Знакамітыя землякі Легенда і загадка жывапісу: мастак Станіслаў Жукоўскі




Дата канвертавання15.11.2018
Памер177.21 Kb.


Цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу



Знакамітыя землякі
Легенда і загадка жывапісу:

мастак Станіслаў Жукоўскі
Літаратурна-краязнаўчае выданне

Пружаны, 2009





Станіслаў Жукоўскі

13 (25). 05.1875-08.1944



Вялікі жывапісец, мастак з шырокім дыяпазонам творчасці - майстар пейзажнага, інтэр’ернага і партрэтнага жывапісу.

Нарадзіўся на хутары Ендрыхоўцы Ваўкавыскага павета. У хуткім часе бацькі пераехалі ў маёнтак Старая Воля Пружанскага павета, дзе і прайшло яго маленства і юнацтва.

Скончыў мастацкае вучылішча жывапісу, ваяння і дойлідства ў Маскве (1892). Адзін з першых і самых таленавітых вучняў І. Левітана (1897). Удастоены звання Класнага мастака жывапісу (1900). Адкрыў у Маскве прыватную жывапісную школу (1903). Акадэмік Імператарскай Акадэміі (1907). Абладальнік Ганаровай прэміі імя Куінджы. Вёў вялікую грамадскую работу па выратаванню шэдэўраў мастацтва: працаваў у камісіі Наркамасветы па ахове помнікаў мастацтва і дойлідства (1917), мастацкім Савеце Траццякоўскай галерэі. Яго работы дэманстраваліся на самых атарытэтных выставах - першай персанальнай выставе ў Маскве (1921), на знакамітай ”Першай выставе рускага мастацтва” ў Берліне (1922), буйных гарадах Польшчы і іншых. Яны імгненна разыходзіліся па ўсёй Еўропе, іх куплялі самыя прэстыжныя музеі. З 1923 года жыў у Польшчы, дзе і загінуў.

Гэтага мастака, вялікага жывапісца, мы, на жаль, мала ведаем, хоць ён наш - у маленстве ды юнацтве жыў з бацькамі ў шляхетнай сям’і пад Пружанамі ў маёнтку Старая Воля. Любіў прыроду Палесся, вандраваў тут са стрэльбаю і фарбамі. Усё жыццё памятаў і пісаў Прыпяць, Белавежскую пушчу, Нёман, Свіслач, балоты вакол Старай Волі.

Да канца ХХ стагоддзя карціны Жукоўскага ў Расіі ды Беларусі знаходзіліся ў глыбокіх сховах. Мы іх не бачылі, не ведалі. Між тым, Станіслаў Жукоўскі адзін з самых буйных і таленавітых пейзажыстаў першай чвэрці ХХ стагоддзя. Ён аставіў вялікую мастацкую спадчыну (каля 670 карцін). Ніхто, нават вялікі Левітан,не маглі паўтарыць яго прыёмы і тэхніку ў стварэнні твораў жывапісу. Яго мастацтва прасякнута жыццёвай праўдай, маляўнічасцю і паэзіяй, любоўю дя ўсяго светлага і прыгожага. Яно нясе людзям радасць, выказвае пачуццё гордасці за высокую культуру сучаснага і мінулага, выхоўвае любоў да радзімы.

Жыццё і творчасць Станіслава Жукоўскага, ад пачатку і да канца, надзвычай яркае і складанае.

3 маленства, душой і сэрцам, па кроўнай спадчыне ад любай маці, закаханы ў прыроду, мастацтва, кветкі і жанчын, ён выдатна рэалізаваў гэтую закаханасць у жывапісе. Ён рана зразумеў і яшчэ раней адчуў, што сэнс жыцця — у прыгажосці, у якой бы форме яна не існавала, і сваё жыццё аддаў ёй, яе пошукам і сцвярджэнню. Жорсткае XX стагоддзе давала мала шанцаў для такой працы. Але ён яе выканаў і выканаў бліскуча. Для гэтага трэба было мець незвычайную мужнасць, упартасць, працавітасць і талент ад Бога. Ён усё гэта меў і ад Бога, і ад маці, і ад роднага Палесся. І нішто ў жыцці не змарнаваў. Усё, што меў ён, вялікі мастак, напоўніцу выкарыстаў у сваім надзіва апантаным і плённым падарожжы па зямлі.
Бацька Станіслава Юліан Жукоўскі разам са сваімі братамі прымаў удзел у паўстанні 1863 года, за што яго пазбавілі саслоўных (ён належаў да шляхты) і маёмасных правоў, а два яго браты былі сасланы ў Сібір. Таму сям’я жыла ва ўласным доме на правах арандатараў.

Маці мастака Марыя Вяржбіцкая была з Варшавы, з дваранскай сям'і. Вучылася ў Парыжы, ведала некалькі замежных моваў, была цудоўнай піяністкай і чалавекам не толькі выхаваным ды вывучаным, але і найдабрэйшай душы, з паэзіяй і музыкаю ў сэрцы. Яе шлюб з Жукоўскім выдаўся нялёгкі. Заспакаенне і шчасце знаходзіла ў кантакце з дзецьмі. 3 траіх дзяцей найбольш любіла малодшага Стася — Баляслаў быў старэйшы на адзінаццаць, а Серафіма на чатыры гады, — магчыма, таму, што да яго больш жорсткі аказаўся бацька. Ад маці Стась меў уражлівае сэрца, ад яе ўзяў любоў да кветак, птушак, музыкі. У прыродзе ён востра адчуваў прыгажосць і з маленства любіў маляваць. Свет вясковай прыроды, які атуляў хлопчыка ў Старой Волі, спрыяў абуджэнню тонкіх пачуццяў, мастацкіх талентаў. Але бацька, прыніжаны царом, падбіты жыццём, счарсцвелы сэрцам, бачыў ратунак у працы не душы, а рук, у гаспадарцы ды кавалку. Ён вешаў на малога Стася торбу пастушка і выпраўляў пасвіць свіней, тым самым падкрэсліваючы, што гэтакая, з торбаю, доля чакае сына, калі не будзе працаваць, не вывучыцца на лесніка ці агранома. Ён адвёз малодшага сына ў Варшаву ў прагімназію Лагоўскага, а яшчэ праз колькі гадоў — у Беласток, у рэальнае вучылішча, дзе вучылі на гаспадара. Але ў Беластоку Станіслаў самастойна знаходзіць іншы шлях. Ён блізка сыходзіцца з настаўнікам малявання Сяргеем Нікіцічам Южаніным. І той, таленавіты мастак, не толькі падтрымлівае памкненні вучня, але, убачыўшы ў ім талент жывапісца, вызначае яму дарогу ў мастацтва і рыхтуе да паступлення ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, ваяння і дойлідства.

Над першымі жывапіснымі работамі, яшчэ ў гады вучнёўства ў Беластоку, Станіслаў таемна, каб не заўважыў бацька, працуе ў Старой Волі. Што ён піша? Родны дом. Вядомы два эцюды: адзін 1890 года, другі 1891 — на абодвух дом маленства з нізкім ганкам, порцікам, белымі пілонамі.

У 1892 годзе ўпотай ад бацькі Станіслаў паступае вольным слухачом ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, ваяння і дойлідства, прыбавіўшы да свайго ўзросту два гады, каб лічыцца паўналетнім. На гэта адважыўся, бо іншага шляху, каб вучыцца, не бачыў.

У вучылішчы Жукоўскі працаваў вельмі шмат. Яго выключныя стараннасць і адказнасць здзіўлялі як сяброў, так і настаўнікаў. Найбольшыя поспехі ён паказваў там, дзе выкладалі Сяргей Каровін, Мікалай Касаткін, Васіль Паленаў. У Каровіна вучыўся дакладнаму малюнку, майстэрству кампазіцыі і перспектывы, уменню маляваць не толькі з натуры, але і па памяці. У Касаткіна ён вучыўся працаваць, заўважаючы самыя непрыкметныя зрухі ў святле, святлаценях. У Паленава вучыўся разумець фарбы, шукаць колер, надаваць сваім карцінам гістарычны сэнс, сугучнасць сучаснага і мінулага.

Вясною 1895 года Жукоўскі, як навучэнец, едзе на радзіму ў творчую камандзіроўку. І тут піша Нёман, Палессе, Белавежскую пушчу. У карціне «Май» — той жа родны драўляны дом у Старой Волі.



Напісанае паказвае на вучнёўскай выставе і на вернісажах Маскоўскага таварыства мастакоў, Таварыства аматараў мастацтваў, на перасоўных выставах. Карціну «Вясновы вечар» набывае Павел Траццякоў.





У 1897 годзе Жукоўскі бліскуча здае экзамены за курс, атрымлівае дзве малыя срэбраныя медалі за эцюд і малюнак і ладзіць шлюб з мастачкай Аляксандрай Ігнацевай , з якой вучыўся ў адной групе.

Якраз гэтай восенню ў вучылішча жывапісу на выкладчыцкую работу прыходзіць Ісак Левітан. Мастацкая моладзь была пад яго моцным уплывам і адным з першых сярод той моладзі быў Жукоўскі. У 1896 годзе на чарговай перасоўнай выставе ён паказвае “Восень”, у якой усе заўважылі матыў левітанаўскай “Уладзіміраўкі”.

У 1898 годзе Жукоўскі піша этапную для сябе «Вясновую ваду».



Як толькі работа з'явілася на выставе перасоўнікаў, яе купляе Рускі музей імператара Аляксандра III, а «Правительственный вестник» піша: «3 маладых пейзажыстаў звяртае на сябе ўвагу С. Ю.Жукоўскі, свежае і глыбокае дараванне якога шмат абяцае ў будучым. Яго «Вясновая вада» — твор найвыдатныейшы..» Гэтым творам Жукоўскі ці не ўпершыню заявіў пра сябе не толькі як таленавіты вучань сваіх геніяльных папярэднікаў Саўрасава, Васільева, Паленава, Левітана, але мастаком самастойным і арыгінальным, здольным і на лірыку, і на эпас. Яго сіла была, акрамя ўсяго іншага, у тым, што ён меў моцны характар і не баяўся ісці сваім шляхам. Геніі і куміры яго не скоўвалі, ён пры ўсёй сваёй сціпласці адчуваў сябе за мальбертам як роўны ім, паміж урокамі геніяў і сваім унутраным голасам аддаваў перавагу найчасцей свайму голасу, сваёй інтуіцыі. Гэта і рабіла яго заўсёды арыгінальным і свежым у карцінах, збірала вакол іх знаўцаў жывапісу.

Прыкметнаю ў жывапісе і ў лёсе Жукоўскага стала карціна «Ноч пад месяцам», паказаная на перасоўнай выставе ў 1900 годзе.


Што мы бачым? Таямнічае ззянне месяца ў шыбах вокан, зашклёных дзвярэй, веранды, кантрасты святла і ценю, характэрна-мяккія для зімовай ночы пад месяцам абрысы дома. Усё надзвычай жывое і паэтычнае. Тут і тонкі жывапіс, і дэкаратыўнасць, а ўвогуле — паэма ночы. За гэту карціну Жукоўскі быў узнагароджаны Вялікім Срэбраным медалём і атрымаў званне класнага мастака жывапісу.

Карціна “Ноч пад месяцам” была высока ацэнена Серовым, Астраухавым і была набыта ў Траццякоўскую галерэю.

Вучоба скончылася. Жукоўскі дасягнуў поўнай свабоды, раскаванасці, віртуознай тэхнікі, шырокага дыяпазону бачання жыцця ў натуры. Самыя аўтарытэтныя выставы ўжо не могуць абысціся без яго карцін. У аглядзе Перасоўнай выставы 1903 года даецца разгорнутая ацэнка яго апошніх работ: «Жукоўскі — мастак, які аб'яднаў у сабе надзвычай сумленнае, упартае вывучэнне ўсіх найтанчэйшых адценняў і таноў выбранага ім матыву з вельмі моцным, свежым, маладым паэтычным пачуццём. “

Малюючы прыроду, Жукоўскі разам з тым цікавіўся помнікамі архітэктуры мінулага. Гэтыя помнікі абуджалі ў ім успаміны. Так свой дом у Старай Волі ён пісаў некалькі разоў. Як, напрыклад у карціне «Раз’езд. Світае.» (варыянт «Раз’езд на світанні»).


Яна з’явілася на 31-й перасоўнай выставе ў 1903 годзе і выклікала вялікае ўражанне сучаснікаў. Ім карціна навявала ўспамін на часы Таццяны і Анегіна, на штосьці рыцарскае і рамантызм даўніны.


Тэма роднага дома, якая праходзіла чырвонай ніццю праз раннюю творчасць Жукоўскага, апошні раз была закранута ў карціне «Бяссонная ноч. Світае.» У ёй створаны вобраз маці Марыі Жукоўскай, жыццё якой у гэтым ціхім кутку было напоўнена душэўным болем за разбураны лёс сваёй сям’і.

Разам з тым, ідэя карціны значна шырэйшая. У ёй мастак выразіў элегічныя роздумы сваіх сучаснікаў, калі для іх пагаслі надзеі на перамены да лепшага жыцця. Гераіня няшчасная таму, што яна аказалася сам-насам са сваімі думкамі, сумненнямі, перажываннямі ў той час, як дзесьці побач адчуваўся слабы, але свежы подых грамадскага ўздыму. У гэтай карціне Жукоўскі змог раскрыць душу інтэлігенцыі, адкрыў яе лёгкі неспакой перад навядомым будучым.

У 1903 годзе Жукоўскі адкрывае ў Маскве сваю прыватную жывапісную школу (якую, дарэчы, ў свой час скончыў рускі паэт Уладзімір Маякоўскі). На выставах каля яго карцін збіраюцца натоўпы людзей. Крытыка не абыходзіць маўчаннем ніводнай яго работы. З перасоўнай выставы 1908 года рэцэнзет «Нового времени» піша: «Да лепшых работ трэба найперш залічыць работы С. Жукоўскага. Гэты смелы мастак з глыбокай любоўю і дзіўным майстэрствам перадае такія цяжкія па каларыце матывы, перад якімі раней мастакі былі бездапаможныя. Ён робіць тое, што да яго не рабіў ніхто».


Адбываецца яшчэ адна падзея ў жыцці мастака: яго абіраюць акадэмікам Імператарскай Акадэміі (1907г.)
У 1909г. ён напісаў «Плаціну», адну з самых вядомых сваіх работ, якая стала шэдэўрам рускага жывапісу.

У карціне Жукоўскі з высокім майстэрствам злучыў пейзаж ранняй вясны са снегам ды першымі праталінамі, абуджаную ў сакавіку прыроду з жыццём вёскі, сялянскім клопатам каля млына, паказаў глыбокую сувязь народнага жыцця з прыродаю, выказаўся ў абранай тэме шчыра і глыбока.

Мастак неаднойчы паўтараў карціну, тую ж плаціну пісаў і ў познюю восень, змяніўшы месца для свайго эцюдніка і назваўшы яе «Млын». Выставіў у 1910 годзе і атрымаў вельмі ганаровую прэмію імя Куінджы.

Жукоўскі выпрацоўвае свабодную і смелую манеру пісьма, якая захапляе гледача. Настае час, калі жывапісцы і даследчыкі пачынаюць вывучаць выпрацаваную Жукоўскім манеру пісьма, яго багатыя тэхнічныя прыёмы. Яны едуць туды, дзе ён пісаў тую ці іншую карціну, і даследуюць майстэрства перадачы натуры на палатне. Гэтак рабіў ён сам, вывучаючы падыходы да натуры і тэхніку пісьма Левітана.

Пісаць, як пісаў Жукоўскі, спрабавалі вядомыя мастакі — Мараваў, Бахцін, Халявін. Яго ўплыў заўважалі ў работах Бялыніцкага-Бірулі і Вінаградава. Але манера і метад пісьма ў Жукоўскага былі настолькі арганічныя, выпрацаваныя ў адпаведнасці з тэмпераментам, індывідуальнымі адчуваннямі і тэхнікай, што паўтараць яго прыёмы і тэхніку было марным. Меў рацыю крытык Брэшка-Брашкоўскі, калі пісаў: «Жукоўскі валодае таямніцаю, якою валодалі Куінджы і Левітан... Гэта чэхаўская манера абагульняць пейзаж, падначальваць яго пануючаму ў народзе настрою».

Карцінамі «Плаціна», «Млын», «Возера Молдзіна» ды іншымі Жукоўскі як бы сцвярджаў, што дасягнуў поўнай свабоды пісьма. Але з'яўляецца новая работа «Надвечар» (1910), і ўсе бачаць мастака ўжо іншым.


Ён пастаянна шукаў новыя сродкі лепкі вобразаў, іх выразную пластыку, і ўсё смялей карыстаўся адкрытым колерам, пастозным мазком. У гэтай карціне ён, здаецца, дае поўную волю сваім пошукам, адчуванням сілы святла і колеру. Карціна дае адчуванне настрою аўтара, яго раскаванай энергіі, радасці, якую нараджае свабода.

Год 1910 адзначаецца яшчэ і з’яўленнем на выставе Саюза рускіх мастакоў новай арыгінальнай жыццясцвярджальнай карціны «Першыя вестуны вясны». На ёй намалявана акно ў прыроду, дзе ў лесе яшчэ ляжыць снег, а ў пакоі на падаконні скрынка і ў ёй цвітуць пралескі, загадзя, як толькі адтала зямля, высаджаныя з зямлёю разам. Тут — і пейзаж, і інтэр'ер, і нацюрморт, а ўсё разам — высокая паэзія і ў карціне, і ў паводзінах мастака: вясну любіў, яе прыход прыспешваў, несучы ў дом камы адталай зямлі з яшчэ не кветкамі — з карэннем.

Карціна «Свята вясны» - працяг тэмы першых прадвеснікаў вясны. Свята вясны ў прыродзе вызывае адчуванне свята ў душы чалавека. Твор з’яўляецца вынікам пошукаў Жукоўскага ў вобласці пленэрнага жывапісу.



У другім дзесяцігоддзі разам з пейзажнай тэматыкай ў творчасці Жукоўскага паглыблена развіваецца тэма сядзібнай архітэктуры канца 18 – першай чвэрці 19 ст.

Карціна «Дзень дагарае» з’яўляецца адным з лепшых узораў таго тонкага майстэрства, з якім мастак перадае паэзію ранняга вясенняга вечара ў правінцыйнай сядзібе.

Асобная тэма ў творчасці майстра – сядзібы-руіны. Забытыя, закінутыя сямейныя маёнткі, апусцелыя тэрасы і паркі сімвалізуюць разбурэнне адвечнага ладу жыцця. Асабліва пераканальна настрой закінутасці перададзены ў зімовым пейзажы «Забытае мінулае. Руіны».


У сядзібных пейзажах Жукоўскі мацней за ўсё выказвае сувязь прыроднага і чалавечага пачаткаў і таму гэтыя творы перадаюць найбольш пранікнёны лірычны настрой – то радасны, то смутны.


Жукоўскі вядомы і як вялікі майстра інтэр’ернага жывапісу. Найбольш цікавымі творамі гэтага накірунку з’яўляюцца карціны «Радасны май» і «Паэзія старога дваранскага дома», упершыню паказаныя аматарам жывапісу на Х выставе Саюза рускіх мастакоў.

Невядомы крытык засведчыў: «Выключны «Радасны май». Гэта самая лепшая рэч на ўсёй выставе і, відаць, лепшае, што калі-небудзь пісаў Жукоўскі. Ён вярнуўся да непасрэднасці і свежасці сваіх першых вясновых пейзажаў, але прыбавіў сілы і майстэрства, падняцца вышэй за якія ўжо немагчыма».




З тым самым захапленнем, як перад «Радасным маем», гледачы падоўгу стаялі і перад карцінаю «Паэзія старога дваранскага дома» — яе купіў Рускі музей.



Захапленне ад твораў мастака не аціхала ў друку ўвесь час, пакуль працавала выстава. «Новое время» пісала: «Колькі тут шчырасці, колькі дзіўнай любаты ў найтонкіх па каларыце каляровых гамах. Гэты цуд падкупляе ўсіх, і ніводнай сваёй работы Жукоўскі не атрымлівае назад з выставы». Не меншае захапленне і ў «С.-Петербургских ведомостях»: «Ззяе фарбамі і настроем Жукоўскі ў сваіх старых строгіх пакоях з чырвонага дрэва і карэльскай бярозы (ад іх цяпер усе страцілі розум). А паветра, яго паветра — гэта свежае, чароўнае паветра рускага жыцця...»

У сваіх працах Жукоўскі раскрыў веліч простых майстроў, стварыўшых унікальныя творы, у якіх аб’яднаны карысць і прыгажосць. Да старадаўніх сядзіб яго прываблівалі не іх раскоша і багацце, а непераходныя каштоўнасці мастацтва.

Роздум над гістарычным мінулым, трывогу за лёс не толькі гаспадароў гэтага духоўнага багацця, а прыгажосці прымушае Жукоўскага ў час рэвалюцыі 1917 года актыўна працаваць у камісіі па ахове помнікаў мастацтва і дойлідства, створанай пры Наркамасветы, і ў мастацкім Савеце Траццякоўскай галерэі разам з мастакамі Архіпавым, Грабаром, Каненкавым, Бакшэевым, Малюціным, Паленавым. Грамадская работа мастака была звязана толькі з выратаваннем шэдэўраў мастацтва.

Увесь астатні час ён па-ранейшаму аддаваў жывапісу. Гераіняй творчасці Жукоўскага была яго другая жонка Соф’я Паўлаўна Кваснецкая. У 1916 годзе ён піша яе партрэт, які сведчыць аб шыраце дыяпазона творчасці мастака, які, будучы пейзажыстам, змог улавіць і перадаць не толькі партрэтнае падабенства, але і стварыць эмацыянальны вобраз. Разам з тым, партрэт апавядае аб тым, што каханне і шчасце былі для Жукоўскага невычэрпнай крыніцай натхнення. Гэты партрэт прыадкрывае заслону і над асобай Жукоўскага, які быў чыстасардэчным і ўзвышаным чалавекам, пралівае свет на яго прадстаўленне аб ідэале, гаворыць аб яго нястрыманным імкненні да прыгажосці.


Пасля рэвалюцыі 1917 года стала цяжэй працаваць - вакол былі голад і разруха. Але мастак шмат працуе і піша тое, што бліжэй ляжыць да сэрца.

У кастрычніку 1921 года адкрылася персанальная выстава Жукоўскага ў Маскве. Ён паказаў 74 работы апошніх гадоў. Да адкрыцця выставы выдалі каталог твораў з уступным артыкулам I. Хвойніка. Выстава рабілася як грунтоўная справаздача аднаго з самых буйных пейзажыстаў, і на гэтай высокай хвалі быў напісаны артыкул. Хвойнік не проста ставіў Жукоўскага побач з Левітанам, а разглядаў яго творчасць як найвышэйшае дасягненне левітанаўскай школы ў жывапісе: «У перадачы Жукоўскім прыгажосці прыроды высакародны спакой стрыманага пачуцця, адчуванне меры віртуознага мазка і гарманічная падача жывапісных акордаў дасягнулі той рысы, за якой далейшае развіццё левітанаўскага пейзажа можа прывесці да акадэмічна застылых узораў, тэхнічна бездакорных, але душою мёртвых. Тут шлях закончаны. Эвалюцыя дасягнула сваёй найвышэйшай формы дасканаласці».

У 1922 годзе на знакамітай «Першай выставе рускага мастацтва» ў Берліне ён з поспехам выставіў шэсць работ. У той жа час у Варшаве яго карціна «Палац графа Шарамецьева» (інтэр'ер залы ў Кускове) атрымала першую прэмію. А ў Расіі пачалося адкрытае цкаванне мастакоў-рэалістаў, і першай ахвяраю становіцца Жукоўскі. Яго не запрашаюць на выставы. У гэтай цяжкой атмасферы ён прымае рашэнне пакінуць Расію, што і робіць у верасні 1923 года. Першыя месяцы жыцця Жукоўскага ў Варшаве адзначаны напісаннем карціны «Перад маскарадам», у якой паказаў сваю другую жонку ў чырвона-стракатым сарафане перад люстэркам.


Карціна напаўняе адчуваннем шчасця і абнаўлення жыцця, чакання ў многім яшчэ невыразнага, але чароўнага будучага. Карціна адразу знайшла сваё месца ў Польскім Нацыянальным музеі мастацтваў Яе поспех падказаў Жукоўскаму прадоўжыць работу над інтэр'ерамі, ён пачынае працаваць у Каралеўскім Палацы ў Лазенках, багаццем і прыгажосцю якога ганарыўся кожны паляк.

Жукоўскі актыўна супрацоўнічае з Таварыствам заахвочвання мастакоў і становіцца яго сябрам. Тут ён сыходзіцца з мастакамі, якія адчувалі і цанілі прыроду, трымаліся ў жывапісе рэалістычнай асновы. Жукоўскі даражыць вопытам жывапісца-рэаліста: поглядаў вучня школы перасоўнікаў не мяняе, выпрацаванай на рэалістычнай аснове тэхнікі пісьма не страчвае. Але разам з тым шукае больш моцныя акцэнты мастацкай формы, надае ёй большую выразнасць, экспрэсію. 3 маладосці ўлюбёны ў палотны імпрэсіяністаў, шмат чаму ад іх навучаны, ён тонка адчувае мяжу, за якою імпрэсіянізм пераходзіць у экспрэсіянізм - і гэтую мяжу не пераступае. Пейзажы першых польскіх гадоў перадаюць пераменлівыя настроі Жукоўскага. Адзін з іх — «Рэчка на Палессі» (1928).



Моцны вецер згінае вострае пер'е травы на пярэднім плане, гоніць па вадзе хвалі, накіданыя мазкамі хуткімі, тэмпераментнымі, доўгімі, у рытмах ветру, але далей, пад процілеглым берагам, вада цішэе, маркоцяцца кусты і дрэвы, там — сонечная палянка ля вады, прычаленыя да нізкага берага лодкі на сонцы ў зацішку.

Як і раней, Жукоўскі шмат працуе. Былі арганізаваны буйныя персанальныя выставы. Большасць паказаных работ напісаны ў апошнія гады на Палессі, у Белавежскай ды Свіслацкай пушчах.

У творчасці Жукоўскага з'явілася новая вялікая тэма, якую да яго ніхто не вырашаў гэтак натхнёна і жывапісна — тэма балотаў. Лепшыя з гэтых работ набываюцца Нацыянальным музеем Варшавы, Нацыянальнай галерэяй у Кракаве, разыходзяцца па музеях Познані, Вроцлава, Любліна, Гданьска, па ўсёй Еўропе. Польшча шчодра ганаруе мастака-рэаліста залатымі і срэбнымі медалямі, прэміямі, дыпломамі, а гледачы, аматары жывапісу, адорваюць яго кветкамі і любоўю. Жукоўскі зноў на вяршыні славы.

Калі ў сярэдзіне трыццатых гадоў у Польшчы пачаўся эканамічны крызіс, мастачка А. Жукоўская, першая жонка мастака-эмігранта, наладжвае продаж яго карцін у Маскве. Атрыманыя ад продажу сродкі перасылаюцца яму. Былі прапановы вярнуцца ў Расію, але Жукоўскі не наважыўся зноў мяняць месца жыхарства.

Самымі цяжкімі для Станіслава Юльянавіча сталі гады другой сусветнай вайны. 1 жніўня 1944 года пачалося антыгітлераўскае паўстанне ў Варшаве, фашысты жорстка падавілі яго. Тысячы людзей трапілі ў канцлагер Прушкава. Гэтакі ж лёс напаткаў і Жукоўскага. Там ён і загінуў, там і быў пахаваны ў брацкай магіле.

Так трагічна абарвалася жыццё выдатнага нашага земляка – майстра рэалістычнага мастацтва, аднаго з пранікнёных пейзажыстаў лірычнага накірунку ХХ стагоддзя.
Неадпаведнасць паміж шырокай вядомасцю творчай спадчыны мастака і паўзабыццём яго біяграфіі тлумачыцца перш за ўсё недаацэнкай Станіслава Юльянавіча Жукоўскага ў савецкай мастацтвазнаўчай навуцы, дзе ён з дваццатых гадоў ХХст. меў кляймо «пяюна дваранскага побыту». Па-другое, ён быў чалавекам, замкнёным у вузкім коле сваякоў, сяброў і знаёмых, і не любіў сябе афішыраваць. Яго жыццё – гэта яго карціны, у якіх увасоблены асабістыя эстэтычныя погляды і грамадзянская пазіцыя. Таму для разумення творчага «Я» майстра больш за ўсё дае вывучэнне яго мастацкай спадчыны.

“…Старая Воля пад Пружанамі, наша Палессе. Вас непакоіць агонь у вокнах? Там вольны дух літоўскай збройнай шляхты – Жукоўскіх. Ён у сэрцы мастака ад бацькі і яго братоў, вояў за волю Бацькаўшчыны пад штандарамі Кастуся Каліноўскага. Гэтым агнём мастак жыў, кахаў, пісаў свой родны паляшуцкі край. Літву ці Беларусь? Назовы мяняюць улады, а Родны край – адзін!.. Вось дзе і ў чым усе загадкі чарадзея!”
Віктар Карамазаў.

Прадмова да кнігі “Мой брат духоўны”

Літаратура


1. Горелов, М.И. Станислав Юлианович Жуковский. Жизнь и творчество 1875-1944 / Михаил Иванович Горелов.-М.: Искусство,1982.-371с.: ил.
2. Грамыка, М. Няма таго, што раньш было. Сядзібны пейзаж у беларускім мастацтве: Станіслаў Жукоўскі, Фердынанд Рушчыц: [Тэкст]/ Марыя Грамыка // Роднае слова.-2006.-№11.-С.80-82.
3. Карамазаў, В. Краса і воля: Эсэ/ Віктар Карамазаў // Карамазаў,В. Краса і воля.-Мн., 2008.- С.81-110.
4. Марціновіч, А. Водар начных фіялак: Эсэ /Алесь Марціновіч // Марціновіч, А. Свечка на золкім ветры.- Мн., 2006.- С.374-397.

Легенда і загадка жывапісу:

мастак Станіслаў Жукоўскі

Літаратурна-краязнаўчае выданне

Серыя “Знакамітыя землякі”

Складальнік В.А.Макарчук

Рэдактар, адказны за выпуск Н. К. Шабуня

Камп’ютэрны набор В.А.Макарчук

красавік, 2009

225133 г. Пружаны, вул. Савецкая, 30

Цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Засіма

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу

8 /01632/ 2-85-46

E-mail: biblprj@brest. by






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка