’езду, ЦК і Прэзідыума партыі.

6.14. Скарбнік БСДП нясе асабістую адказнасць за фінансава-гаспадарчую дзейнасць, маёмасць і выкананне бюджэту партыі.

6.15. Мова справаводства цэнтральных органаў БСДП — беларуская.

6.16. Мова справаводства суполак і арганізацый БСДП беларуская або руская (па іх выбары).

VII. КАНТРОЛЬНЫЯ ОРГАНЫ БСДП

7.1. Кантрольнымі органамі БСДП з’яўляюцца Цэнтральная Рэвізійная Камісія (ЦРК) БСДП і рэвізійныя камісіі (рэвізоры) абласных (Мінскай гарадской), гарадскіх, раённых арганізацый партыі, гарадскіх і раённых суполак.

7.2. ЦРК БСДП збіраецца на свае пасяджэнні не радзей як 4 разы на год, а рэвізійныя камісіі арганізацыйных структур – не радзей як 2 разы на год.

7.3. ЦРК БСДП:

– вызначае адпаведнасць дзейнасці выбарных органаў і асоб БСДП і яе арганізацыйных структур Статуту і Праграме партыі;

– кантралюе паступленне і выкарыстанне сродкаў БСДП, захаванне і выкарыстанне партыйнай маёмасці;

– правярае справаводства апарату ЦК БСДП і арганізацыйных структур;

– дапамагае рэвізійным камісіям (рэвізорам) арганізацыйных структур;

– інфармуе З’езд і ЦК БСДП, а таксама адпаведныя органы арганізацыйных структур БСДП пра выяўленыя парушэнні і патрабуе іх ухілення;

– мае права ставіць перад ЦК БСДП, пры выяўленні адыходу ЦК БСДП і яго кіраўніцтва ад нормаў Статута і праграмных дакументаў БСДП, пытанне аб скліканні нечарговага З’езду БСДП, і пры падтрымцы такой прапановы 1/3 сябраў ЦК БСДП З’езд павінен быць скліканы на працягу шасці тыдняў.

7.4. Члены ЦРК не могуць уваходзіць у склад Цэнтральнага Камітэта і Прэзідыума БСДП.

7.5. Сябры рэвізійных камісій (рэвізоры) арганізацыйных структур не могуць уваходзіць у склад адпаведных камітэтаў партыі.

7.6. Старшыні і сябры рэвізійных камісій (рэвізоры) абласных (Мінскай гарадской) арганізацый БСДП выбіраюцца на канферэцыях гэтых арганізацыйных структур тэрмінам на два гады.

Старшыні і сябры рэвізійных камісій (рэвізоры) гарадскіх, раённых арганізацый БСДП, гарадскіх, раённых суполак выбіраюцца на сходах (канферэцыях) гэтых арганізацыйных структур тэрмінам на адзін год.



7.7. Рэвізійныя камісіі (рэвізоры) арганізацыйных структур БСДП:

– кантралююць паступленне і выдаткаванне грашовых сродкаў арганізацый, захаванне і выкарыстанне партыйнай маёмасці;

– вызначаюць адпаведнасць дзейнасці выбарных органаў і выбарных асоб арганізацыйных структур БСДП Статуту і праграмным дакументам партыі;

– ставяць перад сходамі (канферэнцыямі) і камітэтамі арганізацыйных структур пытанні аб выпраўленні выяўленых парушэнняў;

– правяраюць справаводства арганізацыйных структур;

– інфармуюць аб выяўленых сур’ёзных парушэннях Статута і праграмных дакументаў партыі ЦРК БСДП.



7.8. Пры выяўленні сур’ёзных парушэнняў Статута і праграмных дакументаў БСДП рэвізійныя камісіі (рэвізоры) арганізацыйных структур ставяць пытанне аб скліканні нечарговага сходу (канферэнцыі) адпаведнай арганізацыйнай структуры, і пры падтрымцы такой прапановы 1/3 сябраў адпаведнага камітэта сход (канферэнцыя) павінен быць скліканы на працягу двух тыдняў.

7.9. Рашэнне рэвізійнай камісіі (рэвізора) гарадской, раённай суполкі БСДП можа быць абскарджана перад рэвізійнай камісіяй (рэвізорам) абласной арганізацыі партыі, а пры адсутнасці рэвізійнай камісіі (рэвізора) абласной арганізацыі – перад Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіяй БСДП. Рашэнне рэвізійнай камісіі (рэвізора) гарадской (у гарадах без раённага дзялення), раённай арганізацыі БСДП можа быць абскарджана перад рэвізійнай камісіяй (рэвізорам) абласной арганізацыі партыі, а пры адсутнасці рэвізійнай камісіі (рэвізора) абласной арганізацыі – перад ЦРК БСДП. Рашэнне рэвізійнай камісіі (рэвізора) раённай арганізацыі БСДП у гарадах з раённым дзяленнем можа быць абскарджана перад рэвізійнай камісіяй (рэвізорам) гарадской арганізацыі, а пры адсутнасці рэвізійнай камісіі (рэвізора) гарадской арганізацыі – перад рэвізійнай камісіяй (рэвізорам) абласной арганізацыі партыі або (пры адсутнасці рэвізійнай камісіі (рэвізора) абласной арганізацыі) перад ЦРК БСДП. Рашэнне рэвізійнай камісіі (рэвізора) гарадской арганізацыі ў гарадах з раённым дзяленнем можа быць абскарджана перад рэвізійнай камісіяй (рэвізорам) абласной арганізацыі або (пры адсутнасці рэвізійнай камісіі (рэвізора) абласной арганізацыі) перад ЦРК БСДП. Рашэнне рэвізійнай камісіі (рэвізора) абласной (Мінскай гарадской) арганізацыі партыі можа быць абскарджана перад ЦРК БСДП.
VIII. ПАРТЫЙНЫЯ ГРУПЫ Ў ОРГАНЕ ЗАКАНАДАЎЧАЙ УЛАДЫ
I МЯСЦОВЫХ САВЕТАХ


8.1. Дзейнасць БСДП у органе заканадаўчай улады Рэспублікі Беларусь і мясцовых Саветах дэпутатаў з’яўляецца асноўным спосабам ажыццяўлення яе праграмных мэтаў і задач.

8.2. Сябры БСДП, выбраныя дэпутатамі органа заканадаўчай улады Рэспублікі Беларусь, утвараюць партыйную групу ў парламенце.

8.3. Партгрупа далучае да супрацоўніцтва дэпутатаў – сябраў іншых партый і беспартыйных, якія падзяляюць ідэі і мэты сацыял-дэмакратыі.

8.4. Партгрупа ў сваёй дзейнасці кіруецца Праграмай партыі, рашэннямі з’ездаў, ЦК і Прэзідыума БСДП.

8.5. Дэпутацкая партгрупа самастойна вырашае пытанні арганізацыі сваёй дзейнасці ў парламенце.

8.6. Дэпутацкая партгрупа карыстаецца арганізацыйнымі, матэрыяльнымі і інтэлектуальнымі магчымасцямі БСДП для рэалізацыі праграмных мэтаў партыі парламенцкімі сродкамі.

8.7. У мясцовых Саветах дэпутатаў паводле палажэння, зацверджанага ЦК БСДП, арганізуюцца і дзейнічаюць партгрупы БСДП.
ІX. СРОДКІ I МАЁМАСЦЬ БСДП

9.1. БСДП мае права мець ва ўласнасці любую маёмасць, неабходную ёй для дзейнасці, прадугледжанай Статутам, за выключэннем аб’ектаў, якія згодна з законам могуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.

9.2. Маёмасць БСДП з’яўляецца партыйнай уласнасцю. Рашэнні аб размеркаванні маёмасці партыі, а таксама аб парадку яе выкарыстання прымае выключна Прэзідыум БСДП.

9.3. Грашовыя сродкі БСДП фармуюцца са штогадовых сяброўскіх складак, з даходаў ад выдавецкай дзейнасці, ахвяраванняў сябраў партыі, асобных грамадзян, арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў і іншых паступленняў, якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

9.4. Збор сяброўскіх складак праводзіцца ў суполках, гарадскіх, раённых арганізацыях БСДП, пры гэтым 40 працэнтаў сабраных складак пераводзіцца на рахунак ЦК БСДП.

9.5. Парадак збору сяброўскіх складак, у тым ліку ў гарадах і раёнах, дзе адсутнічаюць зарэгістраваныя (пастаўленыя на ўлік) партыйныя структуры, вызначаецца адпаведнай інструкцыяй, якую прымае Прэзідыум БСДП.

9.6. Рашэннем гарадской (у гарадах без раённага дзялення), раённай арганізацыйнай структуры сябры партыі могуць часткова або цалкам вызваляцца ад уплаты сяброўскіх складак. Калі ў горадзе, раёне адсутнічае партыйная структура, часткова або цалкам вызваліць сябра партыі аб уплаты складак можа абласны (Мінскі гарадскі) камітэт БСДП або (пры адсутнасці абласнога камітэта) Прэзідыум БСДП.

9.7. Арганізацыйныя структуры, а таксама выбарныя органы партыі, па рашэнні якіх сябры БСДП працуюць у партыйных органах, пералічваюць у фонд дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсійны фонд сродкі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

9.8. Арганізацыйныя структуры і выбарныя органы партыі выкарыстоўваюць свае сродкі на выплаты ў бюджэт, прадугледжаныя заканадаўствам, арэнду памяшканняў і набыццё неабходнай для дзейнасці партыі маёмасці, выплаты заробку штатным і іншым работнікам, фінансавую дапамогу арганізацыйным структурам, фінансавую дапамогу сябрам партыі, якія маюць у ёй патрэбу, дабрачынныя мэты, а таксама іншыя мэты, якія не супярэчаць Статуту і заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
X. СРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ БСДП

10.1. БСДП можа засноўваць свае газеты, часопісы і бюлетэні.

10.2. Свае друкаваныя органы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь могуць засноўваць арганізацыйныя структуры, асобныя сябры ці групы сябраў партыі.

10.3. Галоўных рэдактараў і рэдкалегіі агульнапартыйных органаў друку таемным галасаваннем выбірае ЦК БСДП.

XI. СІМВОЛІКА БСДП

11.1. БСДП можа мець свае сімвалы (сцяг, эмблему, вымпелы, значок, гальштук), якія зацвярджаюцца Цэнтральным Камітэтам партыі і рэгіструюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

XII. СПЫНЕННЕ ДЗЕЙНАСЦІ БСДП


12.1. Ліквідацыя БСДП ажыццяўляецца на падставе рашэння З’езду, прынятага ў адпаведнасці з п. 5.10 гэтата Статута, а таксама рашэннем Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь на падставах і ў парадку, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

12.2. Для правядзення ліквідацыі БСДП на З’ездзе партыі ствараецца ліквідацыйная камісія, вызначаецца парадак і тэрмін ліквідацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама парадак выкарыстання застаўшыхся сродкаў і маёмасці партыі пасля яе ліквідацыі.

12.3. Пастанова З’езду аб рэарганізацыі партыі, у тым ліку аб зліцці (аб’яднанні) БСДП з іншымі партыямі, прымаецца ў адпаведнасці з п. 5.10 гэтага Статута.

12.4. Сродкі і маёмасць, што застаюцца пасля ліквідацыі БСДП, пасля задавальнення маёмасных прэтэнзій выкарыстоўваюцца на рэалізацыю мэтаў і задач, прадугледжаных пп. 2.1 і 2.2 Статута партыі.

12.5. Справаводства БСДП вядзецца ва ўстаноўленым парадку, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы па асабовым складзе і іншыя архіўныя дакументы здаюцца ва ўстановы, якія захоўваюць Нацыянальны архіўны Фонд Рэспублікі Беларусь па месцы знаходжання юрыдычнага адрасу.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка