Звязда №200 (27565) 23 кастрычніка 2013 г




Дата канвертавання07.05.2018
Памер62.33 Kb.

ЗВЯЗДА

№ 200 (27565)

23 КАСТРЫЧНІКА 2013 г.

Калi грошы iдуць за вучнем, хто ў выйгрышы?

…у латвiйскiх педагогаў ужо ёсць адказ на гэтае пытанне


Сiстэма фiнансавання ўстаноў адукацыi, калi грошы iдуць за канкрэтным дзiцем, мае як плюсы, так i мiнусы. Такой думкi прытрымлiваюцца прадстаўнiкi прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi Латвii (LIZDA), якiя днямi наведалi Беларусь. Латвiйскiя педагогi падзялiлiся сваiм досведам укаранення новай сiстэмы фiнансавання (яна прымушае педагогаў змагацца за кожнае дзiця) i расказалi, якiя праблемы сёння даводзiцца вырашаць прафсаюзнаму актыву ўЛатвii.

У гутарцы ўзялi ўдзел намеснiк старшынi LIZDA Янiс КРАСЦIНЬШ, эксперт LIZDA па пытанняхагульнай адукацыi Модра ЯНСАНЕ, выкладчык Латвiйскага ўнiверсiтэта Расма МОЗЭРЭ i настаўнiк першай гiмназii г. Елгава Iнара РАДЧАНКА.
Чаму школы не «гумавыя»?
Янiс Красцiньш:

— Сiстэма адукацыi ў Латвii пасля распаду Савецкага Саюза змянiлася кардынальна. Прафсаюз работнiкаў адукацыi i навукi LIZDA аб’ядноўвае ў сваiх радах толькi 60% ад агульнай колькасцi педагагiчных работнiкаў. Ёсць арганiзацыi, дзе ўвогуле адсутнiчаюць прафсаюзныя ячэйкi, а ёсць i iншыя прыклады, калi членамi галiновага прафсаюза з’яўляюцца 90-100 працэнтаў ад агульнай колькасцi работнiкаў арганiзацыi.

У свой час мы змагалiся за тое, каб заробак педагогаў прывязаць да сярэднiх заробкаў у грамадскiм сектары з каэфiцыентам 1,2 або 1,3. Але дзяржава на гэта не iдзе, паколькi адначасова з ростам заробкаў у грамадскiм сектары трэба будзе павышаць i заробкi педагогам.

Сiстэма, калi грошы iдуць за вучнем, была ўкаранёна ў Латвii па настойлiвых рэкамендацыях Сусветнага банка, паколькi на той момант у Латвii было шмат школ з невялiкай колькасцю вучняў. I што мы ў вынiку атрымалi? Школы сталi масава закрывацца. Безумоўна, калi ў вашай школе шмат дзяцей — у вас шмат грошай, а калi можаце больш заплацiць настаўнiкам, вы — у выйгрышы. А што рабiць педагогам сельскiх школ? Калi Беларусь таксама пяройдзе на аналагiчную сiстэму фiнансавання, то трэба загадзя прадумаць, што чакае невялiкiя школы, i як абаранiць педагогаў гэтых школ. У тым лiку i ў плане iх заробкаў. Трэба прадугледзець для настаўнiкаў нейкiя гарантыi. У нас гэта сiстэма, на жаль, не адпрацавана. I мы не можам гарантаваць педагогам лiквiдаваных школ працаўладкаванне.



Расма Мозэрэ:

— Школы, якiя не вытрымлiвалi канкурэнцыi, закрывалiся не толькi ў сельскай мясцовасцi, але i ў гарадах, у тым лiку ў Рызе. I заўсёды побач з прадстаўнiком рыжскай Думы знаходзiўся i прадстаўнiк прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi.



Iнара Радчанка:

— Калi ўкараняецца сiстэма фiнансавання ўстановы адукацыi з разлiку на кожнага вучня, вельмi важна адразу абмежаваць колькасць вучняў у класе. Бо мы сутыкалiся проста з абсурднымi сiтуацыямi, калi ў класе было столькi парт, колькi там фiзiчна магло размясцiцца. Але калi ў старшых класах трохi больш за 30 вучняў яшчэ можна прыняць, то ў першым класе — гэта недапушчальна. Мiнiмальная колькасць вучняў у класе ў сельскай мясцовасцi складае 8 чалавек, у гарадскiх — 18, у Рызе — 20 вучняў. А вось верхняе абмежаванне адсутнiчае. I ў гэтай сiтуацыi колькасць не пераходзiць у якасць: якасць проста не можа «дайсцi» да кожнага вучня.

У некаторых латвiйскiх школах харчаванне для вучняў часткова або цалкам бясплатнае. Усё залежыць ад таго, цi датуе яго мясцовае самакiраванне. Але гэта таксама адзiн з iнструментаў, якi выкарыстоўваецца для прыцягнення ва ўстановы адукацыi вучняў.

Мiж iншым, школьныя педагогi лiчаць, што цалкам бясплатным харчаванне быць не павiнна, паколькi ўсё, што бясплатна, не цэнiцца школьнiкамi. Лепш датацыя, чым дармавы абед.



Пасля 16.00 — настаўнiка не турбаваць!
Янiс Красцiньш:

— Адукацыя — гэта i наша, i ваша будучыня. Таму трэба думаць, як зрабiць так, каб педагогi атрымлiвалi за сваю работу годную заработную плату. Нашы педагогi на нас крыўдзяцца, кажуць, што мы недастаткова змагаемся за iх заробкi.

Рознiца ў заробках настаўнiкаў латвiйскiх школ даволi iстотная: у буйной школе, дзе шмат вучняў, настаўнiк можа атрымлiваць i 800 латаў (гэта больш як 1100 еўра), i нават 1000 латаў, а ў маленькай — менш як 280 латаў. А паколькi гадзiн на стаўку настаўнiку не хапае, ён вымушаны паралельна працаваць i ў iншай школе. А гэта дадатковыя выдаткi на бензiн, якiя яму нiхто не кампенсуе.

Модра Янсане:

— Зараз нагрузка на настаўнiка складае 21 гадзiну. Плюс педагогу аплачваецца класнае кiраўнiцтва, падрыхтоўка да ўрокаў, кансультаванне вучняў, праверка сшыткаў. Але праз год-паўтара мы пяройдзем на iншую сiстэму аплату працы. Якая гэта будзе сiстэма? Пытанне яшчэ абмяркоўваецца. Спадзяёмся, што меркаванне прафсаюза таксама будзе ўлiчвацца.

З недаборам на педагагiчныя спецыяльнасцi мы пакуль не сутыкнулiся, але школа не з’яўляецца прыцягальным для моладзi месцам у плане працаўладкавання. Сёння прыблiзна 40 працэнтаў i нават больш школьных настаўнiкаў маюць узрост за 50 гадоў. А маладыя настаўнiкi атрымлiваюць заробак прыблiзна 400 еўра.

У папярэднiм навучальным годзе ў пачатковай школе працаваў усяго адзiн педагог-мужчына. У асноўнай школе колькасць педагогаў-мужчын вагаецца ў межах 3-4 працэнтаў, а ў старшай школе (10—12-ы класы) мужчынскае прадстаўнiцтва павялiчваецца да 8%. Але ўсё роўна для мужчын педагогiка — не прыцягальная…

Права выхаду на датэрмiновую пенсiю латвiйскiя педагогi страцiлi яшчэ ў 1995 годзе, калi скончылася дзеянне папярэдняга дакумента. Сёння ўзрост выхаду на пенсiю складае 62 гады. Прафсаюз змагаецца за тое, каб вярнуць права выхаду на датэрмiновую пенсiю хоць бы некаторым катэгорыям педагогаў — напрыклад, настаўнiкам фiзiчнай культуры i педагогам спецыяльнай адукацыi.

Расма Мозэрэ:

— У Латвiйскiм унiверсiтэце сёлета цалкам укамплектаваны першы курс. Але дэмаграфiчная сiтуацыя ў краiне такая, што ў наступным годзе, мяркую, у нас будуць сур’ёзныя праблемы з прыцягненнем абiтурыентаў. Наконт матывацыi маладых людзей на карысць педагогiкi скажу так: найлепшыя агiтатары — гэта школьныя педагогi, той прыклад, якi ў дзяцей штодня перад вачамi. Павага да сапраўднага педагога, упэўнена, нiколi не знiкне…



Iнара Радчанка:

— У латвiйскiх школах перайшлi на электронны дакументаабарот (электронныя журналы i дзённiкi), пасля чаго знiкла неабходнасць запаўняць вельмi шмат папер. Гэта вельмi зручна: калi мне трэба ўнесцi нейкiя карэкцiроўкi, я ўсё раблю аператыўна ў электронным фармаце. З бацькамi, вучнямi, адмiнiстрацыяй школы стасункi таксама ажыццяўляюцца з дапамогай электроннай пошты. Але пасля пераходу на электронную дакументацыю мы сутыкнулiся з наступнай праблемай: напрыклад, завуч цi вучань адпраўляюць мне электронны лiст у 8 гадзiн вечара i спадзяюцца, што я яго абавязкова прачытаю. I тут спатрэбiлася ўмяшанне прафсаюза. Мы ў сваёй школе ўстанавiлi, што лiсты, якiя адпраўляюцца да 16.00, павiнны быць прачытаны ў той жа дзень, а калi лiст быў адпраўлены пасля 16.00, яго адпраўнiк павiнен быць гатовы да таго, што лiст будзе прачытаны настаўнiкам толькi на наступны дзень.



Быць членам прафсаюза выгадна…
Янiс Красцiньш:

— З 1 верасня 2014 года ўрад пагаджаецца павялiчыць мiнiмальную стаўку педагогаў, якая сёння складае 280 латаў, на 15 латаў. Мы ж настойваем на iншай лiчбе: мiнiмальны заробак павiнен складаць 310 латаў. У наступным годзе ў Латвii пройдуць парламенцкiя выбары — будзем весцi перамовы з кандыдатамi ў дэпутаты. Гэта той час, калi да нас усе прыслухоўваюцца.

Пiкеты, акцыi ў падтрымку прафсаюзных iнiцыятыў для нас будзённая справа. У прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi створаны забастовачны фонд. За 20 гадоў адлiчэнняў у фонд пэўнай часткi членскiх узносаў (а гэта былi ўсяго 3 сантымы ў месяц) мы сабралi паўмiльёна латаў. У прыстойнай кампанii чалавека заўсёды сустракаюць па адзеннi. Так i з намi: калi ў цябе ёсць такая страхоўка, ты заўсёды адчуваеш сябе больш упэўненым, нават калi чагосьцi просiш цi патрабуеш ад улад.

Таксама ў прафсаюзе створаны фонд страхавання педагогаў ад няшчасных выпадкаў — упэўнены, што гэты досвед i беларусам будзе цiкавы. Кожнага педагога мы страхуем на 2 тысячы латаў. I амаль кожны год у нас рэгiструецца да 900 няшчасных выпадкаў, па якiх мы ажыццяўляем страхавыя выплаты. Цi варта казаць, што, у адрозненне ад страхавых кампанiй, якiя могуць прычапiцца да любой коскi цi любой фармулёўкi ў дагаворы, мы заўсёды iдзём насустрач членам нашага прафсаюза.



Iнара Радчанка:

— А яшчэ ў нас дзейнiчаюць карткi членаў прафсаюза, якiмi можна скарыстацца, каб атрымаць знiжкi на нейкiя тавары або паслугi. Прафсаюз заключае дагаворы як з прыватнiкамi, так i з дзяржаўнымi ўстановамi (гэта могуць быць палiклiнiкi, тэатры, цырульнi i г.д.) аб прадастаўленнi знiжак на 5—10 працэнтаў уладальнiкам такiх картак. Iнфармацыя аб гэтых арганiзацыях пастаянна актуалiзуецца на вэб-сайце прафсаюза i накiроўваецца ў пярвiчныя арганiзацыi. Натуральна, што найбольшая колькасць арганiзацый, дзе педагогi могуць атрымаць знiжкi, размешчана ў Рызе. Але ёсць такiя магчымасцi i ў iншых гарадах. Таму нагода прыгадаць, што педагог з’яўляецца членам галiновага прафсаюза, выпадае даволi часта…



Расма Мозэрэ:

— Студэнты не ўваходзяць у прафсаюз работнiкаў адукацыi i навукi. Ва ўнiверсiтэтах дзейнiчае моцнае студэнцкае самакiраванне, якое мае вялiкiя паўнамоцтвы. Але калi ўзнiкае патрэба, прафсаюз аб’ядноўвае свае сiлы са студэнцкiм самакiраваннем. Напрыклад, фiнансаванне з бюджэту аднаго студэнцкага месца хвалюе не толькi выкладчыкаў, але i студэнтаў. I ў гэтым пытаннi нашы iнтарэсы цалкам супадаюць…



Надзея НIКАЛАЕВА


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка