Знакі прыпынку ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак




Дата канвертавання04.06.2018
Памер36.14 Kb.
Знакі прыпынку ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак
Тэма: знакі прыпынку ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак.

Мэта: садзейнічаць засваенню матэрыялу і выпрацоўцы навыку ставіць знакі прыпынку ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак; паглыбляць уменне характарызаваць будову сказаў розных тыпаў і відаў,складаць іх схемы; развіваць самастойнасць мыслення, звязную мову; выхоўваць любоў да маці.

Тэхналогія: праблемнае навучанне

Абсталяванне: схема “Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак”, выказванні пра маці, карткі №1 і №2, падручнік

Эпіграф: “Толькі тады веды робяцца нашым сталым набыткам, калі мы прыходзім да іх, здабываем іх самі”

Якуб Колас

Ход урока

I Арганізацыйны момант

1) Зачытваю эпіграф

2) Уступнае слова настаўніка:

– Сёння на ўроку мы будзем вучыцца самастойна здабываць веды. А дапаможа нам у гэтым разумовым пошуку тэхналогія праблемнага навучання, якая стварае ўмовы для творчага, самастойнага авалодання ведамі.

II Паведамленне тэмы і мэты ўрока.

– Для чаго нам трэба ведаць тэму “Знакі прыпынку ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак?”

(Адказы вучняў)

– Аналізаваць моўныя з’явы мы будзем з дапамогай сказаў, у якіх гаворыцца пра маці.

III Вызначэнне пазнавальнай задачы, пазнавальны пошук.

– Успомніце, якія сказы называюцца сказамі з рознымі відамі сувязі частак? Як інакш называюцца такія сказы? Якія ёсць віды сувязі частак? Свае адказы падмацуйце прыкладамі з выказванняў, запісаных на дошцы:

Калі пушок прабіўся над губою

І ў сны прыйшло дзявочае імя,

Я ні аб чым не раіўся з табою,

Матуля адзінокая мая.

С.Грахоўскі

Яе маршчыны –

Ад няўдачаў нашых след,

Баляць ёй раны кожнага дзіцяці,

Няўжо прыходзім мы на гэты свет,

Каб памнажаць пакуты маці?

В.Вабішчэвіч

Абмяркуйце заданне ў парах

– Як вы лічыце, ад чаго залежыць пастаноўка знакаў прыпынку ў такіх сказах?

(Ад тыпу сувязі частак)

– Разгледзьце плакат-схему “Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак” і адкажыце на пытанне: якія знакі прыпынку ставяцца ў сказах камбінаванай будовы? ( Вучні працуюць у парах)

IV Першаснае замацаванне ведаў

Спісаць сказы, растлумачыць знакі прыпынку ў іх, пабудаваць схемы сказаў (сказы ляжаць на кожным стале на картцы №1)

1. Мне ніколі не пазбыць адзіноту,

І ніколі журба не міне:

Маці зноў пазірае з-за плоту

І чакае з дарогі мяне.

С.Грахоўскі

2. Ты цёмныя ночы не спала,

На белай кашулі ў намёт

Ты мне васількі вышывала,

Калі я збіраўся ў паход.

А.Астрэйка

V Выпрацоўка практычных уменняў і навыкаў

1) Запісаць сказы, расставіць знакі прыпынку, пабудаваць схемы сказаў.

Адгрымела вайна-навальніца,

А старой па начах усё не спіцца,

Бо сыноў не хапае ў хаце,

Воч не зводзіць з партрэтаў іх маці.

Мне ўсё здаецца: ты пайшла шукаць

Пад Ельняй, на Смаленшчыне мясціны,

Дзе курганы з часоў вайны стаяць,

Дзе след твайго загінуўшага сына.

2) Вызначце, які сказ адпавядае схемам: ( заданне ляжыць на сталах на картцы №2)

1. [ ], ( што … ), [ ], ( што …).

2. [ ], ды [ ], ( покуль … ).

а) Веру я, што ў маці ёсць крылы,

Яна птушкай можа лятаць,

Ды не той легкадумнай зязюляй,

Што сваіх разгубіла дзяцей…

С.Блатун


б) Такі закон прыроды, маці,

І ў ім ёсць сэнсу глыбіня:

Раней, чым першы смех дзіцяці,

Ты доўга чуеш плач штодня.

Н.Гілевіч

в) Ты рос, як цёплы каласок,

Пры месяцы і зорах,

Пачуеш мілае “сынок”,

Хоць будзе і за сорак.

Э.Агняцвет

г) Час прыйшоў незваротнае траціць,

Сустракаць за бядою бяду,

Ды не знікне адвечная маці,

Покуль следам за ёй не пайду.

С.Грахоўскі

д) Перад сэрцам матуліным, перад марай матулі

Спарахнелі варожыя бомбы і кулі,

Нібы ветрам развеяла лютую зграю,

Тую сілу варожую, што гразілася краю.

К.Кірэенка

3) Успомніць прыказкі і прымаўкі пра маці. Запісаць тыя, якія найбольш спадабаліся. З адной з іх саставіць сказ камбінаванай будовы.

Без роднай мамачкі заклююць галачкі.

Матка крэпка замахне, а памаленечку стукне.

Дзіця да маці, як краска да сонца.

Няма тае крамы, каб прадавалі мамы.

У каго ёсць матка, у таго галоўка гладка.

Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра.

Якая мая мама, такая я і сама.

4) Скласці сказы па схемах:

а) [ ], і [ ], ( бо …).

б) [ ], і [ ], ( якая …).

в) [ ] : [ ], і [ ].

VI Рэфлексія

– Што даведаліся з сённяшняга ўрока?


VII Скласці віншаванне маці са святам 8 Сакавіка, выкарыстаўшы складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка