Звіняць цымбалы і гармонік




Дата канвертавання14.02.2017
Памер66.43 Kb.
Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік"

Першы рэспубліканскі фестываль быў праведзены ў Віцебску. На яго сабраліся невялікія калектывы і індывідуальныя выканаўцы, народныя майстры музычных інструментаў, усяго каля 150 чалавек. Двойчы фестываль праводзіўся ў Магілёве, але потым надоўга прыжыўся ў Паставах. Час пацвердзіў, што сама ідэя правядзення ў Паставах фестывыалю народнай музыкі знайшла добрую глебу, бо ён грунтуецца тут на багатых музычных традыцыях, мае цікавую, адметную выканальніцкаю школу груздаўскіх музыкаў. Фактычна гэта адзіны ў рэспубліцы рэгіён, дзе захаваліся дыятанічныя цымбалы, што і зараз вырабляюцца майстрамі-самародкамі, дзе працуюць сучасныя калектывы, якія развіваюць далей гэту выканальніцкаю школу.

Дзякуючы намаганням выкладчыкам Пастаўскай дзіцячай музычнай школы, яе дырэктара і выдатнага музыкі А. Собаля створаны новыя калектывы, якія захоўваюць традыцыі вядомага яшчэ з 1939 г. Груздаўскага цымбальнага аркестра. Сёння іх традыцыі працягвае народны фальклорны ансамбль "Паазер'е". За 10 гадоў свайго існавання ён пабываў у многіх краінах. Артыстаў з захапленнем слухаюць усюды.

Фестываль мае сваю гісторыю, традыцыі, энтузіястаў. Каля вытокаў фестывалю быў народны артыст Беларусі прафесар М. А. Казінец, заслужаны работнік культуры рэжысёр У. В. Таран, заслужаны дзеяч культуры і балетмайстар І. А. Серыкаў, а таксама старшыня арганізацыйнага камітэта і народнай творчасці Рэспублікі Беларусь Т. І. Стружэцкі, які зараз з'яўляецца прэзідэнтам фестывалю.

У 1992 г. фестываль упершыню завітаў да нас у Паставы. З усіх абласцей Беларусі з'ехаліся сюды лепшыя ансамблі народных музыкальных інструментаў і асобныя выканаўцы.

Па праве гаспадароў першымі на канцэртную пляцоўку выйшлі "Груздаўскія музыкі". На змену ім выходзяць яго нашчадкі - ансамбль музыкі "Паазер'е", сям'я Мацкевічаў. Слухаеш іх - душа спяваць хоча, сэрца радуецца. Ногі ў танец просяцца.

Прайшоў першы дзень і конкурс "Хто каго?" - конкурс на лепшага гарманіста, частушачніка, цымбаліста, які захаваўся на працягу 10 гадоў і сёння радуе нас сваімі выканаўцамі. Скончыўся конкурс, і раз'ехаліся музыкі, але не дадому, а па гаспадарках Пастаўскага раёна, каб падарыць радасць не толькі пастаўчанам, але і сялянам, якія не змаглі даехаць да нас у Паставы. На наступны дзень удзельнікі зноў сабраліся на плошчы Леніна, каб ускласці кветкі да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. А потым у святочным шэсці адправіліся ў гарадскі парк, дзе адбылося тэатралізаванае відовішча "Пастаўскія перазвоны". І не толькі. Падзівіліся пастаўчане таксама на горад майстроў. За ноч пабудавалі яго таленавітыя майстры і майстрыхі - ганчары і ткачыхі, мастакі і вязальшчыцы. Прыехалі яны да нас у Паставы з мнгогіх вёсак Лепельшчыны і Браслаўшчыны, Міёршчыны і Глыбоччыны, з іншых месцаў.

Свята атрымалася, але колькі ўсім прыйшлося папрацаваць! Асабліва галоўнаму рэжысёру свята У. В. Тарану, а таксама помочніку рэжысёра заслужанаму дзеячу культуры І. А. Серыкаву, які разам з Любоўю Сініцынай з'яўляўся вядучым.

У 1993 г. зноў з розных куткоў рэспублікі з'ехаліся на фестываль больш за 250 самадзейных артыстаў - гарманісты, частушачнікі, фальклорныя гурты. Разам з такімі вядомымі выканаўцамі, як "Радуніца" з Мазыра, "Музыкі" з Гродна, "Палешукі" з Іванава, "Капыльскія дудары", у фестывалі прымалі ўдзел нядаўна створаныя.

Нязменнай часткай фестывалю, як і летась з'явілася выстаўка народнай творчасці, на якой былі прадстаўлены вырабы і творы, зробленыя ўмелымі рукамі нашых землякоў. Гэта разьба па дрэве, саломапляценне, вышыванне, кавальства, іншыя віды самадзейнай творчасці.

Кожны наступны год прыносіць у фестываль нешта новае. Так, у 1994 г. упершыню ў рамках фестывалю прайшоў конкурс навучэнцаў музычных школ раёнаў вобласці, у якім прымалі ўдзел музычныя школы 6 раёнаў: Шаркаўшчынскага, Докшыцкага, Глыбоцкага, Міёрскага, Браслаўскага, Пастаўскага. Пераможцам конкурсу давалася права паўдзельнічаць у заключным канцэрце.

У гэтым годзе нашым мясцовым кампазітарам Г. Шышкіным была напісана цудоўная песня "Пастаўская фестывальная", якая стала візітнай карткай і для наступных фестываляў.

Наступны фестываль па сваёй форме не вельмі адрозніваўся ад першых трох, але адметнасць яго была ў тым, што змяніўся галоўны рэжысёр. Ім стаў загадчык кафедры рэжысуры свят Беларускага ўніверсітэта культуры лаўрэат шматлікіх міжнародных фестываляў Пётр Адамавіч Гуд.

На кожным чарговым фестывалі для ўдзельнікаў і гасцей рыхтуюцца новыя адкрыцці. У 1995 годзе такім адкрыццём стаў канцэрт пераможцаў конкурсу навучэнцаў і выкладчыкаў дзіцячых музычных школ вобласці і ўшанаванне ветэранаў Груздаўскага цымбальнага аркестра ў в. Груздава.

Са зменай галоўнага рэжысёра ўсе чакалі нечага новага, і жаданні нашых гледачоў збыліся. А новае ўразіла ўсіх. Фестываль 1996 года стаў не толькі рэспубліканскім, у гэтым годзе яму быў нададзены статус міжнароднага. Фактычна ён ужо стаў такім раней, бо прымалі ў ім удзел калектывы розных краін. Фестываль цікавы яшчэ і тым, што з году ў год напаўняецца новым зместам. Вось і на гэты раз цікавай была творчая лабараторыя выканаўцаў на народных інструментах з удзелам прафесара Беларускай акадэміі музыкі заслужанага артыста Беларусі Я. Гладкова, мастацкага кіраўніка фальклорнага ансамбля "Крупіцкія музыкі" заслужанага работніка культуры У. Грома, мастацкага кіраўніка ансамбля "Паазер'е" А. Собаля, прэзідэнта Сусветнай асацыяцыі цымбалістаў В. Харэнчар з Венгрыі.

Пашыраецца і геаграфія фестывалю. На гэты раз яго ўдзельнікаў прымае і Глыбокае вялікім тэатралізаваным прадстаўленнем "Глыбоччына сустракае гасцей". Цікавым сюрпрызам стала для ўдзельнікаў і гледачоў мастацка-гістарычная праграма "Пастаўскі баль", музычна-піратэхнічная дзея з XVII ст. "Агні славутай спадчыны".

Нельга не сказаць добрых слоў у адрас кіраўніцтва Пастаўскага райвыканкама, аддзела культуры. Тое, што першы міжнародны фестываль праводзіўся ў новым амфітэатры - значная падзея для Пастаў. У 1997 годзе адбыўся 10-ы Рэспубліканскі фестываль. Ён быў цікавым і непаўторным. На ім сабраліся лепшыя з лепшых калектывы і індывідуальныя выканаўцы - лаўрэаты папярэдніх фестываляў. Упершыню ў Пастаўскім раёне адбыўся канцэрт старадаўняй беларускай і класічнай музыкі з удзелам вядомай арганісткі Сафійскага сабора ў Полацку дыпламанткі міжнародных конкурсаў Ксеніі Пагарэлай, ансамбляў "Крупіцкія музыкі" і "Кантраданс".

У гэтым годзе адбылася вельмі цікавая падзея. У нашага фестывалю з'явіўся прэзідэнт. Ім быў абраны вельмі паважаны чалавек, які з першага фестывалю стаяў каля яго вытокаў, гэта член аргамітэта Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі.

У час фестывалю 1998 г. прайшла цікавая прэзентацыя кніжкі Альбіны Скорабагатчанка "Народная інстументальная культура Беларускага Паазер'я" і толькі што выпушчанага ў свет зборніка "Зайграйце, музыкі" Уладзіміра Грома. Гэтыя кніжкі маюць непасрэднае дачыненне да фестывалю. Упершыню праводзіўся вялікі "Паазерскі кірмаш", у якім прымалі ўдзел мастацкія калектывы і народныя ўмельцы з васьмі раёнаў Мінскай і Віцебскай абласцей.

Адбылося ўрачыстае адкрыццё Дома рамёстваў, які размясціўся ў адрэстаўрыраваным будынку млына. У конкурсе "Хто каго?" упершыню прымалі шырокі ўдзел навучэнцы і выкладчыкі дзіцячых музычных школ раёна. І зноў новы цудоўны абрад. У час адкрыцця фестывалю ўпершыню адбыўся вынас Кнігі пашаны і рытуал занясення першых запісаў ганаровымі ўдзельнікамі фестывалю . Права першым пакінуць свой запіс у кнізе было аддадзена першаму рэжысёру фестывалю У. Тарану, прэзідэнту фестывалю Т. Стружэцкаму, кіраўніку дзяржаўнага народнага хора імя Г. Цітовіча М. Дрынеўскаму.

1999 г. стаў для Пастаў юбілейным. Па-першае, гэта 590-годдзе з часу заснавання Пастаў, па-другое, 60 гадоў Груздаўскаму цымбальнаму аркестру. Абедзве даты былі дастойна адзначаны ў рамках фестывалю, у ім удзельнічала больш за 500 чалавек.

У першы дзень адбылася творчая сустрэча "Музычная традыцыя "Паазер'я" учора і сёння" з удзелам фальклорнага ансамбля "Паазер'е", былых удзельнікаў Груздаўскага цымбальнага аркестра, дацэнта Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры А. В. Скорабагатчанка, выкладчыкаў і навучэнцаў музычных школ раёна.

Адкрыццё, як заўсёды, уразіла сваёй яскравасцю, сваімі цудоўнымі абрадамі "Бярозка" і "Кумленне", а таксама непаўторная "Полька яднання", пад якую танцавалі як удзельнікі, так і кіраўніцтва.

Што тычыцца 2000 года, то можна з упэўненасцю сказаць, што гэты фестываль - гістарычная з'ява сучаснай святочнай беларускай культуры, паколькі праводзіцца ён на мяжы тысячагоддзяў. Удзел у ім прымалі цікавыя, моцныя калектывы і выканаўцы з нашай рэспублікі, шэрагу краін блізкага замежжа. Традыцыйна ў рамках фестывалю былі прадстаўлены вядомыя прафесійныя калектывы. Была праведзена творчая лабароторыя "Народная музычная культура на мяжы стагоддзяў". Ішла зацікаўленая, шматгранная гаворка. Былі прадстаўлены розныя тыпы ансамбляў, цікавыя вядучыя, вучоныя, музыказнаўцы. Унікальнай з'явай для гледачоў, слухачоў стала выступленне ансамбля народных духавых інструментаў. Упершыню ў рамках творчай лабараторыі выступалі ансамблі трубачоў, жалейшчыкаў, акарынаў. Таксама ўпершыню на галоўнай плошчы горада адбыўся канцэрт звонавай музыкі з удзелам лаўрэатаў міжнародных конкурсаў званароў. Наогул, творчая праграма фестывалю была разнастайнай, багатай. На працягу многіх гадоў пастаўчане даказвалі сваю прыхільнасць да народнай музыкі, фальклору. Яны самі змаглі стаць удзельнікамі мастацка-гістарычнай танцавальнай праграмы "Пастаўскі баль", якая суправаджалася непаўторным феерверкам. Яшчэ адна прыкметная з'ява адбылася ў рамках фестывалю, - святкаванне 100-гадовага юбілею паэта Уладзіміра Дубоўкі.



Праграма фестывалю 2001 г. уключала як традыцыйныя мерапрыемствы, так і некаторыя новыя - творчую вечарыну "Музычныя традыцыі Паазер'я", прысвечаную 10-годдзю народнага фальклорнага ансамбля "Паазер'е", выстаўку-прэзентацыю прыватных калекцый музычных інструментаў, якая ў нашай краіне праводзілася ўпершыню.

10-годдзю фестывалю ў Паставах прысвячалася тэатралізаванае прадстаўленне "Па старонках фестывалю".



Н. М. Булавінцава. Памяць Пастаўскі раён, Мн., БЕЛТА, 2001


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка