Зьміцер Дашкевіч. Чарвяк




старонка3/6
Дата канвертавання18.11.2017
Памер0.82 Mb.
1   2   3   4   5   6

— Не толькі табе хацелася б з дзяцінства, але як я, дык такіх людзей не ведаю, — я задумаўся і перабраў у памяці ўсіх знаёмых сваіх братоў і сясцёр і не знайшоў нікога, хто хадзіў бы ў царкву з дзяцінства — усе пакаяліся ў свядомым веку. Для хрысціянскай краіны такое было б дзікунствам, а для нашай — норма, галоўная прычына якой ляжыць на паверхні, і таму я дадаў: — Ды яно і не дзіва — выпальвалі зямлю пад нагамі з 17-году. Што тут гаварыць…

— Так, камуністы знішчылі духовасць, цара забілі! — згадзіўся ў праведным абурэнні Дзяніс і рэзка запытаў: — А хто такі цар?

— Хто? — цікава было даведацца мне.

— Гэта заступнік наш перад Богам.

Так, усё зразумела”, — падумаў я. Але спрачацца было няможна і тут — з такой непасрэднасцю глядзеў на мяне цароў заступнік і прасіў згоды. Я зрабіў выгляд, што не разумею аб чым гаворка:

— Ты думаеш?

— Канешне ж! — здзівіўся неразумнасці маёй сябар. — Мы з табою хто, Дзімон?

На гэтае пытанне адказаць было прасцей — я ўжо ў ім трошку разабраўся і таму пацвердзіў:

— Чарвякі, Дзёня.

— Вось, а цар — хадатай перад Госпадам, ён адной малітвай мог адмаліць грахі ўсіх нас! А мы, усе разам, і аднаго цара не адмолім.

Я выдыхнуў. Усё ж, выходзіла на тое, што ў тэалагічную дыскусію прыйдзецца ўступіць . Гэта вам не тэорыя цярпімасці — тут усё сур’ёзней.

— Разумееш, Дзяніс, гэта неяк не вельмі па-біблійнаму, — асцярожна пачаў я. — Ісус сведчыць: “Што папросіце Айца ў імя Маё, Я вам дам.” Дык нашто нам яшчэ нейкія пасярэднікі і заступнікі? Ён ужо ёсць — Хрыстос, іншых быць не можа: “Прасіце Мяне ў імя Маё ці Айца ў імя Маё — і будзе вам!” — усё на гэтым.

Але Дзёня, як сапраўды праведнік, у тэалагічныя разборкі ўцягвацца не збіраўся і спакойна прамовіў:

— Я ведаю адно, Дзімон, я проста ніякі… Чарвяк я. Я такога нарабіў у сваім жыцці… Па такіх я па мурзачах прайшоў.

— Што гэта такое? — запытаў я пра новы тэрмін, не жадаючы тэалагізаваць таксама.

— Мурзачы? Гэта дно жыцця нашага: сэкс, наркотыкі і рок-н-рол. Ці па-нашаму: шлюхі, бырла і папса. Хаця, пры жаданні, і наркаты таксама хапала…

Дзяніс узбуджана пашпацараваў па дворыку, спыніўся, пільна на мяне глянуў і пытальна узмахнуў галавою:

— Ведаеш, як я жыў?

— Як? — узмахнуў і я.

— Па-поўнай! — адрэзаў ёй. — Калі рабіў нешта — рабіў на ўсю! Калі бухаў, дык так, каб да блявоціны! Калі ўмазваўся наркатой, дык так, каб “у саплях”! Калі па бабах… Карацей, на паўабарота не рабіў нічога. І таму цяпер я вырашыў: калі мяняць жыццё, дык мяняць ўсё і цалкам! Бо інакш — проста няма ніякага сэнсу. Ды і не атрымаецца інакш.

— Так, інакш не атрымаецца, гэта праверана. — засведчыў я. — У кожнага, скажу я табе, свае мурзачы ў гэтым свеце. Ты праз адны прайшоў, я — праз іншыя. Санёк, вунь, — кіўнуў я ў бок Санчоўса, — праз свае. Так, Санёк?

— Так, — пагадзіўся той, падскокваючы па хадзе.

— Але сутнасць, сутнасць-та — паўсюль адна і тая ж і, адпаведна, у кожнага свой цяжкі і няпросты шлях да веры, — хацелася падзяліцца мне асабістым і хаця б трошку, але абнадзеіць сябра. — Вось і я таксама на шляху гэтым, калі паспрабаваў у кучу сабрацца, заходжваў у царкву, таксама выразна разумеў патрэбу пераменаў, але прыходзіў вораг, абкрадаў мяне, і як я яму моцна не супрацівіўся — свет паглынаў… — Я ўздыхнуў, узгадваючы як шмат часу згубіў у бадзяннях сваіх і заставалася толькі пацвердзіць Дзёніна вызначэнне чалавечай сутнасці: — Адным словам, чарвякі мы, Дзёня.

— Чарвякі, Дзімон, — усміхнуўся і светлы чалавек.

— І я падумаў, — працягваў я, натхніўшыся Дзёнінай праўдай жыцця, якая і ў маім жыцці шмат што тлумачыла, — няхай так, няхай не стае сілаў падняцца, я буду тады паўзці, паўзці, каб толькі ў гэтай калюзе не валяцца. Яно ж не ўсім сходу лётаць дадзена! — пацепаўшы плячыма я кіўнуў Дзянісу. — Дык будзем, чарвякі, паўзці — мо калі і выпаўзем. Як ты мяркуеш, Дзёня?

— Выпаўзем, Дзімон, — цвёрда запэўніў Дзяніс. — Не можа быць, каб не выпаўзлі. І я цяпер думаю так, што нават гэтыя выпрабаванні дадзеныя нам, каб выпаўзлі. Ва ўсялякім разе мне, дык дакладна. І я дзякую Богу за гэтую “дванашку”: што яно такое ў параўнанні з тым, што я знайшоў Хрыста? Вось тут, у зоне, першы раз за 25 год адчуў сябе свабодным і шчаслівым? — Дзяніс пранікнённа паглядзеў на мяне. — Лічыш я вар’ят?

І хаця толькі з замілаваннем можна было глядзець у вочы Дзяніса, дыягназ трэба было ставіць.

— Так, вар’ят. Для тых, што ідуць ў пагібель, ты — вар’ят.

Я замаўчаў, але каб моцна не засмучваць светлага чалавека ды быць ужо да канца праўдзівым псіхатэрапеўтам, дадаў пасля паўзы:

— Але ты не думай, я і сам вар’ят для многіх.

Не, такіх пасвячоных людзей, — думаў я лежачы на нары, — сярод усіх тых баракаў і камер, якія ўмудрыўся я прапаўзці, не сустракаў.” Як так атрымалася, што прыйшоў да гэткае высновы, сказаць цяжка. Можа раней кепска глядзеў? Можа быць. Хаця наведваў пратэстанцкую суполку і ў “Шклове”, і ў “Горках” паспеў перасекчыся з некаторымі, і тут вось заходжваў, але… неяк так выходзіла, што большасць свайго шукае. Нават так бывае, калі некаторыя з пачуццямі шчырымі, дый і тыя навывучваюць біблійных цытатаў з дакладным веданнем нумара раздзела і верша (за 5, 10 ці 15 гадоў-та!), бегаюць ўсё ды нешта адзін адному іншым даказваюць, спрачаюцца па прычыне і без яе.

Дайшло да таго, што пачаў я расчароўвацца ды многіх у сэрцы асуджаць. Асабліва калі бачу: у нядзелю ён на малітве прычашчаецца, а потым — цыгарэта ў зубах, і не магу яго ў натоўпе адрозніць ад любога іншага тонучага. О, тады я думаў, што стаю! “А калі ты думаеш, што стаіш, глядзі, каб не ўпаў!” (1 Кар.10:12)І я не проста ўпаў, я ў такі бруд зарыўся, што той, з цыгарэтаю ў зубах, у параўнанні са мною праведнік! Яшчэ адзін закон быцця: калі ты думаеш, што ты нешта, ты становішся нічым.

Потым, дзякаваць Богу, троху, але прасвятлеў: што патрабаваць ад таго няшчаснага, хто жыў ўсё жыццё ў цемры і толькі ў зоне, сярод ванітаў гэтых і нянавісці, адчуў побач промень сонца і хаця сляпы, аднак спрабуе да святла ісці? А калі так разабрацца, ці не ўсе мы ў зоне, дзе з аднаго боку надзіраючыя за табою, а з другога — жадаючыя выжыць? Ці мала нас такіх—у гэткай жа цемры? Ва ўсялякім разе я, дык дакладна. Так кажа Дзёня, гэты пасвячоны чарвяк, каторы свайго не шукае, нікому тэалогію не ўцірае, а ўпакорвае сэрца—толькі каб стаяць на праведным шляху, нават калі на ім і прыходзіцца угамоньваць асабліва борзых. Ну а з кім не бывае? Ва ўсялякім выпадку са мною, дык нават часта. Так кажа Дзёня, гэты пасвячоны чарвяк.

— Ты ведаеш, Дзёня, — гучна прамовіў я, заклаўшы рукі пад галаву і гледзячы ў столь.

— Ну, Дзімон, — адказаў Дзяніс.

— Можа няшмат, гады толькі чатыры пратуляўся я па розных камерах, а такіх праведнікаў, як ты, не сустракаў.

— Ды ладна, Дзімон, — выбачаючыся запярэчыў сябар. — Я проста ніякі перад Богам, чарвяк я.

— І я чарвяк. Але ты чарвяк не такі, ты — чарвяк праведны, — пацвердзіў я яшчэ раз і, узгадаўшы наш “сумесны” паход у царкву, вырашыў распавесці праваслаўнаму чарвяку свае першыя аб ім уражанні. — І разумееш якая справа, быў я перакананы спачатку, што ты пратэстант.

— Чаму? — з усмешкаю ў голасе перапытаў Дзяніс.

— Відаць, з-за Бібліі: і тады, калі мы ў царкву дамаўляліся ісці, чытаў ты яе, і потым бачыў я цябе пару разоў, — у памяці маёй паўстаў белы чалавек, пастаянна чытаючы Біблію на высокім ганку пякарні. — А тое ж многія нават не адкрываюць яе ды ўмудраюцца лічыць сябе веруючымі. У лепшым выпадку, калі трапляецца рэлігійны праваслаўны, дык чытае якіх-небудзь пустэльнікаў.

— Я таксама чытаю… — нібы засмуціўся Дзяніс.

— Гэта іншае, сябар, — паспрабаваў я мякка патлумачыць свае словы, — і я чытаю, і ўсё, што трапляецца пад рукі: і пратэстантаў, і каталіцкіх багасловаў і нават праваслаўных, каторыя даказваюць, што апроч як у праваслаўі збаўлення няма — нават у самых адыёзных аўтараў можна нешта знайсці для сябе. Таму, чытаць трэба ўсё, але не чытаючы Біблію чалавек не можа быць хрысціянінам. А гэта ўсё словы: праваслаўе, каталіцтва, пратэстантызм — Хрыстос не ствараў канфесіі. Я знайшоў Яго ў пратэстанцкім храме, ты — у праваслаўным, але гэта другасна, першасна — Біблія! — сцвердзіў я, ўжо стоячы на нары ля вакна і заклікаў сябра мяне падтрымаць: — Разумееш, Дзёня?

— Разумею, — сцішана прамовіў той.

— Біблія і малітва — рэчы, без якіх нельга быць хрысціянінам, — хацелася мне аптымістычней завершыць сваё казанне, але выйшла гэта з некатораю журботаю. З журботаю прамовіў я тыя два словы, бо і тады адчуваў, і разумею сёння, наколькі цяжка, а часам нават немагчыма трымацца такіх, падавалася б, простых арыентыраў: Бібліі і малітвы. Бывае не стае ніякіх сілаў, каб элементарна адкрыць Кнігу кніг, каб проста пагаварыць са Стваральнікам. Хаця, падумаць можна, ну якая тут праблема: адкрыў ды пачытаў, узняў рукі ды заклікаў Бога? Не ведаю, але часам гэта не проста праблема, а праблема сур’ёзная: чытаеш, а галава пустая, і, перагортваючы старонку, не разумееш нават, аб чым ты толькі што варушыў вуснамі; пачынаеш маліцца, а разумееш, што можаш толькі стагнаць. І тады пераконваеш сябе: ладна, давай хаця б выць — лепш так, чым ніяк. І выеш. А бывае, што пераконваеш, пераконваеш і пераканаць не можаш. І тады шукаеш, чым бы такім важным і лёсавызначальным заняцца. Адбываецца гэта нават у падсвядомасці, бо свядомасць баіцца табе прызнацца, што ўсе твае жыццёванеабходныя справы — гэта адно толькі прыкрыццё поўнага духовага бяссілля. І я, каб не быць у вачох Дзёні кімсьці, кім я не ёсць, хацеў было распавесці яму, як часта сам няверны ў тым, да чаго заклікаю яго, але тут да нашай міжкамернай евангелізацыі далучыўся Санёк:

— І што, так ужо ўсе Біблію чытаюць?

— Мала хто, Санёк, — уздыхнуў я, — вельмі мала.

— А астатнія, па табе выходзіць, — колка гукнуў ён у адказ, — няверуючыя?

Даваць цвёрдую ежу суседу майму было нельга — толькі малако, і таму я вырашыў не ўжываць радыкальных фармулёвак, а падрабязней патлумачыць.

— Санёк, — прамовіў я па-сяброўску, — навошта нам гэтыя спрэчкі? Вызначэнне веруючага дае сам Хрыстос. Ведаеш, што Ён адказвае на тваё пытанне?

— Што?

— Веруючы ў Мяне — гэта той, — гаворыць Ісус, — хто слухае словы Мае і выконвае іх. Дык вось цяпер скажы, як можа нехта быць веруючым, хто не тое, што не выконвае, але нават і не слухае?

— Не ведаю… але ж людзі кажуць, што вераць, — ужо без іроніі адказаў Санчоўс.

— Кажуць-та яны кажуць, — давялося мне паўтарыць, абдумваючы, чым бы секануць па гэтым “кажуць”, і тут жа прыгадаў, што самы падыходзячы меч ёсць у Якуба. — Але Біблія сведчыць: “Ты верыш? Добра робіш, але і бесы вераць ды дрыжаць!” Ты чуеш мову гэтую, Санчоўс?! — узвысіў я голас.

— Чую, — пакорліва адказаў той.

— Ну і ўдумайся тады: бесы таксама вераць! Але чым твая вера адрозніваецца ад бесаўской?

Санёк, відаць, ушчэнт заблытаўся ў філасофіі сучасных вернікаў, бо раздражнёна прамовіў:

— А фік іво ведае.

А я працягваў апеляваць халоднай зброяй:

Таму і атрымоўваецца, што чалавек, каторы Біблію не чытае і не моліцца, каб чуць і выконваць Яго слова, мае такую ж веру як і бесы. Але людзям, Саня, — захоплены я ізноў падняў дыцэбелы, — так хочацца называць сябе веруючымі! Яны-та лічаць, што набываюць гэтым квіток ў Валадарства Божае! Аднак іх чакае сур’ёзны абломчык у той дзень, калі апостал Пётар, трымаючы у правай руцэ ключыкі, скажа ім:

А вы хто?”

Дык гэта, Пётра, мы ж веруючыя,” — адкажуць тыя.



Пятра, ясна рэч, нахабнасць такая здзівіць:“Ну-ка, ну-ка, давайце разбяромся,” — скажа ён, так, па-простаму, і, ўзяўшы ў рукі Пісанне, прачытае: “Кожны, хто прыходзіць да Мяне, —казаў вам Хрыстос, — і слухае словы Мае і выконвае іх” (Лк. 6:47),—згорне Кнігу Пётра на апошніх словах і паглядзіць на тых, з фальшывымі квіткамі ў руках.

Цяпер вы — слухалі Ягонае слова?”

Не”, — палыпаюць небаракі вачыма.

А выконвалі слова?” — запытае апостал ізноў.

Не”, — адно і застанецца адказаць тым, бо ніхто яшчэ не прыдумаў, як выконваць тое, што не чуеш і не чытаеш.

Дык а якія ж вы веруючыя?” — будзе падведзена выснова.

Ну во такія і веруючыя, Пётра!” — развядуць рукамі цуда-вернікі.

Ну во ў такое і валадарства вам тады!” — скончыць праверку апостал-камень і леваю рукою ачысціць ад самападманваючыхся нябёсы, і зваляцца гэткія веруючыя ў сваё валадарства, дзе вераць і дрыжаць веруючыя бесы.

— Ну ты і нагаварыў, Зміцер, — уражана прамовіў Санёк.

— Ды я і сам у шоку, — адказаў я паўжартам і клікнуў на помач Дзёню: — Дзёня, ну скажы ты яму: так ці не?!

— Санчoўс! — крыкнуў Дзёня.

— Ну.

— Слухай Дзімона, ён кажа праўду.

Казанне скончылася дружным гогатам.

У гэткім духу бавілі мы тыя дні. Увайшло ў нас у парадак баўбатаць, лежачы на нары, доўга і аб усім. Бывала мы замаўкалі на гадзін пару, у асноўным, калі елі і спалі, і тады Санёк вылазіў на рэшку і выдаваў:

— Дзёня!

— Ну, — адгукнуўся ён.

— Завадзі баркас! — гучала патрабаванне, што азначала: “Давай-ка пабаўбочам пра што-небудзь!”

— Не, Санчоўс, не магу, — не згаджаўся Дзяніс, — у нас і так рты не зачыняюцца. Вось Дзімон паедзе, і я зусім завязваю з гэтым.

— Скажы вось, Дзёня, як мне выграбсці па вызваленні? — працягваў сваю лінію Санёк.

— Дык я адкуль ведаю, Санька? Я сам ніякія, чарвяк я. Так, Дзімон?

— Так, — адказваў я, — чарвякі мы.

Але, спатрабоўваючы духовых парадаў, Санёк, усё ж баркас заводзіў і уцягваў у яго нас усіх — гадзіну-другую мы разважалі над законамі быцця, час ад часу абменьваючыся пытаннем — адказам:

— Чарвякі мы, так, Дзімон?

— Так, Дзёня, чарвякі.

Ці:


— Чарвякі мы, Дзёня.

— Так, Дзімон, чарвякі!.



Калі ноч перавальвала за палову, мы ўгамоньваліся. Дзяніс перад сном перабіраў пацеркі і раўнамерна, ціха і прыгожа чытаў малітвы ў сваёй адзіночцы. А я слухаў. Слухаў і маліўся таксама. Правільней сказаць, у тыя мае дні якраз стагнаў, стагнаў, як піша Павал, уздыханнямі невымоўнымі.

Аднак Санчоўс вырашыў унесці разынку ў гэткае нашае спакойнае і размеранае жыццё. Справа ў тым, што надта ўжо захацелася курыць яму. Цыгарэты, занычкаваныя чынарыкі і мяцёлка былі пакураныя, а таму паўставала законнае пытанне: як жыць далей? Адным з варыянтаў для ўтрымоўваных у ШІЗА-ПКТ было наведванне санчасткі і варыянтам гэтым Санёк вырашыў скарыстацца.

У санчастку вёў кантралёр, і там за зэкам, як парушальнікам рэжыму і адбываючым дысцыплінарнае пакаранне, назіраў: каб не збег з-пад арышту, каб не перамаўляў з іншымі асуджанымі ў санчастцы ды каб ніхто і нічога не ўмудрыўся яму перадаць.

У зоне дзівакоў хапае, але каб збягаць з ізалятара зоны ў проста зону, дык нават там такіх не знойдзеш. Гэта ж не зона ў 200 тыс км², у якой умудраюцца некаторыя па дарозе ў ізалятар выклікаць хуткую і даць потым дзёру з рук медработнікаў (ёсць пару такіх герояў у белапазіцыі); а куды бегчы ў зоне ў адну сотую км²? У якую дзірку не ўшчэмішся — і прыдуць, і за пятую кропку выцягнуць, і па пятай кропцы надаюць, і ў пуню ізноў закінуць. А вось каб перахапіць на санчастцы ў каго-небудзь курыва — свяшчэнная справа. Але гэта тады толькі, калі які спачуваючы гатовы пайсці на рызыку і усучыць зэку пару цыгарак. Часіны ж цяпер нялёгкія, цяжкія часіны — на аднаго жадаючага рызыкнуць знойдзецца дзевяноста дзевяць, якія ўжо ў мокрых портках.

Аднак тым разам Санчоўсу пашанцавала — напаткаў ён таго першага і перахапіў такі на дзянёк курыва. Ды толькі і ахова не дарэмна хлеб свой ела у той дзень — па вяртанні ў камеру сусед наш быў дагледжаны, цыгарэты знойдзеныя і адабраныя ў даход дзяржавы. І вось тут пачаўся цырк на дроце.

— Серы, ты не дурэй, дай цыгарэты назад, — спачатку ціха адчальваў баркас Санчоўса.

— Забаронена перадаваць цыгарэты, — таксама спакойна адказаў кантралёр.

— Ды што тут забароненага?

— Ты ж на ўмовах ПКТ у адзіночцы?

— Ну.

— Дык ведаеш сам, што нічога браць у асуджаных табе нельга.

— Да ты паслухай, — павялічваў баркас абароты, — пару цыгарэт — не злачынства!.

— Табе не злачынства, а мне — злачынства, — тлумачыў Сяргей. — Бачылі мы такіх: спачатку просяць, а потым у операддзел бягуць.

Тут Серы казаў праўду. Кантралёрам ён быў небядовым і з зэкаў кроў не смактаў. Раней, бывала, гатовы быў паспрыяць стрыжанаму ў якой дробнай бытавой справе: заплюшчыць вочы на тыя ж цыгарэты; дазволіць раздатчыку ежы перадаць з камеры ў камеру заварку гарбаты; не перашкодзіць выведзенаму з ізалятара ў душ зэку апрануць на сябе пасля памыўкі зменку — другую пару сподняй бялізны і шкарпэтак, каб зусім не акалеў пасінеўшы парушальнік рэжыму ў ШІЗАўскіх 10 градусах.

Усё ж, нават сярод гэтай сістэмы служачых ёсць некаторыя, што ўмудрыліся захаваць людзкасць. Але з кожным годам праяваў велікадушнасці назіраецца ўсё меней і меней. А прычына — шырокая агентурная сетка, з зэкаў, пераважна, навербаваная.

Вымаліць зэк цыгарэту ў кантралёра і сам жа яго ў операддзел закладзе; альбо, наадварот, нападхалімнічае якому-небудзь старлею, увойдзе ў давер, а потым раз — і пачак цыгарэт яму на стол, а цыгарэткі няпростыя, цыгарэткі з меткаю. І ідзе нічога непадазраючы супрацоўнік да начальніка операддзела, каторы невядома чаму выклікае пагаварыць, а опер, так, між словаў, кажа: “Дай, таварыш, закурыць, а тое забыўся свае”. Ліцёха, без задняе думкі дастае той самы пачак, працягвае оперу і на гэтым развітваецца не толькі з цыгарэтамі, але і са сваімі квартальнымі прэміяльнымі. Па гэтай жа схеме і многіх, многіх іншых прыгожых інтрыгах ідуць у топку усе: кантралёры, афіцэры, зэкі ўсіх рангаў і нават вальнячыя майстры з прамзоны.

Можа ўзнікнуць пытанне, а для чаго гэта зэку-сэксоту? А зэк за гэта атрымоўвае плюсік, а за назбіраныя плюсікі можна: стаць на ўзмоцненае харчаванне (самы шыкоўны бонус, асабліва калі няма каму “грэць”), атрымаць дадатковую пасылку, палепшыць бытавыя ўмовы ў атрадзе і… шмат, шмат, што яшчэ можна — абы плюсікі былі!

Таму небядовы хлопец Серы меў поўна прычынаў перастрахавацца. Аднак ці тое заўвага аб бегаючых у операддзел абразіла Санчоўса, ці прага атрымаць дозу некацінавага яду ўзяла верх над розумам, але завёў Санёк баракас па-поўнай:

— Да ты не ламайся …піп… дай ты …піп-піп… сюды цыгарэты …піп.

Па гуках было падобна, што Серы, спартовага складу хлопец, пачаў запіхваць суседа нашага ў камеру, на што той запратэставаў таксама:

— Давай паакуратней …піп-піп… а тое і ў адмашку магу пайсці …піп-піп.

— Ты, у адмашку? — пакпіў кантралёр. — Баюся ад цябе мала што застанецца.

— Усе вы …піп-піп… смелыя, як з дубінкаю ды па форме …піп-піп… а сустрэнеш вас дзе пад вуглом, сціскаецеся ў штонікі без памперсаў …пііііііііііп… — тут пакутуючы па нікаціну перайшоў ужо на персоны і апошнія словаформы, — калі ён канчаткова зразумеў, што цыгарэты будзе паліць нехта іншы, — былі асабліва брутальным, і Сярога абавязаны быў на іх рэагаваць:

— Ты …піп… за словы свае гатовы адказваць? — гаркнуў ён сваім басам.

— Я заўсёды адказваю, — ганарлівым тэнарком праспяваў з-за дзвярэй Саня-Тэрмінатар.

— Ну глядзі, — ужо спакойна адказаў Серы і сышоў.

Не паспелі мы з Дзёнем і падзівіцца, як чудзіць курыльшчык без баяну, аж загрукалі тут некалькі пар ботаў па жалезнай лесвіцы і зарыпелі дзверы Санінай адзіночкі.

— Выходзь! — крыкнуў Сяргей.

Санчоўс выйшаў моўчкі і ўсе рушылі ўніз, на першы паверх. Добрая гучнасць дазваляла нам чуць і тое, што адбывалася паверхам ніжэй. Прагучалі ўладарныя загады: “Да сцяны!”, “Ногі!”, “Шырэй!”, “Шырэй ногі!”, пасля чаго пачуліся пяшчотныя паляпванні гумавымі прыкурвальнікамі, а за імі ўдзячныя воклічы закурваючага Санчоўса: “А вой!”, “Да ты што!”, “Што ж вы творыце!”, “Харош, Серы!”

Мы з Дзянісам спачувалі як маглі — ледзь не плакалі рагочучы ад пуза.

— Во, той, што ў адмашку пайшоў! — крыкнуў я.

— Так, зараз яму находзяць! — падтрымаў Дзёня.

Серы ж спыніў працу і прыгадаў:

— Дык ты ж збіраўся за словы свае адказваць?

— Ты мяне не так зразумеў, Серы! — адказаў як мог за свае словы Санёк.

Пасля яшчэ некалькі свістаў перавыхавальніка ў паветры, якія сканчваліся лясканнем аб мяккія тканіны і па іх галашэннямі: “А-ёечкі!”, “А-ёй!”, “А-ё-ёй!”, перавыхоўваемы быў вернуты ў хату.

Мы з Дзянісам ажно заходзіліся:

— Ну што Санька, закурыў? — гагатаў Дзёня.

— Закуры-ы-ў…— працягла праскавытаў аматар тытунёвых смолаў, што нагадала мне застаўку да аднога са спеваў Вінцэнта.

— А мы казалі табе: папрасі прабачэнне, пакуль не позна, — нагадаў Дзяніс.

— Таблеткі на раз прапісалі ці яшчэ будзеш прымаць? — хахатаў я.

— Не, хопіць аднога разу… — стагнаў пацыент.

— Ну як што, гавары, — працягваў канцэрт па заяўках Дзяніс, — мы з Серым дамовімся, каб яшчэ пару рэцэптаў выпісаў!

— Мне б пакуль гэтыя пераварыць рэцэпты…

— Мо ўжо і з курывам завяжаш?

— Мо, Дзёня, і трэба, я ж збіраўся, — узгадаў раптам курэц аб сваіх намерах на новае жыццё.

— Глыбоцкая медыцына — самая лепшая медыцына ў свеце! — не стрымаўся я, каб не парадвацца за Санчоўса і айчынных паслядоўнікаў Гіпакрата.

— А як збочваць пачнеш, дык ты і на волі можаш звяртацца да Серага — за бюлетэнямі, — слушна параіў Дзяніс, — і пад’язджай ды заводзь баркас свой!

1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка