Заўтра я яшчэ не памру…




Дата канвертавання07.02.2017
Памер16.37 Kb.
Заўтра я яшчэ не памру…

Цёпла. Бо зімы яшчэ не было. Бо ляжыш у ванне з гарачай вадой і пухірамі. Потым закрываеш нос і ныраеш пад слой пены. Затрымліваеш подых як мага даўжэй. Адчуваеш, як пачынае стукаць у скронях і рэзка вынырваеш, шырока адкрыўшы рот. Снега не было, бо не было зімы. Але не было і нічога, што павінна сагрэць.

Было віскі. Былі спецыяльна купленыя шклянкі і лёд. І была адна песня, якая стаяла на паўторы ўжо трэці ці чацвёрты дзень запар. Песня і віскі гаварылі табе, што ўсё нібы добра, але нечага не хапае. І не хапае самага істотнага. Таго, што павінна сагрэць. Выпіваеш некалькі шклянак віскі. Глядзіш праз вакно на вуліцу, дзе яшчэ не зіма. І няма снегу.

Удзень бегаў і думаў, што робіш усё правільна. Робіш усё так, як хочацца, як просіць сэрца, ці душа, ці што там у цябе замест гэтага. Бегаў, нібы п’яны. П’яны ад таго, што павінна сагрэць. П’яны ад таго, што глядзеў на яе і бачыў…адчуваў, хочаш быць з ёю. Таму і бегаў. Таму і балбатаў без упынку бязглудзіцу ўсялякую. Таму і быў сабою. Роўна да вечара.

Заўтра а сёмай – тэатр. Заўтра ты яшчэ не памрэш. Не можаш зразумець, чаму цябе не ахоплівае юр поруч з ёю. Як гэта бывае заўсёды з іншымі. Думаеш, гэта ўсё адмазкі, бо ты ж жывёліна, якую яшчэ трэба пашукаць. Бо ты не хочаш спужаць сваю здобыч. Ты хочаш выдзяліць яе, ідэалізаваць, але вельмі добра разумееш, што ўсё гэта лухта. Лепей, можа, адразу наўпрасткі?

Як бы, заўтра ты яшчэ не памрэш, бо хочацца зрабіць гэта зараз. Вось дапіць шклянку віскі, дадумаць аб тым, як астапездзіла гэтае бессэнсоўнае жыццё, і пайсці парэзаць сабе вены. Ціхонечкка так. Без болю. Без бою. Здаецца заўтра гэта так далёка. Здаецца, што да заўтра ты паспееш яшчэ мільён раз абдумаць тое, аб чым не трэба думаць. І дадумацца да таго, да чаго лепей не дадумвацца. Забяры мяне ва сваё ўлонне, жыццё…

А хто яго ведае? Можа лепей увогуле не думаць? Проста рабіць? Бо калі думаеш, то становіцца жудасна ад таго, што ты робіш і што хочаш зрабіць. Думаеш, што нібы і так усё добра. І на кой здалося яшчэ нешта рабіць. Пішы вершыкі, да якіх нікому няма справы. Бо ты ніколі іх не пішаш для сябе. Як і не выпендрываешся ў кулінарыі для сябе. А калі для некага, там ты капец які мастак! Толькі на хер гэта ўсё… калі няма таго, што павінна сагрэць.

А што павінна сагрэць? Хто павінен сагрэць? І навошта цябе грэць?



Снега не было. Былі пухіры. Бо зімы яшчэ не было. І было цёпла. І цяпло расплывалася па вадзе густой чырвонай плямай. Заўтра а сёмай – тэатр. Заўтра ты яшчэ не памрэш. І была адна песня, і была адна бутэлька віскі і адна, усяго адна дзяўчына.

Але не было нічога, што павінна сагрэць…


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка