Зьміцер Дашкевіч. Чарвяк




старонка2/6
Дата канвертавання18.11.2017
Памер0.82 Mb.
1   2   3   4   5   6

— Пастой, прыйдзе іхні час, павер ты мне. Адзін там ужо быў, вызваліўся, пасля знайшлі з паламаным хрыбтом. Хутка дадуць справаздачу і ванькі з петраковічамі, — упэўнена і пасміхаючыся сцвердзіў мой горкаўскі знаёмы, і настойваючы паўтарыў: — Час прыйдзе.

Нельга было не пагадзіцца з такою лагічнаю высноваю, аднак, у нашым выпадку, падалося мне неабходным удакладніць:

— Прыйдзе, але не таму, што нехта прыспешыць, а таму што ёсць жалезны закон быцця, які яшчэ ніхто не перахітрыў: што пасее чалавек, тое і пажне.

— Не, гэта таксама праўда, — кіўнуў Алег, закурваючы наступную. — Во, Кавалёва ж знялі.

— Да ты што, ён жа помнік?! — здзівіўся я, ўзгадаючы каларытнага персанажа — начальніка горкаўскай зоны Кавалёва, каторы такім шалёным лямантам гарланіў на мяне падчас выпісвання ізалятара, што я не мог разабраць ні слова, і толькі ягоны намеснік Лапатка перакладаў мне: “Пшол во-о-он!”

— Бывае і помнікі аб зямлю грукаюцца, — трапна адзначыў суразмоўца. — Але “чаму”, толкам ніхто там не ведае. Прыехала нейкая праверка на промку, быццам выявілі там процьму чорных схемаў, па якіх муцілі з мэбляй і лесам. Некалькі галоваў паляцела. Мо самі хутка некаторыя апрануць?! — Алег патрос рукою на грудзях робу.

Сапраўды, часам шанец апрануць робу выпадае і тым, хто сёння сам зэкаў у гэтую робу апранае, але толькі ў тым разе, калі заграбаў персанаж і не дзяліўся. А калі распіл адбываецца на ўсе лапы справу робячыя і яе кантралюючыя, дык схема жалезабетонная і стаіць доўга, вельмі доўга. Амаль вечна… “Дык няўжо хапугі ўсе такія, начальнікі зонаўскія?” — законна абурыцца хто-небудзь. Не, канешне, не ўсе — паўсюль ёсць людзі сумленныя. Але ж і з гэтага боку ўсё тое самое, што і з таго: улада, улада поўная, абсалютная і ніякім абскарджванням непадлягаючая. Як утрымацца ад гэткае ап’яняючае спакусы і ўсіх даброццяў з ёю звязаных? Ясная справа, гэта не дзесяць мільёнаў, але нават калі пару тысячаў рабоў пад тваім абцасам, як жа тут не абзавесціся сваім Кіраўніцтвам справамі?

— Пагулялі, і харош! — агучыў устаноўку зайшоўшы на дах прапар.

Салдацік-навабранец,каторы, кантралюючы нас хадзіў уздоўж дворыкаў, пачаў адчыняць адну з клетак з ПКТэшнікамі.

— Што, ужо ўсё? — абурыліся тыя, хаця і самі ведалі, што “усё”.

— А як хацелі? Усё па кодэксе: патрэслі касцямі паўгадзіны і — ў склеп свой.

Жыхары склепа спрачацца не збіраліся і вярталіся ў хаты, развітваючыся са мною і такім шануемым страгачамі чэлам з іншае адзіночкі, каторы гуляў у скрайнім ад мяне, першым дворыку. І калі ўсе выйшлі, я угледзеў, што суседам маім, Дзёнем, ёсць колішні знаёмы — белы пекар. Я радасна узняў далонь.

— Здароў!

— Здароў! — махнуў у адказ і светлы чалавек.

— Як гэта ты тут апынуўся? — прыкрыкнуў я зважаючы на чатыры клеткі паміж намі.

— О, доўгая гісторыя, — з незыходзячай з твару ўсмешкаю адказаў ён і запытаў кантралёра: — Не выводзяць нас яшчэ?

— Не, на агульных жа умовах — гуляеце гадзіну.

— Ды, на працы там… — хіба нехаця пачаў Дзяніс, — прыйшлося ўгаманіць аднаго.

— Гэта тая бойка? — прыгадаў я абмяркоўваемую апошнімі днямі між зэкаў падзею — рукапашную на прамзоне.

— Ну, — кіўнуў пекар, —не здолеў стрываць.

— Усяк жа бывае. Яно мо і не заўсёды правільна — трываць.

— Не, я ведаю: мяне Госпад вучыў цярпенню, пакоры. А я сарваўся.

Я сам сабе ўсміхнуўся : філасофія пакоры для Беларусі не нава. Многія памылкова (а мо і адмыслова) інтэпрэтуюць біблійны заклік упакорыцца Хрысту, як загад упакорыцца усяму і кожнаму. Не ведаю як каго, а мяне гэтая ідэалогія памяркоўных і талерантна-прыгнечаных, узведзеная некаторымі тэолагамі ў культ, прымушае праведна абурыцца і пасекчы апанента параю новазапаветных прыкладаў (найбольш падабаецца мне памяркоўны Павал, каторы першасвятару, загадаўшаму ўдарыць апостала па твары, кажа, чыста так па-памяркоўнаму: “Дык няхай ударыць цябе Бог, сцяна пабеленая!”(Дзеян.23:3) ), але тут абурацца ніяк я не мог: з аднога боку, было бачна, што Дзёня ўсё ж не з тых, хто чалавекам упакорвацца будзе, а з другога, нават, калі і патрапіў ён пад недарэчныя ідэі, але выказваўся з такім прасветленым абліччам, што мог я толькі ўсцешана ўсміхнуцца:

— Што ж за нягоднік збіў цябе са шляху?

— Ёсць там зэк адзін, камендант прамзоны.

— А гэта што? — такой зэкаўскай пасады чуць у калоніях мне яшчэ не даводзілася.

— Ды ніхто толкам і не ведае “што”, — махнуў рукою Дзёня. — Ходзіць буры такі ды ўсё кімсьці камандваць спрабуе. У асноўным муціць з кабелямі: кілаграмы на сябе закрывае, зэкам — па пару блокаў “Прымы”. А ў дадатак і жыць спакойна не дае: то жалеза забярэ, каб спортам не займаліся (ходзяць яны потым свае ж гантэлі ў яго выкупляюць); то не выпускае ў душ, пакуль зэк норму медзі не здаў. А калі няма кабеляў, дык што не мыцца зэку? — пекар спыніўся ў дворыку і паглядзеўшы на мяне дадаў: — Ты ж ведаеш у якіх умовах працуюць людзі, як цярпець такое?

Што адказаць Дзянісу я не ведаў — не хацелася мне яго засмучваць зусім: тыя ўмовы, у якіх працуюць у “Глыбокім”, дзе на промцы ёсць лазня ў 15-20 душавых кранаў і мыйся хоць кожны дзень — люксавыя, калі параўнаць з тым, што бачыў я хаця б у папярэдняй сваёй камандзіроўцы — у “Горках”.

Горкаўскія цэхі па дабычы каляровых металаў (у асноўным —медзі і алюмінія) з адпрацаваных кабеляў, умяшчаюць сотню-другую мурзатых твараў.

Перад пачаткам працы да цэха пад’язджае які МАЗ і вывальвае пад “лакалку” гарукабеляў, на якую зэкі тут жа кідаюцца з усіх бакоў і яна пераўтвараецца ў жывы арганізм: адзін цягне кабель, другі — зэка за нагу, трэці з чацьвёртым чысцяць лычы адзін аднаму — ідзе грамадзянская вайна, у якой кожны імкнецца заваяваць паболей здабычы

Пасля падбітыя ваякі цягнуць трафеі ў цэхі і — усе ў мазуце, саляры і шчэ якой гадасці — пачынаюць іх драць, здабываючы для радзімы каляровы метал. Тут нябёсы разраджаюцца дажджом (а дажджы неяк вельмі любяць цудоўную горкаўскую зямлю і дзікунскую горкаўскую калонію), і цэхі пераўтвараюцца ў вялікую душавую кабіну — зліва з даху палівае ўсё: чорных рабоў, кабеля, мазут і нават мусара якога, што зайшоў пракантраляваць медны руднік. А пячорныя людзі каменага веку, хоць у руках у іх прылады металёвыя, усё дзяруць, дзяруць, дзяруць: норма-та — 60 кг!

(Чытач, калі ты маеш дома адпрацаваны медны, алюміневы ці любы іншы кабель, ніколі, ніколі не здавай яго на пункт пераапрацоўкі! “Закапай яго!” — умаляюць цябе разам са мною ўсе зэкі Беларусі. — Не ўмацоўвай рабаўладальніцкі лад на Бацькаўшчыне!)

Паўцэнтнера алюмінію (гэта ж — цэлы воз!), канешне, здаць за змену нерэальна і ніхто ўстаноўку са столі ўзятую не выконвае. Падавалася б тады: навошта ўвогуле норма гэтая, хворымі людзьмі выдуманая? Аж не, людзі-та не хворыя, людзі — граматныя і добра прашараныя: норма для таго, каб любога і ў любую секунду можна было прыцягнуць у цугундзер за яе невыкананне.

Пасля працы пячорнаму рабу хацелася б прыняць не імправізаваны небам, а просты, штучны душ. І вось, заходзіць ён на ўмывальнікі — і што бачыць? На ўмывальніках ён бачыць чатыры ракавіны і тут жа, за невялікаю перагародкаю — чатыры, адна ля адной дзіркі (даруйце, даруйце мне дзеці, жанчыны, натуры тонкія і вытанчаныя — усе даруйце!), за дзень сотняю зэкаў заваленыя натуральнымі і ненатуральнымі выкідамі замучаных баландаю страўнікаў. У такой абстаноўцы мыйся як хочаш: тут — чатыры ракавіны, дзе ценяў восем, паздымаўшы кашулі, штурхаючыся, шаруюць далонямі па грудзях, а побач — дыміцца чатыры гары …

Я скажу дакладна, каб не быў я зэкам, каб быў я нармальным чалавекам і прачытаў такое, седзячы пры гальштучку за кампутарам, альбо ў газетцы, у халаціку разваліўшыся на канапе, не паверыў бы я і сам, што такое можа быць у IIIтысячагоддзі. Але, клянуся вам: так і ёсць! Абы толькі не “ехалі” вы правяраць мяне ў “Горкі”!

Ну і ці можна з такім дзікунствам параўнаць што-небудзь у свеце? Можа быць толькі канцлагеры ў Паўночнай Карэі.

Ізноў, хацелася б абурыцца: чаму рабы церпяць?! Чаму не патрабуюць наймінімальнейшых умоваў, якія адрозніваюць чалавека ад быдлоты?! Але, узгадваю я словы Алега пра наступствы для патрабуючых… і разумею, што і абвінаваціць няма каго: каб стацца свабодным, раб павінен быць гатовы развітацца са сваім рабскім жыццём. А гэтыя: хочуць хаця б неяк, але існаваць, думаючы, што, выбраўшыся з дзвюхтысячнай зоны ў дзесяцімільённую, яны будуць вольнымі.

— Як цярпець? — паўтарыў Дзяніс.

— Нельга цярпець, — згадзіўся я. — Але ж, церпяць.

— Я спакойна глядзець на такое не магу, — адрэзаў праўдашукальнік і, вытрымаўшы паўзу, працягнуў: — Неяк кажу яму: “ Што ты тварыш, ё-маё?! Ты з людзей маеш, дык дай жа і ім дыхаць!” Ён на нейкі час супакоіўся, а потым ізноў: панапрыдумваў “лакалкі” варыць каля цэхаў, каб зэкі не маглі з амбараў сваіх выходзіць нават паветрам падыхаць. У нас там, ля пякарні, таксама пачалі варыць клетку, а ён бегае ўсё і кантралюе. Я, гледзячы на рух такі, прыкалоўся: “Вам, — кажу, — і наглядчыкаў не трэба, вы тут самі гатовыя пазаварваць сябе з усіх бакоў у арматуру.” Ну і што ты думаеш? Пайшоў ён аперам наплакаўся, што хаджу я, маўляў, ды агітую зэкаў кіпішаваць супраць “лакалак”. Мяне выклікаюць, я ім тлумачу: “Якая мне розніца, вараць яны самі сабе наморднікі, дык няхай вараць — кожны ж вызначаецца перад начальствам як можа”. Ну троху прыкалоліся мы, ды пайшоў я з мірам.



А тут, праз пару дзён, рушым мы на абед з сябрам маім, Максам, і гэты насустрач: “Ну што, раздухарыла ця? Думаеш, адмазаўся?” — запытваецца нахабненька так і дадае сасмяшком: “Пачакай!” Але я ўжо не чакаў: даў раз у зубы і — з капыт небарака. Падняўся ды пабег. Макс кажа: “Ну што, пайшлі на “кічу” пераапранацца?” “Пайшлі,” — кажу. Ну і сапраўды, толькі мы пераапрануліся, за намі прыляцела ўжо змена. Далі нам спачатку па дзесяць сутак — ціпа не па форме адзення хадзілі па промцы, а потым Макса ў зону вызвалілі, мяне — на агульныя ўмовы ў адзіночку ды паабяцалі цягам месяца вывезці.

— І ў чым сэнс? — запытаў я, не разумеючы такіх падыходаў.

— Каб не было канфліктных сітуацыяў надалей, — патлумачыў добры пекар і па сумяшчальніцтву угамонвальнік борзых, — кагосьці з двух трэба вывозіць. Зрэшты, нармальна, зменім абстаноўку. Ва ўсім трэба шукаць станоўчыя моманты. Для мяне гісторыя гэтая — мажлівасць пераасэнсаваць рэчы некаторыя, гардыню сваю ўпакорыць, хаця б трошку цярпенню навучыцца…

Дзяніс задумаўся.

— На ўсё Ягоная воля. Хто я такі, Дзімон?

— Чалавек, —усміхнуўся я гэтаму простаму пытанню.

— Чарвяк я, — таксама з усмешкаю, але асвечанаю сумам абвесціў светлы чалавек. — Калі Ён так дапусціў, Ён ведае, што робіць.

Сапраўды, хто мы такія у гэтым валадарстве ценяў: чалавекі ці чарвякі? У такой дылеме сходу разабрацца было цяжкавата, і я пацвердзіў тое, у чым быў перакананы:

— Так, Ягоныя шляхі, не нашыя шляхі.

— Ну і самы пазітыўны аспект, — Дзёня строс сум і зноў заззяў, — з табою ўбачыліся.

— Да ты што, — сумеўся я. — Ці яно таго каштавала?

— Каштавала. Бачыш, які провід Божы: планавалі мы планавалі сустрэцца, а тут во — у адзіночках стрэліся.

Нейкі час пахадзілі мы туды-сюды па клетках сваіх, разважаючы над провідам Божым, пакуль не прыйшоў прапаршчык і за намі.

— Дзімон, — клікнуў Дзёня, калі мы былі ўжо ў адзіночках.

— Ну, — адказаў я, лежачы на нары, і нават на крык не пераходзячы — акустыка у будах нашых была такая, што можна было размаўляць праз сцены звычайным голасам.

— Маеш што есці?

— Перад судом хадзіў у атаварку, дык троху карамелек шчэ засталося, — адказаў я ды ніякавата самому стала ад гэткага сумнага падрахавання, і я натхнёней дадаў: — І паўпачкі маргарына!

— Дык я “заганю” табе па абедзе.

— Ды не, супакойся ты, табе б самому было.

— У мяне ёсць, — запэўніў сусед. — Мяне ж на агульныя ўмовы закрывалі з атрада, з усімі рэчамі, а перад кічаю паспеў я перадачу атрымаць ад мамкі.

— Дзёня, усё роўна неяк няёмка аб’ядаць цябе. Ты сам кушай, а я хутка на турме буду, там ад’емся да этапа.

Праз паўхвіліны Дзёня, з крыху засмучанай інтанацыяй, гукнуў:

— Паслухай, Дзімон, ты так не гавары. Я ж ад шчырага сэрца.

І хаця трэці закон зоны ніхто не адмяняў, але не пагадзіцца тут было ўжо нельга — гэта сапраўды засмуціла б чалавека, каторы жадае дапамагчы ў прастаце сэрца. І я, крануты шчырасцю добрага пекара, адказаў:

— Добра, сябар, давай пачастуемся!

Праз пару гадзін, па абедзе, раздатчык ежы выдаў мне суп з кашаю і перадаў ад Дзяніса, каторага карміў перад гэтым, пакунак. Я адразу, як ісцінны галадаючы, пачаў даставаць усё, што там было — о, сады Семіраміды! — цукеркі, кавалак сыра, каўбасы, маянэз, яблычкі, яшчэ нешта і нават піражкі самаробныя — выглядала на тое, што гулянка будзе ў мяне сёння да самае ночы.

— Дзёня!

— Так, Дзімон.

— Дай табе Бог здароўя і добрую жонку!

— Дзякуй, — засмяяўся Дзяніс, — кушай на здароўе!

Назаўтра мы дамовіліся ісці на прагулку пасля абеду, асобна ад ПКТ, каб можна было спакойна пагаварыць. Нас вывелі утрох: мяне, Дзёню і высокага бледнатварага зэка гадоў 30-ці — суседа з 21-й, каторы і віншаваў мяне з новым годам. Сусед гэты быў пастаянна навесяле і на радасцях ажно прыпрыгваў падчас хады, а калі спыняўся, каб што-небудзь паведаміць суразмоўцам, твар ягоны, не абцяжараны пакутнымі развагамі аб быцці, прыўкрасна лыбіўся і час ад часу падміргваў правым вокам.

— Санчоўс, дык і ты вырашыў прагуляцца? — звярнуўся да яго Дзяніс.

— Канешне, — правае вока міргнула, — трэба падыхаць восенню.

Так, надышоў першы дзень восені: быццам па каляндарным загадзе лес фарбуецца ў жоўта-барвовыя адценні, а паветра свяжэе. Мы стаялі, узіраючыся ў краявіды і паглынаючы першавераснёўскае хараство…

А ў памяці паўставалі ўспаміны аб першым верасні: бесклапотнае дзяцінства: кветкі, ранец, новыя сшыткі і кнігі з натхняючым пахам друкарні, лінейка, першакласніца са званочкам у руках на плячы ў выпускніка. Чаго дасягнулі мы з тых далёкіх часінаў, якія патанаюць у восеньскім ранішнім тумане? —думаў, напэўна, кожны. Ці споўніліся летуценні дзіцячыя? Наўрад ці нехта з нас уявіць мог, што калі-небудзь першага верасня мы будзем выходзіць не на школьную лінейку, не ва ўніверсітэцкую аўдыторыю ісці будзем і не на працу на карысць Бацькаўшчыны, а як парушальнікі ўсіх рэжымаў гэтай Бацькаўшчыны, пасунемся са сваіх адзіночак у прагулачныя клеткі, радуючыся, што цэлых 60 хвілін дазволена нам глядзець на свабоду і дыхаць вольным першавераснёўскім паветрам.

— Эх, прыгажосць! — гукнуў Дзёня. — Глядзеў бы і глядзеў бы!

— Пакуль што гэта ўсё, што нам застаецца, — прыпрыгнуў Санчоўс.

— Нічога, загляне сонца і ў нашае ваконца, — абнадзеіў я.

— Калі ў маё загляне, Дзімон, — з сумам выдухнуў пекар, углядаючыся ў далягляд, — я і думаць не жадаю — наперадзе восем зімаў.

Мы пачалі шпацыраваць па клетках і я запытаў:

— І што, надзеі на перагляд ніякай?

— Па маім артыкуле, 139-м, і пісаць-та няма сэнсу, бо я ж мог выхапіць і 25-ку, і лоб зялёнкай.

— Да ты што? — здзівіўся я, спрабуючы ўявіць сабе светлага чалавека з зялёнкаю на лбе.

— Так, таму я і казаў табе, што яшчэ сарваўся. Але як па самой справе і тым, што ды як там было, дык я канкрэтна ўзгруз, аднак справу ніхто не перакваліфікуе і не перадаследуе… Таму — сядзець, Дзімон, трэба сядзець.

На маю просьбу расправесці пра справу, Дзяніс пачаў аповед.

—“Дзялюга” такая. Быў там у нас, у Паставах, чэл адзін, бандзюкаваты такі. Праўда, я і сам з тых. Па-першае, з маладосці так склалася — як далі мне ў 16 год “трошку” за хуліганку — ажно галава затрэслася —так і пайшло па накатанай. Па-другое, і гарадок у нас даволі бандзіцкі — да апошняга часу нават “абшчак” збіраўся на “жулікаў”, чаго ў Беларусі ўжо даўным даўно не бачана. І вось чэл гэты, Кірыл, судзімы-перасудзімы, спаліў машыну сяброў маіх, двух братоў. Потым ён чамусьці вырашае (відаць, каб разборак пазбегнуць) сплаціць за машыну ды просіць мяне звесці яго з братамі, каторыя судзімыя самі і таму заяву не падавалі. Ну, я звёў —прыйшлі мы разам да іх на хату. З чэламі гэтымі я, дарэчы, прайшоў агонь і воду і якіх толькі дзелюг не муцілі, і перакананы я быў у іх, як у самім сабе.

Карацей, сядзяць яны там на кухні і размаўляюць, а я ў іншым пакоі, з дзяўчынаю піўко папіваю. Чую тут, што нейкая спрэчка усчыняецца, я — туды. Высвятляецца, што яго не задавальняе кошт, які за машыну выставілі. Ну я, праўдашукальнік… ці што я там шукаў? Не ведаю. Прыгодаў на сваю… Кажу яму: “Ты не бурэй, скажы дзякуй, што з табой проста размаўляюць за тачку спаленую. Заплоціш столькі, колькі табе скажуць ”. Не ведаю, што перасмыкнула таго, але ён — за нож і на мяне, троху нават падрэзаў. Я, праўда, угаманіў яго адразу і на каня падсеўшы вымалаціў добра. Аб’ехаў той па сцяне пасля апошняй падачы і сіпіць: “Усё, Дзёня, харош. Я зразумеў.” Ну, зразумеў дык зразумеў. Я, яго больш не чапаючы, адразу зваліў адтуль. Выйшаў, кашулю зняў, кроў парасціраў па целу, потым анучу гэтую выкінуў і пайшоў дахаты. Назаўтра за мною прыязджаюць і садзяць у ізалятар часовага ўтрымання.

Справа ж, як я потым даведаўся, была ў тым, што пасля мяне дабілі браты чэла таго і павезлі закапалі. Следакі робяць экспертызу, высвятляецца, што Кірыла закапалі яшчэ жывога. Становіцца зразумела, што я ні пры чым і мяне з “кічы” вызваляюць пад падпіску. Тыя ж сядзяць і ім інкрымінуюць укрыццё цела; а я бяру ўсё на сябе, але настойваю на самаабароне, тым больш, што пабоі — парэзы — з мяне знялі таксама.

Аднак тут прыязджаюць следакі з вобласці, кажуць: “Э не, так не пойдзе: Дзёня хітры чэл — ён і сябе адмазвае, і вас з турмы выцягвае. Нас такі расклад не задавальняе.” Пераробліваюць яны экспертызу, і тая дае ўжо, што Кірыла закапалі мёртвага, а не жывога.

— Як жа так?!—абурыўся я, быццам бы першы раз чуў пра метады працы МУС РБ і як бы сам саспецамі фальсіфікацыяў не знаёмы быў ніколі.

— Ну як… — хмыкнуў Дзяніс, — у нас паўсюль аднолькава робіцца: следакам трэба гучнае злачынства ды каб пацяжэй, раскрыццё, нейтралізацыя бандытызму і, — як вынік, — статыстыка, зорачкі з прэміямі ды павышэнні. Вось знайшлі і справу, і бандыта: мяне закрываюць ізноў, а братоў вызваляюць і пачынаюць тыя грузіць мяне па-поўнай. Я ў жаху... Ды што зробіш? Ім сказалі: “Ці вам “25” — “вышка”, ці яго грузіце.”Ну і ўсё, даводзяць мяне па забойству да суду. А гарадок-та невялікі, усе усё ведаюць і зразумела— і суддзі,і пракурору, — што я не забіваў. Там і маці Кірыла на судзе пратэставала, заяўляючы, што забілі браты, а не я. Але ўсё было загадзя вырашана і мяне прыгаворваюць. У гэтым і прычына, што далі толькі дванаццаць па такім артыкуле.

Н-да, “толькі”… — адно і заставалася пахітаць галавою мне.

Колькі я слухаю такія сведчанні, столькі не стамляюся дзівіцца таму ўзроўню бясчынства, у якім усе мы жывем. І колькі іх такіх сядзіць, абвінавачванні на каторых высмактаныя з пальца ці ўвогуле выдуманыя хворай (і — прашаранай) фантазіяй следчых?..

Калі мяне закрывалі першы раз, у 2006, я быў перакананы, што пад прэсам у нашай дзяржаве знаходзяцца толькі палітычныя апаненты, але як толькі я агледзеўся навокал, з жахам зразумеў: пад прэсам у нас усё грамадства: бізнэсмены, чынавенства, моладзь — усе і кожны.

Ты можаш самастойна зарабляць і не крышуешся ціцянковічамі? — у турму! Ты малады, энергічны, няўрымслівы і недзе спатыкнуўся? Мы дапаможам табе знайсці жыццёвы шлях! — у турму! Ты кіраваў калгасам і не мадэрнізаваў вілы? — у турму! (А ён табе казаў: “Сядзеш!”) Ты быў у абойме і, асмялеўшы на нейкім фуршэце, сказаў усё, што ты пра яго думаеш? Тваё месца там — у турме! Але ў гэтым выпадку не наракай таксама: ты ведаў чорта лысага, якому служыш.

Можа скласціся ўражанне, што коцікі тут усе такія пушыстыя сядзяць і чыноўнікі-небаракі. Безумоўна, гэта не так — сядзяць і злачынцы. Але расклад, па назіраннях маіх, прыблізна такі: 1/3 трэба адсюль выгнаць адразу, другую 1/3 адшлёпаць па срацы і адпусціць каго да мамкі, а каго да жонкі. З астатняю 1/3 трэба разбірацца — недзе столькі, відаць, сядзець маюць, але і тое не па такіх вар’яцкіх тэрмінах.

Вось такая карціна маслам, на якой “палітычныя” пачуваюць сябе значна ўпэўненей, чым іншыя — за палітвязняў ёсць хаця б каму заступіцца: пра іх пішуць СМІ айчынныя і міжнародныя, па ім прымаюць петыцыі праваабаронцы ўсяго свету, вызвалення іхняга патрабуюць дзяржавы. А хто заступіцца за гэтых? Хто спатрабуе для іх вызвалення?

А Дзёня, — сябра мой на турэмным шляху, — хто даможацца для яго справядлівага суду? Ці нарабіў ён на 12 без права на амністыю і датэрміновага вызвалення? (Па 139-м артыкуле амністыю не выдаюць і па замене рэжыму такіх не выпускаюць). І ўвогуле: які суд загляне ў душу? Які можа ўбачыць у вачох прагу да новага жыцця? Пад цяперашняй акупацыяй і разважаць пра тое не выпадае. Адбылося б гэта хоць пры незалежнай фемідзе, тады, мо, і сядзім не задарма.

— А што тыя два, што загрузілі цябе? — запытаў Санчоўс.

— Тыя па году ўзялі за сукрыццё цела і ўсё.

— Ты скажы мне, дзе яны мешкаюць — праз месяц я ўжо на волі, і перакажу ім за цябе прывітулькі.

— Супакойся, Санёк, — упікнуў Дзяніс, — ты ж збіраўся завязваць.

— Я яшчэ паспею, гадоў трыццаць мушу мець наперадзе, але за цябе, Дзёня, — і Санёк артыстычна грукнуў сябе ў грудзі, — я сплачу ім спаўна!

— Не трэба за мяне сплочваць, там кожны сам сваё сплаціў: у аднаго дзіця памерла, а другі патануў па п’янцы.

— Ну і правільна, што ж яны думалі — на дванаццаць год загрузіць чалавека невіноўнага!

— Але я ім, Санёк, зла не жадаў, я ўсё адпусціў. Проста так не бывае, каб рабіў ты злое, а спажываў добрае. Ды і не невінаваты я таксама — нарабіў “будзь здароў” у сваім жыцці, за што не адказваў. Таму вось цяпер і атрымоўваю сваё, ды нікога не віню: ні людзей, ні, тым больш, Бога, — Дзёня спыніўся і глянуў на мяне. — Шкада вельмі, што так позна разумеем многія элемантарныя рэчы!

— Позна, гэта калі ўжо ў дамавіне, — паправіў я сябра, — а пакуль у гэтым свеце, ніколі не поздна.

— Так-так яно так, — паківаў Дзяніс, — але як уяўлю сабе, колькіх можна было б пазбегнуць бедаў, каб раней прышоў у царкву. А лепш, каб з дзяцінства, — ён учапіўся за краты і патрос іх, — каб ніколі гэтага не бачыць!

1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка