Знакамітыя землякі Зачараваны танцам: Янка Хвораст Літаратурна-краязнаўчае выданне




Дата канвертавання11.08.2018
Памер181.6 Kb.
Цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу


Знакамітыя землякі

Зачараваны танцам:

Янка Хвораст
Літаратурна-краязнаўчае выданне

Пружаны, 2014




Хвораст Іван Маркавіч

беларускі савецкі танцоўшчык, балетмайстар, збіральнік беларускага харэаграфічнага фальклору

24.02.1902 – 01.07.1983

Нарадзіўся ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага раёна. Скончыў Віленскі універсітэт (1935), адначасова вучыўся ў прыватнай школе балетнага майстэрства. Творчую дзейнасць пачаў у 1928 г. як саліст танцавальнай групы хору славянскай песні Віленскай беларускай гімназіі. У 1940-50 кіраўнік харэаграфічнай групы Беларускага ансамбля песні і танца (пад кіраўніцтвам Р.Шырмы). У Вялікую Айчынную вайну ўдзельнік франтавых канцэртных брыгад. З 1953-60 – саліст балета беларускай філармоніі, у 1960-78 кансультант Рэспубліканскага дома народнай творчасці, аказваў дзейсную дапамогу самадзейным харэаграфічным калектывам рэспублікі. Дзякуючы глыбокаму веданню беларускага танцавальнага фальклору, беражліваму стаўленню да яго нацыянальных асаблівасцей, унёс значны ўклад у развіццё беларускага народна-сцэнічнага танца. Аўтар зборнікаў “Беларускія танцы” (1974, 1977)

У гісторыі беларускага танцавальнага мастацтва ёсць нямала яркіх старонак, якія распавядаюць пра вядомыя харэаграфічныя калектывы і асобных людзей, чыё высокапрафесійнае майстэрства ўзбагаціла нацыянальны танец, вывела яго на шырокі культурны абшар. Сярод іх ганаровае месца належыць і вядомаму ў мінулым таленавітаму беларускаму танцоўшчыку, балетмайстру, заслужанаму дзеячу культуры Беларусі, збіральніку беларускага харэаграфічнага фальклору Янку (Івану Маркавічу) Хворасту. У свой час, у 1940-1950-я гады, імя гэтага таленавітага чалавека было шырока вядома культурнай грамадскасці Беларусі і за яе межамі. Ён разам з патрыярхам беларускага харавога мастацтва народным артыстам СССР Рыгорам Раманавічам Шырмай стаяў ля вытокаў беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца, якому прысвяціў шмат гадоў самаадданай працы і як саліст балетнай групы, і як яе балетмайстар.

За час сваёй шматграннай творчай дзейнасці Янка Хвораст падрыхтаваў і паставіў звыш 120 рознапланавых танцаў, танцавальных мініяцюр і кампазіцый, стварыў цікавыя, запамінальныя сцэнічныя выявы, якія ўвайшлі ў скарбніцу беларускага танцавальнага мастацтва: сцэнічныя варыянты многіх традыцыйных беларускіх танцаў – “Таўкачыкі”, “Мікіта”, “Падушачка”, “Козачка”, кадрыляў “Котчынская”, “Бараўская”, карагодаў”Пойдзем, пойдзем лугам”, “Дзявочы”, “Лірычны”, харэаграфічныя кампазіцыі “Паланез Агінскага”, “Світанак над Свіцяззю”.

Захаваем памяць пра Янку Янку Хвораста, нашага таленавітага земляка, неардынарнага чалавека, які сваім яркім прафесійным майстэрствам ды і ўсім жыццём прапагандаваў жыццесцвярджальную сілу танцавальнага мастацтва і тым самым узбагаціў нашу нацыянальную культуру. Танцы, пастаўленыя ў розныя гады Іванам Хворастам у прафесійных і самадзейных калектывах, жывуць і сёння, радуючы сваей самабытнасцю.

Янка Хвораст нарадзіўся 24 лютага 1902 года ў вёсцы Кацёлкі на Пружаншчыне. Чароўныя пейзажы роднай зямлі, старажытныя народныя звычаі, вясёлыя вясковыя ігрышчы, кранальныя, праніклівыя песні маці Захвеі Хвораст - лепшай на ўсю акругу пявунні, ад якой яе знакаміты пляменнік Рыгор Шырма запісаў мноства беларускіх народных песень, з дзяцінства былі любімыя і дарагія Янку Хворасту. Любоў і адданасць свайму краю, свайму народу, які меў глыбокія старажытныя традыцыі і культуру, ён захоўваў на працягу ўсяго свайго свядомага жыцця.


c:\windows\temp\finereader11\media\image23.jpeg

Маці Захвея Хвораст, выдатная народная спявачка.
Янка Хвораст і сам ведаў шмат народных песень, нядрэнна спяваў, але больш за ўсё любіў танцаваць. Яшчэ малым хлапчуком падглядаў за танцамі дарослых і, дзе-небудзь схаваўшыся, употай развучваў асобныя танцавальныя рухі, каб потым «на людзях» прадэманстраваць сваё ўменне. Мабыць, ужо тады пачалі выяўляцца яго танцавальныя здольнасці і нават артыстычныя амбіцыі - Янку патрэбен быў глядач, які б належным чынам мог ацаніць яго выступ.

Падчас вучобы ў Вільні, спачатку ў Віленскай беларускай гімназіі, а потым на філалагічным факультэце ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, Янка Хвораст прымаў актыўны ўдзел у самадзейных тэатральных пастаноўках, спяваў у хоры, якім кіраваў стрыечны брат Рыгор Шырма, і, вядома ж, танцаваў. Трэба заўважыць, што танцавальныя гурткі ў гімназіі, а потым і ва ўніверсітэце былі арганізаваны па ініцыятыве Хвораста.

Танцавальная група Віленскай беларускай гімназіі (сядзіць другі злева Я.Хвораст). 1927 г.
Жаданне танцаваць не пакідала юнака. Яго вабілі, зачароўвалі таямніцы рухаў, з дапамогай якіх можна было выказаць свой душэўны стан, перадаць настрой, пачуцці. Да таго ж хацелася зазірнуць як мага глыбей у чароўны свет харэаграфічнага мастацтва, зразумець асноўныя яго законы, атрымаць прафесійныя навыкі. Для гэтага патрабавалася спецыяльная адукацыя. I Янка заняўся пошукам харэаграфічнай школы, хоць у глыбіні душы ўсведамляў марнасць сваёй задумы, бо для сур'ёзных заняткаў патрэбныя былі грошы, якіх ён не меў. Аднак жаданне было мацней акалічнасцяў, і аднойчы поспех павярнуўся да яго тварам - Янка Хвораст апынуўся ў адной з прыватных танцавальных школ, праўда, спачатку толькі ў якасці назіральніка. Тым не менш, сістэматычнае наведванне гэтых харэаграфічных заняткаў прынесла свой плён. Таленавіты ад прыроды, ён імкнуўся запомніць усё тое, што рабілі вучні ў студыі, а потым дома аднаўляў у памяці ўбачанае і самастойна ўсё гэта паўтараў.

Яго нязменная прысутнасць у танцклассе была, нарэшце, заўважана і педагогам, і аднойчы юнаку было прапанавана заняць месца каля харэаграфічнага станка, а ў далейшым неяк вырашылася і пытанне з аплатай. Гэта было сапраўдным шчасцем для Янкі - ажыццяўлялася яго запаветная мара. Цяпер па вечарах, у вольны ад вучобы час, ён мог паўнапраўна наведваць свае ўлюбёныя заняткі танцам. Пазней Хвораст заўсёды з цеплынёй успамінаў сваю першую балетную школу і педагога Лідзію Мікалаеўну Мерашову, якая навучыла яго практычным асновам харэаграфіі.
Па заканчэнні ў 1935 годзе Віленскага ўніверсітэта Янка Хвораст з дыпломам магістра філасофіі некаторы час заставаўся беспрацоўным, і ўсе яго спробы ўладкавацца выкладчыкам у якую-небудзь навучальную ўстанову заставаліся безвыніковымі. Гэта было цалкам характэрна для лёсу інтэлігента з народа ў буржуазнай Польшчы. Для ўніверсітэцкага выпускніка-беларуса праваслаўнага веравызнання, да таго ж палітычна нядобранадзейнага (Хвораст некаторы час знаходзіўся разам з дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння ў сумна вядомай у Заходняй Беларусі Віленскай турме на Лукішках) знайсці працу было вельмі цяжка.


Дыплом магістра філасофіі. 1935 г.
У гэтыя нялёгкія часы роспачы і безвыходнасці ў галаве Хвораста праносіліся самыя цяжкія, часам страшныя думкі, у тым ліку і пра самагубства. Аднак разважлівасць узяла верх і дапамагла яму знайсці выйсце з нялёгкай сітуацыі. У гэтым немалую ролю адыграла і любоў да танцаў. Заняткі ў танцавальнай групе хору Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы падтрымлівалі яго маральна і ў нейкай ступені матэрыяльна - не давалі памерці з голаду. Па словах Янкі Хвораста, хапала на гарбату і цукар.

Нарэшце, у 1938 г. лёс усміхнуўся Хворасту. Яму пашчасціла ўладкавацца на працу ў горадзе Вілейцы - у мясцовым ліцэі і гімназіі імя Генрыха Сянкевіча, дзе Янку было прапанавана месца выкладчыка польскай і лацінскай моў, а таксама логікі і псіхалогіі. Працай Я. Хвораст быў у цэлым задаволены, адчуваў з боку сваіх выхаванцаў зацікаўленасць, цёплыя адносіны і падтрымку.

А неўзабаве наступіў і верасень 1939 года, які аб’яднаў у адзінае цэлае ўсходнюю і заходнюю часткі Беларусі. Гэта ўз’яднанне было сустрэта Я. Хворастам з вялікім захапленнем і запалам. Для яго, як і для шматлікіх іншых беларусаў, пачыналася новае жыццё з новымі магчымасцямі.

Гімназія, дзе выкладаў Хвораст, была ператворана ў 10-гадовую сярэднюю школу. Змяніўся і яе навучальны профіль. У абавязкі настаўніка Хвораста зараз уваходзіла выкладанне рускай і беларускай моў, амаль ва ўсіх класах. Акрамя таго, ён навучаў беларускай мове на вячэрніх трохмесячных курсах настаўнікаў пачатковых школ з усёй Вілейшчыны. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, звязаныя ў тым ліку з колькасцю слухачоў, якіх было больш за 100 чалавек, Янка Хвораст атрымліваў задавальненне ад асветніцкай працы. У рэдкія вольныя хвіліны ўсё больш думалася пра харэаграфію, але гэтыя думкі пакуль што знаходзілі сваю рэалізацыю толькі ў правядзенні заняткаў арганізаванага ім школьнага танцавальнага гуртка ды перыядычным удзеле ў канцэртах мясцовага значэння.

Паваротным момантам у жыцці Янкі Хвораста стала запрашэнне ў 1939 годзе ў складзе дэлегацыі заходнебеларускіх грамадска-палітычных і культурных дзеячаў наведаць Мінск для ўдзелу ў імпрэзах да ўгодак Кастрычніцкай рэвалюцыі. Менавіта там стала вядома, што яго кандыдатура разглядаецца на пасаду балетмайстра і саліста Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца, арганізаванага Р.Р. Шырмай у горадзе Беластоку па даручэнні ўрада Беларусі. Да таго часу ансамбль быў ужо амаль сфарміраваны і налічваў у сваім складзе 70 чалавек. Можна толькі здагадвацца пра тыя радасныя пачуцці Янкі Хвораста з нагоды свайго прызначэння - нарэшце яго, здавалася б, нязбытныя мары пачыналі атрымліваць рэальныя абрысы.

Беластоцкі перыяд быў адным з самых яркіх і вызначальных у жыцці і творчасці артыста. Тут праявіўся яго прыродны дар танцоўшчыка, выявіліся майстэрства пастаноўшчыка і талент педагога. Працы было шмат, але гэта не палохала Хвораста. Наадварот, яна давала новыя пазітыўныя імпульсы, садзейнічала яго творчаму і духоўнаму росту. Істотную дапамогу Хворасту як педагог-рэпетытар аказвала яго першая партнёрка, салістка балета Анета Рэйзер, якая атрымала харэаграфічную адукацыю ў Вене.

За паўтара месяца сістэматычнай, напружанай працы было падрыхтавана ў адпаведнасці з агульнай народнай накіраванасцю ансамбля пяць танцаў і адзін дуэт. Усе нумары былі ўхвалены мастацкім саветам і вынесены на суд гледачоў. Першы канцэрт адбыўся 23 лютага 1940 года ў Беластоку і меў вялікі поспех. Услед за гэтым былі паездкі па найбліжэйшых населеных пунктах і іншых рэгіёнах Беларусі, якія прынеслі папулярнасць калектыву. У планах былі гастролі і за межы рэспублікі. Таксама Хвораст праводзіў мэтанакіраваную працу па пашырэнні і ўдасканаленні танцавальнага рэпертуару. З’явілася дадатковая праграма, якая ўключала рускія, польскія, літоўскія танцы і танцавальныя кампазіцыі іншых народаў.

Танцавальная група Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца (сядзіць у цэнтры Я.Хвораст). 1940


У маі 1941 года Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Р.Шырмы выехаў на гастролі ў Маскву. У Маскве і Падмаскоўі калектыў выступаў на высокім прафесійным узроўні, набыў шчырыя сімпатыі гледачоў, атрымаў станоўчыя водгукі спецыялістаў, якія падкрэслівалі самабытнасць калектыву, кваліфікаванае выкананне харавых і танцавальных нумароў. Далейшы маршрут ансамбля павінен быў праходзіць праз Каўказ, Урал, Ленінград. Але Вялікая Айчынная вайна карэнным чынам змяніла не толькі ўсе творчыя планы, але і перабудавала ўсё жыццё.


Бульба”. 1940 г.
Калектыў Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца разам з Камітэтам па справах мастацтваў і Міністэрствам кінематаграфіі быў эвакуіраваны ў горад Краснаярск. Выязджалі ў Сібір з цяжкім сэрцам, бо гэта падарожжа ўсё больш і больш аддаляла іх ад акупіраванай гітлераўцамі Беларусі, дзе заставаліся родныя і блізкія, пра лёс якіх нічога не было вядома.

У Краснаярску для рэпетыцый калектыву быў прадстаўлены будынак чыгуначнага клуба, і ўжо ў канцы ліпеня 1941 года артысты паказалі сібіракам свой першы канцэрт. Нават у гэты цяжкі і страшны час людзі мелі патрэбу ў мастацтве, у яго вялікай жыццесцвярджальнай сіле. Паралельна з рэпетыцыямі ўжо «абкатаных» танцавальных нумароў Хвораст рыхтаваў і новыя праграмы, якія адпавядалі рэаліям часу. Так, сумесна з маскоўскім рэжысёрам Данілавым была створана кампазіцыя «За Радзіму!», якая з дапамогай сцэнічных сродкаў адлюстроўвала патрыятызм савецкіх людзей. Пастаноўка сустрэла гарачыя водгукі ў сэрцах гледачоў. Глядацкія сімпатыі натхнялі артыстаў і спрыялі прафесійнаму росту.

Аднак нечакана ў калектыў прыйшла бяда. Арганізатар і душа ансамбля Рыгор Раманавіч Шырма быў неабгрунтавана арыштаваны. Ансамбль на паўтара года застаўся без свайго кіраўніка. Кіраўніцтва, якое прыйшло на змену Шырме, па ўспамінах Я. Хвораста, не мела ні шырокага творчага дыяпазону, ні арганізатарскіх здольнасцей, не імкнулася захаваць ні цэласнасць ансамбля, ні яго творчы твар. Усё гэта вельмі турбавала Хвораста, і ён вырашыў, нягледзячы на неспрыяльныя акалічнасці, паспрабаваць хоць бы ў танцавальнай групе захаваць традыцыі і напрацоўкі, якія з’яўляліся візітнай карткай ансамбля. Янка Хвораст заняў прынцыповую пазіцыю і да апошняга адстойваў інтарэсы калектыва: захаваць ранейшы склад ансамбля.

Гэтая няпростая сітуацыя ўскладнялася яшчэ і наступленнем ранніх халадоў, да якіх артысты не былі падрыхтаваны. Выязджаючы ў маі на гастролі, яны захапілі з сабой толькі лёгкае адзенне, а для набыцця зімовай вопраткі на той момант проста не было сродкаў. Выйсцем з сітуацыі для артыстаў сталі зімовыя гастролі па цяплейшых рэспубліках Сярэдняй Азіі. У кастрычніку 1941 года калектыў выехаў у Ташкент, наладжваючы па дарозе шматлікія канцэрты для вайсковых падраздзяленняў і мясцовых жыхароў.

Падчас эвакуацыі Янка Хвораст разам з ансамблем аб’ездзіў дзясяткі гарадоў Урала, Сібіры, Сярэдняй Азіі, дзе артыстамі было прадстаўлена на суд гледачоў звыш 500 канцэртаў. Харавая і танцавальная групы ансамбля выступалі на прадпрыемствах, у шпіталях перад параненымі байцамі, спрабуючы сваімі жыцце-сцвярджальнымі мастацкімі нумарамі вярнуць гледачоў хоць бы на імгненне ў мірнае мінулае, выклікаць усмешку, адцягнуць ад цяжкасцей ваеннага часу. I гэта ў іх добра атрымлівалася, у многім дзякуючы старанням Янкі Хвораста, які не толькі сам віртуозна валодаў мастацтвам танца, але і па-бацькаўску клапаціўся пра творчы рост сваіх выхаванцаў.



Нягледзячы на вельмі напружаны гастрольны графік, Хвораст нават у неспрыяльных умовах ваеннага часу ўдасканальваў сваё прафесійнае майстэрства, ставіў новыя танцы і ствараў танцавальныя кампазіцыі. Так, пры дапамозе вядомага харэографа Надзеі Надзеждзінай, якая падчас вайны працавала балетмайстрам у ансамблях Сібірскай ваеннай акругі, а ў 1948 годзе арганізавала знакаміты харэаграфічны ансамбпь «Бярозка», былі падрыхтаваны «Партызанскія скокі», а сам Хвораст у адным з калектываў Надзеждзінай па яе просьбе паставіў беларускі танец «Крыжачок».

Цёплыя прафесійныя адносіны паміж двума балётмайстрамі падтрымліваліся і на працягу пасляваенных гадоў. Сведчаннем гэтаму можа служыць канцэртная праграмка ансамбля «Бярозка», якая захоўваецца ў архіве артыста ў фондзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, на вокладцы якой Надзея Надзеждзіна зрабіла наступны надпіс: «11 мая 1960 г. / Старому сябру і таварышу Івану Маркавічу Хворасту на добрую памяць. Н. Надзеждзіна. / Вельмі рада была зноў сустрэць Вас».

У канцы снежня 1943 года ансамбль вярнуўся ў Беларусь, у вызваленую ад ворага Новабеліцу. I ўжо 31 снежня, падчас налёту нямецкай авіяцыі, даваў свой першы канцэрт на роднай вызваленай зямлі. Гастрольныя паездкі па прыфрантавых і франтавых зонах мелі вялікае значэнне для артыстаў, паколькі з’яўляліся своеасаблівым укладам ансамбля ў агульную справу адраджэння рэспублікі.

Знамянальным было для Янкі Хвораста запрашэнне ўдзельнічаць у партызанскім парадзе ў вызваленым Мінску 16 ліпеня 1944 года, а ў ліпені 1945 года ў складзе беларускай дэлегацыі з 300 чалавек — у парадзе фізкультурнікаў у Маскве. Для такіх мерапрыемстваў Хворастам была адаптавана харэаграфічная кампазіцыя «Лявоніха», якая ўключала 20 танцавальных пар.




Пасведчанне да медаля “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”. 1946 г.
Упасляваенныя гады ансамбль працягваў сваю дзейнасць. Танцавальныя нумары, прадстаўленыя гледачам, карысталіся нязменным поспехам, шмат у чым дзякуючы таленту і энтузіязму кіраўніка, а таксама высокаму прафесіяналізму яго ўдзельнікаў. Аднак энтузіязм Хвораста выяўляўся не толькі на танцавальнай сцэне. Выязджаючы з гастролямі ў розныя куткі Беларусі, ён з нязменнай зацятасцю адшукваў і запісваў народныя танцы. У асабістым архіве артыста захаваліся іх шматлікія запісы, дзе з дапамогай малюнка ці схемы адзначана кожная пазіцыя, улічаны кожны рух выканаўцы.

Бульба”. Т.Мяшкова і Я.Хвораст. 1949 г.
Дзейнасць Янкі Хвораста ў Беларускім дзяржаўным ансамблі песні і танца працягвалася больш 10 гадоў. Але ў 1951 годзе, у сувязі з рэарганізацыяй, танцавальная група спыніла сваё існаванне. За перыяд плённай працы ў гэтым калектыве Хворастам было распрацавана і пастаўлена звыш 60 рознапланавых танцаў, дуэтаў, харэаграфічных кампазіцый.

3 1953 па 1960 год Хвораст, як саліст балета Беларускай дзяржаўнай філармоніі, шмат гастраляваў разам з эстрадным ансамблем па гарадах Савецкага Саюза, выклікаючы шчырыя сімпатыі гледачоў і спецыялістаў. Нават меліся прапановы з нагоды ўдзелу артыста ў складзе іншых ансамбляў, у прыватнасці, у калектывах Кіеўскай і Сталінградскай філармоній.


Танец “Чардаш”. 1954 г.

Рускі жартоўны”. М.Сцепанец і Я.Хвораст. 1957 .
Пасля заканчэння сцэнічнай кар’еры Янка Хвораст сканцэнтраваў сваю ўвагу на педагагічнай і шэфскай дзейнасці.

Працуючы выкладчыкам у Мінскім харэаграфічным вучылішчы, маючы вялікі педагагічны досвед і валодаючы высокім майстэрствам выканаўцы, ён з радасцю дзяліўся сваімі напрацоўкамі з маладымі талентамі. Як кансультант Рэспубліканскага дома народнай творчасці, ён даваў слушныя парады, аказваў дзейсную дапамогу шматлікім самадзейным танцавальным калектывам рэспублікі, распрацаваў і паставіў каля 50 танцаў і танцавальных пастановак, многія з якіх увайшлі ў рэпертуарныя зборнікі.

Янка Хвораст быў хросным бацькам для шматлікіх самадзейных танцавальных ансамбляў. Не маючы ўласнай сям’і, ён аддаваў ім сваё сэрца, свой талент, дзяліўся багатым вопытам і ўважліва сачыў за іх развіццём. Дзякуючы Хворасту, набылі папулярнасць такія вядомыя ў Беларусі самадзейныя танцавальныя калектывы, як «Свіцязь», «Маладосць», «Лянок» і іншыя.

Ставячы той ці іншы нумар, балетмайстар зыходзіў з таго, што пастаноўка павінна ўтрымліваць не толькі набор танцавальных элементаў, але і адлюстроўваць асаблівасці той мясцовасці, адкуль паходзіў калектыў. Так, пры падрыхтоўцы рэпертуара ансамбля песні і танца горада Смаргоні Янка Хвораст абапіраўся на гісторыка-культурнае мінулае Смаргоншчыны, адбіраючы найбольш яркае, асаблівае, уласцівае толькі гэтаму рэгіёну. 3 дапамогай танцавальных сродкаў і дзякуючы прыроджанаму таленту рэжысёра і пастаноўшчыка, Хвораст узнавіў на сцэне знакамітую Смаргонскую мядзвежую акадэмію (кампазіцыя «Смаргонская акадэмія»), успомніў і пра вядомыя смаргонскія абаранкі (танец «Смаргонскія абаранкі»). Але цэнтральнае месца ў праграме гэтага калектыву заняў «Паланэз» вядомага кампазітара Міхала Агінскага, які калісьці жыў і тварыў у сваім маёнтку Залессе пад Смаргонню. Янка Хвораст, як чалавек творчы, змог надаць прыгожаму шляхецкаму танцу народныя рысы, а для хору напісаў словы на музыку паланэза. У выніку атрымалася цікавая танцавальна- песенная кампазіцыя «Паланэз Агінскага», якая мела вялікі поспех не толькі ў Беларусі, але і на сцэне Крамлёўскага палаца з’ездаў, у Зорным гарадку, за межамі Савецкага Саюза, у прыватнасці, у Польшчы, дзе імя Агінскага заўсёды было ў пашане. Пазней Смаргонскаму калектыву было прысвоена імя кампазітара.

Янка Хвораст як прызнаны майстар танцавальнага жанру ўваходзіў у склад журы розных танцавальных конкурсаў, аглядаў мастацкай самадзейнасці, браў удзел у канферэнцыях па пытаннях харэаграфіі, быў членам мастацкага савета па музычным мастацтве і харэаграфіі пры Міністэрстве культуры БССР. Яшчэ пры жыцці артыста ўбачылі свет два выданні яго кнігі «Беларускі танец» (1974 і 1977 гг.).

Пасля смерці, ў 1991 годзе, выйшаў зборнік «Танцы Янкі Хвораста». Яны ўключалі толькі невялікую частку танцавальнага матэрыялу, сабранага і пастаўленага на сцэне гэтым таленавітым чалавекам. На сённяшні дзень шматлікія запісы танцаў, сцэнарыі танцавальных кампазіцый захоўваюцца ў рукапісным выглядзе у асабістым архіве І.М.Хвораста і чакаюць свайго часу, сваіх даследчыкаў.

Арыентуючыся на традыцыі, закладзеныя беларускім тэатральным дзеячам Ігнатам Буйніцкім (1861-1917), абапіраючыся на народную танцавальную стыхію, Янка Хвораст здолеў узняць беларускую народную харэаграфію да ўзроўню сучаснай прафесійнай балетнай культуры. Заслугі Янкі Хвораста ў развіцці беларускага танцавальнага мастацтва, яго актыўны ўдзел у грамадскім жыцці былі адзначаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1977 годзе яму было прысвоена высокае званне Заслужанага работніка культуры Беларусі.



Да самых апошніх дзён свайго жыцця Янка Хвораст заставаўся адданым рыцарам Тэрпсіхоры. Аднойчы зазірнуўшы ў чароўны свет танца, ён назаўжды застаўся зачараваным яго прыгажосцю.

І.Хвораст пакінуў гэты свет у 1983 годзе, але яго спадчына, даследаванні ў галіне народнай харэаграфіі да гэтай пары не губляюць сваей каштоўнасці. На яго матэрыялах вучыліся вядомыя беларускія пастаноўшчыкі танцаў з розных куткоў Беларусі: П.Акулёнак, Л.Апексютовіч, І.Серыкаў, А.Рыбальчанка, Я.Штоп, М.Кіракозаў, М.Дудкеніч, і.Чысцякоў, І.Чопчыц, В. Гаявая, М.Дудчанка, В. Варановіч і шмат іншых.

Зараз здабыткі вядомага харэографа вывучаюць студэнты харэаграфічных устаноў, вучылішчаў мастацтваў і Беларускага універсітэта культуры. Спадчынная сувязь не парушылася. Мы ўдзячныя Івану Хворасту, які паспрыяў пераемнасці народных традыцый.
СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Котаў, М. Адзін з першых //Голас Радзімы. – 2002. - №19 – С.20.

Ліс, М. Зачараваны танцам //Раённыя будні. – 2013. – 6,9 лістапада. – С.5

Хвораст Іван Маркавіч // Літаратура і мастацтва Беларусі. Энцыклапедыя, Т. 5 - Мінск: БелСЭ, 1987. – С.444


Зачараваны танцам: Янка Хвораст

Літаратурна-краязнаўчае выданне

Серыя “Знакамітыя землякі”

Адказны за выпуск Н. К. Шабуня

Камп’ютэрны набор А.П.Носік

Чэрвень, 2014

225133 г. Пружаны, вул. Савецкая, 30

Цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Засіма

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу

8 / 01632 / 2-85-46



E-mail: biblprj@brest.by


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка